Гамілія на нядзелю спаслання Духа Святога, год B

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Ян 20, 19–23

Пяцідзесятніца — спаўненне абяцання Божага дару

Пяцідзесятніца — юдэйскае свята, якое было ўстаноўлена для таго, каб праз сем тыдняў пасля свята Пасхі народ Ізраэля ахвяраваў Пану першыя плады зямлі. У пазнейшай традыцыі яно набыло іншае значэнне: выбраны народ у гэты дзень успамінаў Божы дар Закону на гары Сінай пасля зыходу з Егіпта. Менавіта на падставе гэтага Закону быў заключаны Запавет паміж Богам і Ізраэлем. У аповедзе з кнігі Зыходу ўзгадваецца, як Богаз’яўленне на Сінаі суправаджалася прыроднымі феноменамі, якія сведчылі пра веліч і святасць Бога: агнём, ветрам, моцным шумам… Ніхто з людзей не мог наблізіцца да Божай гары, каб не памерці.

Сённяшняе чытанне пра дзень Пяцідзесятніцы, які настаў праз сем тыдняў пасля Пасхі Езуса, таксама ўзгадвае праявы стыхій — агню, ветру, шуму, адсылаючы чытача да падзей на Сінаі. Але ёсць істотная розніца: стыхіі гэтым разам дзейнічаюць не далёка на гары, але непасрэдна сярод сабраных вучняў, не пагражаючы забіць сваёй моцай, а напаўняючы прысутных Духам Святым. Такое дзеянне Духа нагадвае тое, што прадказвалі прарокі: Ерамія абвяшчаў дзень новага запавету, калі закон Божы будзе напісаны ў людскіх сэрцах (пар. Ер 31, 31–33), а Эзэхіэль казаў пра той момант, калі Пан удыхне Дух свой у вернікаў, каб яны жылі паводле Ягоных наказаў (пар. Эз 36, 25–28).

Споўнілася абяцанне Езуса, што пасля Яго адыходу прыйдзе Дух праўды, які будзе весці вернікаў да паўнаты праўды.

Параклет — тытул, які перакладаецца як «Суцяшыцель», але мае больш багатае значэнне: гэта той, які падтрымлівае, не пакідае ў адзіноце, узмацняе словам надзеі… На лацінскай мове гэты тытул гучыць як Advocatus, то бок той, каго клічуць у абарону, хто дапамагае словам супраць абвінаваўцаў. Дзеянне Духа Суцяшыцеля неад’емна спалучана з пасланніцтвам Сына: «ад Майго возьме», «уславіць Мяне», кажа Езус. Дух Святы распаўсюджвае збаўчае дзеянне ўваскрослага Хрыста на ўсе эпохі і на кожнае месца.

Сведчанне Духа і нашае

«Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці», — кажа Езус апосталам падчас Апошняй Вячэры, тлумачачы, чаму ім неабходны дар Духа Суцяшыцеля. Хоць Пан не раз прадказваў сваю смерць і ўваскрасенне, вучні не маглі зразумець тое, які сэнс гэтая падзея будзе мець не толькі для іх лёсу, але і для ўсёй сусветнай гісторыі. Менавіта ва ўваскрасенні Езуса адкрываецца паўната моцы Духа Святога, праз якога Айцец вяртае да жыцця свайго Умілаванага Сына і адначасова кожнаму, хто захоча прыняць гэты дар, паверыўшы ў Езуса-Месію, дае ўдзел у перамозе над злом і смерцю.

Езус прыйшоў як сведка праўды пра прызначэнне чалавека (пар. Ян 3, 31–33), і Дух Святы працягвае гэтую місію Сына, адкрываючы сэрца чалавека для праўды — калі той не супраціўляецца Ягонаму дзеянню.

Гэтак жа, як у мінулую нядзелю мы чулі пра розныя «ўзроўні» праўды, так і слова «сведчанне» мае розныя значэнні, з якіх святы Ян Евангеліст паказвае нам найбольш глыбокае і істотнае. Мы зыходзім з таго, што значыць быць сведкам нейкай падзеі і пры неабходнасці «засведчыць» аб ёй у судзе, напрыклад.

Супрацьлегласць такому сведчанню — гэта фальшывае сведчанне, якое кіруецца не жаданнем служыць праўдзе, а нейкім іншым інтарэсам: у нашай сённяшняй рэчаіснасці, на жаль, мы назіраем менавіта такі феномен, з-за якога руйнуюцца жыцці невінаватых людзей. Памятаем біблейскі аповед пра ілжывае сведчанне старцаў супраць Зузаны, якая амаль не загінула з-за гэтага, але была ўратавана дзякуючы праніклівасці Даніэля, напоўненага Духам Святым (пар. Дан 13, 45). Пан праз сваё слова запэўнівае, што жыцці Ягоных вернікаў — у Божых руках.

Дух праўды — Дух свабоды

У некаторых выпадках праўдзівае ці фальшывае сведчанне ў судзе — справа жыцця і смерці. Але тое сведчанне, пра якое кажа Езус, прадказваючы дзеянне Духа Суцяшыцеля, — таксама справа жыцця і смерці ў яшчэ больш істотным значэнні, бо ад яго прыняцця залежыць духоўнае — вечнае — жыццё або смерць.

Прыняць сведчанне Духа значыць прыняць вызваленне з-пад улады зла і цемры, якое здабыў для нас Божы Сын: «Калі будзеце трываць у слове Маім, пазнаеце праўду, і яна вас вызваліць», — кажа Езус (пар. Ян 8, 31–32), а святы Павел вучыць: «Дзе Дух Пана, там свабода» (2 Кар 3, 17).

У нашых сённяшніх умовах гэтыя словы набываюць асаблівае значэнне, бо сведчанні нашых братоў і сясцёр, якія знаходзяцца за кратамі за праўду, пераконваюць, што сапраўдная свабода — у тым, каб слухацца голасу Духа і трымацца праўды; свабода ад страху, каб пастаяць за праўду, калі гэта неабходна. Таму ў сённяшнім евангельскім урыўку Езус побач са сведчаннем Духа ўзгадвае таксама сведчанне вучняў: кожны, хто верыць у Яго, пакліканы быць сведкам праўды і распавядаць «пра вялікія справы Божыя», як гэта робяць у дзень Пяцідзесятніцы ўсе тыя, на каго сышоў Дух Святы.

Мы здольныя па-сапраўднаму быць сведкамі праўды, калі дазволім таму, хто ёсць Праўда, Дарога і Жыццё, перамяніць нашае сэрца, вызваліць яго ад страху, злосці, нянавісці, пажадлівасці — усяго таго, што святы Павел сёння пералічвае як «учынкі цела» ў другім чытанні.

Тады будзем жыць у «свабодзе дзяцей Божых» і «вусны будуць гаварыць тое, чым перапоўнена сэрца» (пар. Мц 12, 34), але вельмі часта нават словаў не трэба, каб засведчыць пра тое, што ў нашым жыцці дзейнічае Дух Святы: крыніца сапраўднай, глыбокай радасці.

Дух Суцяшыцель сапраўды «абвяшчае будучыню» нам, як абяцае Пан Езус: будучыню, у якой падзеі не вызначаюцца гараскопамі і нябеснымі зоркамі ці палітычнымі прагнозамі, але ўпэўненасцю, што кожны дзень у нашым жыцці дзейнічае Божы Провід, і нават калі мы сустрэнем цяжкасці і выпрабаванні, перамога будзе за намі, бо мы паверылі ў таго, хто «перамог гэты свет» (пар. Ян 16, 33). Сёння мы хочам прыняць дар Духа, якога ў гэтую Пяцідзесятніцу нам спасылае Пан, і кожны дзень быць вучнямі Параклета, які заўсёды гатовы адкрываць нам праўду пра нас і наш шлях да Айца праз веру ў Сына. Амэн.

Віктар Жук SJ

Фота Алены Харольскай