Гамілія на ХXІІ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус пачаў адкрываць сваім вучням, што Ён павінен ісці ў Ерузалем, і шмат выцерпець ад старэйшын, першасвятароў і кніжнікаў, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. Адвёўшы Яго ўбок, Пётр пачаў дакараць Яго, кажучы: Пашкадуй сябе, Пане, няхай не здарыцца гэтага з Табою. Ён жа, павярнуўшыся, сказаў Пятру: Адыдзі ад Мяне, сатана! Ты для Мяне спакуса, бо думаеш не аб тым, што Божае, але аб тым, што чалавечае.

Тады Езус сказаў вучням сваім: Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё зберагчы, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая ж будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе увесь свет, а душы сваёй прынясе шкоду? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з Анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Мц 16, 21-27

Ерамія — прарок, які не толькі перадае змест таго, што Бог кажа яму абвяшчаць народу як Божае пасланне, але і раскрывае сваё асабістае перажыванне місіі, даручанай яму Панам. Сённяшняе першае чытанне падсумоўвае шлях Ераміі як прарока: ён адчувае цяжар свайго задання — выкрываць несправядлівасць, папярэджваць перад наступствамі парушэння Божага закону, казаць пра насілле, якое дзіўным чынам становіцца «нормай» у людскіх адносінах, хоць насамрэч з’яўляецца жахлівым скрыўленнем сутнасці сумеснага існавання.

Ерамію пераследуюць і кпяць з яго, хочуць заткнуць яму рот, каб ён не перашкаджаў далей здзяйсняць планы тым, якія, забываючыся пра Божыя і людскія запаведзі, лічаць сябе валадарамі чужых лёсаў. Прарок шчыра прызнаецца, што яму цяжка несці сваю місію, ён адчувае супраціў перад такім нялёгкім заданнем і нават вырашае пакінуць яго, вярнуцца да «нармальнага» жыцця.

Але ўнутры палае агонь, які падштурхоўвае яго далей ісці шляхам, на які яго паклікаў Пан, і дае яму сілы быць сведкам Божых прысудаў.

У Евангеллі паводле Мацвея мы чуем з вуснаў Пана Езуса, што такі лёс чакае ўсіх, хто выбірае шлях справядлівасці: «будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць за Мяне… так пераследавалі прарокаў» (Мц 5, 11-12). У сённяшнім евангельскім урыўку Езус прадказвае, што чакае Яго — таго, хто быў пасланы абвясціць шлях да праўды і збаўлення чалавецтву: Ён будзе шмат цярпець, будзе забіты і на трэці дзень уваскрэсне.

Мы бачым спантанную, вельмі чалавечую рэакцыю Сымона Пятра на гэтае першае прадказанне Пасхі Езуса: апостал, з найлепшым намерам, жадае свайму Настаўніку, каб Яго мінуў такі лёс, і нават «дакарае» Езуса за Ягоныя словы, бо, канешне, знойдзецца спосаб, каб выратаваць Яго з такой небяспекі! Адказ Езуса тым больш уражвае, таму што непасрэдна перад гэтым, як мы чулі ў мінулую нядзелю, Пётр атрымаў найвышэйшую пахвалу, разам з вялікай адказнасцю за Касцёл. Такая рэзкая рэакцыя сведчыць пра важнасць таго, што Езус хоча данесці да сваіх вучняў: шлях да Бога і да Яго хвалы ідзе праз крыж.

Напэўна, так, як у выпадку Пятра, наша спантанная рэакцыя на словы пра адрачэнне ад сябе і неабходнасць узяць свой крыж — гэта супраціў і пошук нейкага іншага шляху. Варта зрабіць дадатковы высілак, каб прыняць словы Езуса з сённяшняга Евангелля як сапраўды ключавыя для ідэнтычнасці нашай — Ягоных вучняў, тых, хто жадае апынуцца разам з Ім «у славе Айца».

Што значыць для кожнага і кожнай з нас «узяць свой крыж», каб наследаваць Езусу? — Адказ на гэта пытанне будзе вельмі асабістым, бо ўсе мы знаходзімся ў розных жыццёвых абставінах.

Для кагосьці гэта цяжкая сямейная сітуацыя, непаразуменне, насілле ці алкагалізм блізкіх, разбітыя сем’і, агрэсіўныя і несправядлівыя адносіны на месцы працы ці з суседзямі, цяжкае эканамічнае становішча… Гэта могуць быць і нашы ўласныя слабасці, наш грэх, ад якога не можам пазбавіцца, залежнасць, няўменне дараваць, прымірыцца і любіць па-сапраўднаму. Тое, што з’яўляецца нашым супольным крыжам у сённяшніх грамадскіх абставінах, — гэта структурная несправядлівасць інстытутаў улады, якія злоўжываюць паўнамоцтвамі і робяцца інструментамі насілля ў розных яго формах. Такі крыж можна ўзяць на сябе толькі разам, выказваючы салідарнасць адно аднаму.

Але тое, што ў першую чаргу павінна нас яднаць у адказе на словы Настаўніка, — гэта наш позірк на Яго і разуменне, чаму Ён сам выбірае менавіта шлях праз крыж, і ніякі іншы. Для Езуса гэта быў спосаб выканаць Сваю місію, Сваё пасланніцтва як таго, хто «бярэ на Сябе грэх свету» — і адначасова жадае аўтэнтычна прайсці Свой жыццёвы шлях як чалавек. Бог не жадаў цярпення для Сваіх дзяцей, ствараючы свет, — яно ўвайшло ў нашу гісторыю праз непаслухмянасць Божаму жаданню, якое заўсёды ёсць дабром. Мы ўсе з’яўляемся ахвярамі — і выканаўцамі гэтага зла, бо кожны з нас закрануты першародным грахом. Але Бог не пакінуў нас адных у нашай бядзе, здзяйсняючы для нас у Сваім Сыне збаўленне, якое перавышае нават дзівосную справу стварэння, як мы вызнаем у Пасхальнай літургіі.

Такім чынам, Езус, наш Збаўца, запрашае нас не ісці за Ім на той драўляны крыж, які стаў месцам нашага адкуплення, але наследаваць Яго ў тым, каб жыць аўтэнтычна як чалавечыя істоты, беручы прыклад з Яго, які з’яўляецца для нас узорам ва ўсім. Езус не пазбягаў цярпення, але перамог яго моцай Божай: не ўласнай, а той, што даў Яму Айцец.

Таксама мы пакліканыя не шукаць любым коштам, як пазбегнуць болю і цярпення, бо яны ёсць у кожным жыцці, але вучыцца так, як Езус, успрымаць гэты боль як частку нашага шляху, якая дазваляе нам быць аўтэнтычнымі ў нашай чалавечай сутнасці.

Гэта шлях Пасхі, шлях да зямлі абяцанай — да ўваскрасення разам з Езусам.

Мы павінны баяцца не крыжа, а таго, што, думаючы «не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае», адмовімся ўзяць той крыж, які прысутнічае ў нашым жыцці, які сімвалізуе цяжар аўтэнтычнага чалавечага існавання. Варта шчыра задацца пытаннем: ці мая мэта ў жыцці — гэта «знайсці ўтульнае месцейка» і далей не высоўвацца, пастаянна адчуваць задавальненне, ігнаруючы патрэбы іншых, цярпенне і несправядлівасць навокал, ці маё імкненне — гэта быць па-сапраўднаму чалавекам, не хаваючыся ад выклікаў гэтага свету ў абставінах майго жыцця і таго высілку, які патрэбны, каб супрацьстаяць уласным слабасцям?..

Інакш гэтае пытанне можна паставіць такім чынам: на якім з гэтых двух шляхоў я знайду Божую прысутнасць? Запрашэнне «адрачыся ад сябе» — гэта ў першую чаргу не нейкая асаблівая аскеза і гераічнае шуканне дадатковых цяжараў, а рэалістычная адмова ад чаканняў, што жыццё павінна быць заўсёды прыемным шпацырам. Гэта нязгода быць падуладнымі страху, які нас паралізуе. Але гэтая перспектыва будзе выглядаць як поўная трагізму карціна, калі мы забудземся, што на гэтым шляху мы не адны, але побач з намі крочыць наш Настаўнік, Сябра, Брат і Збаўца. Гэтае запрашэнне будзе гучаць як здзек, калі нас не будзе падтрымліваць надзея, якая засноўваецца на поўным бачанні нашага жыцця: праўдзе пра нашу канчатковую сустрэчу з Богам тварам у твар пасля нашага зямнога шляху.

Бог не расчароўвае сваіх верных, і кожны выклік і боль парадаксальным чынам могуць наблізіць нас да Яго, калі мы перажываем іх у еднасці з цярпеннем Сына Божага. «Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах», — няхай гэтыя словы Езуса, падсумаванне евангельскіх благаслаўленняў, гучаць і ў нашым сэрцы, калі цяжар крыжа робіцца занадта адчувальным на нашым шляху да сустрэчы з Ім, Айцом і Духам Іх Любові.

 

Віктар Жук SJ

Фота Віталія Палінеўскага/catholic.by