31 ліпеня, ва ўспамін святога Ігнацыя Лаёлы, у многіх езуіцкіх касцёлах асвячаецца так званая “вада святога Ігнацыя”. Яе прызначэнне застаецца досыць розным у залежнасці ад культурных традыцый той ці іншай краіны.

Яшчэ ў XVII стагоддзі звычай карыстання вадой святога Ігнацыя быў шырока распаўсюджаны не толькі ў Еўропе, але і ў некаторых рэгіёнах Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Сама назва гэтай вады змянялася ў залежнасці ад яе лекавых уласцівасцяў і руплівасці тых, хто стараўся яе папулярызаваць. У Італіі, Бельгіі, Чылі і Швейцарыі католікі і пратэстанты называлі яе цудадзейнай. Аднак звычайна яе называюць “вадой святога Ігнацыя” або “святой вадой святога Ігнацыя”. Яна прызначана ў першую чаргу для цяжарных жанчын і дапамагае ў цяжкіх і небяспечных родах. Праз заступніцтва святога Ігнацыя  просяць Бога аб ласцы шчаслівага нараджэння дзіцяці. 

Гэтая вада таксама выкарыстоўвалася супраць шматлікіх эпідэмій. Да прыкладу, у іспанскім горадзе Бургос у 1599 годзе многія хворыя ачунялі пасля таго, як папілі асвячонай вады святога Ігнацыя. Тое ж самае адбылося ў Рыме ў 1656/57 і ў 1837 гадах, калі свой жахлівы плён пачала збіраць страшная халера. Вернікі ў Мадэне спазналі вялікую ласку дзякуючы заступніцтву святога Ігнацыя ў 1855 годзе: чатырыста сем’яў не захварэлі чумой. У знак удзячнасці вернікі аднавілі алтар святога Ігнацыя ў касцёле святога Барталамея і замовілі цудоўную скульптуру, якая адлюстроўвае мадэнцаў, якія на каленях моляцца аб ласцы перад алтаром святога Ігнацыя. Таксама быў размешчаны надпіс падзякі за вызваленне ад чумы, датаваны 1857 годам.

Дапамога матулям

Па просьбе генеральнага настаяцеля ордэна, айца Пятра Яна Бэккса, Папа Пій IX дэкрэтам Кангрэгацыі абрадаў ад 30 жніўня 1866 года ўстанавіў малітвы і спосаб асвячэння вады святога Ігнацыя. З таго часу прыватная пабожная практыка вернікаў атрымала формулу асвячэння вады і афіцыйнае пацвярджэнне Касцёла. У многіх езуіцкіх касцёлах гэтая вада звычайна даступная вернікам круглы год і знаходзіцца ў сакрыстыі або каля алтара святога Ігнацыя, дзе яны могуць свабодна набраць яе і выкарыстаць з мэтай благаслаўлення жанчын, якія набліжаюцца да родаў. 

Як асвячаецца вада

Існуе спецыяльны абрад асвячэння вады святога Ігнацыя, які праводзіць святар-езуіт: ён апускае ў ваду медалік з выявай святога Ігнацыя Лаёлы (або часцінку яго рэліквій, шчыльна запячатаную ў невялікі шкляны рэліквярый) і чытае малітвы аб Божым благаслаўленні жанчыны, якая мае нараджаць і будзе прасіць Бога – Крыніцу ўсялякага жыцця – аб шчаслівых родах. Затым адбываецца асвячэнне вады. Гэтую ваду можна піць, калі яна свежая ў дзень асвячэння, аднак, калі яе бяруць з касцёла пазней, то звычайна жанчыны абмываюць ёю твар, дакранаюцца пальцамі, робячы знак крыжа, або акрапляюць сябе ёю. У гэтым няма нічога дзіўнага ці магічнага. Сакрамэнталіі – устаноўленыя Касцёлам святыя знакі, прызначаныя для асвячэння людзей, рэчаў і розных жыццёвых акалічнасцяў праз малітву Касцёла. Яны чэрпаюць сваю плённасць з таямніцы Адкуплення, якая здзяйсняецца праз смерць і ўваскрасенне Хрыста. Аднак плённае выкарыстанне сакрамэнталіяў адбываецца праз моцную веру ў магутнасць Бога, які дзейнічае таксама праз заступніцтва сваіх святых. Сакраменталіі не дзейнічаюць аўтаматычна. Яны паказваюць, што дзеянне Хрыстовай ласкі ахоплівае ўсё жыццё чалавека і яго зямныя справы.

Нараджэнне дзіцяці – неймаверна важная падзея ў жыцці жанчыны. Таму не дзіўна, што ў такі вырашальны для парадзіх час мы шукаем асаблівай дапамогі ў Бога. 

Звычай асвячаць гэтую ваду быў вельмі распаўсюджаны ў мінулым, але і дагэтуль многія маці прыходзяць да езуітаў за асаблівым благаслаўленнем і бяруць з сабой ваду святога Ігнацыя. Гэтая пабожная практыка натхняецца духам глыбокай веры і жаданнем прысвяціць Богу новае жыццё праз заступніцтва святога Ігнацыя, трынаццатага дзіцяці Белтрана Янеза дэ Онаса-і-Лаёлы і Марыны Саэнз дэ Лікона-і-Бальда, – святога, які ўжо шматкроць выказаў сваю шчодрасць тым, хто з даверам прасіў і просіць яго заступніцтва падчас родаў.

Заступніцтва святога Ігнацыя

Традыцыя звяртацца да святога Ігнацыя як да заступніка парадзіх мае і гістарычныя падставы. У Рыме ў 1545 годзе Ігнацый суправаджаў сваімі заступніцкімі малітвамі падчас родаў жанчыну, якая жыла ў прыгожым Палаца Мадама каля плошчы Навона ў Рыме, дзе сёння размяшчаецца італьянскі сенат. У той час гэты палац быў рэзідэнцыяй Маргарыты Аўстрыйскай, пазашлюбнай дачкі імператара Карла V, вядомай як Маргарыта Пармская (1522-1586). Стаўшы ўдавой Медычы, яна выйшла замуж за Актавіа Фарнэзэ, герцага Пармскага і П’ячэнцы, пляменніка Аляксандра Фарнэзэ, які быў абраны Папам у 1534 годзе і прыняў імя Павел III. Гэты Папа прызначыў парыжскага таварыша Ігнацыя, айца Яна Баптыста Кадура, яе спаведнікам, а калі той памер, то Ігнацыя Лаёлу.

27 жніўня 1545 года айца Ігнацыя выклікалі ў Палаца Мадама, і ён правёў там амаль увесь дзень. Ён паспавядаў Маргарыту, яна з вялікай пабожнасцю прыняла камунію на святой Імшы. Ігнацый застаўся маліцца ў прыватнай капліцы палаца, пакуль ішлі роды. Нарадзіліся двое блізнят, першага з якіх адразу ж ахрысціла сама павітуха, даўшы яму імя Ян Карл (ён памёр праз некалькі месяцаў). Адчуваючы небяспеку для жыцця другога блізнюка, Ігнацый Лаёла ахрысціў яго ў прыватнай форме, даўшы яму імя Ян Павел. Пазней, падчас урачыстай цырымоніі хросту, якая адбылася 20 лістапада, яго назвалі Аляксандрам у гонар Папы, і пад гэтым іменем дзіця ўвайшло ў гісторыю. Хлопчык вырас і стаў знакамітым генералам Аляксандрам Фарнэзэ, які адзначыўся ў бітвах пры Лепанта і Жамблю. Усё сваё жыццё ён заставаўся вялікім абаронцам езуітаў і з некаторымі сябраваў. Маргарыта не забылася малітоўнага заступніцтва падчас сваіх цяжкіх родаў і пазней істотна падтрымлівала апостальскую працу айца Ігнацыя ў Рыме. Некалькі разоў яна дасылала яму 200-300 дукатаў для бедных. Яна хацела палегчыць цяжар беднасці езуітаў у Рыме, але святы Ігнацый ні разу не затрымаў нічога з таго, што атрымаў, і раздаваў тыя грошы бедным.

Слава яго заступніцтва распаўсюдзілася далёка за межы Вечнага горада. Гэты святы заступнік не пакідае без узнагароды тых, хто давярае Божай моцы, але заступаецца велікадушна і шчодра – асабліва ў тых выпадках, калі звычайных сродкаў недастаткова, і патрэбна вера, якая перастаўляе горы.

Малітва аб здароўі маці, дзіцятка і аб шчаслівых родах

Святы айцец Ігнацый, Бог выбраў цябе заступнікам жанчын падчас родаў.

Цяжарная, я з даверам прашу добрага Бога праз тваё заступніцтва, каб роды прайшлі шчасліва.

Няхай дарагое сэрцу дзіця, якое я прынясу на гэты Божы свет, будзе радасцю для маёй сям’і.

Божа, дай мне патрэбныя ласкі і сілы ў час родаў, каб пасля іх – шчаслівая і здаровая – я магла праслаўляць Бога разам з мужам і дзіцяткам, а табе, святы айцец Ігнацый Лаёла, дзякаваць за ласку заступніцтва і ўдалыя роды.

Амэн.

Станіслаў Гронь SJ

Па матэрыялах: https://jezuici.pl/2015/07/patron-rodzacych-matek-sw-ignacy-loyola/