Гамілія на ХXVI звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народу: Як вам здаецца? У аднаго чалавека былі два сыны. Прыйшоўшы да першага, ён сказаў: Сыне, ідзі і працуй сёння ў вінаградніку. Але той адказаў: Не хачу! А пасля, апамятаўшыся, пайшоў. Тады ён падышоў да другога і сказаў тое самае. Той жа сказаў у адказ: Ужо іду, спадару. І не пайшоў. Каторы з двух выканаў волю бацькі? Кажуць Яму: Першы.

Тады Езус кажа ім: Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусніцы наперадзе вас ідуць у Валадарства Божае. Бо прыйшоў да вас Ян шляхам справядлівасці, і вы не паверылі яму. А мытнікі і распусніцы паверылі яму. Вы ж, убачыўшы, не апамяталіся пасля, каб паверыць яму.

Мц 15, 21-28

Відавочнае і наша рэчаіснасць

Калі слухаем сённяшняе Слова Божае, можа скласціся ўражанне, што гаворка ідзе пра вельмі відавочныя рэчы: прарок Эзэхіэль не ў першы раз нагадвае, што калі той, хто паступаў правільна перад Богам, раптам перастане гэта рабіць, то яго чакае дрэнная доля, і наадварот, калі хтосьці адвернецца ад сваіх злых шляхоў, то знойдзе збаўленне.

Святы Павел пералічвае тое, што радуе яго як апостала, г.зн. пасланца ад Бога — а значыць, можна з упэўненасцю сказаць, радуе і самога Бога: любоў, міласэрнасць, спагадлівасць, адзінства ў Духу, пакора, адсутнасць эгаізму і ганарыстасці, клопат пра іншых… Так варта паступаць, кажа Павел.

І па-трэцяе, той прыклад, які прыводзіць Пан Езус у кароткай прыпавесці, здаецца цалкам відавочным: з двух сыноў той, вядома, выконвае волю бацькі, хто не на словах яго слухаецца, а паступае згодна з яго жаданнем.

Нават суразмоўцы Езуса прызнаюць гэта.

На самай справе, хоць тое, пра што ідзе гаворка, і здаецца відавочным і простым, усё менавіта так, як часта бывае ў нашым жыцці: мы ведаем, што правільна, ведаем, як трэба паступаць, — але чамусьці робім інакш. Ці нават стараемся казаць сваё «так» — паводзіць сябе паводле таго, што ведаем і чаму нас навучылі, але не атрымліваецца.

Адкуль жа бярэцца разрыў паміж тым, што ведаем, чаму навучаныя, і нашымі дзеяннямі, спосабам паводзіць сябе? — У гэтыя апошнія тыдні мы неаднаразова чулі напамін ад нашых біскупаў пра тое, што крыніцай разладу і зла і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці з’яўляецца грэх, сутнасць якога — непаслухмянасць Богу. Сённяшнія чытанні гучаць як запрашэнне да навяртання, якое насамрэч заўсёды нам патрэбнае, а асабліва ў часы выпрабаванняў, каб імкнуцца да больш аўтэнтычнай веры, каб паглыбіць нашу прыналежнасць да Бога і як асобы, і як супольнасці вернікаў.

Воля Айца: шлях справядлівасці і прыклад нашага Збаўцы

«Каторы з двух сыноў выканаў волю бацькі?» — пытаецца Езус у сваіх суразмоўцаў. Кожны раз, молячыся «Ойча наш», мы просім Бога: «будзь воля Твая». Што насамрэч азначае гэтая просьба на нашых вуснах? Напэўна, мы не чакаем, што Бог «зробіць усё сам», а нам трэба толькі цярпліва чакаць і верыць, што так адбудзецца: Айцец запрашае нас у вінаграднік, каб мы зрабілі свой уклад у неабходную працу дзеля Божага Валадарства.

Часам можна сустрэць такое разуменне «волі Божай», паводле якога нам трэба неяк зразумець той план, які ўжо даўно («спрадвеку») гатовы ў Божай задуме, і пастарацца як найдакладней выканаць яго. Насамрэч Айцец даў нам свабоду і крэатыўнасць для таго, каб мы карысталіся імі, а не былі бяздумнымі выканаўцамі нейкага вырашанага раней плану. Так, існуюць Божыя запаведзі і наказы, дадзеныя чалавецтву ў клопаце пра наш уласны духоўны і матэрыяльны дабрабыт, якія абмяжоўваюць нашу прагнасць і эгаізм.

Але ўнутры той «агароджы», створанай Божымі запаведзямі, знаходзіцца вялікая і прыгожая прастора для нашай свабоды дзяцей Божых.

Пан Езус нагадвае першасвятарам і старэйшынам пра «шлях справядлівасці», якім прыйшоў Ян Хрысціцель. Гэты шлях — нейкі «базавы ўзровень» такіх паводзін, якія не будуць выклікаць Божага незадавальнення і смутку і адначасова гарантуюць гарманічныя адносіны ў грамадстве. У Евангеллі мы знаходзім змест таго, чаму вучыў Ян у сваёй пропаведзі. Напрыклад, мытнікам (сённяшнім чыноўнікам) казаў: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце», а жаўнерам (сённяшнім сілавікам): «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва» (пар. Лк 3, 13-14). Як жа актуальна гучаць гэтыя простыя і відавочныя наказы сёння!

Справядлівасць — гэта сапраўды той фундамент, без якога немагчыма будаваць ні сваё асабістае жыццё, ні жыццё грамадства. Але св. Павел запрашае нас сёння да большага: «Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе». Мы пакліканыя да таго, каб наш спосаб мыслення і ўспрымання рэчаіснасці перамяніўся паводле вобразу Сэрца Езуса. Ён быў «паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай», і гэтая паслухмянасць не была бяздумным выкананнем нейкага «плану», а нараджалася з глыбокага жадання супрацоўнічаць з Айцом у справе збаўлення і адкуплення людзей — цябе і мяне.

Гледзячы на нашага Збаўцу, які «дарэшты палюбіў» нас (Ян 13, 1), сілкуючыся з крыніцы Ягонай любові, і мы імкнемся мець «тую самую любоў», «сардэчнае спачуванне», «лучнасць духа», пра якія кажа святы апостал Павел.

Выбраць вернасць, а не ісці за супрацівам

Сённяшняя прыпавесць Пана Езуса дазваляе нам шчыра паглядзець на нашу гатоўнасць адказаць на просьбу Айца папрацаваць у Ягоным «вінаградніку» — пачынаючы ад уласнага сэрца; праверыць, ці нашыя ўчынкі адпавядаюць нашым словам — у тым ліку словам нашых малітваў да Бога; усвядоміць і шчыра прызнаць супраціў перад высілкам на карысць Божага Валадарства.

Езус кажа, што сын, які першапачаткова сказаў «не», «апамятаўшыся, пайшоў». Супраціў, які прысутнічае ўнутры з розных прычын — і вельмі часта з-за страху, — не павінен быць нашым «гаспадаром» і апошнім словам, а нагодай да росту. Сам Пан Езус у Гефсіманскім садзе звяртаецца да Айца: «Адхілі ад мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты» (Мк 14, 36).

Кожнаму з нас варта сёння паглядзець на тое, дзе спантанна кажу «не» Божаму запрашэнню: можа, адкладваючы сакрамэнт пакаяння ці практыку штодзённай малітвы, не ідучы на прымірэнне з іншай асобай, лянуючыся праявіць ініцыятыву?..

Бог зноў і зноў дае нам магчымасць «апамятацца», навярнуцца ад нашага «не» да таго, каб выбраць паслухмянасць Ягонаму жаданню, якое нясе благаслаўленне і сапраўдны супакой сэрца.

У нас ёсць выбар — і ў асабістым, і ў супольным, грамадскім жыцці — «пусціць на самацёк» тое, што адбываецца, ці заняць пазіцыю, згодную з Божым словам, узяць адказнасць і быць гатовымі панесці кошт.

На гэтым шляху нашага пастаяннага навяртання нам не давядзецца разлічваць толькі на свае сілы, бо Пан ніколі не адмаўляе ласкі Сваім сынам і дочкам, якіх запрашае разам з Ім будаваць сям’ю Божых дзецяй у «святым горадзе, новым Ерузалеме» (пар. Ап 21, 2). Справа не толькі ў тым, каб не заставацца да сталага ўзросту распешчанымі дзецьмі, але хутчэй у тым, каб навучыцца бачыць у працы ў вінаградніку магчымасць аўтэнтычна пражыць сваё жыццё як вучні і адначасова браты і сёстры Езуса Хрыста, Божага Сына і Уваскрослага Збаўцы.

Няхай Дух Святы ўзмоцніць у нас сёння жаданне адказаць «так» Богу і той найлепшай частцы ў нас, якая ёсць Яго вобразам. Амэн.

Віктар Жук SJ