Ігнацыянскі рахунак сумлення паводле а. Марка Цібадо SJ
Для святога Ігнацыя ўдзячнасць была адной з найвышэйшых цнотаў. Фактычна, ён лічыў няўдзячнасць коранем усіх грахоў. І гэта зразумела: па сутнасці, грэх азначае злоўжыванне Божымі дарамі, якія мы атрымалі.
Калі мы сапраўды ўдзячныя за нейкі падарунак, то, вядома, не будзем свядома ім злоўжываць. Сутнасць прапанаванага тут рахунку сумлення ў тым, каб назваць благаслаўленні ў нашым жыцці і падзякаваць Богу за кожнае з іх. Любы момант з’яўляецца адпаведным для праслаўлення і падзякі Богу, але я асабліва раю гэты рахунак сумлення на той час, калі ты ахоплены дэпрэсіўнымі пачуццямі або пачаў ставіцца да сябе занадта крытычна, або калі ў цябе быў проста дрэнны дзень.
- У пачатку я прашу Бога, каб сёння асаблівым чынам адкрыў мне ўсе благаслаўленні, якія я атрымаў у жыцці – як сапраўды вялікія, так і малыя. Я пытаюся: “За што я сёння хачу падзякаваць найбольш? Што робіць мяне шчаслівым і ўдзячным?” Звычайна нейкі чалавек, месца, падзея або рэч узнікаюць у думках адразу. Я называю гэты дар перад Богам: “Пане, я так удзячны Табе за дар…”. Паўтараю гэты выраз шмат разоў цягам некаторага часу, каб прасякнуцца ўдзячнасцю аж да самай глыбіні сваёй істоты.
- Хвіліну-другую смакую гэты дар. Напрыклад, калі я больш за ўсё ўдзячны сястры, то ўяўляю яе дарагі твар. Бачу яе ўсмешку, характэрны жэст або выраз твару, які заўсёды прымушае мяне смяяцца, і ад якога робіцца цяплей на сэрцы. Некаторы час застаюся ў напоўненасці любоўю. Няспынна паўтараю: “Дзякуй Табе, Пане”. Неабавязкова гэтым дарам павінен быць чалавек. Магчыма, менавіта сёння я больш удзячны за рэч ці ўстанову. Напрыклад, за мой цёплы і ўтульны дом, які дае мне камфорт, калі вяртаюся з працы, за маю касцёльную супольнасць, за арганізацыю, дзе працую. Магчыма, я больш за ўсё ўдзячны за тое, што адбылося ў апошні час. Мяне можа перапоўніць удзячнасць, што той, хто звычайна паводзіўся як грубіян, раптам пачаў ставіцца зычліва. Або я ўдзячны за атрыманае павышэнне, станоўчую рэцэнзію на артыкул ці добрую адзнаку за тэст. Як бы там ні было, я смакую гэты дар, ставячы яго перад вачыма сваёй душы ў малітве ўяўлення. Дазваляю, каб мяне ахапілі і перапоўнілі добрыя эмоцыі, увесь час паўтараючы ў сэрцы: “Дзякуй Табе, Пане”.
- Цяпер больш свабодна назіраю ў сваім уяўленні за доўгім і гучным парадам дароў і дзякую Богу за кожны з іх. Адзін па адным, у бязладным і выпадковым парадку, праходзяць перада мной: здароўе – “Дзякуй Табе, Пане”, родныя (нават тыя, з якімі мне цяжка) – “Дзякуй Табе, Пане”, мой сусед – “Дзякуй Табе, Пане”, мой талент смяшыць людзей – “Дзякуй Табе, Пане”, экзатычная страва, якую ўдалося прыгатаваць учора вечарам – “Дзякуй Табе, Пане”. І гэтак далей, і гэтак далей – сапраўдны парад падзякі.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.
Фота: Янез Север SJ