Гамілія на V звычайную нядзелю, год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім.

Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў.

І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

Мк 1, 29–39

Цярпенне: які сэнс?

«Я атрымаў у спадчыну месяцы марнасці і ночы пакутаў адведзены мне… Жыццё маё — гэта вецер, і вочы мае не ўбачаць больш шчасця», — такі пранізлівы лямант чуем сёння ад Ёва, героя аднайменнай кнігі Старога Запавету, якая ставіць нялёгкія пытанні пра сэнс чалавечага цярпення. Песімістычнае стаўленне Ёва зразумелае ў ягонай сітуцыі: ён страціў у жыцці ўсё: не толькі матэрыяльныя даброты, але і дзяцей, і ўласнае здароўе.

Настрой Ёва напэўна прынамсі часткова знаёмы нам усім: кожнаму даводзілася праходзіць праз хваробу і страту чагосьці (ці горш — кагосьці) дарагога сэрцу. Можам узгадаць моманты, калі і мы таксама задаем пытанне пра сэнс чалавечага існавання, бо навокал столькі болю, зла і цярпення.

У нашай цяперашняй грамадскай сітуацыі трэба быць або сляпымі, або зусім абыякавымі, каб не задавацца такімі пытаннямі. Не трэба іх хаваць ці спяшацца даць занадта простыя адказы.

Святое Пісанне праз тэксты кнігі Ёва і іншыя, падобныя да іх, дае нам прыклад: Божае слова не «прыхарошвае» сумную рэчаіснасць цярпення, якое сталася часткай гісторыі гэтага свету.

Хвароба, з якой шмат хто з нас сутыкнуўся напрамую падчас пандэміі, з’яўляецца не толькі канкрэтнай прычынай цялесных цярпенняў істот — Божых стварэнняў, але можа таксама моцна аслабіць дух чалавека, змушаючы нас адчуваць сябе нікому не патрэбнымі і няўпэўненымі ў сваёй будучыні і асабістай вартасці.

З іншага боку, хвароба — метафара для таго, што адбываецца ў душы і духу чалавека, а таксама ў адносінах паміж людзьмі як наступства зла і граху, якія ў найгоршым выпадку прыводзяць да смерці не толькі фізічнай, але і духоўнай.

Хвароба — найбольш вымоўны знак нашай слабасці і крохкасці.

Яна прымушае нас прызнаць, што мы маем патрэбу ў дапамозе, што мы вымушаны шукаць паратунку ў таго, хто ведае як і здольны нас выратаваць.

«Вучэнне, якое мае моц»

Сённяшняе Евангелле таксама паказвае чалавечую хваробу: мы чуем пра цешчу Сымона Пятра ў гарачцы і пра шматлікіх іншых нядужых целам і духам. Іх прыводзяць і прыносяць да Езуса, бо вестка пра Ягонае «новае вучэнне, якое мае моц» (Мк 1, 27), хутка распаўсюджваецца па ваколіцы. Сустрэча з Езусам, з Ягонай аздараўляльнай моцай, вяртае чалавеку цэласнасць і паўнавартаснае жыццё. На працягу Евангелля мы зноў і зноў чуем пра тое, як Езус набліжаецца да хворых і церпячых і вызваляе іх ад абмежаванняў, справакаваных немаччу.

У юдэйскім антычным светапоглядзе фізічная хвароба мела духоўную прычыну: праз грэх злы дух меў магчымасць дзейнічаць у жыцці і целе чалавека, наносячы шкоду. Таму ў сённяшнім урыўку і часта ў іншых месцах у Евангеллі гаворыцца пра тое, што Езус адначасова аздараўляе ад хваробаў і выганяе дэманаў.

Апантанасць жа — гэта такі стан, калі чалавек губляе вялікую частку сваёй свабоды, бо знаходзіцца пад уплывам злога духа. Гэтая тэма часам выклікае нездаровую цікаўнасць, якая відавочная, напрыклад, у фільмах пра экзарцызмы і т.п. Насамрэч, на жаль, апантанасцю ў рознай ступені хварэюць не толькі героі фільмаў, але і людзі, якія жывуць побач з намі (а, прынамсі, у пэўныя моманты і мы самі падобным чынам духоўна хварэем, калі губляем нашу свабоду дзяцей Божых, становячыся залежнымі ад шкодных рэчываў і паводзінаў).

Слухаючы сённяшні евангельскі ўрывак, мы можам усвядоміць, як моцна і сёння нам усім — індывідуальна і як супольнасці — патрэбны Той, хто мае ўладу над моцай зла і здольны ацаліць чалавека ў яго цэласнасці: перадусім дух, а потым і чалавечае цела вызваліць, каб існавала дзеля хвалы Божай.

Ці я асабіста маю шчырасць і смеласць звярнуцца да Езуса са сваёй «апантанасцю» — залежнасцю ад таго, што мне шкодзіць, але што не маю ўладу перастаць рабіць зноў і зноў? Ці гатовы / гатовая я прыняць Ягоную вызваленчую моц, якая, магчыма, не праявіцца «раз і назаўсёды», але дазволіць мне спадзявацца дзень пры дні на падтрымку Божага Духа там, дзе найбольш відавочная мая слабасць?

Здаровы — і што далей?

Першае аздараўленне ад фізічнай немачы ў Евангеллі паводле Марка, калі Езус сваім дотыкам «забірае» гарачку цешчы Пятра, раскрывае сэнс кожнага наступнага аздараўлення. «Пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім»: жанчына вызваленая ад хваробы і дзякуючы гэтаму можа служыць Езусу і Ягоным вучням.

Езус прыносіць нам аздараўленне і вызваленне дзеля таго, каб мы маглі быць падобнымі да Яго, які адкрывае, што дзейсная любоў — гэта служэнне.

Дзеяслоў «служыць» можа выклікаць у нас няправільныя асацыяцыі, бо кожнае, нават найлепшае і найпрыгажэйшае паняцце можна сказіць найгоршым чынам: у нашай сённяшняй сітуацыі, напрыклад, ёсць тыя, якія прысягаюць служыць народу, а потым б’юць ні ў чым не вінаватых суайчыннікаў. З іншага боку, у нашым разуменні служэнне можа ўспрымацца (магчыма, несвядома) як тое, што прыніжае нашу годнасць, ставіць ніжэй за іншых. Сапраўднае служэнне — гэта канкрэтная праява клопату і любові пра іншую асобу, у першую чаргу — тую, якая знаходзіцца ў патрэбе і ў якой мяне чакае сам Езус.

У сваёй чалавечнасці Езус патрабуе не толькі фізічнага адпачынку, але і часу сам-насам са сваім Айцом. Менавіта ў малітве, услухоўваючыся перад Айцом у найглыбейшыя жаданні свайго сэрца, Ён прымае рашэнні. У сённяшнім урыўку, як адкрывае нам Марк, гэта рашэнне ісці далей, а не затрымлівацца ў Кафарнауме, каб несці Добрую Навіну іншым, бо кожны чалавек павінен яе пачуць.

Прыклад нашага Настаўніка заахвочвае нас таксама «не заставацца на месцы», не задавольвацца тым, чаго мы ўжо дасягнулі, але ісці далей, дзелячыся Добрай Навіной.

«Прапаведванне» ў выпадку большасці з нас не будзе мець формы гаміліі ці нават прамых цытат з Пісання — але менавіта наша служэнне, натхнёнае прыкладам Езуса, стане найлепшай пропаведзю. Мы пакліканы наблізіцца да тых, каго сёння закранула цярпенне, выслухоўваючы са шчырай спагадай іх боль, і стаць для іх сведкамі надзеі, якую атрымалі дзякуючы сустрэчы з Езусам, нашым Боскім Лекарам.

«Ён узяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы» (Мц 8,17) і праз сваю слабасць на крыжы дае нам моц перамогі над злом. Няхай мы сёння прымем з удзячнасцю гэты Ягоны дар, жадаючы дзяліцца ім з іншымі. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота: кадр з серыяла аб жыцці Хрыста “The Chosen”