З 23 па 31 мая Дэлегацыя па справах пажылых езуітаў Іспанскай правінцыі арганізавала трэці курс падрыхтоўкі для сабратоў сталага ўзросту ў Езуіцкім доме ў Саламанцы. На сустрэчу прыехалі 24 асобы ва ўзросце ад 70 да 85 гадоў, і яшчэ аднаму ці двум удзельнікам было каля 90. Гэтым разам праграма праходзіла ў скарочаным 8-дзённым фармаце.
Кожная раніца пачыналася з асабістай малітвы. Затым адбываліся семінары, прысвечаныя розным аспектам старэння і духоўнага жыцця. Тэмы ахоплівалі псіхалагічныя падыходы, актыўнае старэнне, медыцынскія пытанні, супольнасці па доглядзе, сітуацыю ў правінцыі (якую прадставіў правінцыял), псіхалагічна-духоўныя гарызонты, чалавечае і духоўнае суправаджэнне, а таксама іншыя выклікі сучаснасці, такія як штучны інтэлект.
Пасля абеду рытм запавольваўся. Хапала часу для чытання, сумеснага прагляду цікавага фільма, інтэрактыўных гульняў і іншых сумесных заняткаў. Кожны дзень праграмы завяршаўся цэлебрацыяй Эўхарыстыі – асаблівым момантам падзякі, слухання і аднаўлення нашай адкрытасці Богу.
Адным з самых яркіх момантаў праграмы стаў дзень, адведзены для адпачынку і экскурсіі, падчас якога ўдзельнікі наведалі кааператыўную вінаробню (з дэгустацыяй віна) у Вальядалідзе. Там групу прымала супольнасць Школы сельскагаспадарчай тэхнікі (INEA). Мясцовыя езуіты прымаюць мігрантаў у сваім доме падчас працэсу легалізацыі, прапануюць людзям сталага ўзросту магчымасць займацца арганічным агародніцтвам і развіваць надзвычай плённыя адносіны ў супольнасці для асабістага ўзрастання.
Праграма імкнецца падтрымаць удзельнікаў, якім даводзіцца сутыкацца з непазбежнымі зменамі, што суправаджаюць старэнне, дапамагчы ім асэнсаваць гэты адметны этап іх біялагічнага і духоўнага жыцця.
Паводле слоў айца Сіпрыяна Дыяса Маркаса, першага дэлегата па справах пажылых людзей у Іспанскай правінцыі, старэнне адкрывае вокны ў тыя вымярэнні жыцця, якія часам ігнаруюцца, і мы не павінны пазбягаць іх: гэта вокны ў малітоўную цішыню, салідарнасць, малыя штодзённыя справы, чытанне, частыя прагулкі, размовы, прыгажосць, кантакт з іншымі «памежнымі» рэаліямі, у якія мы можам зазірнуць, супакой і жыццёвыя гісторыі – усё гэта варта перажываць з удзячнасцю «за так шмат атрыманага дабра».
Пэдра Гарсія Вэра SJ
Крыніца: Raising awareness among older Jesuits of what their age entails – The Society of Jesus