Гамілія на ХХVІІІ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

 Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. I паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.

Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!

Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.

Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.

Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.

Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: “Звяжыце яму ногі і рукі і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных».

Мц 22, 1–14

Час рабіць выбар

Езус расказвае прыпавесць, якую чуем сёння ў Евангеллі, у Ерузалемскай святыні за некалькі дзён перад сваёй мукай і смерцю, звяртаючыся да першасвятароў і старэйшын — тых, хто неўзабаве прыме рашэнне забіць Яго. Гэтыя абставіны тлумачаць, чаму словы Хрыста гучаць як сур’ёзнае прароцкае папярэджанне: гэта не той момант, каб «гаварыць пра птушак», каб ігнараваць напружанасць, якая вісіць у паветры.

Езус зноў ілюструе праз вобразы прыпавесці парадокс адмовы ад Божага запрашэння з боку чалавека і трагічныя наступствы адкідання працягнутай рукі Таго, хто з’яўляецца крыніцай усялякага дабра і шчасця. Паўторым яшчэ раз тое, што было сказана ў каментары да папярэдняй прыпавесці Езуса: кара і насілле, якія сустракаюць запрошаных, у святле Божага аб’яўлення з’яўляюцца наступствам злых паводзін, а не адплатай «помслівага Бога». На карце стаіць не больш і не менш, чым жыццё альбо смерць, бясконцае благаслаўленне альбо вечны праклён.

Гэты выбар з усёй неадкладнасцю ставіць і перад намі сёння Божае слова. Пазбегнем спакусы прымяняць словы Езуса да кагосьці іншага, а не да нас саміх.

Што перашкаджае мне адгукнуцца на Божую прапанову, прыняць Божае абяцанне?

Гэта «поле», «гандаль» альбо іншы спосаб заняць сябе — мая празмерная заклапочанасць зямнымі справамі, з-за якой не памятаю пра сапраўдныя каштоўнасці ў жыцці?

Ці адчуваеш, што пасля ўсіх тваіх шматлікіх заняткаў унутры застаецца сум і незадавальненне? Калі так, варта прыслухацца да гэтага пачуцця, праз якое Бог прымушае цябе шукаць іншага — большага, дзеля чаго табе дадзена жыццё. Гэта запрашэнне выйсці з ілюзіі самадастатковасці, прымаючы тую праўду, што толькі ў дыялогу з Богам і ў пошуку Ягонай волі — г.зн. шчырага адказу на Яго слова — жыццё знойдзе сваю паўнату.

Можа, нехта з нас з’яўляецца тым чалавекам, які трапіў на свята (чытай: стаў членам супольнасці Касцёла, меў доступ да ўсіх крыніц Божай ласкі — сакрамэнтаў…), але не клапоціцца пра тое, каб годна «ўдзельнічаць у банкеце» праз праведнае жыццё Божых дзяцей, думаючы, што, кажучы «Пане, Пане», здабудзе білет у Божае Валадарства? Няхай гэтыя словы не гучаць як абвінавачванне, але як запрашэнне да навяртання, якое заўсёды гучыць у нашым сэрцы з боку любячага Бога.

Святочны банкет — камунія з Сынам

Усё сказанае да гэтага моманту — то бок наступствы магчымасці сказаць «не» Божаму закліку, якая рэальна існуе, бо Бог шануе свабоду чалавека, — не павінна засланяць прыгажосць і шчодрасць Божага абяцання для ўсіх, хто кажа Яму «так».

Наадварот, варта зрабіць высілак, каб за апісаннем паводзінаў тых, хто адмаўляецца прыйсці на свята, разгледзець перспектыву ўдзелу ў найлепшым банкеце ў гісторыі свету і насалодзіцца ёю.

Інакш мы рызыкуем даць лішнюю нагоду тым, якія лічаць хрысціянскую веру нудотай і журбой, зацвердзіцца ў сваім перакананні.

Падумаем, якое месца займаюць святы ў нашым жыцці, як мы святкуем розныя радасныя моманты. Дзеці, напэўна, адразу ўспомняць свае дні нараджэння, на якія запрашаюць сяброў, а бацькі стараюцца, каб гэтыя моманты засталіся як светлыя ўспаміны ў памяці дзяцей. Хоць праца і абавязкі займаюць большую частку нашага часу, без святкавання розных нагодаў у жыцці не хапала б чагосьці важнага і істотнага.

Вельмі асаблівым святам з’яўляецца вяселле: момант, калі дзве асобы звязваюць праз шлюб свае жыцці ў любові, каб стварыць новую цудоўную рэчаіснасць дзеля ўзаемнай асалоды і падтрымкі, а таксама для стварэння і служэння новаму жыццю дзяцей. Гэтая мадэль эксклюзіўных адносінаў і вернасці паміж мужчынам і жанчынай у Святым Пісанні становіцца вобразам адносінаў паміж Богам і Яго выбраным народам.

На гэту біблійную традыцыю спасылаецца Пан Езус у сённяшняй прыпавесці: паўната і глыбіня сувязі адзінства — камуніі — Бога і чалавека адлюстроўваецца менавіта ў сімвале вяселля і шлюбу.

Сутнасць і «энергія» гэтай сувязі — любоў: Божая любоў, з якой паходзіць усё і якая ніколі не падвядзе, і любоў чалавека, які пакліканы адказаць Богу «ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і ўсёй моцай» (пар. Мк 12, 30).

Сакрамэнтальная гасціна перамогі любові над смерцю

У прыпавесці Езуса бацька-кароль спраўляе вяселле для свайго сына: менавіта ў Божым Сыне спалучаецца боская і чалавечая натура, у Ягоным Уцелаўленні чалавецтва ўваходзіць з Богам у непарушную сувязь. Праз Ягоную Пасху здзяйсняецца нашае вызваленне — тая надзея, якая закладзена ў чалавечай душы і пра якую нам кажа сённяшняе першае чытанне: смерць знішчана назаўсёды.

Таксама ў прарока Ісаі ў апісанні перамогі над смерцю знаходзім вобраз свята, учты — гасціны з найлепшых страў і вінаў. Гэта сімвал эсхаталагічнай рэчаіснасці – той бясконцай радасці, якую падрыхтаваў Бог сваім вернікам. У папярэдніх прыпавесцях мы чулі, як Бог пасылае сваіх слугаў працаваць у Ягоны вінаграднік — але вось наступае момант, калі верныя працаўнікі ўвойдуць назаўсёды ў Божы адпачынак, на свята, якому не будзе канца.

Менавіта ў сімвале гасціны Езус пакінуў нам сакрамэнт — успамін дару Ягонага жыцця дзеля збаўлення гэтага свету, які Ён здзяйсняе з любові да кожнага і кожнай з нас.

Эўхарыстыя — гэта наша Камунія, сувязь адзінства з Ім — Жаніхом душы, як кажуць пра гэта містыкі. Толькі Ён можа задаволіць бясконцую прагу душы — быць любімай і аддаць сябе ў любові, каб знайсці сапраўдную асалоду і шчасце. Наблізімся да Яго ў Сакрамэнце, каб адчуць і прыняць Ягоную бясконцую любоў і каб навучыцца нам самім стаць любоўю.

 

Віктар Жук SJ

Сальвадор Далі “Апошняя вячэра”, 1955г.