Гамілія на XХXII звычайную нядзелю, Год B

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса.

Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой.

Мк 12, 41–44

Дзве дробныя бронзавыя манеты, некалькі капеек у пералік на нашыя грошы: чаго яны вартыя? Паводле нашага звычайнага прагматычнага бачання — хіба што толькі як разменная манета, каб даць рэшту. Але не для Езуса. Ён зноў пераварочвае з ног на галаву наша прывычнае ўспрыманне рэчаіснасці.

У сённяшнім эпізодзе, які адбываецца каля адной са скарбонак ерузалемскай святыні, Пан кліча вучняў і ўказвае ім на тое, на што звычайна яны б, напэўна, не звярнулі ўвагі, але што ў Ягоных вачах ёсць важным і істотным. Дзве лепты беднай удавы для Езуса каштоўнейшыя, чым нашмат большая ахвяра багачоў.

Жэст удавы — вобраз і сімвал нашай чалавечай салідарнасці адно з адным: звычайна ў нас няма магчымасцяў зрабіць нешта такое, што радыкальна зменіць жыццё іншай асобы, вырашыць усе яе праблемы.

Але тое малое, што ў нашай моцы, можа стаць зернем у глебе бліжняга, якое вырасце і дасць прыгожы плён.

Ёсць сітуацыі, у якіх салідарнасць многіх у надзвычайнай патрэбе адной асобы дае колькасны вынік, паводле прынцыпу «Нітка да ніткі — беднаму кашуля». Дзякуй Богу, сучасныя тэхналагічныя сродкі адкрываюць новыя шляхі дапамогі патрабуючым бліжнім — не толькі блізкім, але і далёкім у сэнсе фізічнай адлегласці, і робяць больш эфектыўнымі супольныя намаганні.

У апошні час у нашай краіне мы сталі сведкамі або нават удзельнікамі неверагоднай салідарнасці і спагады адно да аднаго на фоне крызісу, у якім апынулася наша грамадства, і вялікай колькасці пацярпелых.

Многія з гэтых учынкаў зусім не цяжкія, а толькі патрабуюць нашай увагі, спачування да іншага, крыху часу і крэатыўнасці: напрыклад, знайсці інфармацыю ў інтэрнеце і выслаць паштоўку вязню на дзень нараджэння.

Якая велізарная прастора існуе для праяваў шчодрасці і велікадушнасці — для веры, якая дзейнічае праз справядлівасць, уцелаўляецца ў канкрэтных жэстах любові!

Шчодрасць сэрца

Езус у гэтым эпізодзе звяртае ўвагу не на колькасць, а на якасць: для Яго істотна тое, з якім сэрцам чалавек дзеліцца. Калі мы аддаем з таго, што лішняе, тады мы застаемся на паверхні, не дакранаемся да сутнасці таго, хто мы ёсць. Калі ж дар іншаму нам сапраўды нечага каштуе, тады мы становімся падобнымі да Езуса, які «стаў бедным дзеля вас, каб вы ўзбагаціліся Ягоным убоствам» (2 Кар 8, 9).

Час — вось мера нашага жыцця: ці гатовыя мы прысвяціць, «змарнаваць» хвіліны і гадзіны свайго жыцця дзеля дабра бліжняга і супольнасці? Кожны дзень адкрывае для мяне магчымасць аддаць часцінку жыцця ў любові: у слове і жэсце ўважлівасці, спагады, пяшчоты, у шчырым клопаце пра бліжняга, асабліва найбольш патрабуючага…

Хтосьці можа заўважыць: жанчына з сённяшняга Евангелля не дзеліцца з беднымі, а дае грошы на святыню, на «Божую справу». Для нас, хрысціянаў, канечне, няма ніякай супярэчнасці паміж адным і другім, калі памятаем, што чалавек — гэта бачны вобраз нябачнага Бога. «Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі», — кажа Божы Сын (Мц 25, 40).

Дораці Дэй, амерыканская каталічка, якая прысвяціла сваё жыццё бедным Нью-Ёрка, распавядала, што ў яе часта пыталі: «Як бачыць Хрыста ў людзях?» Яна адказвала:

«Гэта акт веры, які пастаянна паўтараецца. Гэта акт любові, які вынікае з акту веры. Гэта акт надзеі, што мы можам абудзіць такія ж учынкі і ў іх сэрцах з Божай дапамогай».

Наша салідарнасць у адносінах да іншых пачынаецца з таго, што мы ўсведамляем салідарнасць Божага Сына з нашай беднасцю, якую Ён пажадаў падзяліць з намі і такім чынам даць нам сапраўднае багацце: Сябе самога. Нам не трэба баяцца і хаваць сваю беднасць, бо менавіта праз яе мы сустракаем Валадара валадароў і ўсведамляем, што па-сапраўднаму валодаем тым, чым падзяліліся з іншымі.

Жэст удавы «прарочы» ў тым сэнсе, што ён адлюстроўвае Божы спосаб дзейнічаць і збаўляць: паводле звычайнай зямной логікі, які ўплыў магла мець дзейнасць Езуса — прапаведванне Евангелля няхай нават тысячам, аздараўленне няхай нават соцень, — калі ўявіць маштаб той жа Рымскай імперыі? Якое значэнне мела ў вачах гэтага свету Яго крыжовая смерць — падобная да смерці тысяч іншых асуджаных бязлітаснай судовай машынай Рыма? Што добрага маглі зрабіць дванаццаць вучняў, званых апосталамі, якія не адрозніваліся нічым надзвычайным?

Але менавіта гэтая «лепта» Езуса ў Божых руках сталася сродкам збаўлення чалавецтва, спосабам радыкальна змяніць хаду гісторыі, нават калі праўда і далей схаваная перад светам, які адкідае Бога і ставіць уласны інтарэс на першае месца.

«Усё» — мера любові

У нашым жыцці недзе побач заўсёды будзе спакуса думаць: «Ці я сапраўды магу штосьці зрабіць, каб нешта змяніць у гэтым свеце?» Калі ёй паддацца, тады адзіным выйсцем застаецца проста займацца сваім жыццём, дбаць пра сваё — шукаць выгоды і матэрыяльнага дабрабыту, а можа і ўлады, публічнага прызнання, як гэта робяць кніжнікі, ад якіх Езус перасцерагае вучняў у сённяшнім эпізодзе.

Падобна кніжнікам, і мы, хрысціяне, можам фармальна шанаваць Бога, але насамрэч спрабаваць будаваць сваё жыццё на зусім іншым фундаменце, робячы «як усе», жадаючы пэўнага «малога шчасця» для сябе.

Між тым Бог — не вораг чалавечаму жаданню шчасця, але хоча адкрыць для нас нашмат больш захапляльную перспектыву: хоць у маштабе гісторыі чалавецтва і ўсяго Сусвету маё жыццё можа здавацца не больш, чым «лептай» альбо пясчынкай, але даверанае Ягоным рукам яно становіцца цудоўнай і непаўторнай пярлінай — якой і прызначана быць.

Як удава з Сарэпты, якая згаджаецца аддаць Іллю ўсё, што мае, бо ён прыходзіць у імя Бога, так і мы, перамагаючы супраціў і страх, пакліканы даверыцца, што, аддаючы ўсё, атрымаем нашмат больш. Ні многа ні мала усё жыццё заклікае наш Пан аддаць Яму, бо гэта мера Любові, і менавіта так Ён паступае са сваім жыццём, аддаючы яго за нас. Няхай мы прымем усім сэрцам гэты дар і самі станем шчодрымі паводле вобразу Яго, які палюбіў нас. Амэн.

Віктар Жук SJ