Ігнацыянскі рахунак сумлення паводле а. Марка Цібадо SJ
Мы духоўна вольныя, калі здаровы наш духоўны і эмацыйны стан. Мы духоўна вольныя, калі захоўваем эмацыйную раўнавагу і прагнем быць напоўненымі верай, надзеяй і любоўю. Мы духоўна вольныя, калі не паддаемся негатыўным эмоцыям і спакусам тады, калі нам занадта трывожна, сумна, няпэўна і страшна, каб думаць рацыянальна.
Мы зняволеныя, калі патанаем у млявасці і не маем матывацыі да большай веры, надзеі і любові. Нам не хапае свабоды, калі мы не адчуваем Божай прысутнасці і не можам справіцца з сітуацыяй, таму што або нам усё роўна, або нас ахоплівае паніка. Падчас рахунку сумлення паразважай над пытаннем: “Калі сёння я дасведчыў адсутнасць свабоды?” Гэта значыць: “Калі ў мяне быў дрэнны настрой? Калі мой недахоп веры, надзеі і любові ўзяў верх? Калі я дазволіў на тое, каб маімі думкамі і ўчынкамі кіравалі моцныя негатыўныя эмоцыі?” Затым спытай сябе: “У які момант я адчуў найбольшую свабоду?” Гэта значыць: “Калі я быў у добрым настроі? Калі ўва мне панавалі вера, надзея і любоў? Калі я думаў ясна і аб’ектыўна, калі мае думкі былі добрымі і поўнымі любові, і калі прымаў добрыя, поўныя любові рашэнні?”
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.
1. Некалькі хвілін я прысвячаю ўдзячнасці Богу, узгадваючы адну ці дзве ласкі, вялікія ці маленькія, якія атрымаў сёння: добры настрой, у якім я прачнуўся, цёплае слова ад сябра, незаслужанае добрае здароўе, лёгкі шлях на працу, яшчэ адзін дзень з маёй цудоўнай жонкай.
2. Азіраючыся назад, я пытаюся ў Бога: “У які момант я дасведчыў сёння найбольшы недахоп свабоды?” Інакш кажучы, калі я быў ахоплены сваімі страхамі, крыўдамі, схільнасцямі, залежнасцямі, трывогамі, дэпрэсіўнымі думкамі? З дапамогай уяўлення вяртаюся ў тую канкрэтную хвіліну. Я ўяўляю, што разам з Богам мы глядзім на гэты момант. Уяўляю, што мы можам бачыць не толькі знешні бок, як быццам праглядаючы фільм, зняты схаванай камерай, але можам і назіраць за ўнутранымі рухамі. Іншымі словамі, мы глядзім, Бог і я, як маё сэрца да краёў напаўняецца негатыўнымі эмоцыямі, якім я паддаўся.
3. Размаўляю з Богам пра тое, што бачу. Прашу ў Бога аб прабачэнні альбо аб аздараўленні. Дазваляю Богу паказаць мне Ягоны пункт гледжання на тую ці іншую сітуацыю. Ці адчуваю, што Бог спрабуе мне нешта сказаць наконт гэтай справы? Размаўляю з Ім, спрабуючы дасягнуць сваіх самых глыбокіх пачуццяў.
4. Зноў азіраючыся назад, я пытаюся: “У які момант я меў досвед найбольшай свабоды?” Калі мае пачуцці і ўчынкі не былі негатыўнымі? Калі былі свабоднымі ад нізкіх і прыземленых думак ці прагнасці? Дзе я найбольш адчуваў, што жыву і што знаходжуся ў суладдзі з Богам, нават калі ў той момант гэтага не заўважыў?
5. Як і ў папярэднім пункце, я ўяўляю, што адсочваю разам з Богам гэтыя поўныя ласкі хвіліны. Мы ўзнаўляем іх у малітве. Мы глядзім не толькі на тое, што адбылося звонку, але і на тое, што адбылося ў глыбіні майго сэрца. Размаўляю аб усім з Богам. Дазваляю Богу прадставіць Ягоны пункт гледжання. Хвіліну мы гаворым пра гэта. Святкуем момант ласкі.
6. Затым разам з Богам я гляджу наперад, у заўтрашні дзень. Як мне пражыць яго, кіруючыся той свабодай, якую я адчуў у сённяшнія хвіліны ласкі? Якія паставы і дзеянні я абяру, каб пазбегнуць пастак, у якія трапіў падчас сённяшніх момантаў несвабоды?
7. Раблю пастановы, да якіх адчуваю сябе закліканым. Прашу Бога аб дапамозе ў захаванні гэтых пастаноў.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.