З 30 жніўня па 5 верасня ў Рыме сустракаліся езуіты-інструктары трэцяй прабацыі (Tertianship). Яны з’ехаліся з розных частак свету, дзе ёсць Таварыства Езуса, каб паразважаць пра сучаснасць і будучыню гэтага важнага этапу. Сустрэча дала магчымасць абмеркаваць пытанні адпаведнасці праграм трэцяй прабацыі сваёй мэце ў жыцці Таварыства сёння.
Трэцяя прабацыя
Трэцяя прабацыя, якую часта называюць “Школай сэрца”, уяўляе сабой унікальны этап на шляху езуіта і наступае праз колькі год пасля пасвячэння, навучання і жыцця ў супольнасці, а таксама апостальскага служэння. Гэта час духоўнага пераасэнсавання, глыбокай паўзы, гэта шанец вярнуцца да вытокаў ігнацыянскай духоўнасці.
“Школа сэрца” рыхтуе мужчын да прынясення апошніх абяцанняў, але больш глыбокая яе мэта – духоўная інтэграцыя. Езуіт на той час нясе на сабе цяжар мінулых гадоў: фармацыя ўжо ў значнай ступені завершана, а жыццё ў асноўным ўжо прысвечана дарэшты. Трэцяя прабацыя запрашае азірнуцца назад і заглыбіцца ў сябе, каб аднавіць візію святога Ігнацыя, прымірыць ідэалы маладосці з рэальнасцю, з якой давялося сутыкнуцца, і абнавіць свой фундаментальны адказ на Божы заклік.
Інструктары трэцяй прабацыі нясуць адказнасць за садзейнічанне гэтаму працэсу абнаўлення. Яны суправаджаюць удзельнікаў праз малітву, распазнаванне, шчырыя разважанні пра ласкі і пра цяжкасці жыцця і служэння.
Спачатку “экзамен”
Сустрэча пачалася з рахунку сумлення, т. зв. “ігнацыянскага экзамену” ўласнага досведу саміх настаўнікаў. Яны падзяліліся ласкамі, атрыманымі падчас служэння, а таксама цяжкасцямі, якія сустрэліся на шляху. Досвед працы з людзьмі з розных асяроддзяў і культур, з розным жыццёвым кантэкстам і ўзроўнем асабістага і апостальскага развіцця, даў багаты матэрыял для малітвы і рэфлексіі.
На працягу тыдня інструктары вызначылі агульныя праблемы, якія стаяць перад праграмамі трэцяй прабацыі ва ўсім свеце, і абмеркавалі найлепшыя метады вырашэння як структурных, так і больш тонкіх выклікаў, з якімі ім даводзіцца сутыкацца.
Важным аспектам сустрэчы стаў паглыблены роздум над тым, як гэты этап бачыў сам святы Ігнацый. Канстытуцыі выразна вызначаюць мэту трэцяй прабацыі, аднак сёння інструктары нясуць адказнасць за тое, каб зрабіць гэтае бачанне сэнсоўным і жывым для кожнага новага пакалення езуітаў. Такім чынам, настаўнікі абмеркавалі практычныя рэсурсы, педагагічныя падыходы і спосабы выкарыстання Канстытуцый у праграмах трэцяй прабацыі, каб павысіць эфектыўнасць свайго служэння.
Адным з найважнейшых момантаў сустрэчы стала сесія з айцом генералам, якая адбылася на другі дзень. Інструктары падзяліліся з айцом Артура Сосам пладамі праведзенага “экзамену”, а таксама тым, што яны заўважаюць у езуітах, накіраваных на трэцюю прабацыю, і тым, пра што гэтыя назіранні могуць сведчыць у кантэксце фармацыі ў Таварыстве наогул. У апошні дзень сустрэчы адбылася яшчэ адна размова з айцом генералам, на якой удзельнікі падсумавалі вынікі тыдня і сумесна вылучылі магчымасці для паляпшэння супрацоўніцтва і павышэння эфектыўнасці служэння ў “Школе сэрца”.
Сустрэча паказала важнасць служэння менавіта настаўніка трэцяй прабацыі ў вялізным абшары езуіцкай фармацыі. Дзякуючы ўважліваму слуханню, малітве і шчыраму суправаджэнню, інстуктары дапамагаюць езуітам вярнуцца да сутнасці свайго паклікання і падрыхтавацца да больш поўнага прысвячэння сябе місіі. Праца інстуктараў адлюстроўвае грунтоўнае перакананне: спосаб, якім Таварыства фармуе сваіх членаў, мае агромністае значэнне. Па сваёй аснове, езуіцкая фармацыя з’яўляецца справай чалавечай сустрэчы, укаранёнай у адносінах, малітве і распазнаванні.
“Школа сэрца” працягвае сваю дзейнасць. І дзякуючы адданым інструктарам, якія дзеляцца досведам і мудрасцю, трэцяя прабацыя застаецца прасторай, дзе езуіты могуць сустрэць не толькі харызму, але і жывога Бога, які кліча іх усё глыбей у місію.