У гэтым выкладзе айцец Гжэгаж Гінтэр SJ засяродзіўся на пэўным, так бы мовіць, “тэхнічным” слове з ігнацыянскай духоўнасці. У індывідуальных размовах, у розных тэкстах, у тым ліку ва ўводзінах да малітвы, мы можам сустрэцца з тэрмінам “рух” (ці “рухі”), але не заўсёды вядома, што ён дакладна азначае. Таму аўтар коратка прадстаўляе значэнне самога слова і паказвае шлях унутраных рухаў – гэта значыць, куды яны нас вядуць і якім чынам.
Звычайная мова
Праз рухі Бог размаўляе з намі. Мы ведаем, што Бог не размаўляе з намі звычайным чынам, як чалавек, але мы, безумоўна, атрымліваем ад Яго знакі праз іншых людзей. Аднак, калі Бог хоча непасрэдна звярнуцца да душы, Ён робіць гэта праз унутраныя і духоўныя рухі.
Што такое рух?
Мы вучымся гэтаму ад святога Ігнацыя. На працягу жыцця ён займаўся рознай дзейнасцю: не толькі служыў пры двары, але і быў жаўнерам у войску караля Іспаніі. Быў паранены ў бітве пры Памплоне, зведаў, што значыць параза. Вярнуўшыся ў сямейны замак, каб аднавіць здароўе, ён чытаў кнігі. А паколькі іншых не было, чытаў пабожныя. Адначасова разважаў пра розныя рэчы са свайго ранейшага жыцця. Яго вочы пачалі пакрысе адкрывацца на ўнутраны свет, на тое, што адбывалася ў ім. Ён пачаў разумець, што да яго прыходзяць розныя думкі і пачуцці, з якімі ў той момант ён нічога не мог зрабіць. Ён мог толькі назіраць за імі. Дзякуючы гэтаму ён зразумеў, што кожны з тых унутраных імпульсаў утрымлівае нейкую энергію. Яны падштурхоўвалі яго нешта рабіць, дзейнічаць. А гэта і ёсць “рух” – унутраны імпульс. У духоўным жыцці такі імпульс можа быць Божым натхненнем: напрыклад, зрабіць нешта добрае, прабачыць. Але такі імпульс можа быць і спакусай злога духа, каб учыніць грэх.
Тыпы рухаў
Святы Ігнацый называў рухі “думкамі”, але не ў сучасным разуменні. Ён звязваў думкі з пачуццямі, якія маюць у сабе энергію да дзеяння і сапраўды падбухторваюць чалавека да актыўнасці. Мы добра ведаем, што спакуса мае такую энергію, бо з’яўляецца думкай, тым, што мы ўспрымаем розумам: зрабі тое, не рабі таго. Эмацыйнае напаўненне неякім чынам спалучана з гэтай думкай. Тое, што ў нас мае энергію, і ёсць эмоцыяй. Эмоцыі схіляюць нас штосьці рабіць ці не рабіць, як у знакамітай прымаўцы Віні-Пуха: «Каб жа мне так гэтага хацелася, як мне гэтага не хочацца». Іншымі словамі, у нас ёсць думкі, пэўная канцэпцыя, бачанне чагосьці і адначасова энергія, або яе адсутнасць, каб гэта зрабіць. Напрыклад, разгледзім сітуацыю, калі нам хочацца легчы і абсалютна нічога не рабіць. Вядома, варта адрозніваць жаданне адпачыць пасля цяжкай працы ад салодкай ляноты, калі мы шукаем камфорту і адпачынку там, дзе прынцыпова немагчыма іх знайсці. Агулам кажучы, рух – гэта ўнутраны імпульс, думка, якая нясе эмацыйны зарад і якая падштурхоўвае нас нешта рабіць, мае накірунак.
Святы Ігнацый заўважыў, што ёсць тры тыпы думак. Адна – мая ўласная – даволі нейтральная. Ёсць таксама дзве іншыя, якія прыходзяць як бы звонку. Святы Ігнацый называе іх выразна: адна – ад добрага духа, другая – ад злога духа: першая падпіхае мяне да дабра, а іншая пхне да зла. Вось – боскія натхненні, а вось – спакусы. Рухі да дабра, рухі да зла.
Стымул
Рухі могуць мець свой імпульс, стымул, нешта, што іх выклікае. Напрыклад, чытаючы пабожную кнігу, я магу адчуць жаданне памаліцца. Пабожная кніга – гэта імпульс да дзеяння. Яна заахвоціла мяне.
Бывае, не ўсведамляючы гэтага, думаю, што адпачну пятнаццаць хвілін, бо нібыта стаміўся. І пасля тых салодкіх пятнаццаці хвілін ляноты прызнаю, што нават не хачу ўставаць з крэсла. Думка аказалася своеасаблівым стымулам і падштурхнула мяне да дзеяння. Больш за тое, можа аказацца, што затым надыйдзе чарговы імпульс: сёння нічога ўжо не рабіць.
Падсумуем: унутраны рух – гэта пэўнае ўзаемадзеянне думак і пачуццяў, нейкіх парываў, сімпатыі (нешта мяне прыцягвае) і агіды (ад нечага хочацца адхінуцца). Рух спантанна ўзнікае ў свядомасці і падштурхоўвае ў пэўным кірунку.
У кантакце з Божым словам
Святы Ігнацый наўпрост прадугледжвае, што падчас малітвы мы будзем адчуваць тыя ці іншыя рухі. Калі мы разважаем над Божым словам, яно з’яўляецца імпульсам да пэўнага дзеяння.
Калі я чытаю словы: «Ідзі за мной», яны могуць выклікаць ува мне нейкую рэакцыю. Не абавязкова, што я інтэрпрэтую іх у сэнсе асаблівага паклікання і адразу пайду за Хрыстом. Можа ўзнікнуць таксама гнеў ці смутак, або нават страх рэалізаваць гэты заклік на практыцы, або трывога, што я не ведаю, як гэта зрабіць. Слова можа дасягнуць не толькі вуха, але праз вуха дайсці да майго сэрца і крануць мяне ў глыбіні. Святы Ігнацый мае на ўвазе, што ў малітве мы спадзяёмся, што нас нешта ўзрушыць, і адкрываемся на дзеянне Божага слова. Адкрываемся на тое, каб гэтыя рухі з’явіліся, і Бог пачаў прамаўляць. Зараз ідзецца не пра тое, што Бог не гаворыць: гэта мы не заўсёды ўважлівыя да Яго слова. Мы замкнёныя ў сабе і не шукаем Яго. Дзеля змены гэтай паставы ўводзіны ў малітву часам прапануюць дапаможныя пытанні. Стымулюючы працэс мыслення, абуджаючы эмоцыі, пытанні спрыяюць глыбейшай рэфлексіі над сваім жыццём. У сукупнасці ўсё гэта выклікае розныя рухі: інтрыгуе, цікавіць, засмучае. Рух якраз і азначае, што Божае слова, якое да мяне прыходзіць, я адчуваю ўнутры. Затым адбываецца ўзаемадзеянне з пачуццямі, якія ўзнікаюць. Ва ўнутраных рухах інтэлектуальная думка спалучаецца з пачуццёвымі перажываннямі.
Як рэагаваць на рухі?
Калі падчас малітвы прыходзіць нейкі рух, трэба «злавіць яго ў сабе» і зазначыць. А затым тое, што прыходзіць як рух, належыць інтэрпрэтаваць. Навучыцца інтэрпрэтаваць свае перажыванні, свае ўласныя рухі, значыць бачыць, куды яны вядуць далей. Рух мае ў сабе энергію на прыняцце рашэння і яго ажыццяўленне. Учынак можа быць або добрым, або дрэнным. Калі мы хочам рабіць добрыя справы, нам трэба ведаць, што з намі адбываецца ў гэтым нябачным працэсе з’яўлення рухаў, каб знешнія дзеянні былі добрымі, а не ліхімі. А ў тым выпадку, калі ўбачым, што зрабілі штосьці дрэннае, абавязкова трэба вярнуцца да канкрэтнага руху, з якога ўсё пачалося, і паглядзець, чаму так сталася: магчыма, мы не слухалі, нешта няправільна зразумелі або памылкова інтэрпрэтавалі, у выніку чаго ўчынілі зло. Рухі вымагаюць адпаведнай інтэрпрэтацыі. Мы не можам цалкам давяраць усім сваім думкам і спалучаным з імі пачуццям.
Тры тыпы думак
З трох тыпаў думак, як кажа святы Ігнацый, дзве прыходзяць звонку, у тым ліку адна ад злога духа. Таму існуе рызыка памыліцца, пераблытаць тое, што паходзіць ад зла, з тым, што паходзіць ад дабра, і выбраць горшы шлях. Рух – як спантанная рэакцыя на стымул або раздражняльнік – у пэўным сэнсе сляпы, і таму патрабуе разгляду і інтэрпрэтацыі. Да эмацыйнага складніка нам трэба дадаць свой роздум і шукаць адказ на пытанне: “Што Ты, Пане Божа, хочаш мне сказаць?”
Напрыклад, заклік «Ідзі за Мной» штосьці ўва мне робіць. Дапусцім, выклікае смутак. Я пачынаю тады задавацца пытаннем, чаму менавіта смутак. У прынцыпе, гэта добры заклік. Бог запрашае мяне да супрацоўніцтва, што зусім не мае азначаць паклікання да святарства ці манаскага жыцця. Гэта хутчэй заахвочванне ісці за Богам у штодзённасці. Таму варта пачаць разважаць гэтае слова. Што Ты, Пане, хочаш мне сказаць? Чаму гэта мяне засмучае? Можа, гэта звязана з канкрэтнымі падзеямі ў маім жыцці? Ці гэта таму, што пачынаю разумець, напрыклад, што ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях я ішоў не за Езусам, а за сваімі ўласнымі жаданнямі? Тым словам, якое Бог вымаўляе, і цераз рэакцыю, якую яно выклікае ўва мне, Ён хоча мне паказаць мой жа смутак. Смутак – пачуццё, якое сведчыць пра страту. Я штосьці трачу, калі не іду за Богам. Магчыма, я нават адчуваю трывогу з-за таго, што раблю нешта супраць закону любові, не па Божай волі, якая выяўляецца ў любові, дабры і праўдзе. Слова Божае, канкрэтнае слова, адно кароткае выказванне «Ідзі за мной» здатнае выклікаць ува мне такую рэакцыю. Гэта шлях рухаў ува мне.
Прыкмечаны рух я пачынаю інтэрпрэтаваць. У якім ключы? Па-першае, у ключы свайго жыцця і таго, што ў ім адбываецца. Па-другое, у ключы Евангелля. Якім чынам маё жыццё адпавядае евангельскаму жыццю, Божаму жыццю, жыццю ў перспектыве дабра, праўды, любові, прагі да Бога і ўзрастання ў Яго прысутнасці? Вось якія рэчы могуць мне адкрыцца. Могуць узнікнуць іншыя пачуцці. Гэты рух усё больш і больш прыцягвае, быццам ахутвае мяне, абуджае жаданні. Напрыклад, я адчую і скажу Богу, што сапраўды хачу ісці за Ім: Пане Божа, я не хачу блукаць па нейкіх сваіх сцежках. Я сапраўды хачу ісці за Табой, і толькі за Табой, у маім штодзённым выбары, пакліканні, працы, адносінах і абавязках. Я хачу ісці за Табой. А Тваё слова дзякуючы руху паказала мне, што ў пэўных сферах майго жыцця я не іду за Табой…
І ўзнікае магчымасць вырашыць, што я хачу з гэтым зрабіць. Напрыклад, хачу выправіць, або маліцца і прасіць у Бога ласку ўнутранай перамены, бо адчуваю, што ўласнымі сіламі гэтага не зраблю.
Распазнаванне і дзеянне
Наступны крок – рэалізаваць рашэнне, пачаць дзейнічаць. Святы Ігнацый настойліва ішоў да мэты, якую спачатку заўважыў праз рух, потым зразумеў праз інтэрпрэтацыі, а яны, у канчатковым выніку, стымулявалі яго жаданне. Асабліва эфектна гэта адбылося падчас выздараўлення ў радавым замку, калі ён вырашыў, што абірае іншае жыццё, чым вёў да той пары. У аўтабіяграфіі ён адзначае, што ніхто і нішто не магло пераканаць яго сысці з гэтага шляху. Нават брат, які нешта падазраваў і спрабаваў з ім пагаварыць, не меў такой моцы.
Як распазнаваць свае рухі? Як распазнаваць, да чаго Бог запрашае? Што мяне вабіць, а што адштурхоўвае? Увесь час неабходна распазнаваць – інтэрпрэтаваць – розныя рухі ўнутры, бо, як я ўжо казаў, яны не абавязкова паходзяць ад добрага духа і нясуць добрыя натхненні.
Часам мы памыляемся. Напрыклад, мы лічым, што некаторым натхненням варта давяраць, паколькі яны здаюцца добрымі, пабожнымі. Але справа зусім не ў гэтым. Калі я, дапусцім, бацька, муж, маю працу, абавязкі, а мяне прыцягвае думка штодзённа наведваць Імшу і ўдзельнічаць у трох супольнасцях, я магу адчуваць моцнае жаданне маліцца і часта хадзіць у касцёл, магу ўвесь час ездзіць у пілігрымкі і актыўна ўдзельнічаць у жыцці парафіі. Ці гэта дрэнна? Само па сабе не, але інтэрпрэтацыя таго руху, што мне хочацца рабіць больш, што касцёл мае патрэбу ўва мне, што супольнасці я вельмі патрэбны, вымашае праверкі, ці аб’ектыўна ён з’яўляецца добрым ці дрэнным. Ці гэта добры рух для мяне, улічваючы маю канкрэтную жыццёвую сітуацыю? Можа выявіцца, што не зусім, хоць і здаецца такім пабожным. Удзельнічаючы ў столькіх справах (ведаючы такія выпадкі, я наўмысна перабольшыў апісаную вышэй сітуацыю адносна колькасці супольнасцяў і ступені ўключанасці ў парафіяльнае жыццё), пачынаю занядбоўваць сваё галоўнае пакліканне – быць мужам і бацькам. Я пакідаю сваю сям’ю без увагі, губляю цікавасць да сваіх дзяцей, да жонкі, асабліва да жонкі. Я кідаю ўсе іншыя хатнія справы, бо цяпер хаджу ў касцёл і мяне ўжо хвалююць важныя духоўныя рэчы, а гэта справа майго збаўлення. Перастаю бачыць, што Бог чакае мяне ў маім доме, што Ён хоча, каб я ўдзельнічаў у жыцці сям’і.
Нам трэба распазнаваць, гэта значыць інтэрпрэтаваць усе рухі, якія прыходзяць да нас звонку. Частка рухаў мае такую яснасць, што іх не трэба распазнаваць. Аднак пераважную большасць рухаў, або спантанных унутраных рэакцый, трэба распазнаваць, тлумачыць сабе. Гэта важна, таму што, калі я выбіраю мэты, яны ў канчатковым выніку прыводзяць мяне да рашэння, а гэтае рашэнне, у сваю чаргу, прыводзіць да канкрэтнага дзеяння, якое можа быць добрым або дрэнным. Звыш таго, гэта можа быць дабро, павелічэнне дабра або памяншэнне дабра. Каб не трапіць у пастку злога духа, які нават праз пабожнасць можа прывесці мяне да меншага дабра, неабходна распазнаваць: гэта пытанне маёй свабоды і рэфлексіі над тым, што адбываецца ўва мне, у маім унутраным свеце. Распазнаванне залежыць ад мяне і ніхто не зробіць яго замест мяне. Гэта мая адказнасць за ўчынкі, за дабро ці зло, якое я раблю.
Таму трэба інтэрпрэтаваць гэтыя рухі, спыняцца на іх, назіраць за імі і разважаць, як Божае слова ўплывае на нас падчас малітвы, на рэкалекцыях. Не будзем таксама забываць пра рухі, якія прыходзяць да нас са штодзённага жыцця. Хто што сказаў, што дзе адбылося, што мы прачыталі ці паглядзелі, так ці інакш можа паўплываць на нас і выклікаць рэакцыю ў выглядзе рашэння і канкрэтнага ўчынку. Мы адказныя не толькі за самі ўчынкі, але і за іх паходжанне.
Калі падчас споведзі мы засяроджваемся выключна на тым, што зрабілі і не зрабілі, то, хутчэй за ўсё, разумеем, што гэтага недастаткова, бо мы працягваем здзяйсняць тыя ж грахі і ўчынкі, але ігнаруем іх вытокі. Спытаем сябе: адкуль яны паходзяць? Які дух натхніў пачатковую думку – добры ці злы? Распазнаванне і інтэрпрэтацыя падразумяваюць наяўнасць самасвядомасці і ўважлівасці да таго, што адбываецца ва ўнутраным свеце.
Гэтага ўсведамлення сабе і вам я зычу: распазнавання, інтэрпрэтацыі і, перш за ўсё, адчування рухаў. Гэта вялікае багацце нашага ўнутранага жыцця. Гэта голас Бога, які гаворыць з намі. Нам трэба слухаць, быць адкрытымі і адначасова распазнаваць, што адбываецца, каб жыццё (канкрэтныя ўчынкі, дзейнасць) сапраўды ўсё больш згаджалася з Божай воляй і адпавядала дабру, любові, праўдзе і прыгажосці. Няхай жа гэта здзяйсняецца ў нас.
а. Гжэгаж Гінтэр SJ
Крыніца: https://medytujslowo.pl/aktualnosci/droga-poruszen-duchowych
Выява: Unsplash.com