24 верасня 2026 года завяршыла сваю працу кангрэгацыя Велікапольска-Мазавецкай правінцыі Таварыства Езуса, распачатая 21 верасня. Дэлегаты Кангрэгацыі ў складзе пяцідзесяці чалавек сабраліся ў калегіуме езуітаў у Гдыні, каб абмеркаваць стан правінцыі і неабходныя крокі на бліжэйшыя гады дзеля больш эфектыўнай рэалізацыі місіі ордэна і адказу на выклікі сучаснасці. Кангрэгацыя таксама абрала езуіта, які прыме ўдзел у 72-й кангрэгацыі пракуратараў Таварыства Езуса, скліканай на кастрычнік 2027 года. Ім стаў а. Роберт Данелюк SJ. Яго намеснікам быў абраны а. Павел Буцкі SJ.

Перад айцом-доктарам Робертам Данелюкам SJ стаіць няпростая задача. Перад паездкай на кангрэгацыю пракуратараў у Інданэзію яму давядзецца падрыхтаваць справаздачу аб стане правінцыі, якая распасціраецца ад Грэнландыі да Кітая, і дзеля гэтага ён будзе наведваць супольнасці і ўстановы ордэна ў Польшчы, Даніі, Расіі, Кыргызстана і Беларусі. Па адукацыі ён гісторык, больш за 20 гадоў адпрацаваў у архіве Таварыства Езуса ў Рыме. Ягоны намеснік заменіць яго, калі па сур’ёзных прычынах той не зможа прыняць удзел у кангрэгацыі пракуратараў у наступным годзе.

Злева: а. Роберт Буяк SJ, а. Роберт Данелюк SJ і а. Кшыштаф Дораш SJ

Удзельнікі кангрэгацыі Велікапольска-Мазавецкай правінцыі таксама абмеркавалі такія пытанні, як супольнае распазнаванне, супрацоўніцтва і нэтворкінг. Акрамя таго, яны выпрацавалі агульную пазіцыю адносна пытання, варта склікаць Генеральную кангрэгацыю ці пакуль што неабходнасці ў ёй няма. Выніковае рашэнне ў якасці вотуму кангрэгацыі правінцыі было накіравана ў Рым.

На адным з пасяджэнняў адмысловая камісія занялася папярэднімі планамі святкавання Года святога Андрэя Баболі. Завяршылася кангрэгацыя правінцыі сумесным спевам Te Deum.