Гамілія на XXV звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі.

Мц 20, 1–16a

Справядлівасць Божая — не бухгалтарскі разлік

«Мае думкі — гэта не вашыя думкі, і вашыя шляхі — не мае шляхі, — кажа Пан». Слова Божае нястомна прымушае нас задумвацца над прывычнымі для нас катэгорыямі, пры дапамозе якіх мы мераем нашу рэчаіснасць і адносіны. Сённяшняя прыпавесць Езуса зноў закранае тэму справядлівасці, на гэты раз у яе «грашовым», матэрыяльным вымярэнні.

«Я справядліва заплачу вам», кажа гаспадар, які наймае работнікаў для свайго вінаградніку, але яго паводзіны выклікаюць пытанні не толькі ў тых, хто атрымаў за поўны дзень працы тую самую плату, што і найміты апошняй гадзіны, але і ў нас, сённяшніх яе слухачоў.

Што гэта за справядлівасць? Якім крытэрыем карыстаецца гаспадар, разлічваючыся з працаўнікамі такім чынам?

Відавочна, гаворка не пра «дыстрыбутыўную» (размеркавальную) справядлівасць, якая напрамую залежыць ад заслугі ці ад выкананай працы і да якой мы прызвычаеныя не толькі ў працоўных, але вельмі часта і ў іншых адносінах. Божы крытэрый узнагароды не грунтуецца на сухім бухгалтарскім падліку. Справядлівасць Бога мае сваю крыніцу ў Яго дабрыні, Яго міласэрнай любові, пра якую ў чарговы раз нагадвае прарок Ісая: «Няхай [беззаконны] вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім <…> бо Ён шчодры на прабачэнне». Шчодрасць Пана ў дачыненні да нас заўсёды папераджае любы наш высілак, любую заслугу перад Ім.

У апошнія тыдні ў нашай краіне мы сталі сведкамі жэстаў, якія далёка выходзяць па-за межы прыватнага эканамічнага інтарэсу і «дыстрыбутыўнай справядлівасці». Нашы суайчыннікі праяўлялі надзвычайную шчодрасць і салідарнасць з тымі, хто стаў ахвярамі пераследу, у тым ліку эканамічнага, у выніку надужывання ўлады. Такія жэсты кажуць пра нашу гатоўнасць ахвяраваць сваімі сродкамі дзеля чагосьці важнейшага.

Паступаючы падобным чынам, мы вучымся быць вольнымі ад сухога разліку, каб рабіць свой уклад у стварэнне новай, большай за наш прыватны свет рэчаіснасці.

Салідарнасць з тымі, хто ў патрэбе, робіць нас здольнымі выбіраць тое, што даспадобы Богу, чыніць нашыя сэрцы падобныя да Ягонага Сэрца.

У клопаце пра чалавечую годнасць

Варта пастарацца глыбей зразумець, чаму гаспадар вінаградніку, праз паводзіны якога Езус метафарычна кажа пра спосаб дзеяння Бога, паступае менавіта такім чынам: дае дынар кожнаму працаўніку, незалежна ад часу іх працы ў вінаградніку. Перш за ўсё трэба ведаць, што дынар з’яўляўся стандартнай платай за дзень працы найміта, і адначасова гэта быў «пражыткавы мінімум» на адзін дзень для беднай сям’і. Працаўнік, які не прыносіў дадому такую мінімальную суму, не быў у стане забяспечыць сваю сям’ю самым неабходным — тым, што дазваляе жыць годна чалавечай асобе.

Таму гаспадар, заплаціўшы дынар нават тым, у каго не атрымалася адпрацаваць поўны дзень, клапоціцца не пра тое, каб захаваць стандарты «дыстрыбутыўнай справядлівасці», а пра чалавечую годнасць працаўнікоў і іх сем’яў. Імкненне нашага Нябеснага Айца — у тым, каб кожная і кожны з Ягоных дзяцей мелі магчымасць жыць годна. Больш за тое, Ён асабліва клапоціцца пра тое, каб вярнуць страчаную годнасць там, дзе чалавек яе пазбаўлены.

Таму кожны наш высілак на карысць абароны годнасці дзяцей Божых будзе мець вялікую вартасць у Божых вачах.

Для таго, каб быць здольнымі рабіць такі высілак, перш за ўсё мы павінны глыбока адчуваць сваю ўласную годнасць, якая абапіраецца не на нашыя дасягненні ці ўзровень заробку, не на тое, як нас ацэньвае свет, а на нашу прыналежнасць Богу і да сям’і Божых дзяцей.

Кожная прыпавесць Езуса пра Божае Валадарства мае эсхаталагічнае вымярэнне, бо толькі ў будучым свеце мы да канца насалодзімся той узнагародай, якую «Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго», «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» (1Кар 2, 9). Але вечнае жыццё пачынаецца для нас ужо тут, у гэтай рэчаіснасці, дзякуючы нашай веры — нашай жывой сувязі з Уваскрослым Езусам, прабываючы ў якой мы вучымся ўспрымаць рэчаіснасць і паводзіць сябе так, як Ён гэта рабіў.

Шчодрасць сэрца — адзіны спосаб прыняць узнагароду

У прыпавесці Езуса работнікі, якія працавалі ўвесь дзень, наракаюць на тое, што гаспадар абыходзіцца з імі несправядліва ў параўнанні з тымі, хто працаваў толькі адну гадзіну. «Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?» — пытаецца ў іх гаспадар. Параўнанне сябе з іншымі, маіх здольнасцяў з талентамі іншага, маіх матэрыяльных магчымасцяў з заробкамі суседа — усё гэта можа пазбавіць нас радасці і асалоды ад таго, хто мы ёсць і як шмат нам дадзена.

Нам варта ўсімі магчымымі сіламі пазбаўляцца хворага пачуцця непаўнацэннасці, якое нараджаецца з зайздрасці да іншых.

Варта прасіць аб духоўным дары ўмення радавацца сапраўднаму скарбу іншых, бо тое, што яны маюць, не аднімае ад майго, а наадварот, дадае да нашай супольнай справы. У нашым шляху да Валадарства велікадушнае сэрца — тая неабходная якасць, што дазваляе прымаць узнагароду, якая ўжо ёсць у нашым жыцці і якая раскрыецца ў паўнаце ў адпаведны час. Інакш ніякая плата не задаволіць хворага жадання мець тое, што мае бліжні.

Наша ўзнагарода ўжо з намі, калі мы ўмеем яе «браць», адчуваць. Дзякуючы перспектыве веры любая праца, любы высілак, якімі б цяжкімі ці непрыемнымі яны ні былі, набывае вартасць у Божым Валадарстве, калі мы іх ахвяруем Богу. Калі тое, што мы робім, успрымаем не як цяжар ці кару, а як магчымасць з Божай дапамогай сёння дадаць цаглінку ў Нябеснае Валадарства — і дазваляем, каб такая перспектыва давала сапраўдны сэнс і задавальненне ўсяму нашаму жыццю, — наша ўзнагарода ўжо з намі.

Няхай сёння Пан адновіць у нас удзячнасць за тое, што мы пакліканыя працаваць у Яго вінаградніку дзеля Яго большай хвалы. Амэн.

 Віктар Жук SJ