29 верасня 2026 года, у свята арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, у рымскай базыліцы святога Паўла за мурамі адбылося ўрачыстае біскупскае пасвячэнне айца Энтані Коркарана SJ, ардынарыя Апостальскай адміністратуры Кыргызстана.
Новапасвячаны біскуп служыў у Кыргызстане ў якасці ардынарыя з 2017 года і цяпер стаў другім біскупам у гісторыі гэтай невялікай цэнтральнаазіяцкай краіны. Падзея мае асаблівае значэнне для нешматлікай каталіцкай супольнасці, якая існуе і развіваецца ў краіне, дзе дамінуючай рэлігіяй застаецца іслам. Галоўным пасвячаючым біскупам быў італьянскі місіянер кардынал Джорджыа Марэнга, апостальскі прэфект Улан-Батара, сталіцы Манголіі.
На цырымонію біскупскага пасвячэння ў рымскую базыліку, якая носіць імя Апостала народаў, сабралася вялікая колькасць католікаў з мноства краін. Акрамя прадстаўнікоў Касцёла ў Кыргызстане, прысутнічала значная колькасць кансэкраваных асоб, а таксама сябры і родныя новапасвячанага біскупа з ЗША. Згодна са старажытнай традыцыяй разам з галоўным пасвячаючым біскупам у цэлебрацыі пасвячэння павінны ўдзельнічаць яшчэ прынамсі два біскупы. Імі сталі амерыканскі кардынал Джэймс Харві, архіпрэзбітэр базылікі святога Паўла за мурамі, і арцыбіскуп Джордж Панамтундзіл, апостальскі нунцый у Казахстане, Кыргызстане і Таджыкістане. Урачыстую літургію канцэлебравалі восем біскупаў і амаль сто святароў, пераважна езуітаў, сабратоў біскупа Коркарана. Таксама ў вялікай колькасці былі прадстаўлены каталіцкія супольнасці з суседніх краін Цэнтральнай Азіі.
Акрамя гістарычнага вымярэння, якое гэтая падзея мае для Касцёла ў Кыргызстане, варта падкрэсліць яе важнасць для адносін паміж мясцовымі католікамі і мусульманамі. Прысутнасць на пасвячэнні Абдулазіза Закірава, Вярхоўнага муфція Кыргызстана (афіцыйнага лідара мусульман краіны), – беспрэцэдэнтны факт. Прыбыла і афіцыйная дзяржаўная дэлегацыя на чале з Талантбекам Ташыбекавым, кіраўніком Дзяржаўнага агенцтва па справах рэлігій і міжнацыянальных адносін пры Прэзідэнце Кыргызскай Рэспублікі. На працягу некалькіх дзён перад біскупскім пасвячэннем дэлегацыя разам з біскупам Энтані Коркаранам SJ правяла шэраг сустрэч, у тым ліку ў ватыканскай Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу.
Пачаткі сучаснай каталіцкай супольнасці ў Кыргызстане сягаюць часоў Другой сусветнай вайны. Адразу яна складалася пераважна з католікаў нямецкага, польскага, украінскага і беларускага паходжання. Першым апостальскім адміністратарам для Кыргызстана быў біскуп Мікалай Месмер SJ (2006–2016 гг.). Другім каталіцкім біскупам у гісторыі гэтай місійнай тэрыторыі стаў таксама езуіт. Агульная колькасць католікаў у Кыргызстане не перавышае 1,5 тысячы вернікаў.
Біскуп Энтані Коркаран SJ нарадзіўся 19 красавіка 1963 года ў горадзе Тусон (штат Арызона, ЗША). Вывучаў паліталогію ў Маркетскім універсітэце ў Мілуокі, міжнародную палітычную эканомію развіцця ва Фордхэмскім універсітэце ў Нью-Ёрку, тэалогію ва Уэстанскай Школе тэалогіі ў Кембрыджы ў Масачусэтсе.
Ён уступіў у навіцыят Таварыства Езуса 14 жніўня 1985 года, святарскае пасвячэнне атрымаў 8 чэрвеня 1996 года. Пасля пасвячэння ён працягнуў навучанне ў галіне духоўнасці ва Уэстанскай Школе тэалогіі; пасля завяршэння вучобы займаў наступныя пасады: рэктар Міждыяцэзіяльнай перадсемінарыі ў Новасібірску (1998–2000 і 2007–2008 гг.); духоўны айцец той жа семінарыі (2001–2005 гг.); пробашч парафіі святога Юзафа ў Бердску ў дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску (1998–2008 гг.); а таксама генеральны вікарый дыяцэзіі Перамянення Пана ў Новасібірску (1999–2008 гг.). У 2006 годзе ён атрымаў ступень доктара маральнай тэалогіі ва Уэстанскай Школе тэалогіі, а з 2009 па 2017 год выконваў абавязкі настаяцеля Незалежнага расійскага рэгіёна Таварыства Езуса. 29 жніўня 2017 года Папа Францішак прызначыў яго апостальскім адміністратарам у Кыргызстане. Нядаўна ён атрымаў грамадзянства Кыргызстана.
Рафал Булоўскі SJ
Фота: Янез Север SJ
Крыніца: https://jezuici.pl/2026/09/rzym-relacja-z-konsekracji-bp-anthonyego-corcorana-sj/