Езуіт са Шры-Ланкі, айцец Крыстлін Раджэндрам, наведвае Польшчу, каб вучыць “мове сэрца” ў крызісныя часы. Святар, які перажыў трыццацігадовую грамадзянскую вайну і балючую страту блізкага сябра, дзеліцца метадам паразумення без насілля або негвалтоўных зносін (Nonviolent Communication – NVC). Яго візіт, з 13 па 30 ліпеня, дае магчымасць пазнаёміцца з інструментамі, якія дапамагалі аднаўляць міжчалавечыя адносіны пасля крывавага канфлікту на яго родным востраве.
У сваім служэнні айцец Крыс спалучае ідэалы езуіцкай духоўнасці з мадэллю камунікацыі, створанай псіхолагам Маршалам Розенбергам. Паваротным момантам стала сустрэча з Розенбергам у ЗША, дзе езуіт атрымліваў доктарскую ступень па камунікацыі. Узрушаны жорсткасцю вайны ў Шры-Ланцы і забойствам свайго сябра-святара, ён шукаў спосаб вярнуцца дадому з канкрэтным інструментам для будаўніцтва супакою.
Траўма вайны і дзеці, якія бачаць
Вярнуўшыся ў Шры-Ланку, айцец Раджэндрам пасяліўся з дваццаццю сіротамі, якія страцілі бацькоў на вайне. Там ён на практыцы праверыў эфектыўнасць мадэлі NVC, імкнучыся “мадэляваць працэс жыцця без насілля”. Як адзначае езуіт, дзеці вучацца не з таго, што дарослыя кажуць, а з таго, як яны жывуць.
Той досвед стаў асновай цяперашняй працы ў якасці трэнера па камунікацыі. Айцец Крыс падкрэслівае, што ў сучасным свеце людзі ўсё больш баяцца адно аднаго, бо не хапае сапраўднасці ў нашых адносінах. Замест тэарэтычных лекцый езуіт прапануе чатыры канкрэтныя крокі: назіранне, называнне пачуццяў, вызначэнне патрэб і фармуляванне просьбы.
Мастацтва глядзець без вынясення прысудаў
Першы крок гэтага метаду, назіранне, выяўляецца самым складаным на практыцы. Як кажа айцец Крыс, назіраць азначае адмовіцца ад усялякага асуджэння. У сваёй кнізе Маршал Розенберг тлумачыць, што калі мы спалучаем назіранне з ацэнкай, іншы чалавек чуе толькі крытыку і адразу ж будуе абарончы мур.
Другі элемент – гэта пачуцці, з якімі многія з нас маюць праблемы. Айцец Раджэндрам сцвярджае, што мы звычайна або прымаем толькі прыемныя эмоцыі, або душым негатыўныя. На жаль, яны не знікаюць, а чакаюць моманту выбуху, што часта прыводзіць да разрыву адносінаў. Мадэль NVC вучыць, як браць на сябе адказнасць за ўласныя эмоцыі, а не вінаваціць у іх іншых людзей.
Канфлікты хочуць быць зразуметымі
У аснове вучэння айца Крыса ляжыць тэзіс пра тое, што ўсё, што мы ў жыцці робім, служыць задавальненню нейкай патрэбы. Патрэбы ўніверсальныя для ўсіх людзей, адрозніваюцца толькі стратэгіі іх задавальнення. У сваёй кнізе Маршал Розенберг пералічвае асноўныя патрэбы: свабода выбару, сэнс, эмпатыя, павага і бяспека.
Бачанне айца Раджэндрама пралівае новае святло на сямейныя і сацыяльныя канфлікты. На яго думку, канфлікты не хочуць быць абмеркаванымі, яны хочуць быць зразуметымі. Езуіт называе супольнасці без напружання “мёртвымі”, бо менавіта канфлікт паказвае нам, што мы жывыя і маем у сабе энергію. Ключом да клопату пра гэтыя цяжкія моманты з’яўляецца эмпатыя, якую святар разумее як прысутнасць побач з іншым чалавекам без ніякага асуджэння.
Практыка “мовы сэрца” мае стаць адказам на жорсткасць грамадскага жыцця. Розенберг у сваіх даследваннях пацвердзіў той факт, што ў культурах, дзе людзі мысляць катэгорыямі патрэб, насілле сустракаецца значна радзей, чым у тых, дзе на людзей наклейваюць ярлыкі “добрых” і “дрэнных”. Айцец Раджэндрам працягвае місію Розерберга, навучаючы, што найвышэйшы дар для іншай асобы – гэта проста зычлівая прысутнасць.