Цяпер – жыві!

Так кажа Пан Бог: “Вазьму Я з вяршыні высокага кедру і пасаджу. З верхніх галін ягоных адламаю парастак і пасаджу на высокай і ўзнёслай гары.

На высокай гары Ізраэля пасаджу яго. І пусціць галлё і прынясе плён, і стане велічным кедрам, і будуць жыць пад ім усялякія птушкі, усялякае птаства будзе гняздзіцца ў цені галля ягонага.

І даведаюцца ўсе дрэвы палявыя, што Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець. Я, Пан, сказаў і так зраблю”.

Эзх 17, 22–24

Ці верыш у гэта? Ці верыш у гэта сёння  у Велікодны панядзелак? Ці верыш не “ўвогуле”, недзе ў душы” ці розуме а ў дачыненні да сваёй штодзённасці і асабіста да сябе? Ці адчуваеш гэты “прымус” да жыцця і расцвітання, які Бог змясціў у тваім сэрцы, куды Ён адзіны мае доступ?

Хрыстус стаўся ў Вялікую пятніцу з “зялёнага дрэва” мёртвым, каб здзейснілася тваё адраджэнне да жыцця! То жыві ж, укараняйся, дзе цябе пасадзілі, пускай галлё і квітней  дзеля плёнаў хвалы, пашаны і служэння  каб пашыралася Божае Валадарства і спаўнялася святая Божая воля “як у небе, так і на зямлі”. Жыві бо Айцец лёгка, амаль нячутна дакранаецца да цябе і кліча да жыцця: як паклікаў у хвіліну зачацця, так і кожную раніцу. Жыві прагненнем сустрэчы з Уваскрослым Езусам, які выводзіць свет з цемры і смерці. І нагодаў для сустрэчы х Ім сапраўды  даецца безліч, калі сэрца будзе ўважлівым, калі ты будзеш з любоўю шукаць Яго ў малітве, у споведзі, у святой Эўхарыстыі, у рэкалекцыях, духоўных размовах, у смакаванні ўсіх Яго дароў і самой рэчаіснасці, якая пасля Уваскрасення мае смак Яго перамогі. Укараніся ў Ім, каб чэрпаць сілы да жыцця, і няхай прабыванне здалёк ад Яго застанецца змрочнай старой легендай твайго жыцця, якая не вернецца.

Уяві сябе гэтай маленькай галінкай, якую Пан выламаў з вершаліны старога дрэва. Ён адзіны ведае тваё прызначэнне, тваю працу і магчымы плён. Ён далікатна нясе цябе ў сваіх далонях і ўжо бачыць, як ты будзеш квітнець, як будуць цешыцца табой іншыя, гледзячы на твае пялёсткі, пранізаныя сонечным святлом, як будуць радыя птушкі схавацца ў тваім ценю ад спёкі…

Папа Францішак піша ў энцыкліцы “Laudato Si”: “Мы тады лепш разумеем значэнне і сэнс кожнага стварэння, калі захапляемся імі ў паўнаце Божага плану. Вучыць гэтаму Катэхізіс: «Узаемазалежнасць стварэнняў пажаданая Богам. Сонца і месяц, кедр і маленькая кветка, арол і верабей: велізарная разнастайнасць і разнароднасць стварэнняў азначае, што ніводнае з іх не з’яўляецца самадастатковым. Яны існуюць толькі ва ўзаемнай залежнасці, каб дапаўняцца праз служэнне адно аднаму»” (LS 86).

У сувязі з гэтым пошукам свайго ўласнага прызначэння паглядзім на прыклад святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса, якая выбрала быць “маленькай кветачкай”, знайшла свой “Малы шлях” да Бога, выбрала заставацца дзіцяткам у абдымках Езуса, нібы той галінкай, пра якую кажа прарок Эзэхіэль. Аднак яе плёны і ўплыў цяжка пераацаніць, і яе “малыя крокі” ўсё гэтак жа актуальныя для самых розных людзей, самых розных станаў і статусаў, у тым ліку цяжка і невылечна хворых, абмежаваных фізічна ці псіхічна, немачных і не надта спрытных. Нашыя звычайныя дзеянні могуць стаць нашым уласным “малым шляхам”, нашым незаменным унёскам у працу самога Святога Духа, якога Бог спасылае “аднавіць аблічча зямлі”. Святая Тэрэза нагадвае нам, што малыя рэчы, зробленыя з любоўю, рухаюць свет наперад  у Божым кірунку. Кожны з нас можа ісці “малым шляхам”. Малым, але не заўсёды простым, варта адзначыць, бо ў першую чаргу гэты любячы падыход датычыць будзённых і нудных заняткаў, тысяч руцінных спраў, знясільваючых размоў, стасункаў, увогуле кожнага ўзаемадзеяння, якім бы нязначным яно ні было. “Малы шлях” ахоплівае кожны аспект жыцця, у тым ліку стаўленне з любоўю і клопатам да саміх сябе.

Кожны малы ўчынак любові, жэст, позірк, нават думка,  будзь пэўны  дапамагае спаўняць тое, што Бог жадае для цябе і ад цябе. Хаця б спрабуй замест таго, каб дазваляць нянавісці і адмаўленню выпальваць усё унутры  ахвяраваць свой боль за нейкую добрую справу, здацца на Божую волю, шукаць яе ўрэшце і гэта дапаможа здзейсніцца Божаму плану, хоць ніхто не бачыць унутранай працы твайго сэрца. Нялёгка так рабіць, калі хочацца знешніх праяваў, эфекту або наадварот, нічога ўжо не хочацца.

Непазбежна будуць памылкі, прапушчаныя шанцы зрабіць штосьці з любоўю ў гэтых пераплеценых між сабой адносінах з Богам, бліжнім і самім сабой, але памятай, што Бог не перастае любіць цябе бязмежна і прабачае адразу ж. Усвядоміўшы чарговую памылку, усміхніся, падзякуй за Яго любячы даравальны позірк, спрабуй нечаму навучыцца і вяртайся да штодзённых спраў з той любоўю, на якую сёння здольны.

Штосьці настолькі малое наўрад ці можа ўразіць вялікіх гэтага свету, аднак у Бога іншая “оптыка”, якую спасціг прарок Эзэхіэль: “Я, Пан, паніжаю высокае дрэва, а нізкае дрэва ўзвышаю; зялёнае дрэва высушваю, а сухое дрэва прымушаю квітнець”. Каб не размінуцца з праўдай, не гнацца за ілюзорнай веліччу, а жыць і квітнець у паўнаце радасці, радасці Уваскрасення, варта нам усім напрыканцы ўсіх разважанняў і на далейшы шлях прыслухацца да добрай парады Бэнэдыкта XVI і ўцелаўляць Слова ў сваім жыцці:

“Часта медытуйце над Божым словам і дазваляйце Духу Святому быць вашым настаўнікам. Тады вы адкрыеце, што Божыя думкі – гэта не чалавечыя думкі; вы будзеце даведзеныя да сузірання сапраўднага Бога і Яго вачыма будзеце чытаць падзеі гісторыі; вы ва ўсёй паўнаце спазнаеце радасць, што вынікае з праўды”.

Тэрэса Клімовіч