Гамілія на V Велікодную нядзелю, Год В

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

Ян 15, 1–8

Кожны з нас існуе як асобны індывід, аднак у той жа час звязаны з рэштай стварэння і не можа існаваць адасоблена. Наша сувязь з зямлёй, з яе гравітацыяй, наша залежнасць ад паветра, якім напоўнена атмасфера, нябачныя, але вельмі рэальныя, фізічныя, матэрыяльныя. Падобная сувязь існуе і ў іншых вымярэннях нашага жыцця: чалавек не можа выжыць не толькі без тых дароў, што дае яму зямля, але і без соцыюма, без прыналежнасці да супольнасці людзей.

Вобраз вінаграднай лазы, да якога звяртаецца Езус у сённяшнім евангельскім урыўку, указвае на яшчэ адзін від повязі, без якой чалавек не можа па-сапраўднаму жыць: наша сувязь з Ім, Божым Сынам, і праз Яго — з Айцом.

Менавіта гэтае духоўнае вымярэнне адкрывае паўнату нашага існавання: нашу сутнасць дзяцей Божых, у чыіх жылах цячэ «лімфа», кроў Божага Сына.

Езус кажа: «Я — сапраўдная вінаградная лаза», і гэта падкрэсленне можа здавацца дзіўным, бо ці ж не пра метафару гаворка? Але Езус насамрэч указвае на тое, што Ён — той, хто ахоплівае сабой усё існае, па-сапраўднаму трымае ўсё разам: без Яго нішто не можа існаваць.

П’ер Тэяр дэ Шардэн, езуіт-вучоны, які ў свае багаслоўскія творы стараўся інтэграваць эвалюцыйнае бачанне Сусвету, казаў пра Хрыста як пра мэту эвалюцыі ўсяго стварэння: усё існае імкнецца да таго, каб у Ім, Божым Сыне і Слове, знайсці канчатковае прызначэнне, атрымаць паўнату. Па-за Ім — толькі «небыццё», смерць: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць».

Прыняць падразанне — пазбавіцца лішняга

Але звернемся ад глабальнай перспектывы да канкрэтыкі нашага жыцця. Галінкі вінаграднай лазы не маюць выбару, ці быць на ёй ці не, але чалавек мае свабоду, каб заставацца ў сувязі з Хрыстом ці не — інакш кажучы, дазваляць ці перашкаджаць, каб жыццядайная лімфа цякла ў ягоным жыцці.

Таму Езус звяртаецца да нашай свабоды: «Заставайцеся ўва Мне», і тады Ён будзе прабываць у нас.

Святы Ян ва ўрыўку са свайго Першага паслання нагадвае пра тое, што значыць «заставацца ў Езусе» (у апошнім вершы сённяшняга чытання ў арыгінале гучыць той самы дзеяслоў, што паўтараецца шмат разоў у евангельскім урыўку). Каб прабываць у Езусе, трэба захоўваць Ягонае слова — верыць і любіць, і менавіта такім чынам мы здольныя прыносіць плады.

«Плод Духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць», — тлумачыць святы Павел (Гал 5, 22). Варта пытацца ў сябе, у якой меры ў маім жыцці прысутнічаюць гэтыя плады.

Калі праз прызму словаў Езуса пра галінкі, якія не прыносяць плёну, паглядзець на сваё жыццё, то можна заўважыць, што павінна «памерці», адпасці, бо не прыносіць ніякай карысці.

Там жа, дзе плод ёсць, але дакладна можа быць большым, трэба прыняць неабходнасць працэсу ачышчэння — падразання таго, што лішняе, каб энергія ўзаемадзеяння з Божай ласкай скіравалася на тое, чаму сапраўды варта даць прастору ў жыцці.

Кожная гадзіна жыцця, праведзеная ў бессэнсоўным занятку, можа быць «падрэзана», каб гэты час пайшоў на нешта больш канструктыўнае; лішні выдатак, ад якога адмаўляюся, можа ператварыцца ў жэст салідарнасці з той асобай, якая сапраўды патрабуе матэрыяльных сродкаў. У гэтым заключаецца аўтэнтычны сэнс хрысціянскай аскезы і посту: адмовіцца ад лішняга, ад таго, што перашкаджае прыносіць плод, які трывае ў вечнасць, дзеля таго, каб любіць больш і лепш, любіць «не словам ці моваю, а ўчынкам і праўдаю», як кажа св. Ян у другім чытанні.

Але вось пра што яшчэ варта памятаць у гэтым працэсе: Езус кажа, што гэтае ачышчэнне, падразанне — справа Айца. Мы пры гэтым не цалкам пасіўныя і ад нас залежыць, ці супрацоўнічаем з Божым дзеяннем, аднак з уласнага досведу добра ведаем, што калі разлічваем толькі на свае сілы, не можам па-сапраўднаму змяніцца, стварыць з сябе ідэальных вучняў Хрыста. І таму Езус заклікае нас прасіць.

Прасіць аб тым, чаго сапраўды жадае сэрца (і Дух)

«Прасіце, чаго захочаце, і станецца вам»: якое неверагоднае абяцанне! Ці ж гэта не рэцэпт для здзяйснення нашых мараў? Гэта сапраўды так — але пры той умове, што ведаем, аб чым прасіць.

«Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце…» — удакладняе Езус.

Зрабіць слова Езуса мерай нашых жаданняў: вось выклік для нас.

Як кажа крыху раней Езус, гэта тое слова, якое нас ачышчае, то бок вызваляе ад лішняга, ад таго, што перашкаджае прыносіць плод; слова, якое нагадвае нам пра сапраўдны гарызонт нашага жыцця — вечнасць у Богу.

Праз слова Езуса, якое гучыць для нас у Евангеллі, мы пазнаём нашага Пана і Настаўніка. Яно вучыць нас, аб чым прасіць не толькі для сябе, але і для блізкіх нашаму сэрцу, і таксама ў нашых патрэбах як супольнасці, як народа.

Чаго Ты насамрэч жадаеш для нас як сям’і Тваіх дзяцей, Пане? — гэтае пытанне павінна суправаджаць нашыя просьбы за Айчыну, якія штодзённа ўзносім да Бога ў цяперашніх абставінах. Свабода ад насілля, свабода для тых, хто несправядліва аказаўся за кратамі, — гэта, напэўна, такое жаданне кожнага чалавека добрай волі, якое адпавядае жаданню нашага нябеснага Айца.

Аднак акрамя фізічнага вымярэння свабоды ёсць і іншае — свабода дзяцей Божых; свабода дзеля таго, каб рабіць дабро з сэрцам, поўным любові: не можам забывацца пра гэтую перспектыву, звяртаючыся да Бога і рыхтуючы сябе да супрацоўніцтва з Ягонай ласкай.

Жаданне застацца незалежнымі як народ, не страціць сваёй самабытнасці і проста быць насамрэч народам, які аб’яднаны супольнымі каштоўнасцямі, — таксама, напэўна, прыемная Айцу просьба, але ці мы гатовыя ўзаемадзейнічаць з Божай дапамогай нашай салідарнасцю адно з адным, увагай да патрэбаў бліжняга?..

У сённяшнім першым чытанні чуем пра прыгожы прыклад такой увагі да іншай асобы з боку Барнабы: ён дапамагае ўвайсці ў супольнасць вучняў Езуса Паўлу, якому не давяраюць, бо яшчэ зусім нядаўна ён пераследаваў хрысціянаў. Няхай Дух Святы і нас захоўвае ў сувязі з Езусам, вучыць, аб чым прасіць Айца, і натхняе на ўчынкі салідарнай любові ў адносінах да нашых бліжніх. Амэн.

Віктар Жук SJ