Габрыэль Лянкевіч нарадзіўся на Полаччыне. У 1745 г. уступіў у ордэн езуітаў. Вывучаў філасофію, багаслоўе ў калегіумах Нясвіжа і Варшавы, матэматыку і архітэктуру ў Віленскай езуіцкай акадэміі. У 1757 г. стаў святаром. Далейшую адукацыю ў галіне архітэктуры атрымаў у Рымскім езуіцкім калегіуме ў 1762–1765 гг. Пасля яго заканчэння выкладаў філасофію, архітэктуру і матэматыку ў Нясвіжы. У 1768 г. Лянкевіч прыбыў у Полацкі езуіцкі калегіум у якасці выкладчыка архітэктуры і кіраўніка будаўніцтва.
Калі паводле папскай булы 1773 г. быў скасаваны ордэн езуітаў, ён разам з Генеральным вікарыем Станіславам Чарневічам дамагаўся захавання дзейнасці езуітаў у межах Расійскай імперыі і адкрыцця ў Полацку навіцыяту (установы для падрыхтоўкі да ўступу ў ордэн). У 1782 г. Габрыэль Лянкевіч стаў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума, у 1785–1798 гг. выконваў абавязкі Генеральнага вікарыя ордэна езуітаў і прыкладаў шмат намаганняў для ператварэння Полацка ў буйны навуковы, мастацкі і пастырскі цэнтр, наладжваў сувязі паміж езуітамі Беларусі і Еўропы, садзейнічаў правядзенню рэформы па аднаўленні навучання ў езуіцкіх школах.
У якасці архітэктара Лянкевіч распрацаваў праекты многіх збудаванняў, у тым ліку праект новага будынка калегіума ў Полацку, праект перабудовы капліцы ў касцёле святога Яна ў Вільні. Меў выдатны збор кніг па архітэтуры, які перадаў у дар бібліятэцы Полацкай калегіі езуітаў.
Крыніца: анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”
На Ватыканскім радыё ў новым выпуску праграмы “У люстэрку вечнасці” мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра Габрыэля Лянкевіча, яго жыццё і спадчыну. Паслухаць можна па спасылцы: https://www.vaticannews.va/be/podcast/in-the-mirror-of-eternity/2026/10/gabriel-lenkiewicz-the-jesuit-architect.html
Галоўная выява ўзята з сайта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.