Гамілія на І нядзелю Адвэнту, год В

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

 

Езус сказаў вучням сваім: Глядзіце, чувайце, бо не ведаеце, калі настане час той. Падобна гэта да чалавека, які, вырушаючы ў далёкую дарогу, пакінуў дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

Дык чувайце ж і вы, бо не ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому: увечары, ці апоўначы, ці пры спеве пеўняў, ці раніцай; каб не застаў вас спячымі, калі вернецца неспадзявана. А што вам кажу — кажу ўсім: Чувайце!

Мк 13, 33–37

Цемра, у якой ззяе святло

Перыяд Адвэнту ў нашай частцы свету адпавядае той пары, калі дні ўсё карацейшыя, а ноч — даўжэйшая. Мы чакаем таго пераломнага моманту, калі святло «пераможа» і дзень урэшце пачне паволі даўжэць. Менавіта тады мы святкуем Божае Нараджэнне: тую вялікую падзею, калі ў нашым свеце заззяла «святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет» (Ян 1, 9).

Пакуль жа мы чакаем гэтага моманту, усё больш відавочным становіцца, як моцна нам патрэбна праўдзівае Святло, якое прыходзіць рассеяць цемру.

Прарок Ісая ў сённяшнім першым чытанні праз паэтычныя вобразы апісвае стан, у якім знаходзіцца народ, які чакае, калі ж Пан прыйдзе, умяшаецца ў ход падзей, каб змяніць сваёй моцай іх мізэрнасць:

Усе мы сталіся як нячыстыя,
і як адзенне забруджанае —
уся нашая справядлівасць.
Завялі мы як лісце,
а правіны нашыя як вецер нясуць нас.

Час Адвэнту — гэта ў першую чаргу запрашэнне ўсвядоміць, што нам сапраўды патрэбна збаўленне, умяшальніцтва Таго, хто можа перамяніць стан рэчаў, хто можа рассеяць цемру, якая агортвае свет. Ноч, цемра — гэта сімвал зла і граху.

Ісая ў сваім звароце да Бога добра разумее, што прычына бедаў народа — забыццё Бога, цвёрдасць сэрца, несправядлівасць, свавольны бунт, грэх асабісты і супольны. З-за ўсяго гэтага людзі паасобку і як супольнасць трапляюць пад уладу цемры. Святло павінна заззяць, каб перамагчы гэтую цемру і паказаць шлях вернасці Богу, справядлівасці, паслухмянасці.

Чалавек не ўратуе сам сябе: толькі ў сваёй фантазіі Мюнхгаўзэн мог выцягнуць сам сябе за валасы з багны. Каб мы былі збаўленыя, павінен нас наведаць «Усход з вышыні, каб асвятліць тых, хто сядзіць у цемры і ў цені смяротным, каб накіраваць ногі нашыя на шлях спакою» (Лк 1, 78–79).

Час, у які нам даводзіцца жыць, здаецца цёмнай ноччу з прычыны шматлікіх праяваў зла ў нашым грамадстве (і, магчыма, таксама ў нашым асабістым жыцці).

«Ноч найцямнейшая перад світанкам», — кажа прымаўка: гэты час Адвэнту можа стаць для нас часам надзеі, калі мы, усведамляючы бездань зла, следам за прарокам паклічам імя Бога і з верай будзем чакаць Ягонага ўмяшальніцтва як Адзінага, хто можа нас збавіць, адначасова імкнучыся ўсім сэрцам быць паслухмянымі Яго слову, якое нясе святло і мае ўладу рассеяць цемру.

Прысутнасць у адсутнасці

На пачатку Адвэнту Езус заклікае нас чуваць падобна слугам, якія чакаюць вяртання гаспадара.

Зусім нядаўна ў нядзельнай Літургіі слова, калі мы чулі прыпавесць пра таланты, мы ўжо разважалі над таямніцай адсутнасці Пана, які даручае слугам сваю маёмасць, давяраючы іх здольнасцям і разлічваючы на іхнюю адказнасць. Бог «адыходзіць у бок» там, дзе пакідае прастору для нашай свабоды, але насамрэч Ён ніколі не адсутнічае цалкам, ніколі не пакідае нас зусім.

Чуваць значыць усведамляць гэтую парадаксальную прысутнасць у Яго адсутнасці. Гэта значыць шукаць знакаў Яго дзеяння і запрашэння да супрацоўніцтва. Інакш кажучы, чуваць значыць звяртацца да «рэсурсу» веры, да таго таленту, які нам дадзены, памнажаючы яго праз выкарыстанне ва ўсіх жыццёвых абставінах.

Мы чуваем у тым сэнсе, пра які кажа Езус, калі трымаем у памяці слова Божае, калі наша ўвага скіраваная ў першую чаргу на тое, што найбольш важнае ў святле веры.

«Брамнік» нашай душы выконвае свой абавязак, калі ён глядзіць, каб унутр не трапляла тое, што забруджвае яе і занурае ў цемру, але разам з тым шырока адчыняе дзверы ўсяму, што светлае і добрае.

У час Адвэнту варта звярнуцца да аднаго канкрэтнага спосабу «практыкавацца» ва ўсведамленні Божай прысутнасці ў маім жыцці: да малітвы прагляду дня. Гэта маліва не з’яўляецца звычайным штодзённым «рахункам сумлення», дзе мы толькі вышукваем свае правіны, каб прасіць за іх прабачэння, але перш за ўсё імкнемся ўбачыць, як Бог звяртаўся да мяне, дзе заўважаю знакі Ягонай дабрыні, любові, міласэрнасці ў падзеях майго жыцця і паводзінах маіх бліжніх, у дзеянні Божай ласкі ў маёй душы…

Гэта сапраўднае духоўнае чуванне, поўнае ўвагі ў цішыні і ўдзячнасці перад Панам, які не навязвае нам сябе, але дае знайсці сябе тым, хто гатовы Яго шукаць.

Чуваць — быць Божымі светачамі

Адвэнт — перыяд асаблівай ласкі, калі мы не толькі рыхтуемся да святкавання прыйсця Божага Сына ў наш свет у чалавечай постаці, але і ўсведамляем, што ўсё наша жыццё імкнецца да сустрэчы з Ім, калі мы ўбачым Яго ў хвале.

Бог ужо ўвайшоў у гісторыю гэтага свету і ў нашу асабістую гісторыю, але перад намі кожны дзень адкрываецца магчымасць, каб Ён яшчэ глыбей увайшоў у нашае існаванне.

Адвэнт — не толькі час чакання, але і час практыкавання нашага жадання сустрэцца з Тым, Хто наблізіўся да нас так, што бліжэй ужо немагчыма, калі стаўся адным з нас.

Святло Ягонага аб’яўлення ў паўнаце нам пакуль не дасяжна, але яно можа ззяць для нас усё мацней у жывых адносінах з нашым Збаўцам нябачна для звычайнага зроку, але рэальна для позірку веры. Ягонае святло перамяняе нас саміх у светачы, чые промні, магчыма, большасць людзей не заўважыць, але яны сагрэюць і пакажуць шлях тым, каго Пан паставіць на нашым шляху, — тым, у кім Ён сам прысутны як той, хто патрабуе нашай любові.

Адыходзячы, гаспадар у прыпавесці «даў слугам сваім уладу і кожнаму сваю працу»: у нашых руках ёсць сапраўдная ўлада быць сведкамі Божай схаванай прысутнасці, рэалізаваць якую мы можам праз выкананне той працы, якая мае сапраўдную каштоўнасць — імкнучыся любіць Бога і бліжняга ва ўсіх нашых справах і абставінах.

Няхай Пан дасць нам ласку чуваць і заўважаць шанцы дзейсна праявіць нашу любоў.

Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота Віктара Ведзеня.