Гамілія на ўрачыстасць Усіх Святых

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:

Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.

Мц 5, 1-12а

У 2008 годзе, праз паўтары месяцы пасля майго прыезду ў міланскую школу на практыку, якую праходзяць усе езуіты паміж вывучэннем філасофіі і тэалогіі, мяне запрасілі на св. Імшу ў гадавіну смерці памерлага два гады раней вучня школы. Хлопца звалі Карло Акуціс, і праз 12 гадоў, 10 кастрычніка гэтага года, ён быў беатыфікаваны. Хоць я не ведаў Карло асабіста, але ўсё ж уражвае, што хлопец, які хадзіў па тых самых калідорах, што і я, крыху пазней, якога ведалі іншыя вучні і настаўнікі, — цяпер благаслаўлёны.

Але ў сённяшняй урачыстасці гаворка нават не пра тое, што мы звяртаем увагу на ўсіх тых шматлікіх святых і благаслаўлёных, якіх Касцёл прызнаў такімі «афіцыйна», а пра тое, што святыя — гэта ўсе, хто дасягнуў хвалы нябеснай і сузірае Божае аблічча, годна прайшоўшы шлях зямнога жыцця.

Сярод гэтых святых, верым, ёсць і нашыя родныя, знаёмыя, сябры, лучнасць з якімі мы адзначаем асабліва сёння, праслаўляючы Бога за сувязь паміж небам і зямлёй.

У сваёй адгартацыі Gaudete et exsultate Папа Францішак кажа пра «святых па суседству» і прыводзіць прыклад «бацькоў, якія з вялікай любоўю выхоўваюць сваіх дзяцей; мужчын і жанчын, якія працуюць, каб зарабіць на хлеб; хворых; састарэлых законніц, якія працягваюць усміхацца» (GE, 7). Гэта святасць тых, хто яшчэ не дасягнуў узнагароды ў вечнасці, але крочыць шляхам аўтэнтычнай чалавечнасці, — уцелаўляе ў штодзённасці радасную праўду, што «мы — дзеці Божыя», як нам нагадвае ў другім чытанні св. Ян Евангеліст.

Шлях святасці «праз маленькія жэсты» даступны і кожнаму з нас: Папа Францішак прыводзіць вельмі просты прыклад жанчыны, якая на працягу аднаго дня выконвае свае звычайныя сямейныя абавязкі, знаходзіць час выслухаць з любоўю свайго сына, адмаўляецца пляткарыць з суседкай, давярае Марыі ў ружанцовай малітве свае пакуты… Часта мы чакаем нейкіх асаблівых нагодаў, каб праявіць нашыя цноты, — і сапраўды здараюцца моманты, у якіх правяраецца наша вернасць Евангеллю (гэты час у гісторыі нашай краіны — напэўна, адзін з такіх момантаў).

Але сапраўдны духоўны рост, звычайны шлях да святасці — падарожжа, якое складаецца з малых крокаў, з жэстаў «вернасці ў малым» (пар. Лк 16, 10).

Напэўна, большасці з нас думка пра сябе як пра «святую» ці «святога» падасца ганарлівай ці проста недарэчнай. Але св. Павел звяртаецца да сваіх адрасатаў менавіта як да святых (пар. Флп 1, 1 ). «На ўзор Святога, які паклікаў вас, самі станьце святымі ва ўсіх паводзінах вашых. Бо напісана: „Будзьце святымі, таму што Я святы“», — піша Пётр (1 Птр 1, 15-16), цытуючы словы кнігі Левіт. Мы — сыны і дочкі Бога жывога і святога, які кліча нас быць падобнымі да Яго. Хвала Богу, бо дзеяннем Ягонай ласкі мы маем шматлікія прыклады тых, хто паслухаў Божы заклік стаць Ягонымі сябрамі.

Казанне на гары: «партрэты святых» і партрэт самога Езуса

У сённяшнім Евангеллі — пачатку Казання на гары — Езус «малюе партрэты святых». Быць святымі — значыць быць шчаслівымі. У іншых мовах часта евангельскае слова «шчаслівыя» перакладаецца як «благаслаўлёныя»: яно па-свойму выражае прыналежнасць чалавека да рэчаіснасці Божага Валадарства, падкрэсліваючы Божы дар, але слова «шчасце» лепш перадае сутнасць словаў Езуса. Іншая справа, што прыземленае разуменне шчасця паводле мерак гэтага свету адрозніваецца ад таго вобразу «грамадзянства ў Божым Валадарстве», які прадстаўляе Пан.

Калі чалавек абмяжоўвае свой далягляд тым, што можа здабыць, імкнучыся любым коштам выключна да рэалізацыі ўласных інтарэсаў у гэтым свеце, тады заклік «радавацца і весяліцца», наследуючы духоўную беднасць, смутак з прычыны трыумфу зла і граху, лагоднасць, імкненне да справядлівасці і супакою, міласэрнасць, чысціню сэрца і намераў, гатоўнасць цярпець дзеля перамогі дабра будзе выдавацца шаленствам, а не шчасцем.

Насамрэч варта прызнаць, што нам усім трэба вучыцца, чым ёсць наша сапраўднае шчасце і як дасягнуць той узнагароды, якая на наступны дзень (ці праз шмат гадоў) не акажацца знішчанай «моллю ці ржою» (пар. Мц 6, 20).

Таму ва ўзгаданай вышэй адгартацыі Папы Францішка ёсць раздзел пад назвай «У святле Настаўніка», прысвечаны менавіта «благаслаўленням шчасця» як «рэцэпту» святасці. Быць хрысціянамі — значыць быць вучнямі Езуса, вучыцца ў Яго як у Настаўніка, прызнаючы, што самі мы не валодаем ключамі да жыцця: не ведаем, як дасягнуць Валадарства — мець удзел у спадчыне новай зямлі і новага неба, як па-сапраўднаму наталіць прагненне душы, спазнаць міласэрнасць і суцяшэнне, навучыцца бачыць Бога…

Шлях святасці, шлях аўтэнтычнай чалавечнасці і адначасова падабенства самому Богу, не ў тым, каб паводзіць сябе паводле нейкага абстрактнага алгарытму ці збору правілаў, а каб наследаваць Езуса і ісці побач з Ім. Благаслаўленні шчасця — у першую чаргу партрэт самога Езуса, які зрабіў са Свайго жыцця дар іншым і такім чынам паказаў і нам, як наша жыццё можа атрымаць паўнату па-за межамі нашых уяўленняў пра асабістыя дасягненні. Напрыканцы гэтага захапляючага шляху нашыя абліччы «заззяюць, як сонца» (Мц 13, 43), бо «ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць» (1 Ян 3, 2).

Святыя, якіх успамінаем сёння, ужо цешацца сузіраннем Божага аблічча, бо выбралі наследаваць свайго Настаўніка і Збаўцу ў непаўторных абставінах сваёй эпохі і асабістых здольнасцяў.

Хвала Богу за тое, што праз прыклад святых дае нам надзею, натхненне і падтрымку, каб імкнуцца ісці шляхам святасці да вечнай узнагароды, якую мы ўжо можам адчуваць праз малыя крокі любові.

Віктар Жук SJ