Як інтэграваць штучны інтэлект (ШІ) і іншыя віртуальныя тэхналогіі ў фармацыю езуітаў? Гэтае пытанне сабрала езуітаў (фарматараў, схаластыкаў) і свецкіх (партнёраў у місіі) з усяго свету на канферэнцыю ў кампусе Універсітэта Ганзага ў Фларэнцыі, з 5 па 12 ліпеня 2026 года.

Большасць езуітаў, якія сёння знаходзяцца на этапе фармацыі, – “лічбавыя тубыльцы”: мы выраслі са смартфонамі і падключэннем да Інтэрнэту. Амаль у кожнага з нас ёсць акаўнты ў сацыяльных сетках. Наша праца, навучанне і жыццё ў супольнасці залежаць ад віртуальных тэхналогій – толькі падумайце, колькі мерапрыемстваў апосталькага служэння, школьных праектаў і сустрэч арганізуецца з дапамогай груп Whatsapp і Google Табліц? Колькі з нас узбагачаюць сваю малітву відэа на YouTube, біблійнымі прыкладаннямі і анлайн-брэвіярыямі? Безумоўна, тое самае можна сказаць пра езуітаў любога ўзросту.

ШІ, асабліва вялікія моўныя мадэлі (LLM), такія як ChatGPT і Claude, увайшоў у наш свет і хутка змяніў яго. Вялікія мадэлі змяняюць спосаб таго, як мы думаем, пішам, ствараем, вучымся, камунікуем і ўзаемадзейнічаем. Яны прымушаюць нас ставіць пытанні пра тое, што значыць быць чалавекам, свядомым і маральным. Іх уплыў на навакольнае асяроддзе і працу на ўсіх узроўнях ланцужка паставак ШІ ўжо набыў велізарныя памеры.

У кастрычніку 2025 года Папа Леў сустрэўся з Вышэйшымі настаяцелямі Таварыства і нагадаў ім пра пакліканне ісці на межы. Ён канкрэтна назваў штучны інтэлект адной з тых межаў, дзе “знаёмых карт ужо недастаткова”. Яго першая энцыкліка Magnifica Humanitas канкрэтна разглядае некалькі пытанняў, звязаных з ШІ, у святле каталіцкага сацыяльнага вучэння і задае пытанне: які свет (менавіта гэты свет, у якім ёсць ШІ) мы хочам будаваць?

ШІ і віртуальныя тэхналогіі ўплываюць на жыццё на ўсіх узроўнях. У выпадку езуітаў у фармацыі, ён уплывае на малітву, супольнасць, акадэмічнае і апостальскае жыццё. Ён стаўся часткай кантэксту, у якім жыве і служыць усё Таварыства. Таму мы сабраліся ў Фларэнцыі, каб крытычна разгледзець і абмеркаваць рэаліі ШІ і езуіцкай фармацыі.

Кожны дзень быў прысвечаны рознай тэматычнай вобласці. У першы дзень быў закладзены падмурак праз даследванне сумеснай эвалюцыі тэхналогій і рэлігіі, а таксама духоўнае жыццё “лічбавых тубыльцаў”. На другі дзень разглядалася палітыка і практыка выкарыстання смартфонаў у езуіцкіх дамах, дзе адбываецца фармацыя. На трэці дзень разбіралі, як інтэграваць ШІ ў езуіцкую педагогіку (напрыклад, як выкарыстоўваць ШІ ў класе або ацэньваць студэнтаў, якія маюць доступ да генератыўнага ШІ). На чацвёрты дзень –  як інтэграваць ШІ ў езуіцкае апостальства, напрыклад, ці можна і якім чынам яго выкарыстоўваць для напісання гамілій.

Пяты дзень быў прысвечаны глабальным этычным пытанням ШІ, у прыватнасці масіўным ланцужкам паставак ад шахтаў да цэнтраў апрацоўкі даных і смартфонаў. На шосты дзень была магчымасць прыгледзецца да адносінаў з самім ШІ, у тым ліку патэнцыял медыцынскіх робатаў на аснове ШІ, псіхолагаў, сяброў ці нават рамантычных партнёраў. Скрозь усе развагі навуковыя пытанні адносна таго, як насамрэч працуе ШІ, перамяжоўваліся з філасофскімі пытаннямі аб анталагічнай і эпістэмалагічнай прыродзе ШІ. На сёмы дзень, акрамя адпачынку, мы спрабавалі даць ацэнку канферэнцыі і выпрацаваць шляхі руху наперад.

З канферэнцыі я вынес некалькі важных высноў. У цэлым, я выразна ўсвядоміў, што нам трэба ўзаемадзейнічаць з гэтай новай рэальнасцю, якая мае моц і змяняе свет. Нашая духоўнасць – гэта дар, які дапамагае знайсці сэнс у нявызначанасці, скіроўвае нашую этыку дзеля дасягнення справядлівасці і напаўняе верай, што Бог пэўным чынам працуе ва ўсім гэтым. Я адчуў запрашэнне “выпацкаць рукі” і далучыцца да тых, хто працуе на будаўнічай пляцоўцы сучаснага свету.

У прыватнасці, мяне ўразіла ўсюдыіснасць ланцужка паставак. ШІ – гэта не проста праграма на нашым тэлефоне, а кобальтавыя шахты, фабрыкі чыпаў, цэнтры апрацоўкі даных, якім патрэбна вада, здабывальнікі і маркіроўшчыкі даных, алгарытмы, смартфоны і электронныя адходы. Гэта рэсурсы, чалавечая праца, энергія. Ці ўсведамляем мы ўплыў ШІ, якім карыстаемся, на навакольнае асяроддзе і чалавецтва? Ці дапамагае ШІ пабудаваць больш справядлівы свет, ці ён пагаршае глабальную няроўнасць?

Мяне захапілі новыя навуковыя і філасофскія пытанні, якія падымае ШІ. Мадэлі ШІ здольныя да абстрактных паняццяў і, здаецца, развіваюць рысы характару. Важна, каб іх навучанне было этычным. Але як і з дапамогай якой этычнай сістэмы? І, дарэчы, што яны сабой уяўляюць анталагічна? Ці што-небудзь адчуваюць? Ці яны ведаюць, ці проста апрацоўваюць даныя? Ці могуць дапамагчы нам ведаць, пазнаваць і разумець? Ці маюць яны свядомасць? Што такое свядомасць наогул?

Практычныя пытанні, звязаныя з ШІ, я таксама лічу вельмі карыснымі. Ці варта нам спрабаваць цалкам выключыць ШІ з вучэбнага класа, ці мы можам навучыць мадэлі быць для настаўнікаў памочнікамі, якія паляпшаюць, а не пагаршаюць чалавечае мысленне? Ці павінны святары выкарыстоўваць ШІ для напісання гамілій, і калі так, то як? Ці павінны яны паведамляць пра гэта парафіянам? Як прапанаваць духоўнае суправаджэнне людзям, якія ўжо абмеркавалі свае праблемы з чат-ботам на базе ШІ? Ці не робіць ШІ нашае жыццё занадта гладкім і спрошчаным? Якую ролю ў духоўным росце адыгрываюць запавольванне, непаразуменні і эмацыйныя шурпатасці?

Папа Леў супрацьпастаўляе вобраз Бабілёнскай вежы адбудове муроў Ерузалема, якую ажыццявіў Нэемія. У нас ёсць выбар. Ці будзем мы стаяць убаку, пакуль на нашых вачах узводзіцца вежа дзеля дасягнення ўлады, ці ўсё ж далучымся да будаўніцтва, у цэнтры якога знаходзіцца Бог і чалавецтва, а стылем з’яўляецца удзел і еднасць? Гэта вялікае запрашэнне сучаснасці. Не будзем жа баяцца выпацкаць рукі за працай.

Шон ван Стадэн SJ

Крыніца: https://www.jesuits.global/2026/09/07/artificial-intelligence-and-jesuit-formation/