Ігнацыянскі рахунак сумлення паводле а. Марка Цібадо SJ

Мая вера кажа мне, што Бог ёсць паўсюль і заўсёды, а Хрыстус ёсць у маім сэрцы і ва ўсім створаным свеце, незалежна ад таго, наколькі ў дадзены момант я ўсведамляю Яго прысутнасць. Гэта вялікае суцяшэнне, але я хачу чагосьці большага. Хачу ўвесь час адчуваць Яго прысутнасць. Хачу адчуваць Яго не толькі тады, калі адкладаю справы набок і іду ў касцёл, але заўсёды!

Хачу дзяліць з Ім нават найменшыя дробязі, якія са мной здараюцца: дакучлівы электронны ліст, які толькі што атрымаў, і добрую ўсмешку паштаркі, страх перад цяжкай сустрэчай, на якую збіраюся, і задавальненне ад салодкага і хрумсткага яблыка падчас перапынку. Я хачу пагаварыць з Хрыстом пра тое глупства, якое ляпнуў у размове з шэфам, і пра сваю маленькую перамогу, калі мне ўдалося нарэшце скончыць нудную працу, над якой я доўга мучыўся. (…)

Ведаю, што Ён ёсць сярод усіх гэтых спраў і хачу адразу скарыстацца Яго прысутнасцю ў балоце, брудзе і хаосе майго складанага, хоць і цалкам звычайнага жыцця. Таму рахунак сумлення – такі фантастычны і эфектыўны інструмент: ён прыносіць канкрэтыку майго дня Богу і прыводзіць Бога ў канкрэтыку майго дня…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

1. Спачатку я дзякую Богу за адну або дзве ласкі, атрыманыя сёння.

2. Замест таго, каб прайсці мінулы дзень гадзіна па гадзіне, прашу Бога прагледзець разам са мной гэты час, узгадваючы па чарзе мае перажыванні і пачуцці. Разам з Ім углядаюся і назіраю, як цягам дня змяняўся мой эмацыйны стан. Як я сябе адчуваў, прачнуўшыся? Падчас ранішняга душа, снядання, дарогі на працу? Што я адчуваў, калі пачаў выконваць штодзённыя абавязкі? Апоўдні? І гэтак далей. Хутка праглядаю мімалётныя пачуцці і спыняюся на больш моцных або тых, якіх раней не заўважаў. Размаўляю з Богам пра змены настрою на працягу дня.

3. Абмяркоўваю з Богам самыя моцныя эмоцыі, якія сёння ўзніклі. Ці паходзілі яны ад добрага духа, гэта значыць той часткі мяне, якая скіравана да Бога, да больш глыбокай веры, надзеі і любові? Ці яны прыйшлі ад фальшывага духа – таго духа ўва мне, які жыве ў прыземленых думках, памкненнях, жаданнях і залежнасцях?

4. Выбіраю найбольш глыбокае пачуццё і ў Божай прысутнасці гляджу, як я рэагаваў на гэтае пачуццё ў розны час дня. Я даследую, які ўплыў яно аказала на мяне. Ці ўсведамляў я, што ахоплены ім? Ці была мая рэакцыя вынікам свядомага рашэння, ці я дазволіў гэтаму пачуццю вызначаць тое, як я думаю, гавару і дзейнічаю на працягу дня? Размаўляю з Богам аб гэтым, дзякую Яму, калі мой адказ адпавядаў майму хрысціянскаму пакліканню, і прашу прабачэння і аздараўлення, калі сталася інакш.

5. Ведаючы, што кантраляваць свае пачуцці толькі часткова ў маіх сілах, разважаю аб тым, якія эмоцыі я хацеў бы адчуваць заўтра. Калі б я мог выбраць толькі адну, ці была б гэта радасць? Спакой? Любоў і спагада? Мужнасць? Удзячнасць? Выбіраю адно з гэтых пачуццяў і ўяўляю, што яно будзе суправаджаць мяне заўтра ўвесь дзень. Прашу Бога адарыць мяне ласкай адкрытасці на гэтае пачуццё і добрага выкарыстання, калі яно з’явіцца.

Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

Крыніца: Ignacjański rachunek sumienia Marka E. Thibodeaux SJ

Фота: Янез Север SJ