“Найбольшым суцяшэннем, якое ён тады атрымліваў, было глядзець на неба і на зоркі, што ён рабіў часта і доўга, бо дзякуючы гэтаму адчуваў у сабе велізарнае імкненне служыць нашаму Пану”.
З аўтабіяграфіі святога Ігнацыя
Айцец Ігнацый глядзеў на зоркі і знаходзіў суцяшэнне.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Крыстафер Клавій SJ, выкарыстоўваючы матэматыку для апісання рытмаў руху Сонца, Месяца і планет, выклаў грыгарыянскі каляндар.
Праз пяцьдзясят гадоў айцы Крыстаф Шайнер SJ, Арацыа Грасі SJ і Нікола Дзукі SJ канструявалі тэлескопы, наносілі на карты рух камет і сонечных плям, а таксама вялі дыскусіі з Галілеем.
Праз наступныя пяцьдзясят гадоў айцец Джавані Батыста Рычолі SJ склаў карту Месяца, даўшы яго кратэрам імёны піянераў астраноміі, – такіх як Каперніка, Кеплера і Галілея, – а таксама двух дзясяткаў езуітаў (у тым ліку сябе самога).
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Роджэр Боскавіч SJ прапанаваў тэорыю атамаў, а акрамя гэтага распрацоўваў новыя метады картаграфавання кручэння Сонца і планет.
Яшчэ праз пяцьдзясят гадоў айцец Максіміліян Хэл SJ назіраў праходжанне Венеры па дыску Сонца; гэтае назіранне дазволіла вызначыць маштаб Сонечнай сістэмы, стаўшы першай прыступкай той касмічнай лесвіцы, якая дапамагла вымераць адлегласць да зорак і ацаніць велізарныя памеры Сусвету.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Франчэска дэ Віка SJ адным з першых выкарыстаў тэлескоп для пошуку і вызначэння арбіт слабасвяцімых новых камет.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Анджэла Сэкі SJ выявіў сувязь паміж сонечнымі плямамі і зямным магнетызмам, апісаў паверхню Марса і вызначыў тое, што раней лічылася немагчымым для пазнання: хімічны склад зорак. Разам з тым ён распрацаваў сістэму класіфікацыі зорак, якая стала асновай сучаснай астрафізікі.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Ёган Хаген SJ узначаліў групу астраномаў, якія выкарыстоўвалі фатаграфію для вызначэння пазіцыі зорак на небе.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Алаіс Гатэрар SJ распрацаваў карты спектраў газаў, з якіх складаюцца зоркі.
Праз пяцьдзясят гадоў айцец Уільям Стогер SJ даследваў наступствы Вялікага выбуху, якія паддаюцца назіранню, і апісаў, як гэтая падзея была толькі адным з момантаў вечнага creatio ex nihilo – тварэння Сусвету з нічога.
“Сусвет” азначае ўсё, што існуе. З часоў Ігнацыя езуіты знаходзілі суцяшэнне ў Сусвеце – ва ўсім існуючым. У кожнай кропцы Сусвету, нанесенай імі на карту, яны знаходзілі Бога.
Брат Гай Кансальманьё SJ, дырэктар Ватыканскай абсерваторыі і прэзідэнт Фонду Ватыканскай абсерваторыі.
Крыніца: https://www.jesuits.org/stories/mappers-of-space-and-time/
Галоўная выява створана на аснове партрэта Крыстафера Клавія SJ