Святы Ігнацый Лаёла, наш праваднік на рэкалекцыйным шляху, заахвочвае не толькі захоўваць добрыя ўражанні і ўспаміны, але і навучыцца “шукаць і знаходзіць Бога ва ўсім”. Аднак, як жа нам ўпэўніцца, што досвед рэкалекцый не знікне, калі мы вернемся да сваіх штодзённых абавязкаў, а будзе прыносіць плады? Прапануем сем ігнацыянскіх парад, якія дапамагаюць развіваць атрыманыя духоўныя дары.

1. Знайдзіце сваю малітоўную прастору – месца рэгулярных сустрэч з Богам

Падчас рэкалекцый вы ўпэўніліся, што і месца, і час уплываюць на малітву. Езус рэгулярна аддаляўся ў асобнае месца, каб памаліцца. Святы Ігнацый раіць свядома выбіраць месца, час і паставу цела, якія дапамагаюць малітве. Мы ўсе розныя, і сама прастора можа змяняцца на розных этапах жыцця, аднак яе варта шукаць.

Як гэта рабіць? Абярыце канкрэтнае месца ў сваім асяроддзі: гэта можа быць крэсла ў куце пакоя, святыня па дарозе на працу, лаўка ў парку або сцежка, па якой прыемна шпацыраваць у адзіноце. Няхай гэта будзе вашай прасторай, месцам, куды вы будзеце рэгулярна вяртацца для размовы з Богам. Не пакідайце намаганняў, старайцеся ставіцца да яе як да прывілеяванага месца, дзе заўсёды адбываецца сустрэча з Богам.

Прыклад з жыцця святых. Святы Ян Марыя Віяней, пробашч з Арса, знайшоў сваю “прастору” ў касцёле. Ён праводзіў там доўгія гадзіны ў малітве перад табернакулюмам. Адной ноччу парафіянін убачыў, як ён моліцца на каленях у цёмным касцёле, і спытаў: “Ксёндз-пробашч, што вы там робіце так позна?” Святы адказаў: “О, мой сябар, я наведваю Яго, а Ён наведвае мяне”.

Плод. Дзякуючы кожнай чарговай хвіліне малітвы гэтае месца будзе ўсё больш асацыявацца з Богам і размовай з Ім. Яно стане вашым духоўным прыстанкам, якарам, які дапаможа захоўваць сувязь з Богам сярод мітусні свету, вашым асабістым санктуарыем.

2. Захоўвайце звычай сустрэчы: штодзённы рахунак сумлення (прагляд дня)

Гэта фундамент. Не ідзецца пра доўгія, шматгадзінныя малітвы, але пра вернасць той чвэрці гадзіны напрыканцы дня, паколькі гэтая малітва дазваляе выразна ўбачыць, што Бог з намі штодня і няспынна запрашае да адносін.

Як гэта рабіць? Хвілінку-другую падзякуйце Богу за дары мінулага дня. Папрасіце святла Духа Святога, каб убачыць свой дзень Яго вачыма. Прыгледзьцеся, дзе і як Бог натхняў і вёў вас – у думках, словах і людзях. Заўважце моманты, калі вы адгукнуліся на Яго ласку, але таксама і тыя, калі вы быццам забыліся пра Яго. Папрасіце аб прабачэнні і ласцы на заўтрашні дзень. Пры неабходнасці зрабіце пастанову, прыміце канкрэтнае рашэнне на будучыню.

Прыклад з жыцця святых. У сваёй перапісцы Ігнацый неаднаразова рэкамендаваў рахунак сумлення як аснову духоўнага жыцця. Напрыклад, ён пісаў айцу Гераніму Надалю: “З усіх духоўных практыкаванняў рахунак сумлення найбольш спрыяе духоўнаму прагрэсу”. Ён часта паўтараў сваім сабратам, што калі б на працягу дня мелі час толькі на адно духоўнае практыкаванне, то павінны выбраць менавіта рахунак сумлення. Да гэтай практыкі заахвочваў не толькі святы Ігнацый, але і ўвесь Касцёл. У літургіі гадзін, цягам камплеты – апошняй малітвы дня – прадугледжаны час для асабістага рахунку сумлення.

Плод. Рахунак сумлення вучыць уважнасці да Божай прысутнасці. Ён дзейнічае быццам компас, які штодня наноў арыентуе сэрца на Бога. З часам не толькі падчас рахунку сумлення, але і ў любую пару дня, вы пачнеце заўважаць Божую ласку і блізкасць.

3. Прыміце рашэнне і выконвайце яго

Рэкалекцыі часта заканчваюцца канкрэтным рашэннем або цвёрдай пастановай у важнай справе. Не дазваляйце гэтаму заставацца толькі пустой дэкларацыяй. Варта прадугледзець крокі, якія дапамогуць на шляху да святасці.

Як гэта рабіць? Акрэсліце сваё рашэнне выразна і канкрэтна. Не агулам “стану лепшы”, а, напрыклад, “буду тэлефанаваць бацькам раз на тыдзень” або “кожную раніцу буду чытаць Евангелле дзесяць хвілін”. Запішыце сваё абяцанне і папрасіце Бога даць сілы рупліва яго выконваць, нават калі знікне ахвота. Пасля таго, як удасца ўвесці гэты звычай, можаце фармуляваць наступную пастанову.

Прыклад з жыцця святых. Святая Тэрэза з Лізьё і яе “малы шлях” – гэта прыгожы вобраз вернасці Богу ў будзённых, здавалася б, нязначных справах. Добрым прыкладам гэтага была яе барацьба з раздражненнем на адну з сясцёр у кляштары. Гэтая сястра шумела сваім ружанцам падчас малітвы, што не толькі перашкаджала Тэрэзе засяродзіцца, але і выклікала ў ёй гнеў. Замест таго, каб злавацца, яна вырашыла акружыць гэтую сястру асаблівай любоўю, маліцца за яе і дарыць ёй кожную ўсмешку. Гэта было не аднаразовае рашэнне па важнай справе, але серыя выбараў у дробязным пытанні.

Плод. Вернасць у малых рэчах будуе сапраўдную свабоду і фармуе характар ​​на ўзор Хрыста.

4. Распазнавайце “духа часу”: вучыцеся адрозніваць добрых і злых духаў

На рэкалекцыях вы вучыліся адрозніваць рухі добрага духа ад рухаў злога. Аднак прыгода не заканчваецца. Кожны дзень праз нашыя ўнутраныя станы Бог гаворыць з намі і падтрымлівае на шляху да дабра, а злы дух спрабуе з таго шляху нас звесці.

Як гэта рабіць? Калі вы адчуваеце неспакой, расчараванне або горыч (пакінутасць), спыніцеся. Гэта знак таго, што злы дух спрабуе адбіць у вас ахвоту працягваць добры шлях або накіраваць вас у адваротны бок. І наадварот, калі адчуваеце ўнутраны спакой, радасць, выразнае ўсведамленне Божай абароны і прысутнасці (суцяшэнне), – гэта знак дзеяння Святога Духа. Ідзіце за ім.

Прыклад з жыцця святых. Падчас выздараўлення пасля ранення святы Ігнацый адчуў дзеянне двух духаў. Калі ён марыў пра вялікія рыцарскія подзвігі і заваяванне сэрца пэўнай дамы, то адчуваў уздым, але пасля правальваўся ў пустэчу і незадаволенасць. Аднак, калі ён разважаў пра тое, як наследаваць святых і чыніць вялікія справы для Бога, доўгі час адчуваў глыбокую радасць. Гэтае параўнанне сталася для яго школай распазнавання.

Плод. Паступова вы пазнаеце свой унутраны свет і выразна дасведчыце, што Бог на вашым баку. Замест таго, каб быць марыянеткай уласных станаў і эмоцый, вы навучыцеся кіраваць імі, каб ісці да ўсё большага дабра.

5. Жывіце ў духу ўдзячнасці

Удзячнасць – гэта проціяддзе ад эгаізму, расчаравання і пакрыўджанасці. Яна вучыць пакоры, паказваючы, як багата мы атрымліваем і як шмат нам патрэбна: мы не самадастатковыя. Бог безупынна дае нам дары: праз жыццё, якое атрымліваем, праз людзей, якіх сустракаем, праз бясконцыя магчымасці памнажаць дабро.

Як гэта рабіць? Пачніце з малога. Дзякуйце за кубак кавы, за ўсмешку дзіцяці, за дождж, які палівае зямлю. Вядзіце “дзённік удзячнасці”, занатоўваючы ўвечары тры рэчы, за якія вы ўдзячныя Богу ў гэты дзень.

Прыклад з жыцця святых. Святы Філіп Нэры часта практыкаваў радасную падзяку за Божую прысутнасць. Ён вучыў тых, хто прыходзіў да яго на споведзь, дзякаваць Богу нават за цяжкі досвед і прыніжэнні, бо праз такія перажыванні становяцца больш цярплівымі і пакорнымі. Яго малітва часта была спантанным выбухам удзячнасці.

Плод. Удзячнае сэрца – адкрытае і радаснае. Вы заўважыце, колькі дароў Бог дае штодня, а з гэтага ўсведамлення народзіцца жаданне самім стаць дарам. Удзячнасць вядзе да больш блізкага сяброўства з Богам, а таксама да глыбейшых і прыгажэйшых адносін з людзьмі.

6. Заставайцеся ў еднасці з Касцёлам: Эўхарыстыя і супольнасць

Адносіны з Богам маюць супольнаснае вымярэнне. Чалавек – не выспа, таму вам патрэбныя іншыя людзі, каб жыць верай і ўзрастаць у ёй.

Як гэта рабіць? Няхай нядзельная Эўхарыстыя стане абавязковай часткай вашага тыдня – імкніцеся ўдзельнічаць у ёй больш свядома і актыўна. Вы таксама можаце нечым паслужыць: напрыклад, стаць лектарам, харыстам або міністрантам. Варта таксама пашукаць невялікую супольнасць – парафіяльную групу, біблійную суполку, сябра на шляху веры.

Прыклад з жыцця святых. Першыя хрысціяне. У Дзеях Апосталаў (2, 42.46-47) мы чытаем: “Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах. Штодня збіраліся аднадушна ў святыні і, ламаючы дома хлеб, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,
праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народу”. Мы бачым не проста пабожную практыку, а лад жыцця. Язычнікі, назіраючы за імі, казалі з захапленнем: “Глядзіце, як яны любяць адно аднаго!” Супольнасць, сабраная вакол Эўхарыстыі (на “ламанне хлеба”) і напоўненая ўзаемнай зычлівасцю, прыцягвала тых, хто сутыкаўся з ёю.

Плод. Вашая вера будзе ўсё больш грунтавацца на супольнасці Касцёла, а не толькі на асабістых адчуваннях. Гэта дасць вам мацнейшае пачуццё прыналежнасці і прыняцця ў групе. Разам з тым, дадасць сілы і навучыць пакоры.

7. Будзьце для іншых, будзьце “чалавекам для іншых”

Канчатковы плод сустрэчы з Хрыстом – любоў, якая праяўляецца ва ўчынках. Як сведчыць святы Павел: “Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто” (1 Кар 13, 2). Канчатковым крытэрыем нашага шляху да святасці з’яўляецца любоў: клопат пра дабро тых, хто поруч з намі ў нашай штодзённасці.

Як гэта рабіць? Шукайце канкрэтныя магчымасці, выкарыстоўвайце любы зручны выпадак, каб чыніць дабро. Дапамога супрацоўніку, цярплівае слуханне блізкіх, валанцёрства, прыязная ўсмешка касіру. Глядзіце на людзей вачыма Езуса.

Прыклад з жыцця святых. Маці Тэрэза з Калькуты на пытанне, як ёй удаецца так гераічна дапамагаць тысячам людзей, адказала: “Я не стараюся дапамагчы тысячам. Я спрабую дапамагчы аднаму чалавеку. З любоўю. А потым наступнаму. І наступнаму”. Аднойчы яна падняла паміраючага чалавека з канавы. Хтосьці сказаў: “Навошта вы гэта робіце? Ён і так памрэ”. Яна адказала: “Я хачу, каб ён памёр у нечых абдымках, а не як безыменная жывёліна на вуліцы”.

Плод. Вашая вера стане годнай даверу і адчувальнай. Вы на сабе пераканаецеся ў праўдзівасці слоў Хрыста: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!”
(Дз 20, 35).

Падсумаванне

Не ад’язджайце з рэкалекцый са страхам, што ўсё перажытае тут і заканчваецца. Усё толькі пачынаецца! Вазьміце гэтыя сем парад як духоўную аптэчку першай дапамогі. Будуць дні, поўныя запалу, і будуць іншыя, пранізаныя сухасцю і расчараваннем. Тады скарыстайцеся хаця б адной з парад. У канцы духоўных практыкаванняў святы Ігнацый раіў азірнуцца назад і сабраць “духоўныя плады”. Запішыце прынамсі адну найважнейшую думку, ласку ці асаблівы вобраз з рэкалекцый. Няхай гэта будзе вашай духоўнай апорай, да якой будзеце вяртацца ў хвіліны сумневаў. Няхай Бог, які пачаў у вас гэтую добрую справу, давядзе яе да канца. І няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, якая “захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19), навучыць вас, як насіць Божае слова ў штодзённасці, каб яно магло даспела ў вас і прынесла багаты плён.

Ad Maiorem Dei Gloriam! Дзеля большай хвалы Божай!

а. Чэслаў Васілеўскі SJ

Крыніца: Siedem wskazówek, by rekolekcje owocowały w codziennym życiu » Medytuj SŁOWO

Выява: Pexels.com