У нядзелю, 2 лютага, у катэдральным касцёле Перамянення Пана ў Новасібірску адбылося біскупскае пасвячэнне айца Штэфана Ліпке SJ. У адпаведнасці з традыцыяй, якая склалася ў Каталіцкім Касцёле, новапасвячаны біскуп сам абірае дэвіз і герб, якія адлюстроўваюць важныя прынцыпы яго будучага служэння. Прапануем кароткае апісанне сімволікі герба біскупа Штэфана.
Дэвіз “Obsecramus pro Christo”, — гэта першая частка цытаты з Другога паслання да Карынцянаў: «Ад імя Хрыста просім: паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20). Айцец Штэфан SJ абраў гэтую цытату ў якасці свайго дэвіза, паколькі лічыць служэнне прымірэння – у тым ліку праз сакрамэнт споведзі – ключавым, асабліва ў наш час.
У цэнтры герба знаходзіцца рака, якая злучае два берагі – захад і ўсход, усход і заход сонца. Левая палова герба адсылае да ўсходу сонца і дня: на залатым фоне намалявана ліпа, сімвал супольнага жыцця. І ў славянскіх, і ў іншых еўрапейскіх народаў менавіта пад ліпай праходзілі сходы і іншыя важныя падзеі (гл., напрыклад, Tilleuls à danser).
Тры зоркі справа на цёмным фоне з’яўляюцца ў хрысціянстве сімвалам Багародзіцы і Яе дзявоцтва (догмат VІІ ст. пра Марыю заўсёды Дзеву кажа, што Яна была і засталася Дзеваю да нараджэння, падчас і пасля нараджэння Езуса Хрыста); зоркі на начным небе таксама сімвалізуюць пачатак новай надзеі, новага жыцця ў Езусе Хрысце.
На рацэ намаляваны двухмачтавы малайскі (філіпінскі) човен – барангай, на якім вандроўнікі калісьці пераплывалі велізарныя адлегласці ад Мадагаскара да Мікранэзіі; бела-чырвоны сцяг увасабляе чысціню і любоў. Сам човен – сімвал вандруючага Касцёла. У рэйнскай містыцы ў Штрасбургу ёсць спеў (меркаванага аўтарства Яна Таўлера), у якім Дзева Марыя параўноўваецца з караблём, які нясе каштоўны груз.
І, вядома ж, мы не можам абмінуць манаграму “IHS“, якая з’яўляецца неад’емным элементам у сімволіцы ўпрыгожвання святынь і іншых будынкаў, звязаных з ордэнам езуітаў. Тры лацінскія літары, ад якіх ва ўсе бакі разыходзяцца промні, сімвалізуюць Езуса Хрыста, сапраўднае сонца. У лацінскай традыцыі літары “IHS” расшыфроўваюцца як “Iesus Humanum Salvator” (“Езус, Збаўца людзей”), пра што нам нагадваюць крыж і цвікі, размешчаныя адпаведна вышэй і ніжэй манаграмы.