Гамілія на ІV Нядзелю Вялікага посту, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Езус сказаў Нікадэму:

Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

Ян 3, 14–21

Гісторыя народаў: трагедыі і перамогі

Чаму ў гісторыі народаў і супольнасцяў здараюцца тыя ці іншыя падзеі: трагедыі, катаклізмы ці наадварот вялікія перамогі, уздымы, перыяды дабрабыту? Гісторыкі дакладна вывучаюць розныя чыннікі, працэсы, прычынна-выніковыя сувязі, каб даць адказ на гэта пытанне – і таксама бясконца спрачаюцца наконт розных версій падзей, ролі і адказнасці асобных дзеячаў і груп людзей. На падставе фактаў мінулага іншыя аналітыкі спрабуюць спрагназаваць будучыню, прадказаць, як будуць развівацца далей падзеі для той ці іншай супольнасці і нават для ўсяго свету.

Святое Пісанне па-свойму дае адказ на пытанне пра прычыны перамогаў і паразаў, і сённяшняе першае чытанне з’яўляецца прыкладам такога каментара да гістарычных падзей. У апошніх вершах Другой кнігі Кронікаў абагульняецца тое, што адбывалася ў Ізраэлі на працягу некалькіх пакаленняў: “Усе кіраўнікі святароў і народу памнажалі беззаконне сваё … здзекваліся з пасланцоў Бога … насміхаліся з прарокаў Ягоных”. Як вядома, тыя, хто трымаюць уладу, маюць вырашальны ўплыў на працэсы ў супольнасці, і наступствам паводзінаў кіраўнікоў Ізраэля становіцца вялікая параза – падзенне Ерузалема, знішчэнне святыні і няволя ацалелых у Бабілёне. Усё гэта адбылося ў 587 г. да нар. Хр. і на доўгія гады стала прычынай смутку і ляманту выбранага народа (сённяшні рэспансарыйны псальм – прыклад такой журботнай рэакцыі). Яны сапраўды не ведалі, ці змогуць калі-небудзь зноў мець сваю дзяржаву, ці выжывуць як народ.

Для натхнёнага аўтара кнігі Кронік прычына такой сітуацыі відавочная: нявернасць Богу, няслуханне Божых заклікаў, несправядлівасць і беззаконне. Такая інтэрпрэтацыя можа здавацца надта спрошчанай, бо нібыта не бярэ пад увагу ўсіх тонкасцяў гістарычных працэсаў.

Але Божае слова зноў і зноў перасцярагае перад наступствамі кампрамісаў са злом і на асабістым, і на грамадскім узроўні: яны вядуць да няволі і ў канчатковым рахунку да смерці – і фізічнай, і, што больш страшна, духоўнай.

Ягнё Божае, узнесенае, каб перамагчы зло

Гэта перспектыва была б занадта сумнай і поўнай адчаю, калі б не было другой часткі Божай праўды адносна зла. Апошнія радкі Другой кнігі Кронікаў з’яўляюцца “адкрытым фіналам”, бо пачынаюць новую старонку ў гісторыі Ізраэля – аповед пра адбудову Ерузалема і святыні дзякуючы ўмяшальніцтву Пана, які сваім дзіўным Провідам мае ўладу дзейнічаць нават праз караля-язычніка Кіра. Бог не з’яўляецца крыніцай пакарання; Ён заўсёды дзейнічае дзеля збаўлення чалавека. “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго.” Гэтыя радкі Евангелля паводле Яна падсумоўваюць усю гісторыю збаўлення і нагадваюць пра тое, чым “кіруецца” Бог, прымаючы ўдзел у падзеях жыцця асобных людзей, цэлых народаў і ўсяго свету.

Бог, які ёсць Любоў, не можа мець іншага матыву для сваіх дзеянняў, чым любоў.

Але паставім з усёй шчырасцю пытанне: ці гэтая “квінтэсэнцыя ўсяго Евангелля” (як называюць цытаваныя вышэй радкі некаторыя каментатары) знаходзіць адлюстраванне ў нашай рэчаіснасці? Ці мы бачым і з’яўляемся сведкамі таго, што Бог сапраўды “збаўляе свет”, у якім мы жывём? Ці ж не праўда хутчэй, што ўсё наадварот, калі не закрываць вочы на несправядлівасць, беззаконне, пераслед і насілле нават толькі ў нашай краіне, не кажучы ўжо пра ўвесь свет, у якім столькі войнаў і канфліктаў? Такія пытанні хутчэй можна пачуць ад тых, хто выкарыстоўвае падобныя аргументы, каб даказаць адсутнасць Бога, але нам, веруючым, не трэба пазбягаць іх і спяшацца даваць надта лёгкія адказы. “Як Майсей узняў змея ў пустыні, так павінен быць узняты Сын Чалавечы”: у такой форме ў сённяшнім евангельскім урыўку гучыць прадказанне Пасхі Хрыста. Езус, узнесены на крыжы і менавіта такім чынам праслаўлены, “узвышаны” (евангеліст Ян падкрэслівае тут і паўсюль еднасць цярпення і хвалы Хрыста як Уваскрослага Пана) – вось той “знак”, без якога немагчыма даць адказ на пытанне пра рэчаіснасць зла вакол нас – зла, якое з’яўляецца наступствам свабоднага выбару чалавека, але якое бярэ на сябе Ягнё Божае.

Езус, узнесены на крыжы, праз сваю смерць знішчае зло і смерць і становіцца Пераможцам ва ўваскрасенні: гэта Таямніца, у якой мы ўдзельнічаем у кожнай Эўхарыстыі і якая актуалізуецца зноў і зноў дзеля збаўлення свету – у той рэчаіснасці, у якой нам даводзіцца жыць (і якую нам хацелася б “выправіць” па-свойму, калі ад часу да часу на хвіліну бярэм на сябе роль Бога).

Дзякуючы гэтай веры, як парадаксальна сцвярджае св. Павел у другім чытанні, мы можам ужо цяпер казаць, што “Ён уваскрасіў і пасадзіў нас на нябёсах у Хрысце Езусе” (менавіта так, як ужо здзейснены факт).

Гэтае сцвярджэнне не адмаўляе драматызм ні нашай асабістай і сямейнай гісторыі, ні гісторыі нашага народу, але дазваляе ісці праз цяжкія моманты цярпення і болю з надзеяй, якая паходзіць ад прысутнасці Жывога, Уваскрослага Пана ў нашым жыцці – з той надзеяй, якая “не асароміць, таму што любоў Божая вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам” (Рым 5, 5).

Уваскрэшаныя любоўю Божай, каб быць яе сведкамі

Падзялюся гісторыяй, якую нядаўна пачуў ад парафіянкі і якая для мяне стала моцным сведчаннем таго, як моц Божая дзейнічае нават сярод найгоршых абставінаў. Маці гэтай парафіянкі падчас Другой сусветнай вайны ва ўзросце 14 гадоў была вывезеная ў Германію. Там яна амаль што памірала з голаду ў лагеры, але нямецкая сям’я, у якую яна трапіла як прыслуга, заўважыла яе стан і пакрыху адкарміла яе. Калі дзяўчына пасля вайны вярталася на радзіму, яе чакалі супрацоўнікі НКУС, гатовыя судзіць як здрадніцу. Шчаслівым збегам акалічнасцяў яе заўважыў знаёмы сям’і і паведаміў бацьку, які здолеў “адкупіць” яе на апошнія сродкі, а потым сям’я вымушана была хаваць яе на хутары на працягу двух гадоў. Шмат гадоў пазней, калі яна ўжо ў даволі старым узросце зацяжарала ў чацвёрты раз, урачы гатовыя былі рабіць аборт, але яна адмовілася – і такім чынам перада мною сядзела яе дачка, маці двух дзяцей, якая сведчыла пра ўсё гэта.

Моц Уваскрослага Пана здзяйсняе цуды ў нашым жыцці; вера і надзея на Яго адкрывае нас на яшчэ большыя цуды.

Як нагадвае нам сёння св. Павел, “мы — Яго справа, створаныя ў Хрысце Езусе для добрых учынкаў, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы ў іх жылі”, то бок каб з’яўляліся жывымі сведкамі Ягонай моцы, якая перамагае зло, не адказваючы на яго злом, а любоўю, якая ідзе дзеля нас да канца, на крыж. Калі ж мы глядзім на крыж, мы бачым не толькі наступствы зла, якія цярпеў наш Пан за нас, але і славу Ягонага ўваскрасення. Няхай Ён Духам Святым учыніць нас сведкамі Яго перамогі. Амэн.

Віктар Жук SJ

На выяве крыж з адной з Рымскіх парафій, перанесены ў катэдру святога Пятра падчас малітваў аб спыненні пандэміі каранавіруса.