Запрашаем далучыцца да прапановы Брытанскай правінцыі Таварыства Езуса і памаліцца навэннай аб кананізацыі а. Пэдра Арупэ SJ, пачынаючы 5 лістапада – ва ўрачыстасць Усіх святых і благаслаўлёных Таварыства Езуса. Навэнна завершыцца 13 лістапада – да дня нараджэння а. Арупэ ў 1907 г. і даты заснавання ім Езуіцкай службы бежанцаў у 1980 г. Тэкст навэнны змешчаны ў канцы гэтага артыкула.
А. Сайман Бішап SJ ад імя Брытанскай правінцыі Таварыства Езуса наноў апрацаваў малітву навэнны, у святле якой ён прапануе лепш зразумець значэнне жыцця і місіі а. Арупэ і нашага асабістага ўдзелу.
Спадчына а. Пэдра Арупэ SJ
У а. Арупэ SJ было вельмі незвычайнае жыццё: студэнтам медыцыны ён бачыў і спраўдзіў тры цуды ў Лурдзе; магістрам навіцыяту ў Японіі быў сведкам выбуху атамнай бомбы ў Хірасіме і зрабіў з навіцыяту імправізаваны палявы шпіталь, а затым, як генеральны настаяцель Таварыства Езуса, ён сутыкнуўся з праблемай бежанцаў па ўсім свеце і заснаваў Езуіцкую службу бежанцаў у 1980 г.
Ён абвешчаны Слугой Божым, а справа беатыфікацыі і кананізацыі была распачата 5 лютага 2019 г., у гадавіну яго смерці ў 1991 г. Больш падрабязная інфармацыя тут.
Падчас свайго нядаўняга візіту ў Сінгапур Папа Францішак традыцыйна сустрэўся з мясцовымі езуітамі. А. Антоніа Спадара SJ (падсакратар Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі), які суправаджаў Пантыфіка ў апостальскім падарожжы, распавёў, што Папа падкрэсліваў важнасць малітвы, кажучы, што мець справу з сацыяльнымі выклікамі трэба перадусім у духу малітвы па прыкладу а. Пэдра Арупэ SJ. Папа Францішак некалькі разоў узгадваў постаць гэтага вялікага генеральнага настаяцеля і прызнаўся, што а. Арупэ вельмі яму блізкі, і ён робіць усё магчымае, каб дасягнуць яго беатыфікацыі і кананізацыі.
Адзін са спосабаў дапамагчы гэтай справе, так блізкай сэрцу Папы Францішка, – маліцца аб цудзе праз заступніцтва а. Арупэ SJ. Магчыма, вы маеце на думцы нейкага чалавека, якога хацелі б даручыць заступніцтву а. Арупэ SJ, або маеце асаблівую патрэбу, пра якую хочаце папрасіць яго памаліцца. Да прыкладу, а. Арупэ SJ меркаваў, што Езуіцкая служба бежанцаў будзе невялікім і кароткатэрміновым праектам, а цяпер колькасць войнаў і патрэбаў бежанцаў толькі павялічылася.
Прыгожая малітва для навэнны грунтуецца на “фундаменце” “Духоўных практыкаванняў” святога Ігнацыя. Вы можаце папрасіць а. Арупэ памаліцца разам з вамі ў вашай пэўнай інтэнцыі, але “перш за ўсё” мы заахвочваем прасіць аб “ласцы аддацца цалкам у Божыя рукі”, каб побач з Езусам “мы маглі працаваць на карысць усталявання справядлівасці і спакою ў свеце”.
Нашыя інтэнцыі
Пагроза ядзернай вайны зноў нарастае, а. Арупэ SJ меў непасрэдны досвед наступстваў атамнай бомбы ў Хірасіме. Просім а. Арупэ SJ памаліцца аб заканчэнні усёй вайны.
Колькасць бежанцаў у наш час яшчэ большая, чым раней, а. Арупэ SJ заснаваў Езуіцкую службу бежанцаў, каб стаяць побач з людзьмі, змушанымі пакінуць свой дом. Просім а. Арупэ SJ памаліцца, каб мы не адвярнуліся ад незнаёмца, але адкрылі сэрцы і рукі тым, хто шукае дом.
Пасля Другога Ватыканскага сабора аднаўленню ў Касцёле аказваўся супраціў, і многія людзі пакінулі Касцёл, а. Арупэ SJ быў поўны веры, надзеі і любові і заставаўся верным Касцёлу і Святому Айцу. Мы просім а. Арупэ SJ памаліцца за Касцёл, каб мы змаглі зноў “крочыць разам” шляхам Пана.
Садзейнічанне самагубству распаўсюджваецца ў сучасным свеце, а. Арупэ SJ даў сведчанне каштоўнасці дару жыцця ў любові, калі апошнія яго гады былі пазначаны цяжарам наступстваў інсульту, які паралізаваў яго. Мы просім а. Арупэ SJ памаліцца, каб жыццё кожнага чалавека разглядалася як каштоўны дар ад Бога, як у здароўі, так і ў хваробе.
У той час, калі свет, здаецца, “страціў сваё сэрца”, а. Арупэ SJ быў напоўнены любоўю да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Просім а. Арупэ SJ памаліцца аб тым, каб і мы адкрылі наноў гэтую любоў Найсвяцейшага Сэрца да кожнага чалавека і ўсяго свету і прысвяцілі сябе любячаму служэнню тым, хто прагне Божай любові.
Мазаіка з базілікі Sacré-Cœur у Парыжы, фота Stephanie LeBlanc on Unsplash
Найсвяцейшае Сэрца Езуса
Пэдра Арупэ SJ меў вялікую пабожнасць да Найсвяцейшага Сэрца, як і Папа Францішак, які ў мінулым месяцы апублікаваў новы дакумент, энцыкліку Dilexit Nos, каб заахвоціць нас шанаваць крыніцу міласэрнай Божай любові. Пра гэтую любоў а. Арупэ SJ выказаўся так:
“Сёння, калі выяўляецца столькі новых крыніц энергіі, калі мы дзівімся ўсім трыумфам навуковых даследаванняў у галіне атамнай фізікі і энергіі атама, якія могуць трансфармаваць увесь Сусвет, мы недастаткова разумеем, што ўся чалавечая сіла і прыродная энергія – нішто ў параўнанні з супер атамнай энергіяй любові Хрыста, які праз ахвяру Свайго жыцця ажыўляе свет. Мы, людзі, – такія, якія мы ёсць, – можам толькі пераўтварыць ужо існуючую энергію; але ёсць незямная крыніца энергіі, якая павялічвае энергію свету, энергія, якая мае сваю крыніцу ў бясконцай любові Хрыста.
Калі мы хочам пераўтварыць гэты наш свет з пункту гледжання яго сацыяльнага і рэлігійнага аспекту, асобы, сям’і і грамадства, ёсць адзіная энергія, якая можа дасягнуць гэтага пераўтварэння: бясконцая любоў Хрыста, якую мы вызнаём са святым Паўлам: “Палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне (Гал 2, 20). (З гаміліі а. Арупэ ў Вальядалідзе 8 мая 1970 г. “Што азначае Сэрца Хрыста для Таварыства Езуса”)
Сайман Бішап SJ
Малітва аб кананізацыі айца Пэдра Арупэ SJ (1907 – 1991)
Нябесны Ойча, Ты даў нам Пэдра Арупэ, каб ён узначаліў Таварыства, якое святы Ігнацый вырашыў назваць у гонар Твайго Сына. Ты благаславіў яго бясконцым аптымізмам, заснаваным на глыбокай веры і поўным даверы да Твайго Божага Провіду. Для яго Езус, Твой Сын, быў усім.
Праз яго заступніцтва дай нам ласку, аб якой просім …
Перш за ўсё, дай нам ласку аддацца цалкам у Твае рукі як у хваробе, так і ў здароўі, як у радасці, так і ў няшчасці, як у поспеху, так і ў правале. Заўсёды дай нам быць людзьмі для іншых. Пастаў нас побач са сваім Сынам Езусам, каб пад Яго штандарам мы маглі працаваць на карысць усталявання справядлівасці і спакою ў свеце. Узносім гэтую малітву праз Езуса Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу…
Малітва ўкладзена Францішкам Браганзай SJ, былым памочнікам а. Арупэ і біскупам эмерытам Бароды.
Imprimatur: Godfrey de Rozario SJ Bishop of Baroda
28 снежня 1997 г.
Паведаміце, калі ласка, мясцовай супольнасці езуітаў пра любыя асабістыя ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Слугі Божага Пэдра Арупэ SJ.