Я перакананы, – піша айцец Марк Цібадо SJ, – што страх адыгрывае значна большую ролю ў нашым жыцці, чым мы разумеем або хочам прызнаць. Штогод, збіраючыся на рэкалекцыі, каб памаліцца і адпачыць, я пытаюся ў сябе: «Чаго я цяпер найбольш баюся?» Гэтае практыкаванне заўсёды вядзе да плённага дыялогу з Богам.

Сённяшні рахунак сумлення заклікае нас зайсці ў тое «цёмнае месца» ў нашых сэрцах і душах і паглядзець у твар сваім страхам. Каб разабрацца ў нашых страхах, патрэбныя намаганні і мужнасць.

Нярэдка я высвятляю, што коранем майго страху з’яўляецца не тое, што я меркаваў. Вынікам такой духоўнай працы можа стаць вялікае суцяшэнне, але гэта не пасуе для людзей са слабымі нервамі. Таму я б раіў заглыбляцца ў свае страхі толькі тады, калі хапае сіл. У адваротным выпадку лепш адкласці гэта на іншы час.

Суцішваю думкі, знаходжу зручную паставу цела, шукаю ўнутраны супакой… Ці лёгка мне гэта даецца? Ці адпускае напружанне пражытага дня? Ці хапае сіл засяродзіцца? Што ўтварае перашкоду? Называю гэта і аддаю ў Божыя рукі.

Лаўлю на сабе любячы позірк Бога… і ў Ягоным безумоўным прыняцці пачынаю сённяшнюю малітву.

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

1. Найперш дзякую Богу за дары, атрыманыя сёння. Успамінаю адну-дзве найбольшыя ласкі і ад усяго сэрца дзякую за кожную…

2. Малітва: Пане, мой Збаўца, дай мне сілы і адвагу вярнуцца разам з Табой у пражыты дзень; дай духа веры, надзеі і любові, каб убачыць праўду пра сябе, адчуць Тваю любоў і прыняць яе.

3. Ахопліваю позіркам мінулы дзень, пытаюся ў Бога: «Дзе страх адыграў важную ролю ў маіх думках, словах, учынках і бяздзейнасці?» Не спыняюся, пакуль не знаходжу адказу на гэтае пытанне… Заўважыўшы нейкі страх, працягваю глядзець, ці не хоча Бог паказаць яшчэ іншыя моманты, калі той самы страх даў пра сябе знаць. (Часта адказ, які прыходзіць у галаву першым, не самы важны.)

4. Чаго я баюся?.. Адказ агучваю Богу: «Пане, я баюся…» Потым гляджу глыбей: што хаваецца за першым, павярхоўным страхам?
Чаго я баюся ў глыбіні сэрца?.. Усвядоміўшы найбольшы страх, я засяроджваюся на ім. Чаго я насамрэч баюся? Уголас кажу Богу пра гэта… Што канкрэтна мяне так палохае? Чаго я баюся больш за ўсё? (У гэты момант паспрабую перайсці да больш глыбокага ўзроўню страху. Напрыклад, прызнанне ў тым, што «я баюся ўгнявіць свайго кіраўніка», можа прывесці да высновы, што «я баюся звальнення», а гэта, у сваю чаргу, можа адкрыць мне глыбейшы страх: «Я баюся, што не дам рады захаваць сям’ю». Вось што на самай справе на мяне ўплывае!..) Гэтак жа і ў сваіх страхах я рухаюся ўглыб. Як зразумець, што дакранаюся да самой сутнасці? Калі выяўлю тое, ад чаго перахоплівае дух, і цяжка нават уявіць сабе, што такое можа стацца… Богу, які ані на момант не пакідае мяне і знаходзіцца побач, я называю гэты страх уголас… яшчэ раз, зноў і зноў, пакуль не адчую, што становіцца хоць крышачку лягчэй гэта вымаўляць… Цяпер магу паслухаць, што Ён скажа мне пра той страх… Застаюся адкрытым на любы́я Ягоныя словы і жэсты. Чакаю Ягонага адказу…

5. Задаю Богу важнае пытанне: «Пане, гэты страх рэалістычны ці ірацыянальны?» (Напрыклад, некаторыя людзі адкрываюць у сабе падсвядомы страх страты працы або сужонка, але ў той жа час іх свядомае, рацыянальнае «я» ведае, што гэта практычна немагчыма.) У такім выпадку я прашу Бога дазволіць мне ведаць пра гэты страх, але навучыць ставіцца да яго так, каб ён не кантраляваў мае думкі, словы і ўчынкі. З іншага боку, калі страх рацыянальны (мне насамрэч пагражае звальненне з працы), то пытаюся ў Бога: «Што тады мы з Табой будзем рабіць, Пане Божа? Як мы дамо рады?» Калі я слухаю ўважліва і ў спакоі сэрца, часта менавіта тут Бог уступае ў дыялог, суцяшаючы і паказваючы выйсце нават з найгоршай сітуацыі. Магчыма, Бог адкрые мне, як нават праз такія цяжкасці адбываецца духоўны рост і спаўненне Божай волі.

6. На заканчэнне думаю пра заўтрашні дзень і прашу Бога даць мне патрэбную ласку, каб не паддавацца гэтаму страху. Добры Божа, дай мне гэтую ласку. Напоўні мяне мужнасцю і даверам да Цябе. Навучы жыць у паслухмянасці Твайму Провіду і набліжацца да Цябе, Крыніцы Дабра і Жыцця.

Ойча наш…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.