Часам, замест таго, каб праглядаць увесь дзень, хочацца звярнуць увагу на адносіны з канкрэтнай асобай і ў Божай прысутнасці паразважаць пра іх доўгатэрміновую дынаміку.

  1. Пачынаю як звычайна, стараюся суцішыцца і супакоіцца. Усведамляю, перад Кім я стаю… Раблю знак крыжа. 
  2. Пару хвілін прысвячаю ўдзячнасці Богу за адно-два сённяшнія благаслаўленні, вялікія і малыя: добры ранішні настрой, зычлівае сяброўскае слова, маё незаслужанае добрае здароўе, спакойны шлях на працу, яшчэ адзін дзень з маім цудоўным мужам/жонкай.
  3. Разважаючы пра нядаўняе мінулае, я прашу Бога паказаць мне асобу, якая часта з’яўлялася ў маіх думках і сэрцы. Неўзабаве хтосьці канкрэтны ўзнікне ў памяці, і тады я пастараюся як мага лепш “убачыць” гэтага чалавека ў сваім уяўленні, пачуць голас, заўважыць жэсты, міміку, вочы і г.д.
  4. У Божай прысутнасці падумаю над тым, чаму гэтая асоба апошнім часам так прыцягвае маю ўвагу. Бывае, прычына ляжыць на паверхні – напрыклад, мы якраз пасварыліся – або застаецца невідавочнай. Пачынаю размаўляць з Богам пра гэтыя адносіны.
  5. Прашу Бога паказаць маё наймацнейшае пачуццё ад згадкі пра адносіны з гэтай асобай. Велізарная любоў? Супярэчлівыя эмоцыі? Удзячнасць? Гнеў? Туга? Боль? Трывога? Збянтэжанасць? Размаўляю з Богам пра тое, што адчуваю менавіта цяпер. Дазваляю сабе на момант пагрузіцца ў гэтае пачуццё і паказваю яго Богу, апісваю і называю. У той жа час захоўваю ўспрымальнасць да ўсяго, што Бог можа сказаць ці зрабіць.
  6. Затым прашу Бога даць мне больш грунтоўны агляд маіх адносінаў з той асобай. Няхай гэта не ператворыцца ў падрабязны аналіз, але будзе ціхім, кантэмплятыўным “адступленнем на крок назад”, каб убачыць лес нашых адносін, а не блукаць сярод дрэў (перафразуючы прымаўку “за дрэвамі лесу не бачыць”). Калі браць адносіны з гэтай асобай у цэлым, што яны значылі для мяне? Незалежна ад іх цяперашняга стану, гэтыя адносіны напаўнялі мяне жыццём або знясільвалі? Яны набліжалі мяне да Бога або адводзілі ад Яго? Дзякуючы гэтым адносінам я больш – або менш – верны, поўны надзеі і любові? Што было самым цяжкім у гэтых адносінах? Што прынесла найбольш асалоды і радасці? Нарэшце, ці тыя эмоцыі, якія я адчуваю ў гэты момант (дрэвы), суадносяцца з эмоцыямі, якія я адчуваю, разважаючы пра адносіны ў цэлым (лес)? Стараюся быць у дыялогу з Богам, калі гавару і слухаю, каб пачуць, што Ён захоча сказаць.
  7. Працягваючы разважаць пра лес, я прашу Бога паказаць мае пачуцці і жаданні адносна будучыні гэтых адносінаў. Аб чым я непакоюся і чаго баюся ў гэтых адносінах? Якія вялікія жаданні, мары і надзеі маю наконт іх? Таксама прыношу Богу ўсё, што абуджаецца ўва мне. Калі жадаю чагосьці канкрэтнага, выразна аб гэтым прашу. Напрыклад: “Пане, дапамажы нам пераадолець ____ і засяродзіцца на ____”.
  8. Затым вяртаюся да дрэў цяперашняга моманту. Пасля ўсіх разважанняў пра лес, спытаю сябе: ці змяніўся мой погляд і эмоцыі адносна надзённых спраў? Што канкрэтна мне варта зрабіць заўтра для гэтай асобы або разам з ёй? Прашу ў Бога парады, дзялюся сваімі намерамі, слухаю… Калі адкрываю ў сабе пакліканне да чагосьці канкрэтнага, то пастанаўляю думаць, гаварыць ці дзейнічаць паводле гэтага натхнення і прашу Бога дапамагчы выканаць маю пастанову.
  9. Завяршаю малітву сваім звычайным спосабам. Напрыклад, малітвай “Ойча наш” і знакам крыжа.

Паводле кнігі а. Марка Цібадо SJ «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»)

Падборка матэрыялаў пра ігнацыянскі рахунак сумлення на нашым сайце.