Дзесяць гадоў таму, увосень 2016 года, больш за 200 езуітаў, дэлегаваных з розных частак свету, сабраліся ў Рыме на 36-ю Генеральную кангрэгацыю (ГК36) Таварыства Езуса. Сустрэча стала важнай падзеяй у гісторыі ордэна і працягвае ўплываць на яго місію, кіраванне і дзейнасць. На ёй быў абраны новы генеральны настаяцель, айцец Артура Соса SJ, абмеркавана роля ордэна ў сучасным свеце на фоне пытанняў экалогіі, міграцыі, палітычнай палярызацыі, эканамічнай няроўнасці, секулярызацыі і інш. Дэлегаты ГК36 шукалі шляхі, як заставацца вернымі бачанню св. Ігнацыя і творча рэагаваць на ​​сучасныя рэаліі. Адным з плёнаў той кангрэгацыі сталі Глабальныя апостальскія прыярытэты, зацверджаныя ў 2019 годзе пасля працэсу распазнавання ва ўсім Таварыстве: паказваць шлях да Бога праз духоўныя практыкаванні, быць побач з адкінутымі, спадарожнічаць моладзі і клапаціцца аб нашым агульным доме.

Адзін з удзельнікаў, айцец Том Грын SJ дзеліцца ўспамінамі пра ГК36 і сваімі назіраннямі за развіццём асноўных тэм абмеркаванняў. 

Цяжка паверыць, што прайшло ўжо дзесяць гадоў пасля ГК36. Што мне найбольш запомнілася? Спрабуючы ў думках узнавіць атмасферу той падзеі, я перадусім адчуваю глыбокае суцяшэнне і ўдзячнасць за магчымасць прыняць удзел у такім сходзе, напоўненым ласкай. Я памятаю, як кожную раніцу перад пачаткам пасяджэнняў сядзеў у зале і назіраў, як дэлегаты, якія прыбылі з усяго свету, заходзяць, вітаюцца, размаўляюць, жартуюць, задаюць пытанні і рыхтуюцца да працы. Эмоцыі і думкі, якія ўзнікалі тады, дагэтуль захавалі сваю моц: мне хацелася б, каб кожны езуіт мог перажыць досвед Генеральнай кангрэгацыі. Па маіх адчуваннях, Таварыства сталася б больш лагодным і добразычлівым. Вядома, бывалі моманты, калі хацелася сказаць: “Забярыце мяне адсюль!”, бо сапраўды цяжка вытрымліваць бясконцыя спрэчкі наконт даданых сказаў у пятым варыянце праекта дэкрэта! Аднак гэтыя моманты лёгка адыходзілі на другі план перад такімі падзеямі, як murmuratio (час прыватных камунікацый адзін на адзін), Імша да Духа Святога перад выбарамі генерала, візіт і прамова Папы Францішка, а таксама штодзённая сумесная малітва і час, праведзены з сабратамі з усяго свету, з’яднаных імкненнем працаваць на карысць Таварыства.

Гэтыя ўспаміны ўзнікаюць у першую чаргу, але ГК36 пакінула пасля сябе не толькі іх – яна акрэсліла шлях дзейнасці Таварыства ў цяперашні час: больш вернае супольнае распазнаванне, лепшае і глыбейшае супрацоўніцтва і больш мэтанакіравы нэтворкінг  (або стварэнне сеткі сувязяў).

Часта кажуць, што тыя, хто не памятае мінулага, асуджаныя яго паўтараць; у выпадку з ГК36 я б удакладніў гэтую думку: мы памяталі мінулае і адчулі натхненне крэатыўна яго паўтарыць. Мы сур’ёзна паставіліся да гістарычнага і духоўнага досведу першых езуітаў у Венецыі і задаліся пытаннем, як той значны момант мінулага можа стаць урокам для Таварыства ў 2016 годзе. Асабіста мне гэты працэс рэфлексіі дапамог сфармуляваць ключавыя паняцці ГК36, якія характарызуюць езуіта і езуіцкую працу: распазнаванне, супрацоўніцтва і нэтворкінг. Гэта ідэі не новыя, аднак раней яны не разглядаліся як істотныя складнікі нашай місіі ў адрозненні, напрыклад, ад адукацыі ці манаскага жыцця, якія абмяркоўваліся на папярэдніх генеральных кангрэгацыях. Звярнуўшыся зноў да вопыту першых езуітаў, удзельнікі ГК36 адчулі супольны заклік паглыбіць рэфлексію Таварыства адносна таго, як мы распазнаём, супрацоўнічаем і ствараем сеткі ўзаемадзеяння.

Наступныя дзесяць год паказалі, што гэтыя фундаментальныя дзеянні па распазнаванню, супрацоўніцтву і нэтворкінгу сапраўды з’явіліся плёнам паслухмянасці Святому Духу. Узнятыя тэмы не засталіся ў сценах залы пасяджэнняў, а дапамаглі стварыць больш шырокі падыход да дзейнасці Таварыства, што асабліва выразна выявілася ў працэсе супольнага распазнавання, які прывёў да вылучэння Глабальных апостальскіх прыярытэтаў. Абноўлены і больш інклюзіўны спосаб дзейнасці таксама можна заўважыць і ў жыцці Касцёла, у якім цяпер больш вагі надаецца сінадальнасці і імкненню да яе.

Глабальныя апостальскія прыярытэты ўключылі езуітаў з усіх правінцый і рэгіёнаў, нашых паплечнікаў па місіі і разнастайныя сеткі ў супольнае распазнаванне, якое прывяло да вызначэння чатырох ключавых напрамкаў нашай сучаснай місіі, якія былі зацверджаныя Папам Францішкам, а нядаўна – і Папам Львом XIV. Таварыства таксама паглыбіла практыку супольнага распазнавання падчас дыскусій наконт абяцання беднасці і распрацоўкі планаў дзейнасці правінцый.

Нашае разуменне супрацоўніцтва таксама эвалюцыянавала. Айцец генеральны настаяцель часта казаў пра тое, што трэба “быць супрацоўнікамі” ў місіі Таварыства, а не проста “мець супрацоўнікаў”. Гэты тонкі, але важны зрух павялічыў нашае ўсведамленне ролі свецкіх супрацоўнікаў, якія падтрымліваюць і развіваюць місію разам з езуітамі ці нават у іх адсутнасць. Калі меркаваць па сустрэчы вышэйшых настаяцеляў, што адбылася ў 2025 годзе, гэтая сфера патрабуе далейшага асэнсавання, паколькі супрацоўніцтва са свецкімі ўсё больш пашыраецца і, магчыма, некалі яны будуць прымаць удзел у кіраванні некаторымі правінцыямі.

Сеткі і працэс іх стварэння таксама сталеюць. Перафразуючы словы айца Сосы, мы пераходзім ад стану “мець сеткі” да стану “быць сеткамі”: нашыя сеткі з’яўляюцца нечым большым, чым проста сукупнасцю ўстаноў, згрупаваных у спісы электроннай пошты, члены якіх збіраюцца разам двойчы на ​​год. Цяпер мы бачым, як сеткі сумесна працуюць над агульнымі тэмамі, дзеляцца рэсурсамі і мабілізуюць супольнасці для аказання дапамогі пасля стыхійных бедстваў. Наперадзе яшчэ шмат працы, але стварэнне сапраўдных і дзейсных сетак абнадзейвае.

Завяршаю так, як і пачынаў: згадкай пра вялікі дар магчымасці ўдзельнічаць у генеральнай кангрэгацыі. У часы, калі засталося няшмат міжнародных арганізацый, здольных сабрацца разам без варожасці, а сусветныя лідары ​​занадта часта выкарыстоўваюць падобныя падзеі для крытыкі, папрокаў і пагроз, нас усіх павінен суцяшаць той факт, што езуіты ўсё яшчэ могуць сустракацца як сябры ў Пану. На мой погляд, менавіта да такога суцяшэння заклікаў нас імкнуцца Папа Францішак. Няхай так будзе і на наступных кангрэгацыях!

Том Грын SJ

Крыніца: https://www.jesuits.global/2026/10/07/the-enduring-legacy-of-general-congregation-36-discerning-collaborating-networking/