Гамілія на ІІІ звычайную нядзелю, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім.

Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.

Мк 1, 14–20

Сёння мы ў другі раз святкуем Нядзелю Божага слова пасля таго, як у мінулым годзе Папа Францішак устанавіў гэтую асаблівую нагоду для ўшанавання Святога Пісання ў асабістым і супольным жыцці вернікаў. Варта скарыстаць з гэтай магчымасці, каб паразважаць над тым, як слова Божае можа ўсё больш асвятляць наша жыццё сваім святлом і мудрасцю.

Ведаючы аб спакусе ўспрымаць Біблію як нешта складанае ці далёкае ад нашай рэчаіснасці, узгадаем тое, што кажа Папа Бэнэдыкт XVI:

«Божае слова фактычна схіляе нас змяніць нашую канцэпцыю рэалізму: рэалістам з’яўляецца той, хто ў Божым слове распазнае фундамент усяго»(Verbum Domini, 10).

Сёння мы чуем першыя словы Езуса, запісаныя святым Маркам, у якіх Збаўца заклікае «верыць у Евангелле». На той момант «Евангелле» не азначала таго, што мы найчасцей разумеем пад гэтым словам сёння: адзін з чатырох аповедаў пра жыццё, вучэнне, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Выраз «добрая (або радасная) навіна» азначаў змест паслання, якое абвяшчаў Езус пра блізкасць Бога і Ягонага Валадарства, і шлях, якім можна стаць удзельнікамі гэтай новай рэчаіснасці.

Сёння гэтае пасланне даступнае нам менавіта праз старонкі Евангелляў, якія напісалі для нас Марк, Мацвей, Лука і Ян: даступнае для таго, каб стаць скалой, на якой варта будаваць дом нашага жыцця (пар. Мц 7, 24).

Пакаянне — навяртанне да Евангелля

Запрашэнне верыць у Евангелле папярэджана заклікам да пакаяння, навяртання.

У апошнія месяцы ў нашым грамадстве не раз гучалі словы аб неабходнасці пакаяння перад абліччам таго крызісу, у якім мы апынуліся як народ. У нейкім сэнсе можна параўнаць гэты крызіс з сітуацыяй нінівіцянаў, пра якую апавядае першае чытанне: прарок Ёна ад імя Бога папярэджвае жыхароў Нінівы, што горад будзе разбураны за іхнія злачынствы.

Напэўна, у Нініве, як заўсёды і паўсюль, былі розныя людзі — і добрыя, і дрэнныя. У вершах сённяшняга урыўку, якія не ўвайшлі ў чытанне, кароль Нінівы абвяшчае пост і заклікае: «Няхай кожны чалавек адвернецца ад злой дарогі сваёй і ад гвалту» (пар. Ён 3, 8).

Пакаянне — заўсёды асабістая рэч, якая датычыцца канкрэтных учынкаў і адносінаў канкрэтнага чалавека.

Зразумела, як пакаянне павінна выглядаць у выпадку тых, хто збівае (а нават забівае) ці кідае ў вязніцу нявінных людзей. Але што з тымі, хто не рабіў такіх жудасных рэчаў? Хіба іх не датычыцца заклік да навяртання — сёння, у нашых канкрэтных гістарычных абставінах?

Напэўна, няпроста даваць простыя адказы ў няпростай, вельмі складанай сітуацыі. Кожная агульная прапанова ў любым выпадку павінна стаць асабістай. Але для нас, вернікаў, заўсёды актуальны заклік да навяртання азначае ў першую чаргу менавіта «паверыць у Евангелле», гэта значыць прыняць словы і прыклад Езуса як фундамент, скалу нашага жыцця.

Канечне, гаворка не толькі пра тое, каб недзе ўнутры, «у душы» зрабіць такі акт, памятаючы пра той персанальны запавет, які заключае з кожным Пан праз сакрамэнт хросту. Валадарства Божае, блізкасць якога сёння — і ва ўсе часы — абвяшчае Хрыстус, мае і ўнутранае, і знешняе вымярэнне; яно — і дух, і канкрэтныя дзеянні; з’яўляецца рэчаіснасцю нябеснай, якая перавышае любую зямную праяву, і адначасова шукае ўцелаўлення ў нашым жыцці і грамадскіх структурах.

Таму, калі мы сапраўды сур’ёзна хочам успрыняць заклік да навяртання з вуснаў Езуса сёння, у нашых гістарычных абставінах, перш за ўсё павінны спытацца, ці гатовыя адмовіцца «ад злой дарогі сваёй» і ад усялякай формы гвалту — не толькі фізічнага, але і псіхічнага, вербальнага…

Ці ёсць у нас гатоўнасць не згаджацца са злом як «непазбежнай рэчаіснасцю» і супрацьстаяць яму тымі спосабамі, якія нам падкажа святая разважлівасць (але не баязлівасць) — не адплачваючы той жа манетай, але «перамагаючы зло дабром», як падсумоўвае па-свойму сутнасць Евангелля святы Павел (пар. Рым 12, 21)? Ці ёсць жаданне праявіць салідарнасць з пацярпелымі ад насілля, у якіх прысутнічае сёння Езус, даступнымі спосабамі (напрыклад, прынамсі пішучы лісты)?..

Актуалізаваць слова, уцелаўляючы Евангелле

Папа Францішак на мінулым тыдні з нагоды дня нараджэння Марціна Лютэра Кінга ўзгадаў духоўную спадчыну гэтага вучня Езуса ХХ стагоддзя, які праз шлях ненасілля вёў многіх да перамогі над негуманнымі і антыхрысціянскімі праявамі ў амерыканскім грамадстве. У сваёй адгартацыі Amoris Lætitia («Радасць любові») Папа цытуе гэтага дзеяча:

«Калі дасягнеш узроўню любові, яе вялікай прыгажосці і моцы, то хочаш толькі перамагчы дрэнныя сістэмы. Ты любіш людзей, уцягнутых у гэтую сістэму, любіш, але стараешся перамагчы гэтую сістэму.

Нянавісць дзеля нянавісці толькі ўмацоўвае існаванне нянавісці і зла ў сусвеце. Чалавек моцны — гэта асоба, якая здольная разарваць ланцуг нянавісці, ланцуг зла. Хтосьці павінен мець дастаткова веры і маральнасці, каб перарваць яго і прыўнесці ў структуру сусвету гэты моцны і магутны элемент любові» (AL 118).

Такім чынам Марцін Лютэр Кінг актуалізуе слова Евангелля, тлумачачы яго сваім адрасатам у гістарычных абставінах яго часу.

Мы як вучні Хрыста пакліканыя да таго ж самага: каб нашыя думкі, словы і ўчынкі адлюстроўвалі і ўцелаўлялі тое слова, якое мае моц нас збавіць, прывесці да паўнаты жыцця.

З габрэйскай мовы дабар перакладаецца не толькі як «слова», але і «рэч, падзея»: Божае слова стварае і падтрымлівае існаванне ўсёй рэчаіснасці, і адначасова гэта Слова збаўлення, уцелаўлёнае, каб абвясціць чалавеку шлях да сапраўднага жыцця і аддаць сябе за нас.

Евангелле — «падзея», гісторыя, якая расказвае ў тым ліку пра цярпенне і смерць Божага Сына. І тым не менш яно застаецца «Добрай Навіной», бо менавіта Сваёй смерцю Езус перамагае зло і адкрывае ўваскрасенне — сваё і нашае. Інакш кажучы, сам Езус і ёсць Евангелле для нас, і сёння, як у той дзень на беразе Галілейскага мора, Ён кліча нас быць Ягонымі вучнямі, кіруе да нас Слова Жыцця.

Адкрыем нашыя сэрцы гэтаму Слову, каб Яно прыносіла плады вечнасці ў нашым асабістым жыцці і вакол нас. Амэн.

 

Віктар Жук SJ