Гамілія на II нядзелю Вялікага посту, год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем і гутарылі з Езусам.

І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: Адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце.

І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

Мк 9, 2–10

Перамяненне Пана, сузіраць якое запрашае нас Касцёл у літургіі другой нядзелі Вялікага посту, адкрывае нешта вельмі асаблівае пра тое, хто такі Езус, і пра Ягоны шлях. У Евангеллі на кожнай старонцы мы знаходзім доказы таго, што Хрыстус — не звычайны чалавек, што Ён валодае асаблівай моцай, каб аздараўляць і перамагаць зло. З Ягоных вуснаў зыходзяць словы надзвычайнай мудрасці, Ён умее звяртацца да велізарных натоўпаў, да сустрэчы з Ім імкнуцца самыя розныя людзі.

Але тое, пра што расказвае сённяшні ўрывак, адносіцца да іншай катэгорыі падзей: на кароткі момант вучням, якіх Езус бярэ з сабой, — і нам дзякуючы іхняму сведчанню — адкрываецца хвала Сына Божага, якая пераўзыходзіць любое ўяўленне.

За чалавечым абліччам Езуса з Назарэта, за Ягоным штодзённым высілкам, клопатамі і радасцямі Ягонага жыцця, за цярпеннем і болем хаваецца глыбіня славы Божай.

Адначасова гэтая падзея гаворыць нешта вельмі істотнае і пра жыццё кожнага з нас: усё, што адбываецца з Езусам, асвятляе наш шлях і раскрывае канчатковы сэнс чалавечага існавання. «Тым, кім Хрыстус з’яўляецца паводле прыроды, мы прадвызначаны стаць паводле ласкі», — казалі айцы Касцёла. Калі ўважліва прыгледзецца, то нават на фізічным узроўні нашае жыццё — гэта шлях перамянення: спачатку проста адна клетка ва ўлонні маці, потым — дзіця, якое расце, і, урэшце, дарослы чалавек… Захапляльная таямніца жыцця! Але нашы фізічныя «метамарфозы» — гэта толькі цень таго «новага стварэння», якім мы пакліканыя стаць паводле Божай задумы.

Невыпадкова напрыканцы сённяшняга ўрыўку ўзгадваецца ўваскрасенне з мёртвых: Езус забараняе вучням казаць пра ўбачанае да моманту Яго ўваскрасення, але яны не разумеюць, пра што кажа Настаўнік, і не спрабуюць удакладняць.

Нам немагчыма да канца зразумець, што такое «ўваскрашэнне памерлых», якое вызнаем у сімвале веры, бо мы абмежаваныя нашым фізічным досведам у цяперашнім целе. Аднак вера ў Стварыцеля, усемагутнага ў Ягонай дабрыні і любові, адкрывае наш досвед для таго, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека» (1 Кар 2, 9).

Варта ўспомніць усім, напэўна, добра вядомую, але якую ж трапную прыпавесць пра двух блізнятаў, якія размаўляюць ва ўлонні маці. Адзін з іх выказвае спадзяванне, што існуе «нешта» па-за межамі той цеснай прасторы, у якой яны знаходзяцца, а другі высмейвае такую думку.

Сённяшні эпізод з жыцця Езуса скіроўвае наш позірк у кірунку таго, што нам немагчыма адчуць ці нават уявіць, але што паводле веры з’яўляецца нашай надзеяй: мы створаныя дзеля перамененага існавання ў вечнасці ў Божай хвале, якое «Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (1 Кар 2, 9).

Гэтага мы ўсім сэрцам жадаем ў глыбіні падчас нашай зямной вандроўкі. Добрая Навіна пра ўваскрасенне Езуса, якую прымаем дзякуючы дару веры, — вось аснова для такой надзеі.

Энергія Перамянення

Дзеля таго, каб дасягнуць уваскрасення, Езус аддаў сваё жыццё ў сутыкненні са злом гэтага свету. Калі адкрыем сённяшні евангельскі ўрывак у Бібліі, убачым, што непасрэдна перад падзеяй Перамянення Хрыстус кажа пра цярпенні, якія Яго чакаюць, і таксама пра тое, што кожны Ягоны вучань павінен узяць свой крыж.

Перамяненне — гэта той досвед, які дазваляе Езусу і нам у адпаведнай перспектыве ўбачыць і прыняць рэчаіснасць болю і цярпення.

Так, як для Езуса досвед Перамянення быў важны асабліва ў перспектыве канчатковага сутыкнення са злом і цярпеннем у Ягоных муках, так і нам перад абліччам хвароб гэтага свету, несправядлівасці, нянавісці, эгаістычнага злоўжывання ўладай вельмі важна мець досвед асаблівых момантаў, калі Бог адкрывае нам сваю прысутнасць і нагадвае пра сваё абяцанне паўнаты жыцця, у якога не будзе канца.

Невыпадкова Езус менавіта падчас Перамянення чуе ў чарговы раз, што Ён — умілаваны Сын Айца, бо любоў Айца — «энергія» Перамянення, як і будучага Уваскрасення.

Нам недастаткова проста чуць і недзе «адзначыць» сабе ў галаве, што і мы — улюбёныя дзеці Божыя, але нам неабходна дыхаць гэтай любоўю кожную хвіліну нашага жыцця: любоў Айца дае нам сапраўднае жыццё, фармуе нас, падымае пасля падзенняў, узмацняе ва ўсіх цнотах, «лепіць» з нас «новае стварэнне».

Без перабольшвання можна сказаць, што навучыцца прымаць любоў і жыць ёю — самае важнае і неабходнае ў нашым жыцці.

Калі Божая любоў, якая імкнецца мяне дасягнуць, у тым ліку і праз чалавечую любоў, не становіцца рэчаіснасцю асабіста для мяне, я падобны да чалавека, які сядзіць у замкнёным памяшканні, не бачачы і не адчуваючы дотыку сонца, якое свеціць вонкі — для іншых, але не для мяне.

«Яго слухайце», — гучыць голас Айца, скіраваны да прысутных вучняў і да нас. Акунацца ў Божую любоў, бачыць рэчаіснасць у Божым святле, ісці шляхам перамянення да вечнасці — вось што значыць слухаць Езуса, Божага Сына. У габрэйскай мове той самы дзеяслоў азначае «слухаць» і «быць паслухмянымі»: проста чуць словы Хрыста недастаткова — трэба, каб яны станавіліся рэчаіснасцю ў нашым жыцці.

Усе мы маем досвед таго, як нашыя найлепшыя жаданні не рэалізуюцца, хоць мы так ясна сабе можам уявіць пажаданае: гэта вучыць нас пакоры, бо наша паслухмянасць магчымая толькі дзякуючы паслухмянасці Езуса, у нашай сувязі веры з Ім, нашым Настаўнікам і Збаўцам.

Няхай у нашым жыцці, асабліва ў гэты благаслаўлёны перыяд Вялікага посту — нашай вандроўкі да Пасхі — будзе дастаткова прасторы і часу, каб узмацняць гэтую жывую сувязь з Езусам праз слуханне Ягонага слова, скіраванага вельмі асабіста да нас у Евангеллі і малітве. Няхай мы пачуем запрашэнне «ўзысці на гару», дзе можам адчуць Ягоную прысутнасць, дзе «добра нам быць», дзе Ягонае святло асветліць цёмныя куты нашага існавання — асабістага і грамадскага. Няхай, сыходзячы з гары, будзем несці гэтае святло веры, надзеі і любові ўсім, каго Пан паставіць на нашым шляху. Амэн.

Віктар Жук SJ

Выява: Sieger Koeder. Фрагмент карціны “Табор”