Гамілія на ХХVІІ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Езус сказаў першасвятарам і старэйшынам народа: Паслухайце іншую прыпавесць: Быў адзін гаспадар дому, які пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджаю, вычасаў у ім давіла, пабудаваў вежу і, аддаўшы яго вінаградарам, адышоў. Калі ж наблізіўся час збіраць ураджай, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў, каб забраць плады свае. А вінаградары, схапіўшы слугаў ягоных, аднаго пабілі, другога забілі, а іншага закідалі камянямі. Ён зноў паслаў яшчэ больш слугаў, і з імі ўчынілі тое самае. Урэшце ён паслаў да іх свайго сына, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары, убачыўшы сына ягонага, сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ём яго і завалодаем спадчынай ягонай. І, схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі. Калі ж прыйдзе гаспадар вінаградніку, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі? Кажуць Яму: Злодзеяў гэтых пакарае ліхою смерцю, а вінагараднік аддасць іншым вінаградарам, якія будуць аддаваць яму плады ў адпаведны час. Езус кажа ім: Няўжо ж вы ніколі не чыталі ў Пісаннях: Той камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла; праз Пана гэта сталася і дзіўнае ў вачах нашых.

Таму кажу вам, што адымецца ў вас Валадарства Божае і дадзена будзе народу, які прынясе плады яго.

Мц 21, 33–43

Насілле ў Божым вінаградніку

Сённяшняя прыпавесць Пана Езуса, калі ўважліва яе паслухаем і пранікнемся яе зместам, выклікае трывогу і непакой. Гаворка ідзе пра насілле і невытлумачальную агрэсію людзей, і хоць наш Пан выкарыстоўвае алегорыю, каб сказаць пра адносіны паміж Богам і выбраным народам, Ён спасылаецца на вельмі канкрэтную жорсткую рэчаіснасць.

Хацелася б думаць, што такія факты насілля засталіся недзе ў далекім мінулым, але, на жаль, і сёння ў нашым грамадстве мы становімся сведкамі агрэсіі чалавека да свайго бліжняга — і нават самага блізкага, — якой немагчыма знайсці апраўданне. Слова Божае не ігнаруе гэтай сумнай і трагічнай рэчаіснасці і не дазваляе нам закрываць на яе вочы, робячы выгляд, што яе нібыта не існуе, баналізуючы людскую трагедыю.

Менавіта дзякуючы святлу Божага слова мы атрымліваем здольнасць глядзець на зло, якое стала часткай гісторыі чалавецтва і знявечыла прыгажосць стварэння, не паддаючыся спакусе помсты і нянавісці і не губляючы надзеі на канчатковую перамогу любові і дабра.

Сённяшнія чытанні дапамагаюць нам усвядоміць адну вельмі важную праўду адносна Божага адказу на зло.

І ў алегорыі вінаградніку з Кнігі прарока Ісаі, і ўскосна ў словах Пана Езуса (як і ў шматлікіх іншых біблійных тэкстах) гучыць прадказанне пакарання ад Бога ў адказ на непаслухмянасць Ягоных «партнёраў» — людзей.

Вельмі істотна ўмець правільна чытаць і інтэрпрэтаваць гэтыя і падобныя сцвярджэнні ў Святым Пісанні: Бог ніколі не карае чалавека, не «помсціць» нікому за зло (нават калі менавіта такім чынам чалавечай мовай апісваюцца Ягоныя дзеянні). У гэтым проста няма патрэбы, бо кара за зло «закладзеная» ў самым злым учынку. Вобразна кажучы, бязбожнік «сам падае ў яму, якую выкопвае іншаму» (пар. Пс 7, 16). Бог — дзякуй Яму за Ягоную міласэрнасць! — імкнецца не пакараць чалавека, але ўратаваць, збавіць нас, і таму найчасцей не дазваляе, каб наступствы зла ў поўнай меры сталіся рэчаіснасцю.

Калі ж Бог дазваляе, каб наступствы зла для чалавека праявіліся, гэта павінна служыць таму, каб чалавек апамятаўся і навярнуўся да праўды.

Аднак час для навяртання не доўжыцца бясконца.

Маё жыццё — маё і не маё

Адкуль жа бярэцца агрэсія і насілле сярод нас? У сваёй прыпавесці Пан Езус дае алегарычны адказ: гвалт з боку вінаградараў нараджаецца праз жаданне валодаць вінаграднікам, які ім дадзены для карыстання і для таго, каб прынесці плады. У Божай задуме на самым пачатку чалавек пасланы ў райскі сад Эдэн, каб працаваць у ім, клапаціцца аб Божым стварэнні. Чалавек — не раб, а супрацоўнік Бога, ад якога ўсё атрымлівае ў дар.

Калі мы забываемся пра тое, што не мы самі сябе стварылі, што ўсё ў нашым жыцці — Божы дар, калі пачынаем лічыць жыццё сваёй выключнай уласнасцю і «ўкладваем» сваю вартасць у колькасць здабытага для сябе, тады аддзяляем сябе ад крыніцы сапраўднага дабра і ўваходзім у арбіту зла.

Маё жыццё — адначасова маё і не маё.

Маё, бо толькі я магу існаваць у маім целе, мне дадзена свабода, я адказваю за свой выбар, у мяне ёсць столькі магчымасцяў… Але яно і не маё, бо я радыкальна залежу ад іншай створанай рэчаіснасці і ў першую чаргу ад самога Стварыцеля, хоць Ён і нябачны звычайным зрокам; я не валодаю да канца сваім жыццём, бо не здольны даць сабе вечнасць — толькі вечны Бог мае гэтую ўладу.

Бог змясціў мяне і цябе ў Сваім вінаградніку, укладваючы часцінку Сваёй боскай хвалы і прыгажосці, каб мы маглі радавацца і памнажаць гэтую хвалу і прагажосць, прыносіць добрыя плады, супрацоўнічаючы з Ягоным дарам. У сённяшнім другім чытанні чуем ад св. апостала Паўла прыклады пладоў, каштоўных у Божых вачах: цноты і усё, што «праўдзівае, годнае, справядлівае, беззаганнае, ласкавае, хвалебнае і годнае пахвалы». Да гэтага варта імкнуцца, такія плады прыносіць ў сваім жыцці на Божую хвалу.

Як у злым учынку «аўтаматычна» змешчана кара за яго і духоўная смерць, так, наадварот, у добрых пладах дзеля Божага Валадарства знаходзіцца благаслаўленне і жыццё, якое трывае ў вечнасці.

Калі мы жывем адпаведна з логікай дару, тады імкнемся дзяліцца атрыманым дарам, які — парадаксальна — ад гэтага не памяншаецца, а наадварот, робіцца большым. Гэтая логіка знаходзіць сваю кульмінацыю ў дары ўласнага жыцця: жыцця, дзень за днём, гадзіна за гадзінай аддадзенага Богу і бліжняму ў ахвярнай любові.

«Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла»

У сённяшняй прыпавесці гаспадар паводзіць сябе дзіўна: пасля таго, як ён паслаў да вінаградараў шмат слугаў, дае апошні шанц працаўнікам, пасылаючы да іх свайго сына. У вобразе сына гаспадара Езус прадказвае тое, што станецца з Ім самім: Яго схопяць і гвалтоўна заб’юць. Але гэта не канец гісторыі; тое, што адбываецца далей, гучыць з вуснаў Езуса ў цытаце з пасхальнага псальму (Пс 117, 22): «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла».

Гэтае прароцтва, якое пазней для хрысціянаў стала адным з найбольш выразных спосабаў сцісла казаць пра сутнасць збаўчай Хрыстовай Пасхі, у той момант слухачы Езуса не ў стане зразумець. Менавіта смерць і ўваскрасенне Езуса з’яўляюцца адказам Бога на зло: Бог выбірае і пасылае не толькі прарокаў, але аддае Свайго ўлюбёнага Сына, імкнучыся збавіць чалавека, даючы нам яшчэ адзін, канчатковы шанц.

Божы Сын здабывае для нас перамогу над злом Сваёй ахвярнай любоўю, аддаючы жыццё за нас, якіх прымае як Сваіх братоў і сясцёр.

Ён — Баранак Божы, які такім чынам узяў на сябе і зняў з нас цяжар граху, зла і смерці, і робіць гэта зноў і зноў у Эўхарыстыі.

Даючы нам Сваю любоў і ўсяго Сябе, Сын Божы робіць нас здольнымі «перамагаць зло дабром» (пар. Рым 12, 21) і такім чынам ужо цяпер удзельнічаць у Яго ўваскрослым жыцці. Езус, пераможца смерці, — краевугольны камень усёй чалавечай гісторыі, які і сёння з’яўляецца апорай для кожнага, хто верыць у Яго як свайго Збаўцу. Няхай Ён Сваім Святым Духам дасць нам сёння жыць Ягонай любоўю, каб ёю станавіцца пераможцамі над усялякім злом.

Віктар Жук SJ