У Рыме пачалася сустрэча вышэйшых настаяцеляў Таварыства Езуса, на якую прыбылі прадстаўнікі з усяго свету. На працягу некалькіх дзён яны будуць абмяркоўваць шляхі абнаўлення, адзінства і місіі ордэна ў сучасных умовах.
17 кастрычніка ў Рыме распачалася сустрэча вышэйшых настаяцеляў Таварыства Езуса – Meeting of Major Superiors (MMS), якую рыхтавалі некалькі месяцаў. Генеральная курыя ажыла ад гукаў валізак на калідорах і прывітанняў на розных мовах, паколькі езуіты прыбылі на сустрэчу з усіх куткоў свету.
“Я цёпла ўсіх вітаю, – сказаў айцец генерал Артура Соса, – і вельмі ўдзячны за тое, што яны робяць у сваіх правінцыях і рэгіёнах. У складаных абставінах яны вырашаюць цяжкія праблемы і ўвасабляюць у жыццё візію прымірэння і справядлівасці. Сустрэча –цудоўная магчымасць асабіста падзякаваць ім. Гучанне іх галасоў разам у адным месцы – гэта ўнікальны шанц для росту ў еднасці розумаў і сэрцаў”.
На сёлетняй сустрэчы прысутнічае 100 удзельнікаў, у тым ліку правінцыялы, рэгіянальныя настаяцелі і старшыні канферэнцый, а таксама члены Генеральнай рады і некаторыя вышэйшыя прадстаўнікі курыі. Найстарэйшы ўдзельнік – 83-гадовы а. Мігель Гарайсабаль, рэгіянальны настаяцель Тайланда, а самым маладым – а. Себасцьян Суевіч з Харватыі, 47 гадоў.
Для многіх езуітаў MMS сталася рэдкай магчымасцю для лучнасці і рэфлексіі. “Я прыехаў з М’янмы, дзе сітуацыя вельмі напружаная і складаная, – сказаў а. Гірыш Сант’яга, рэгіянальны настаяцель, – аддаліцца ад усяго гэтага і паразважаць з іншымі ў салідарнасці для мяне вельмі важна, і я з нецярпеннем чакаю гэтай сустрэчы”.
А. Джо О’Кіф, правінцыял Усходняй правінцыі ў ЗША (UEA), адзначыў важнасць міжнароднай перспектывы: «ЗША апынуліся ўцягнутымі ў шматлікія сацыяльныя і палітычныя хваляванні. Дзякуючы таму, што я з’яўляюся часткай універсальнага Таварыства, я магу глядзець шырэй і ўзбагаціць нашае служэнне”.
Новым вышэйшым настаяцелем з’яўляецца а. Брыта Вінцэнт з Чэнаі, які быў прызначаны ўсяго некалькі месяцаў таму. “Для мяне гэта выдатная магчымасць прыняць удзел у сустрэчы, якая ўключае ў сябе універсальнае Таварыства”, – сказаў ён.
Арганізацыя сустрэчы такога маштабу запатрабавала стараннага планавання. “Я ўваходзіў у арганізацыйны камітэт, – кажа а. Клаўдыё Пол, рэгіянальны асістэнт айца генерала па Паўднёвай Лацінскай Амерыцы, – час падрыхтоўкі быў напружаным, вакол гэтай сустрэчы сканцэнтравалася шмат энергіі. Гэта першая сустрэча вышэйшых настаяцеляў з 2005 года”.
Дырэктар па камунікацыях а. Чукс Афіявары і яго каманда забяспечваюць езуітам па ўсім свеце магчымасць сачыць за сустрэчай. “Мы плануем пісаць артыкулы і рэпартажы, аператыўна дадаваць паведамленні ў сацыяльных сетках і весці прамыя трансляцыі некаторых мерапрыемстваў”, – запэўніў ён. “Мы імкнемся, каб кожны мог адчуць сябе часткай гэтай сустрэчы. Асабіста я лічу, што гэта выдатная магчымасць для пастаяннага абнаўлення Таварыства”, – адзначыў а. Афіявара.
Ёсць выразнае адчуванне, што сустрэча будзе захапляльнай, поўнай новых ідэй і крэатыўнасці. Наступныя дні будуць прысвечаны дыялогу, распазнаванню і агульнаму бачанню. Яшчэ адзін крок да ажыццяўлення мары святога Ігнацыя аб тым, каб Таварыства Езуса – як бы шырока яно не разыйшлося па свеце – заставалася з’яднаным целам і душой і гарэла запалам несці Добрую Навіну Евангелля ва ўсе куткі свету.
Крыніца: Major Superiors of the Society of Jesus Gather in Rome | The Society of Jesus