Звярніце ўвагу: у артыкуле ёсць спойлеры.
Я заўсёды любіў фільмы Marvel: гэта займальныя гісторыі, поўныя дынамікі, прыгод і супергерояў. Мне даспадобы гсторыі, знітаваныя з глыбокімі рэаліямі жыцця. “Вартавыя Галактыкі” даследуюць, як людзі, перажыўшы столькі пакут і разбурэнняў, могуць аб’яднацца і стварыць сям’ю. Ад “Жалезнага чалавека” да “Мсціўцаў: Фінал”, Тоні Старк трымаецца той жа лініі, што і святы Ігнацый Лаёла ў сваім жыцці: Тоні пачынае як самазакаханы мільярдэр і тэхналагічны магнат, але ягонае жыццё пераварочваецца з ног на галаву, і ў рэшце рэшт ён становіцца бацькам, здольным на любоў і самаахвярнасць дзеля іншых. Фільм “Чалавек-павук: Новы дзень” – не выключэнне. Ён закранае тэму змагання за ідэнтычнасць, з якой мы ўсе сутыкаемся, і прапануе адказ, які не толькі грэе душу, але і паказвае глыбокую духоўную праўду, якую варта пачуць нам усім: праўду, што цябе любяць.
У фільме “Чалавек-павук: Новы дзень” Пітэр Паркер спрабуе пачаць новае жыццё, у якім ніхто не памятае пра ягонае існаванне, нават тыя, каго ён любіць. Яму даводзіцца самому шукаць сваю ідэнтычнасць, каб высветліць, хто ён такі. Ён знаходзіць нейкае задавальненне, ці прынамсі сэнс, у тым, каб быць добрасуседскім Чалавекам-павуком, які дапамагае паліцыі лавіць злачынцаў. Аднак ён адчувае ў сабе перамену, новую і адначасова страшную і небяспечную. Узровень павуковых гармонаў павышаецца, у выніку чаго павялічваецца павуковая біялогія і час ад часу нават бярэ верх. У такіх выпадках ён становіцца больш магутным, але таксама больш лютым і знішчальным, бо не можа ясна думаць. У ім уключаюцца павукападобныя інстынкты самазахавання, скіраваныя на тое, каб любым коштам абараніць яго. Так адбываецца падчас сутычкі са Скарпіёнам (якім насамрэч кіруе Джын Грэй). Павуковыя інстынкты бяруць верх, і ён кідае Скарпіёна на паліцэйскую машыну, параніўшы нявінную супрацоўніцу паліцыі. Чалавек-павук працягвае помсціцца Скарпіёну, хоць і ведае, што той не з’яўляецца сапраўднай пагрозай. Ачуняўшы ж, з больш яснай галавой, адчувае віну і разгубленасць з прычыны таго, што нарабіў. І не ведае, як далей быць з гэтым “монстрам” у сабе.
Хоць ніхто з нас не з’яўляецца Чалавекам-павуком, я думаю, што паміж ягоным і нашым жыццём ёсць пэўныя паралелі. Мы ходзім па свеце, шукаючы свой шлях і саміх сябе, носім у сабе пытанні, хто мы і што нам рабіць. Вырастаючы ў каталіцкай веры, мы спрабуем рабіць дабро ў свеце праз дапамогу людзям. Мы падтрымліваем сяброў, ахвяруем грошы на дабрачыннасць, прысвячаем свой час і талент патрабуючым. Гэтак жа, як Пітэр знайшоў сэнс у тым, каб быць прыязным суседам-Павучком, мы робім добрыя справы, таму што хочам быць добрымі людзьмі і мець пачуццё мэты. Аднак заўсёды здольныя прынесці шкоду. У гэтым і ёсць рэальнасць граху. Мы адчуваем спакусу рабіць сябе больш важнымі, назапашваць рэсурсы толькі для сябе, прыніжаць іншых, бо нам трэба заставацца на вяршыні. У ігнацыянскай духоўнасці гэта спакусы злога духа, ворага нашай чалавечай прыроды, які стараецца прымусіць нас замкнуцца ўнутры і думаць толькі пра сябе, паколькі відавочна, што ніхто іншы гэтага для нас не зробіць. На жаль, мы можам паддацца спакусе граху і ў моманце адчуць сябе мацнейшымі, але ў канчатковым выніку грэх вядзе да руйнавання адносін з людзьмі. Момант усведамлення ў кожнага свой. Святога Ігнацыя параніла гарматнае ядро, і з’явілася магчымасць паразважаць пра сваё мінулае. Святога Паўла паваліла на зямлю ззянне яркага святла. У прыпавесці пра марнатраўнага сына сказана, што, “апамятаўшыся”, ён задумаўся пра вяртанне да айца. У выпадку з Пітэрам паварот адбыўся ў момант, калі павуковыя інстынкты аслаблі, і ён зразумеў, што ў сваім змаганні са Скарпіёнам ён зрабіў балюча нявіннаму чалавеку. Напэўна кожны з нас зведаў хвіліны, калі мы ўсведамляем грахі, якія ўчынілі, і нас ахоплівае пачуццё віны і разгубленасці.
Тады ўзнікае пытанне, што рабіць? Я думаю, што многія з нас абіраюць падыход Пітэра: падаўленне. Занадта страшна ўсведамляць, што ўнутры нас ёсць “монстр”, і таму натуральным здаецца рух, каб задушыць яго. Не выпускаць. Калі трымаць яго ва ўнутранай пастцы, то ён не зможа нікому нашкодзіць. Гэта нібыта сапраўды працуе. Пітэру не трэба далёка шукаць прыкладу: у Бруса Бэнэра атрымліваецца быць звычайным прафесарам фізікі ва ўніверсітэце, пакуль ён мае на запясці свой гама-інгібітар, які стрымлівае Халка. Чаму б Пітэру не зрабіць свой уласны інгібітар павука? Чаму б і нам не прымусіць яго працаваць на нас? Фактычна, Пітэр можа зрабіць, і мы таксама. Але, шчыра кажучы, у пэўным сэнсе. Мы можам жыць далей, забываючыся пра свае грахі і вяртаючыся да таго, што мы рабілі раней, перш чым дапамагаць свету, але “монстр” заўсёды будзе хавацца ў глыбіні, чакаючы зручнага моманту, каб вырвацца. Спакуса зграшыць ёсць заўсёды. Больш за тое, пакуль Пітэр раздумвае, як заглушыць свае гены павука, Бэнэр задае яму вельмі глыбокае пытанне, якое мы павінны задаць сабе: “Як бы ты вырашыў… якія часткі прыроды добрыя ці дрэнныя? Што, калі ты спрабуеш кантраляваць праяўленне чагосьці, што неабходна праявіць?” Глыбокае пытанне пра духоўную праўду, якой, на маю думку, Бэнэр нават не разумее. Бо нават Хрыстус у прыпавесці пра каласоўнік і пшаніцу кажа дазволіць ім абодвум расці, і толькі ў канцы часоў будуць аддзелены адно ад другога. Праўда: мы такія, якія ёсць, з недахопамі ва ўсім. Нашую істоту нельга падзяліць на добрую і дрэнную, або, па меншай меры, Хрыстус для нас гэтага не жадае. Мы створаныя цэласнымі. І павінны знайсці спосаб жыць з самімі сабой.
Нам трэба знайсці шлях да паяднання. Падаўляючы частку сябе, мы дасягаем крытычнай кропкі: кропкі, калі мы ўжо не можам вытрываць з сабой з-за сваёй фрагментарнасці. У бітве Пітэра з Рукой (якой кіруе Джын Грэй), Джын спрабуе выклікаць у ім сумневы, кажучы, што насамрэч людзі не шануюць, не давяраюць, не любяць яго, а толькі ствараюць уражанне да той пары, пакуль могуць яго выкарыстоўваць. Таму ён павінен выбраць, хто ён: Пітэр Паркер, хлопчык, які спрабуе клапаціцца пра свет, ці Чалавек-павук, монстр. І вось, куды ж Пітэр ідзе шукаць адказ? Менавіта тут варта заўважыць глыбейшы духоўны аспект гэтага фільма. Пітэр зазірае ўнутр сябе. Ён не глядзіць на сябе з меркаваннем, што ён з’яўляецца адказам, бо гэта магло б стаць спакусай злога духа. Не, ён зазірае глыбока ў сябе. Ён шукае сутнасць, цэнтр таго, кім ён ёсць. Там ён сустракае Мэй, сваю цётку, якая заўсёды была для яго крыніцай падтрымкі. Не вельмі зразумела, ці ў яго засталіся ўспаміны, ці глыбокі духоўны досвед (або і тое, і другое), але ў гэтай сцэне, якая цалкам разгортваецца толькі пазней, ён дазваляе Мэй сказаць яму:
“Ты сапраўды асаблівы чалавек. І праз гэта, спадзяюся, ты будзеш адчуваць сябе напраўду цудоўна, але я ведаю, што часам так не будзе. Часам ты будзеш вельмі самотны. А часам менавіта таму, што ты асаблівы, людзі зробяць табе цёмныя і жахлівыя рэчы. Але я хачу, каб ты ведаў: ты прыгожы, і людзі, якія цябе любяць… мы любім цябе не таму, што ты асаблівы, мы любім цябе таму, што ты – гэта ты. Я хачу, каб ты пра гэта памятаў, нават калі адчуеш, што зусім адзін. Вось твая найглыбейшая адказнасць. Ніколі не забывайся пра гэта, незалежна ад таго, наколькі магутным ты станеш.”
Мэй запэўнівае, што ён заўсёды будзе варты любові: не за тое, што ён робіць, і не за тое, што ён асаблівы. Ён варты любові без ніякіх умоў. Гэта тая ж духоўная праўда, якую мы знаходзім у самым цэнтры сваёй істоты. У нашым цэнтры – Езус Хрыстус, які сядзіць побач і кажа, што мы вартыя любові без ніякіх умоў. Бог, які стварыў нас і называе сваімі дзецьмі, выдатна ведае нашыя хібы і памылкі, і ўсё роўна любіць нас. Набліжаючыся да свайго цэнтра, падчас малітвы, мы знаходзім сутнасць сваёй істоты, якую стварыў Бог, і бачым, што яна вартая любові. Мы бачым, што мы – істота, годная любові не дзякуючы таму, хто мы або што робім, а таму, што Бог стварыў нас на свой вобраз і падабенства. Мы – вартыя любові дзеці Божыя.
Менавіта гэтае ўсведамленне дазваляе Пітэру адказаць на пытанне Джын Грэй: “Я і тое, і другое [Пітэр Паркер і Чалавек-павук]”. Ён цалкам прыняў сябе тым, кім ёсць. Калі зноў прыгадаць пытанне Бэнэра: справа не ў кантролі, а ў любові – любові да ўсіх аспектаў асобы, якой Пітэр ёсць. Калі ён пачаў кіравацца сваім цэнтрам, сапраўднай любоўю (я б сказаў, Любоўю Божай), то не толькі атрымаў доступ да большай моцы, але мог паказаць іншым, што яны вартыя любові. Ягоныя вочы цяпер глядзяць глыбей за паверхню. Ён бачыць прыцягальную сутнасць людзей, таму здольны, дзякуючы пасланню Мэй, дапамагчы Джын Грэй зразумець, што яна вартая любові. Менавіта гэтая любоў дае Пітэру сілу прыняць кулю замест Грэй. І тады Мсцівец разумее, што сапраўдная сіла і мужнасць паходзяць з таго, што ён раней недаверліва называў “сентыментальнай лухтой”.
Так пачынаецца зусім Новы Дзень. Цяпер Пітэр здольны дзейнічаць з любові, якой поўніцца ягоны ўнутраны цэнтр і якая натхняе яго любіць іншых, а таксама, што нават важней, дазваляць іншым любіць яго. Калі мы ўсё гэта бачым на экране, узнікае і павінен узнікнуць прамень надзеі і жадання ў дачыненні да сябе, бо тут світае і наш Новы Дзень. Мы пакліканы ў малітве набліжацца да ўласнага цэнтра, дзе знаходзім, што Дух Хрыста быў пасланы ў нашыя сэрцы (Гал 4, 6). Святы Ігнацый на Чацвёртым тыдні “Духоўных практыкаванняў” засяроджваецца на ўваскрасенні Хрыста. Падчас малітвы мы пачынаем разумець, што не толькі вартыя любові, але і любімыя. Бог, які стварыў нас, дарэшты нас палюбіў і працягвае з любоўю працаваць дзеля нас. Калі мы пачынаем прымаць і жыць паводле свайго любаснага цэнтра, то пачынаем бачыць свет новымі вачамі: вачамі Хрыста. Тады можам дапамагчы іншым гэтаксама ўбачыць саміх сябе. Хрыстус – наш абсалютна Новы Дзень.
Кэвін Лі SJ
https://thejesuitpost.org/2026/08/spider-man-a-brand-new-day-and-the-search-for-god-within/