З 12 па 14 чэрвеня ў Варшаве праходзіў Форум супрацоўнікаў у місіі Таварыства Езуса. У ім узялі ўдзел 40 чалавек, задзейнічаных у працы інстытутаў і арганізацый, якімі кіруе Вялікапольска-Мазавецкая правінцыя ў Польшчы, Даніі і Беларусі. Яны прадстаўлялі шырэйшае кола свецкіх супрацоўнікаў і манахінь, якія клапоцяцца пра езуіцкія парафіі, рэкалекцыйныя дамы, рэктарскія касцёлы, школы, фонды і вышэйшую навучальную ўстанову.

Сустрэчу праводзіў айцец Збігнеў Лячкоўскі SJ (Zbigniew Leczkowski), настаяцель Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі, які прэзентаваў місію Таварыства Езуса і актуальныя апостальскія прыярытэты. Затым ён заахвоціў удзельнікаў абмяняцца досведам у меншых групах, каб потым на агульным форуме яны прадставілі супольныя назіранні адносна светлых і цёмных бакоў супрацоўніцтва з езуітамі.

Было прыведзена шмат прыкладаў добрага ўзаемадзеяння і зычлівасці. Удзельнікі агучылі свае чаканні, а таксама акрэслілі, што ў супольных адносінах часам кульгае. Не раз можна было пачуць прызнанне аб няведанні пра такую вялікую колькасць цудоўных ініцыятыў, якія ажыццяўляюцца ў правінцыі. Было прапанавана палепшыць камунікацыю і рабіць такiя сустрэчы цыклічна, нават у больш шырокім коле супрацоўнікаў.
«Вельмі шмат чаго адбывалася менавіта падчас сустрэч у малых групах», — адзначыла падчас заключнай сесіі сястра Люцына з Ігнацыянскага цэнтра духоўнай фармацыі.
А адзін з маладых мужчын вымавіў фразу, якую паўтаралі нават падчас апошніх размоў перад ад’ездам:
«Далучэнне да місіі — гэта больш, чым проста ўдзел!»

Жанэта Ставіцкая з санктуарыя святога Ігнацыя Лаёлы ў Ястшэмбей Гуры, старшыня фонду Sentire, кажа, што «такое эфектыўнае супрацоўніцтва паміж езуітамі і свецкімі людзьмі нараджаецца найперш з адносін. Калі чалавек адчувае сябе патрэбным, калі мае магчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў і сустракае адкрытасць да свайго досведу, тады лягчэй уключаецца ў рэалізацыю супольных мэтаў. Менавіта такое будаванне адносін можа стаць ключом да далейшага развіцця Таварыства Езуса».
Спадарыня Каміла з Каталіцкай акадэміі ў Варшаве ўдзельнічае ў інтэлектуальнай фармацыі маладых езуітаў, праводзячы заняткі па педагогіцы і катэхетыцы ў Collegium Bobolanum. Яна ад’язджае з форуму з перакананнем, што варта засяродзіцца «на ўмацаванні soft skills (“мяккіх кампетэнцый”) і дапамозе маладым езуітам у пачуцці ўласнай годнасці, у проста чалавечым адчуванні, што яны не адны. Каб яны ведалі, што акрамя сабратоў па ордэне ў іх ёсць і свецкія, якія не проста хочуць, каб тыя працавалі і дзейнічалі на мностве абшараў, але каб адчувалі і падтрымку. Мы, свецкія людзі (пра што таксама ішлося на форуме), хочам суправаджаць іх. Не столькі духоўна, колькі больш з чалавечага боку. Мы бачым, якія крызісы яны перажываюць, як няпроста ім жывецца».

Для Пятра Плосая (Piotr Płosaj), які кіруе езуіцкім спартыўным аб’ектам у Гдыні, ігнацыянская духоўнасць у жыцці свецкага чалавека палягае ў знаходжанні Бога ў штодзённых абавязках, адносінах з супрацоўнікамі і кліентамі, а не толькі ў малітве. Ён хацеў бы, каб езуіты больш актыўна інфармавалі іншых пра сваю місію і дзейнасць, каб людзі іх лепш ведалі і хацелі далучацца да каштоўных ініцыятыў.
«Прывяду прыклад. Падчас форуму я пазнаёміўся з сястрой Агатай, якая дапамагае бежанцам і мігрантам. Яна распавядала, што робіць, якія мае праблемы і патрэбы. Аказалася, што я магу быць карысным і цяпер, і ў будучыні. А раней я наогул нічога не ведаў пра гэтую ініцыятыву».
Спадар Пётр таксама лічыць, што езуіты, якія служаць у непасрэдным асяроддзі езуіцкай установы, павінны мець больш часты кантакт з супрацоўнікамі, распавядаць пра сябе і пра тое, што яны робяць, арганізоўваць для калег сустрэчы, якія дапамогуць ім больш даведацца пра ордэн і атаясаміць сябе з яго місіяй. Сваю прамову ён завяршае словамі:
«Думаю, што свецкія супрацоўнікі заслугоўваюць большай увагі з боку езуітаў».

Спадарыня Тэрэса з Беларусі забірае з сабой больш шырокі погляд на формы супрацоўніцтва паміж свецкімі і езуітамі.
«Так шмат розных рэчаў існуе дзякуючы ўнёску свецкіх, — кажа яна. — Распавядаючы ў малых групах пра мой уласны ўдзел, я ўсвядоміла спецыфіку прысутнасці езуітаў у Беларусі. Яе выдатна характарызуе надпіс на дзвярах, што вядуць з лесвіцы ў хол: “Добра, што ты ёсць”. На нашых тэрыторыях як езуіты, так і свецкія ўзаемна ўдзячныя адзін аднаму за прысутнасць і цэняць кожны ўнёсак. На Беларусі ёсць толькі адна езуіцкая парафія, і ў ёй служаць усяго два езуіты. Без гэтай езуіцкай ідэнтычнасці, якая грунтуецца на адносінах, супрацоўніцтве — прытым езуітаў з розных краін — са свецкімі, было б немагчыма пашыраць місію духоўнага суправаджэння, рэкалекцый, евангелізацыі. Падчас гэтага форуму я яшчэ больш ацаніла супрацоўніцтва з езуітамі як магчымасць для супольнага стварання і для больш шырока разуметага суправаджэння ўбогіх. Гэта таксама дапамагло мне ўсвядоміць, наколькі важнымі з’яўляюцца адносіны паміж езуітамі і свецкімі ў любой форме супрацоўніцтва, узаемнай падтрымкі і слухання. Гэта патрабуе працы і намаганняў, але дапамагае лепш распазнаваць Божую волю і выбіраць, дзе зрабіць наступны крок у нашы няпэўныя і цяжкія часы».

«Як слушна заўважыў правінцыял, мы павінны паклапаціцца пра тое, каб свецкія асобы не былі проста “выкарыстаны” як інструменты, але каб іх цанілі праз аўтэнтычныя адносіны, — кажа Анэ (Anne) з езуіцкай парафіі ў Орхусе (Данія). — Хаця мы ўсе прагнем гэтых зменаў, нам часта не хапае супольнай мовы і інстытуцыйных структур, якія б падтрымлівалі будаванне такіх адносін у штодзённай практыцы. Сапраўднае партнёрства азначае прызнанне таго, як прыгожа мы можам узаемна дапаўняць адзін аднаго: духоўная і філасофская глыбіня езуітаў дапаўняецца прафесійнымі ведамі свецкіх, якія кіруюцца не менш глыбокай верай. Будаванне гэтых супольных рамак і наяўнасць ясных супольных мэтаў неабходны, калі мы хочам выйсці за межы выключна прагматычнага ўзаемадзеяння і забяспечыць будучыню нашай місіі».
Для Бэні Ліндэберга (Benny Lindeberg) з Капенгагена сустрэча стала выключнай нагодай.
«Яна дала нам каштоўныя веды і натхненне, і ў той жа час дазволіла наладзіць адносіны і стварыць сеткі кантактаў, якімі мы можам карыстацца ў нашай штодзённай працы. Разам з тым, вельмі матывуе пачуццё прыналежнасці да вялікай і значнай супольнасці».
«Дзейнасць езуітаў застаецца як надзвычай важнай, так і вельмі актуальнай у сённяшнім свеце. Іх удзел у адукацыі, пашырэнні справядлівасці, рэфлексіі і служэнні па-ранейшаму адказвае на некаторыя з самых пільных выклікаў, з якімі сутыкаюцца нашыя грамадствы. У гэтым кантэксце неабходны актыўны ўдзел свецкіх партнёраў. Як свецкія асобы мы ўносім у місію розныя перспектывы, досвед і кантакты, дапамагаючы пашырыць яе ахоп і забяспечыць яе значнасць у розных кантэкстах. Менавіта дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву місія сапраўды ажывае ў штодзённасці. Мы глыбока перакананы, што менавіта дзякуючы гэтым супольным намаганням — езуіты і свецкія партнёры разам — мы здольныя аказаць трывалы ўплыў на рэчаіснасць. Гэта не справа асобных людзей, а супольнасці, аб’яднанай агульнай мэтай. У гэтым сэнсе Ad Majorem Dei Gloriam (AMDG — На большую славу Божую) становіцца не толькі прынцыпам, але і рэчаіснасцю, якая пражываецца дзякуючы нашаму супольнаму ўдзелу».

«Падчас сустрэчы мы таксама мелі магчымасць падзяліцца нашымі назіраннямі — як наконт сфер, дзе мы можам нешта змяніць, так і наконт кірунку і мэты нашых супольных дзеянняў. Усё гэта ў духу супольнага імкнення да большай хвалы Божай. Я шчыра спадзяюся, што гэты форум стане цыклічным мерапрыемствам, бо ён дае каштоўную прастору для дыялогу, супрацоўніцтва і супольнай рэфлексіі. Далейшыя сустрэчы і ўзаемнае навучанне безумоўна ўмацуюць нашую супольную місію».
Удзельнікі Форуму атрымалі памятныя медалі, выпушчаныя з нагоды 100-годдзя Вялікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса (1926–2026).

Падводзячы вынікі сустрэчы, айцец правінцыял сказаў:
«Я ўдзячны вам за энергію, запал, якія я адчуў падчас форуму. І гэта тое ўмацаванне, заахвочванне, у якім мы, езуіты, таксама маем вялікую патрэбу. Я ўспрымаю гэты запал, энергію і як пэўны выклік, які павінен умацоўваць нашыя адносіны, супрацоўніцтва і весці нас да канкрэтных дзеянняў. Разам з маімі бліжэйшымі супрацоўнікамі я буду думаць, якія крокі нам варта зрабіць далей, каб супрацоўнікі і езуіты маглі яшчэ лепш быць залучаныя ў супольную місію».