«Пазнанне Бога без пазнання сваёй грахоўнасці прыводзіць да ганарыстасці. Пазнанне сваёй грахоўнасці без пазнання Бога прыводзіць да роспачы. Пазнанне ж Езуса Хрыста прыводзіць на правільны шлях, бо ў Ім знаходзім мы Бога і сваю грахоўнасць»
Блэз Паскаль, матэматык, філосаф

Мне патрэбны быў гэты час цішыні… Я запланавала сваю працу, абавязкі і выехала на ігнацыянскія рэкалекцыі, якія айцы езуіты арганізоўвалі ў чэрвені ў Пінску.

Прыедзь, астатняе зробіць Бог

Кожны дзень прыносіць адчуванне прысутнасці Бога, што невыпадкова знаходжуся тут і цяпер. Час і месца пачынаюць гучаць па-іншаму.

Барочныя завіткі святыні цешаць вока, гук аргана мякка дакранаецца да вуха, водар ружы становіцца асабліва прыемным – Божы Дух сам выбірае, як і праз што нечакана дакрануцца да сэрца… бо ведае яго. Дзякую Створцы за абуджэнне органаў пачуццяў. Дзякую за напамін, кім я ёсць, глыбокі і непаўторны, за магчымасць і здольнасць адчуваць, назіраць, бачыць – проста так, для Яго і для сябе, для спрабавання жыцця наноў, смакавання і сузірання яго праяў у прыродзе і Божай прысутнасці ў маім жыцці.

Падчас рэкалекцый Госпад можа прамаўляць літаральна праз усё: праз малітву ці слова, падчас пасілку, адпачынку ці нават у сне. Усведамленне блізкасці Бога робіць мяне больш уважлівай на знакі Яго прысутнасці. Гэтаму спрыяе прабыванне ў маўчанні і добра створаныя ўмовы: месца, прырода, духоўная лучнасць з людзьмі, размова з асобай, якая духоўна суправаджае цябе на рэкалекцыях, і… маё жаданне – перш за ўсё. Далей дзейнічае Бог, выкарыстоўваючы прысутнасць чалавека.

Святое Пісанне: пытані і адказы

Асаблівым часам з Госпадам на рэкалекцыях з’яўляецца малітва з Божым словам па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы. Я абіраю месца для малітвы і прымаю зручную для сябе позу (св. Ігнацый раіць незалежна ад выбранай позы трымаць прамой спіну).

Цягам дня чатыры разы заходжу ў свой “пакой”, каб разважаць над выбраным урыўкам з Бібліі. Перада мной адкрываюцца 45 хвілін поўнай цішыні і адно з найбольш асабістых і глыбокіх спатканняў са Створцам. Падчас малітвы сузіраю, адчуваю і асэнсоўваю, а Святы Дух вядзе, “моліцца ўва мне”.

Гэты час бывае няспынным дыялогам, калі пытанні нараджаюцца зноў і зноў, быццам душа сама задае іх. Бог тады дае канкрэтныя адказы, якія адчуваю ўнутры сябе. Бывае малітва і ціхім сузіраннем Слова і прыроды, а голас Бога гучыць у самым канцы.

Цішыня прамаўляе выразна

Кожную малітву я стараюся перажываць з пільнасцю да пачуццяў, думак і ўспамінаў, якія ўзнікаюць. Каб адрозніць, што з гэтага вартае ўвагі, іду за радай духоўнага кіраўніка і пытаю Бога прама: “Я ўзгадала гэтую сцэну з жыцця. Ці яна мае нейкае значэнне? Божа, ці Ты хочаш нешта сказаць мне праз яе цяпер?”.

Айцы езуіты, паслядоўнікі ігнацыянскай духоўнасці, навучаюць, што толькі той, хто маўчыць, умее па-сапраўднаму слухаць, бо голас Божы гучыць ціха. “Праз некаторы час, праведзены ў маўчанні, пачынаецца працэс самапазнання і ўнутранай перамены. Рэкалектант больш не адчувае патрэбы гаварыць. Прабываючы ў маўчанні, ён можа заглыбіцца ва ўнутраныя рухі душы, каб паспытаць іх”, – чытаем пра сутнасць і метад ігнацыянскіх духоўных практыкаванняў па кнізе Штэфана Кіхле SJ “Ігнацый Лаёла – настаўнік духоўнасці”.

Узгадваюцца трапныя радкі Алены Казловіч-Усцілоўскай:

“Глыбіня цішыні прамаўляе выразна.
Між маўчаннем і гукамі сцёрта мяжа.
Позірк ловіць усё, да драбніц усё важна.
Так насыціцца прагне любоўю душа”.

У праўдзе перад Госпадам

На спатканне з Богам у Яго слове я прыходжу такая, якая ёсць, і з тым, што маю: добрымі і дрэннымі якасцямі, з дасягненнямі і няўдачамі, з грахамі і цнотамі, з любоўю і нелюбоўю. Ведаю, што змагу “пабыць у абдымках Бога”, адчуць Яго любоў да сябе і да ўсяго стварэння тут, у часе духоўных практыкаванняў, і з гэтай перспектывы ўбачыць яе ў паўсядзённым жыцці.

Як пісаў св. Ігнацый, “не багатае пазнанне насычае і задавальняе душу, але ўнутранае перажыванне і смакаванне рэчы” (“Духоўныя практыкаванні”, 2). Так і ёсць. Можна шмат разоў чуць пра Божую любоў, але слоў і ўспрымання іх розумам недастакова (таксама, як і ў адносінах паміж людзьмі).

Чаму гэта важна? Толькі Божая любоў дае досвед поўнага прыняцця і падтрымкі. Тады я сама бачу свае мацнейшыя бакі і прымаю слабейшыя, якія крыўдзяць мяне саму і тых, хто побач. Я перастаю баяцца сваіх недахопаў, бо ведаю, што яны не адварочваюць Бога і Ён не адмаўляецца з-за гэтага ад мяне. Сустрэча дзяцей з любячым Айцом, які іх стварыў, чыёй прысутнасці і любові свядома альбо і не яны шукаюць у свеце – так можна апісаць мэту ігнацыянскіх духоўных практыкаванняў.

Непаўторны вопыт

У часе рэкалекцый адчуваю, як іх досвед асядае глыбока ў свядомасці, што ён з’яўляецца непаўторным услед за непаўторнасцю спосаба, якім Госпад дакранаецца да маёй душы. Бог робіць гэта як любячы Айцец, які ведае сваё дзіця.

Св. Ігнацый называе душу чалавека стварэннем, да якога Стварыцель звяртаецца непасрэдна. У гэтай непасрэднасці – як у сяброўстве двух блізкіх людзей – душа адчувае рухі, адбываецца размова, узнікаюць сапраўдныя адносіны (“Духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы: сутнасць і метад”).

Пасля чарговых ігнацыянскіх рэкалекцый я адчуваю і разумею: адбылося нешта незвычайнае, што дасягнула найглыбейшых частак маёй тоеснасці. Такі вопыт застаецца ў памяці менавіта таму, што закранае асяродак майго сэрца, маё сапраўднае “я”. Гэта парадкуе пачуцці, абуджае веру і дысцыплінуе духоўнае жыццё. Атрыманы досвед не пазбаўляе далейшай працы над сабой – ён дае сілы і святло на далейшыя крокі.

“Узгадала, як у дзяцінстве падчас канікул у бабулі на вёсцы прыходзіла на кладку, каб насалодзіцца прыгажосцю наваколля. І яно прамаўляла, пакідала след у сэрцы. Гэты быў Твой след, Божа. Фундамент, які Ты закладаў ува мне на будучыню. З часам на ім з’явіліся паверхі абавязкаў, неўсвядомленых пачуццяў і памкненняў, паверхі ранаў і спадзяванняў толькі на сябе. І вось ненавязліва, але дакладна ён «прагучаў», паказаўся ізноў. Божа, Ты паказаў… Тваё дзеянне разпазнаецца па мяккім цяпле і глыбокім супакоі. Дапамажы захаваць гэта разам з Табой”.

23 чэрвеня 2026 г.

Тэкст і фота: Кацярына Паўлоўская

Апублікавана ў інфармацыйна-рэлігійнай газеце Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця” №14 (681), 12 ліпеня 2026 г.

Ігнацыянская духоўнасць накіравана на тое, каб дапамагаць людзям у іх актыўным штодзённым жыцці распазнаваць Божую волю. У якасці ўмовы для ўдзелу ў духоўных практыкаваннях па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы я б вылучыў эмацыянальную і псіхічную сталасць асобы, досвед малітвы з Божым словам. Калі такога досведу ў чалавека няма, неабходна жаданне і гатоўнасць такому спосабу малітвы навучыцца. Важнай таксама з’яўляецца здольнасць глядзець на тое, што адбываецца ўнутры, ва ўласным духоўным свеце. Пры адпаведным суправаджэнні на гэтыя рэкалекцыі шмат хто мог бы прыязджаць.

А. Віктар Жук SJ, арганізатар ігнацыянскіх рэкалекцый