Мы выказваем адноўленую гатоўнасць быць пасланымі ў вінаграднік Пана дзеля лепшага служэння Касцёлу і большай хвалы Божай.
35-я Генеральная Кангрэгацыя Таварыства Езуса, Дэкрэт 1
У старэйшых класах школы ў Брукліне я быў заінтрыгаваны дэвізам сваіх настаўнікаў-езуітаў. Выраз Ad Majorem Dei Gloriam з’яўляўся вельмі часта, як і яго скарочаная версія — AMDG. Ён узнікаў на дошках, у прамовах – паўсюль. Я ведаў, што пераклад з лацінскай мовы азначае «Дзеля большай хвалы Божай», але я ўсё роўна не разумеў гэтай фразы.
У нейкі момант я паспрабаваў высветліць для сябе, што яна азначае. Ключавым мне падалося слова большай. Я вырашыў, што яно сведчыць пра тое, што езуіты нашай школы шукалі большай хвалы Божай, у той час як рэлігійныя ордэны, якія кіравалі канкуруючымі сярэднімі школамі, жадалі нейкай простай, звычайнай версіі Божай хвалы. Іншымі словамі, езуіты былі больш руплівымі за сваіх калег-святароў!
Мне не спатрэбілася шмат часу, каб спраўдзіць сваю тэорыю ў школе, а езуітам – каб выправіць яе. Злёгку ўсміхнуўшыся, адзін з маіх настаўнікаў хутка развеяў маё пачатковае разуменне AMDG. Ён растлумачыў, што, хоць езуіты і маюць рэпутацыю тых, хто развівае канкурэнцыю (вядома, сярод вучняў у класе) і рупіцца аб дасканалым служэнні Богу, усё ж яны не маюць на мэце канкурыраваць з іншымі манаскімі ордэнамі.
Расцвітанне
Гэта было адно няправільнае разуменне фразы. А пазней я сутыкнуўся з іншым. Некалькі гадоў таму я як рэктар езуіцкай супольнасці ў Джорджтаўнскім універсітэце працаваў з групай лідэраў, якім было даручана сфармуляваць новую місію ўніверсітэцкага медыцынскага цэнтра. Члены камітэта выказалі спадзяванне, што тэкст будзе як мага больш напоўнены езуіцкімі ідэаламі. Аднойчы яны паказалі мне плён сваёй працы. Мяне пацешыла іх інтэрпрэтацыя нашага дэвіза «Дзеля большай хвалы Божай»: яны вырашылі, што імкненне да большай Божай хвалы азначае абавязацельства працаваць больш.
Мая весялосць перамянілася ў заклапочанасць, калі я зразумеў, што персанал можа ўспрыняць гэтае вызначэнне літаральна, вынікам чаго стануцца звышурочная праца і стрэс у Джорджтаўнскім медыцынскім цэнтры.
Я вырашыў пагаварыць з галоўным адміністратарам.
— Джо, відавочна, што над гэтым дакументам шмат працавалі, і мне падабаецца, як вы і вашы супрацоўнікі стараліся інтэграваць езуіцкае бачанне.
— Дзякуй, – адказаў ён. – Нам было нялёгка, аднак мы вырашылі, што гэта важна.
— Я хацеў бы закрануць з вамі толькі адзін момант: тое, як вы інтэрпрэтуеце большае ў выразе «Дзеля большай хвалы Божай». Вы згадваеце ў праекце, што члены медыцынскага цэнтра абавязваюцца працаваць «усё больш і больш “дзеля місіі”».
— Так, правільна.
— Джо, я б прапанаваў вам разгледзець іншую інтэрпрэтацыю гэтага слова. Я люблю думаць пра большую хвалу Божую, якая заключаецца ў расцвітанні ўсіх нас ўсё больш і больш у лучнасці з Богам і ў камуніі адзін з адным і з планетай, а гэтая камунія мае свае карані ў нашай узрастаючай еднасці з Богам.
Нейкі час ён абдумваў пачутае.
— Мне падабаецца гэтае слова: расцвітанне.
— Мне таксама. Да таго ж, расцвітанне можа прымаць розныя формы, – працягваў я. – Часам запрашэнне да большай Божай славы сапраўды азначае запрашэнне больш працаваць, але ў іншы час яно можа быць запрашэннем адпачыць, аднавіцца, проста «пабыць» некаторы час, а не «рабіць». Мы, езуіты, верым, што ўсім нам трэба распазнаваць, адкрываць, што ў кожнай сітуацыі садзейнічае большай хвале Бога.
Па твары Джо прабегла ўсмешка.
— Мне пачынае падабацца гэтая езуіцкая штука!
Нашая частка Божай хвалы
Такім чынам, што ж на самой справе азначае гэты знакаміты выраз? Для мяне цяпер увесь сэнс зводзіцца да слоў “хвала Божая”.
Божая хвала перадусім спалучана з Богам – Божай неабмежаванай істотай, бясконцым ззяннем, дасканалым веданнем, бязмежнай любоўю. Але ёсць другое значэнне, якое ўключае нас. Божая хвала таксама ахоплівае ўсю рэчаіснасць, створаную Богам: галактыкі, зоркі, планету Зямля з яе акіянамі і сушай, жывёламі і раслінамі, вятрамі і дажджамі. І чалавецтва, у тым ліку вас і мяне, і ўсё, што мы ствараем. Гэта ўсё праявы створанай Богам хвалы.
Езуіцкі дэвіз AMDG адносіцца да гэтага другога значэння Божай хвалы. Адкуль я гэта ведаю? З-за таго самага слова, якое напружыла камітэт медыцынскага цэнтра і якое збянтэжыла мяне яшчэ ў школе: большая. Гэтае параўнальнае слова суадносіцца з тым, што можна пашырыць або павялічыць, што мае патэнцыял да «большага» (magis).
Божая хвала ў сэнсе Божай уласнай рэчаіснасці, вядома, не можа павялічвацца. Яна бясконцая, на самай справе неабмежаваная. Мы з вамі нічога дадаць да яе не можам. Але абмежаваныя стварэнні, якія паходзяць з Божай рукі, могуць стаць большымі – яны могуць расці і ўдасканальвацца. У нашым эвалюцыйным Сусвеце асобныя элементы і драбнейшыя злучэнні спалучаюцца з іншымі элементамі і злучэннямі, каб стаць больш складанымі з’явамі.
Мы можам назваць шмат спосабаў, якімі мы развіваемся. Прызнаюся, мой уласны рост не заўсёды з’яўляецца ўдасканальваннем, пра што бадзёра інфармуюць шалі ў ванным пакоі! Але я спадзяюся, што я расту іншымі спосабамі, якія азначаюць узрастанне як часткі «знешняй» хвалы Божай. І самы фундаментальны і важны спосаб, якім мы як Божая хвала расцём, – усё большае з’яднанне з Богам і ўзрастанне ў здаровай еднасці з іншымі стварэннямі ў Богу.
Іншымі словамі, большай хвалой Божай з’яўляецца большы росквіт кожнага з нас і ўсіх нас разам, у лучнасці з Богам і адзін з адным у Богу. Гэта нашмат бліжэй да езуіцкага разумення AMDG.
Езуіт і кожны, хто чэрпае натхненне з духоўнасці Ігнацыя, калі сутыкаецца з двума (ці больш) добрымі і вартымі пахвалы варыянтамі, пакліканы выбраць той курс руху, які хутчэй прывядзе да большага квітнення, росквіту датычных людзей ці сітуацый, у тым ліку для самой асобы, якая стаіць перад выбарам, у іх камуніі з Богам і між сабой у Богу.
Гэта няпросты кавалак для засвойвання, я ведаю. Паспрабуем разабрацца. Перш за ўсё, слова “большы” адносіцца да варыянтаў або выбараў, якія стаяць перад чалавекам. Па-другое, не ўсе варыянты, калі іх прыняць, аднолькава паспрыяюць узрастанню асобных людзей або груп у еднасці з Богам і адзін з адным у Богу. Пытанне ў тым, які варыянт зробіць большы (magis) унёсак у такое ўзрастанне?
І што насамрэч азначае расцвітанне? Ці ідзецца пра змены ў маім рэжыме харчавання? Або пра больш напружаную працу ў офісе? Або пра тое, каб праводзіць больш часу дома? Фактычна, кожны з гэтых выпадкаў можа стаць прадметам распазнавання.
Распазнаванне – гэта малітоўны і ўдумлівы разгляд розных добрых варыянтаў, якія перада мной з’явіліся, каб зрабіць выбар, выкарыстоўваючы любыя доказы і знакі, якія дае мне Бог. Ігнацый распавядае нам пра тры віды доказаў у сваіх духоўных практыкаваннях. Мэта распазнавання – выявіць, які варыянт будзе лепшым для большай хвалы Божай – Ad Majorem Dei Gloriam.
Сапраўдны росквіт
Я ведаў аднаго езуіта, які быў працаголікам. Ён ніколі не браў адпачынак і не пакідаў горад дзеля штогадовых васьмідзённых рэкалекцый. Ён браў на сябе ўсё больш і больш абавязкаў ад іншых людзей. Па сутнасці, ён быў вельмі добрым чалавекам, але праз уласны перфекцыянізм апынуўся ў пастцы.
У рэшце рэшт, надышоў час, калі ўсё разбілася. Ён разбіўся. Вырашаючы зашмат задач, ён не здолеў больш трымаць усе мячы ў паветры.
Гэты чалавек прымусіў сябе ўзяць сапраўдны адпачынак (цяжка яму гэта далося) і пакрысе адвучыўся ад некаторых шкодных звычак. Пачаў заўважаць урыўкі са Святога Пісання, якія раней яму нічога не казалі: як Езус аддаляецца ад людзей, каб адпачыць і памаліцца. Паступова да яго вярнулася пачуццё гумару, палепшылася фізічнае здароўе. І ён адкрыў у сабе большае жаданне «марнаваць час» з Богам у ціхай малітве.
Спачатку яму было балюча адхіляць шматлікія просьбы, з якімі да яго звярталіся. Аднак ён разумеў, што большы, праўдзівы росквіт для яго – большая хвала Божая ў ім – мае прыняць форму адмовы ад былых дрэнных звычак у выглядзе празмернай працы і перабольшанай адказнасці. Ён стаў цаніць другую паловы другой вялікай запаведзі: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе».
У Кембрыджы (штат Масачусетс) я пазнаёміўся з адной цудоўнай жанчынай, свецкай супрацоўніцай, якая мела цудоўны дар распазнавання. Яна абапіралася на малітву і мудрасць Святога Духа, вызначаючы напрамак дзеянняў, які найбольш адпавядае большай Божай хвале. На працягу многіх гадоў яна вучылася разлічваць на дапамогу Святога Духа, калі рабіла выбар, выкарыстоўваючы доказы, якія даваў ёй Бог, або старалася як мага лепш разважыць даступныя варыянты, імкнучыся ўзрастаць ва ўнутранай свабодзе (ігнацыянскай «бясстраснасці»).
Магу сказаць, што з цягам часу ў ёй развілася адчуванне таго, што будзе больш спрыяць сапраўднаму росту людзей, якім яна служыла. Часам, як Езус, яна выказвала спачуванне, падбадзёрвала і падтрымлівала. Іншым разам – зноў жа, як Езус, – яна гаварыла цяжкія словы, якія маглі засмуціць слухача (але гэта быў, здаецца, «добры сум»). І гэтай жанчыне таксама здараецца памыляцца; яна не заўсёды распазнае правільна, аднак ведае, што Бог можа працаваць нават з яе недасканалымі высновамі, пры ўмове, што яна будзе звяртацца да Яго з просьбай аб дапамозе падчас выбару і будзе сумленна разглядаць інфармацыю, дасяжную ёй у працэсе распазнавання.
Езус і крыж
Напрыканцы сваіх разважанняў я хацеў бы звязаць усё вышэйнапісанае з сітуацыяй Езуса ў Ягоных цярпеннях. Здаецца, падзея Мукі Хрыста (і безліч іншых, падобных да яе) ставіць пад сумнеў тое, што я казаў пра Божае жаданне, Божую волю адносна нас.
Бог не хацеў, каб Езус быў арыштаваны, абражаны, катаваны і ўкрыжаваны. Бог быў катэгарычна супраць усяго гэтага. Бог хацеў для Езуса ў тых жудасных абставінах аднаго: каб Ён заставаўся ў поўнай еднасці з “Абба” і залежаў ад Яго, каб быў паслухмяным кіраўніцтву Святога Духа і любіў сваіх збеглых вучняў, хлуслівых прадстаўнікоў рэлігійнай улады і бязлітасных рымскіх салдат – да канца. Ён хацеў, каб Езус заставаўся ў любячай сувязі з дабром, схаваным ва ўсіх іх, якое яны або знячулілі, або адкінулі, або сур’ёзна пашкодзілі, абыходзячыся з Езусам так жорстка.
Гэтак выглядае сапраўднае расцвітанне, сапраўдны росквіт у жахлівых абставінах. Нават у сітуацыях, справакаваных людзьмі, адны з якіх імкнуцца пакінуць свайго лідэра і сябра, другія – узвесці на Яго паклёп, іншыя – пазбавіць Яго чалавечай годнасці найбольш жорсткім спосабам, магчымасць сапраўднага росту і сапраўднага росквіту ўсё яшчэ існуе.
Суцяшальным здаецца мне меркаванне, што Божая воля для мяне і ўсяго стварэння месціцца ў тым, каб мы заўсёды шукалі таго, што дапаможа нам па-сапраўднаму развівацца ў нашых адносінах, распачынаючы і завяршаючы іх з Богам. Гэта дапамагае памятаць, што Бог зацікаўлены ў развіцці нашага дабра больш, чым мы самі. Бо наш большы росквіт і ёсць большай хвалой Божай.
Гэтыя разважанні маюць некаторыя важныя наступствы ў дачыненні да працэсу пошуку Божай волі ў любой сітуацыі. Па-першае, я мушу займацца духоўным распазнаваннем толькі дзеля таго, каб ведаць Божую волю для мяне тут і цяпер, а не каб даведацца, які спосаб дзеянняў будзе больш паспяховым у сучасным свеце, бо для гэтага падыходзяць іншыя спосабы прыняцця рашэнняў.
Па-другое, неабходна памятаць, што прасіць Бога дапамагчы прыняць рашэнне толькі дзеля таго, каб я мог расці і расцвітаць ў сваім самазасяроджаным эга або ў пачуцці ўласнай кампетэнтнасці і здольнасці, значыць прымаць удзел у той ці іншай форме ідалапаклонства.
Урэшце, важна ўсведамляць, што Божая воля для мяне можа цяпер цалкам заключацца ў тым, што я выберу курс дзеянняў або бяздзейнасці, які прывядзе да поўнага або частковага правалу, з пункту гледжання гэтага свету. Такая няўдача можа быць удзелам у таямніцы смерці Хрыста на крыжы, якая, сама па сабе і ў кантэксце гэтага свету, выглядала няўдачай.
Браян О. Макдэрмат SJ – уступіў у ордэн езуітаў у 1956 г., у цяперашні час служыць у якасці спецыяльнага памочніка рэктара Джорджтаўнскага ўніверсітэта.
Крыніца: https://www.americamagazine.org/faith/2024/07/31/amdg-exploring-meaning-ignatian-catchphrase-248481