Уступ
Часта ў Вялікім посце чалавек шукае, што б такога перастаць рабіць ці хаця б прыпыніць, каб больш яно не перашкаджала жыць у згодзе з Богам, людзьмі і самім сабой. Сапраўды, абіраючы штосьці добрае, лепшае, давядзецца сказаць “не” іншым варыянтам, менш карысным для цела і духа. Ёсць іншы ракурс на велікапосны шлях: паспрабаваць умацаваць тое, што прыносіць больш жыцця, натхнення, радасці. Калі гэты намер вам па душы, спрабуйце сёлета рухацца менавіта ў гэтым накірунку і выбраць канкрэтную форму такога ўмацавання ў добрым. Разважанні, якія мы прапануем на Вялікі пост, закранаюць менавіта тэму большай паўнаты жыцця і, адпаведна, пошуку большай хвалы Божай. Было б шкада пакінуць вядомыя словы св. Ірэнэя “Хвала Божая – жывы чалавек” усяго толькі літарамі на паперы ці экране, прыгожай формулай, якая застаецца тэорыяй. Чым больш чалавек жывы фізічна, псіхічна і духоўна, тым больш праслаўлены наш Стварыцель і Збаўца.
На кожным набажэнстве Крыжовага шляху мы стаім нейкі час перад пытаннем, якое Езус задае ерузалемскім жанчынам: “Калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?” Напэўна кожны з нас у розныя перыяды жыцця па-свойму рэагуе ў сэрцы на гэты вобраз. Дастаткова ўявіць сабе (або пайсці ў лес і параўнаць між сабой) зялёнае дрэва і сухое, каб заўважыць гэтую трывожную розніцу паміж жывым і мёртвым. Цяпер, калі пачынаецца вясна, жывое дрэва абуджаецца з зімовага сну. “Што будзе з сухім?” – услухоўваючыся ў гэтае пытанне Езуса, мы можам адчуць не толькі свае пачуцці, але перадусім клопат і непакой Стварыцеля, які прызначыў дрэва быць жывым і зялёным, але бачыць ягоныя сухія галіны і ведае, што будзе далей. А мы – ці хочам заўважыць, што пачынаем засыхаць і марнець? Што ўжо не можам працягнуць рукі (на выгляд жа яна не сухая!) беднаму з дапамогай і свайму крыўдзіцелю з прабачэннем? Што не спаўняем Божага прызначэння жыць?
У наступных штотыднёвых частках паразважаем больш пра вяртанне да жыцця і яго розныя аспекты, паспрабуем рабіць некаторыя духоўныя практыкаванні і трываць бліжэй да Хрыста. Кожны чацвер (акрамя Вялікага чацвярга) будзе дадавацца чарговая частка разважанняў, падрыхтаваных Тэрэсай Клімовіч, каб на працягу тыдня вы маглі знайсці час на малітву і рэфлексію. Карысна будзе запісваць свае думкі і натхненні, хаця б агульна, у некалькіх фразах.
Спадзяемся, вас не збянтэжыць у разважаннях зварот на “ты”, які не азначае недахоп павагі, а толькі імкненне да большай непасрэднасці.
Распачынаючы велікапосны шлях, будзем памятаць, што Бог жадае, каб кожны з нас жыў, меў асалоду ў любові і з удзячнасці любіў у адказ, укараняўся ў Ім самім і шукаў Яго ва ўсім.