Назіранне за зоркамі можа быць формай малітвы, сцвярджае брат-езуіт Гай Кансальманьё. Не патрэбны тэлескоп, каб вывучаць і атрымліваць асалоду ад начнога неба, аднак светлавое забруджванне – гэта від граху; нашыя агні робяць нас сляпымі для Божага святла. У зорках мы знаходзім прыгажосць і далікатнасць, але трэба глядзець, каб убачыць.
Кніга Ёва, 9 раздзел: І сказаў Ёў у адказ: “…як апраўдаецца чалавек, перад Богам?… Ён адзін расцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. Ён стварае Арктур, і Арыён, і Гіяды, і скрытыя [зоркі] поўдня. Ён стварае вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку”.
Учора ўвечары я вынес свой малы тэлескоп на пляцоўку перад будынкам Ватыканскай абсерваторыі – тут, у папскіх летніх садах недалёка ад Рыма. Я прабыў там усяго хвілін пятнаццаць, вышукваючы колькі маіх улюбёных нябесных аб’ектаў: галактыку, падвойную зорку, туманнасць. Яны мае даўнія сябры, на якіх я глядзеў яшчэ ў дзяцінстве праз свой першы тэлескоп. Гэта было падобна на малітву.
І як прафесійны астраном, і як брат-езуіт, я знаходжу вялікую радасць і адчуванне Божай прысутнасці, калі мне ўдаецца выявіць нейкую тонкую праўду ў навуковых даных. Але акрамя прафесійнай дзейнасці, я таксама “аматар” – чалавек, які ўзіраецца ў неба проста з любові да яго. У сваіх даследаваннях я карыстаўся найбуйнейшымі тэлескопамі на Зямлі, але заўсёды знаходжу хвілінку, каб паглядзець на зоркі і праз свой невялікі аматарскі тэлескоп.
Калі я кажу, што глядзець на зоркі падобна на малітву, я разумею, што людзі могуць памылкова ўспрыняць мае словы, асабліва тыя, хто не мае звычкі маліцца. Я не кажу, што мінулай ноччу, гледзячы ў тэлескоп, я перажыў містычны досвед, перанёс сваю душу ў іншае вымярэнне. На жаль, гэта не так часта здараецца падчас назірання за зоркамі… або падчас малітвы. У большасці выпадкаў, і назіранне за зоркамі, і малітва з’яўляюцца звычайнай паўзай у дзённых справах, хвілінамі адасаблення і разваг, ціхім перыядам, у якім няма феерверкаў і водару фіміяму, але пасля якога ты адчуваеш сябе больш спакойным, ціхмяным, адноўленым.
Я не першы чалавек і нават не першы езуіт, які духоўна аднавіўся, сузіраючы зоркі. У сваёй Аўтабіяграфіі заснавальнік езуітаў святы Ігнацый Лаёла адзначаў, што ў юнацтве “найвялікшым суцяшэннем, якое ён атрымліваў… было глядзець на неба і зоркі, і гэта ён рабіў часта і даволі доўга“.
Гэтая карціна, на якой святы Ігнацый глядзіць на зоркі, паходзіць з былой езуіцкай школы ў Фрайбургу, Швейцарыя.
На працягу большай часткі гісторыі людзі атаясамлівалі сваё ўяўленне пра “месца” Бога ў Сусвеце з хараством неба. У многіх мовах мы нават выкарыстоўваем адны і тыя ж словы для абазначэння неба як раю і неба як нябёсаў над намі. Вядома, мы разумеем, што такое ўяўленне пра Бога з’яўляецца наіўным. Аднак, магчыма, нашыя продкі адчувалі штосьці істотнае. Прыгажосць начнога неба можа стаць выдатнай крыніцай натхнення для разважанняў як пра стварэнне, так і пра Стварыцеля. А дзейнасць езуітаў у галіне астраноміі – напрыклад, праца нашай Ватыканскай абсерваторыі – цалкам адпавядае прынцыпу ўцелаўлення, уласціваму езуіцкай духоўнасці: “шукаць Бога ва ўсім”.
Астраноміяй можа займацца кожны. Каб глядзець на неба, не патрабуецца ні спецыяльнага абсталявання, ні глыбокай адукацыі. Але чым больш вы ведаеце пра тое, чаго варта шукаць, і чым лепш разумееце, на што глядзіце, тым глыбейшую адчуеце радасць ад усведамлення велічы справы Стварыцеля.
Голая астраномія
Калі вы ў апошні раз разважалі пра безліч цудоўных спраў, якія Бог учыніў у Сусвеце?
Вучыцеся бачыць неба. Выходзьце на вуліцу кожны дзень, прыкладна ў адзін і той жа час вечарам. (Або раніцай, перад світаннем, калі так больш зручна для вашага раскладу.) Гэта пэўны акт малітвы, таму і стаўцеся да яго адпаведна. Рабіце так рэгулярна. Будзьце ў цішыні. У адзіноце. Глядзіце (прынамсі, спачатку) без кніг, бінокляў ці іншых падобных рэчаў. Менавіта гэта я называю “голай астраноміяй”: навучыцеся бачыць зоркі без усялякіх штучных прылад. Пакуль што пакіньце свае кнігі – і чаканні – дома. Замест гэтага глядзіце ў неба дастаткова часта, каб навучыцца самастойна распазнаваць нябесныя ўзоры кожны вечар.
Усё, што ад вас патрабуецца – выйсці на вуліцу і паглядзець угору. Калі вы – чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, і можаце толькі глядзець праз акно, то і гэта можа служыць крыніцай суцяшэння, аднак гэта ўсё ж не тое самае, што стаяць пад адкрытым небам. Спытайце ў любога зняволенага. Чаму ж мы самі сябе “знявольваем” у памяшканнях? Калі можаце – выходзьце на свежае паветра.
Апраніцеся цяплей і знайдзіце месца, якое стане вашай асабістай абсерваторыяй. Яно павінна быць цёмным, на адлегласці ад гарадскіх агнёў; адкрытым, без дрэў і высокіх будынкаў; акрамя таго, важна, каб туды было лёгка дабірацца. Ідэальныя месцы знайсці няпроста. Але нават у вялікім горадзе можна адшукаць куток для назіранняў: напрыклад, дах будынка.
Уважліва прыгледзьцеся да зорак. Ці заўважаеце, што яны бываюць розных колераў? Якія зоркі мігцяць наймацней? Ці змяняецца інтэнсіўнасць мігцення ад зоркі да зоркі, у залежнасці ад становішча на небе ці ад ночы да ночы?
Дэн Дэвіс, суаўтар кнігі “Turn Left at Orion”, назірае за Венерай падчас заходу сонца ў мой тэлескоп C-90
Шукайце планеты. Як іх распазнаць? Звычайна гэта самыя яркія “зоркі”, якія можна ўбачыць (не лічачы самалётаў і спадарожнікаў, што часам трапляюцца на вочы!). Але гэтыя “зоркі” не рухаюцца, як самалёты, і не мігцяць, як сапраўдныя зоркі. Дарэчы, ці бачыце вы спадарожнікі? Яны перасякаюць неба павольней за самалёты, але ўсё ж дастаткова хутка, каб праз некалькі хвілін цалкам знікнуць з поля зроку.
Адчуйце рытм неба. Звярніце ўвагу на тое, як на працягу некалькіх тыдняў змяняецца Месяц, як на працягу года змяняецца становішча Сонца на небасхіле, як на працягу года з’яўляюцца і знікаюць розныя зоркі, як змяняецца бачнае месцазнаходжанне зорак пры перамяшчэнні на поўнач ці поўдзень, і як на працягу многіх гадоў змяняюцца становішча і яркасць планет.
Вядзіце дзённік сваіх назіранняў. Дастаткова будзе рабіць усяго некалькі запісаў штодня.
Рытм Месяца
Дзе сёння ўвечары Месяц? Дзіўна, як складана насамрэч звярнуць увагу на Месяц. Я выкладаю астраномію анлайн у межах Віртуальнага навучальнага інстытута імя Арупэ (Arrupe Virtual Learning Institute), і маім вучням старэйшых класаў часта вельмі цяжка дакладна апісаць, як выглядае Месяц у той ці іншы вечар… Трэба спачатку папрактыкавацца, каб ведаць, як убачыць, што ў рэальнасці ёсць, і як дакладна перадаць убачанае.
Як форма Месяца змяняецца вечар за вечарам? Не так проста запомніць, куды скіраваны ягоны крывы бок: уверх, уніз, улева ці ўправа. Мы занадта часта бачым яго не такім, якім яго можна насамрэч назіраць у нашай мясцовасці, а такім, якім чакаем яго ўбачыць, маючы ў галаве малюнкі з кніг. (Заўважаеце тут нейкія духоўныя паралелі?) Калі я працаваў у Афрыцы ў складзе “Корпуса міру” (Peace Corps) і жыў недалёка ад экватара, серп Месяца на небе быў павернуты выгінам уверх ці ўніз; аднак дзеці ў класах у Кеніі малявалі яго ў форме літар “C” ці “D”: так, як бачылі ў сваіх падручніках. (Большасць кніг паступала з Англіі.) Намалюйце ў сваім дзённіку лінію гарызонту, а затым адлюструйце арыентацыю Месяца адносна гэтай лініі. Сачыце за зменамі з ночы ў ноч.
Вучымся знаходзіць сваіх сяброў на небе
Кожны павінен ведаць сузор’е Вялікая Мядзведзіца (народная назва – Вялікі Воз) або, калі вы знаходзіцеся на поўдзень ад экватара, – Паўднёвы Крыж. Для большай часткі Зямлі адно з гэтых сузор’яў бачна круглы год. Аднак яго становішча на небе змяняецца як на працягу ночы, так і ад ночы да ночы. У якім кірунку змяняецца? Сузор’е рухаецца па небе за стрэлкай гадзінніка (управа) ці супраць яе? А на працягу года змена яго становішча выглядае яе павольны дрэйф за стрэлкай гадзінніка ці ў адваротным кірунку?
Зоркі Вялікай Мядзведзіцы можна выкарыстоўваць як арыенціры для пошуку іншых зорак. Магчыма, вы даведаліся пра гэта яшчэ ў дзяцінстве, напрыклад, у скаўтах: дзве зоркі на краі “каўша” паказваюць на поўнач – да Палярнай зоркі. Палярная зорка (яе таксама называюць Палярыс) – далёка не самая яркая на небе, але яна дастаткова прыкметная, каб яе можна было ўбачыць амаль у любую ясную ноч. Гэта адзіная зорка, якая застаецца нерухомай, пакуль Зямля круціцца вакол сваёй восі. Па шчаслівым супадзенні яна знаходзіцца прама над нашым Паўночным полюсам, таму, калі вы павернецеся тварам да яе, вы заўсёды будзеце глядзець на поўнач. (Падобным чынам Паўднёвы Крыж заўсёды паказвае на поўдзень, аднак “паўднёвай палярнай зоркі” не існуе. Нам, жыхарам Паўночнага паўшар’я, пашанцавала.) Зоркі могуць дапамагчы вам зарыентавацца, калі вы заблукалі.
Палярная зорка – не адзіная, якую вы знойдзеце праз Вялікі Воз. Калі працягнуць лінію ўздоўж дугі ручкі “каўша”, вы трапіце да яркай аранжавай зоркі пад назвай Арктур. Калі працягнуць шлях далей (і пры ўмове, што Вялікі Воз знаходзіцца досыць высока на небе), можна дабрацца да яшчэ адной яркай зоркі: блакітнай Спікі. Лягчэй запомніць гэта так: “арка да Арктура і шып да Спікі”.
Неба над галавой апоўначы 11 красавіка 2018 года; “лініі-памочнікі” вядуць ад астэрызму Вялікая Мядзведзіца да зорак Арктур і Спіка. Крыніца: Stellarium / Bob Trembley.
Паглядзіце ў бок, процілеглы Вялікай Мядзведзіцы – міма Палярнай зоркі, да сузор’я Касіяпеі: пяць зорак, якія ўтвараюць фігуру, падобную на вялікую літару W. Вялікая Мядзведзіца і Касіяпея па чарзе аказваюцца то высока над галавой, то нізка над паўночным гарызонтам: калі адно сузор’е высока, другое – нізка.
Для кожнай пары года характэрны свой набор прыкметных яркіх зорак. Знайдзіце летам Трыкутнік… увосень – вялікі квадрат Пегаса… зімой – сузор’е Арыёна з трыма яркімі зоркамі ў поясе… а вясной – грыву Льва (фігуру, падобную да “перакуленага” пытальніка), якая размяшчаецца на поўдзень ад Вялікай Мядзведзіцы.
Якое ўсё гэта мае значэнне?
Назіранне за небам кажа нам не толькі пра тое, што Бог стварае прыгожыя рэчы. Вывучаючы зоркі, мы пачынаем заўважаць як заканамернасці, так і змены: каб распазнаць нешта незвычайнае, трэба спачатку ведаць, што з’яўляецца звычайным. Дзякуючы назіранню мы вучымся бачыць і пэўныя схемы, і нечаканасці: каб здзівіцца таму, што выходзіць за межы звыклага парадку, трэба спачатку ведаць, у чым гэты парадак заключаецца.
У зорках мы знаходзім прыгажосць і вытанчанасць. Самае прыгожае часта бывае самым тонкім: як той ціхі, лагодны голас, які пачуў прарок Ілля на гары Харэб.
Каб убачыць, трэба глядзець. Бачыць азначае не проста глядзець, а быць уважлівым. Гэта цяжка. Але ў духоўным жыцці адбываецца тое самае. Вучыцца быць уважлівым – значыць вучыцца маліцца.
Каб зразумець, трэба ўбачыць. Але разуменне – працэс бясконцы. Немагчыма цалкам зразумець неба; вы можаце толькі асвоіцца з ім. Гэтаксама і з Богам.
Папа Бэнэдыкт XVI, прамаўляючы гамілію ў Вялікую суботу 2012 года ў базыліцы cвятога Пятра, даў апошні ўрок, натхнёны ззяннем зорак. Паспрабуйце знайсці планеты і сузор’і, пра якія я тут казаў, і спытайце сябе: ці не расчароўвае вас начное неба? Ці ўдалося вам знайсці сапраўды цёмнае месца? Магчыма, вам перашкодзіла “светлавое забруджванне” – занадта шмат святла ад нашых гарадоў?
Міжнародная арганізацыя па абароне начнога неба (International Dark Sky Society) змагаецца са светлавым забруджваннем; на іх сайце (darksky.org) можна знайсці больш падрабязную інфармацыю пра тое, што рабіць і чаму гэта важна. Аднак у Папы была свая выснова наконт праблемы светлавога забруджвання.
Сваю гамілію Папа пачаў са згадкі пра тое, што Літургія слова ў Велікодную ноч распачынаецца з пачатку Кнігі Быцця, дзе апавядаецца пра стварэнне свету: “І сказаў Бог: Няхай станецца святло!”. Безумоўна, святло – гэта добра. Мы прывыклі лічыць цемру ворагам гэтага святла.
Светлавое забруджванне на ўсходнім узбярэжжы ЗША. Крыніца: NASA Earth Observatory / NOAA NGDC
Аднак духоўная цемра не падобная да начной цемры. Папа Бэнэдыкт адзначыў: “Цемра, якая ўяўляе сапраўдную пагрозу для чалавецтва, – гэта, па сутнасці, той факт, што мы, здольныя бачыць і даследаваць намацальныя матэрыяльныя рэчы, не можам бачыць, куды ідзе свет і адкуль ён паходзіць, куды рухаецца нашае жыццё, што ёсць дабро, а што – зло”. Калі мы не ў стане ўбачыць розніцу паміж дабром і злом, дык якая карысць ад усіх іншых нашых агнёў, ад усіх пладоў нашых тэхналагічных дасягненняў? Нашыя штучныя агні, безумоўна, могуць быць цудоўнымі прыкметамі прагрэсу, але, як нагадвае Папа, “яны могуць стаць небяспекай, якая пагражае нам і ўсяму свету”.
Святло, створанае Богам, дае жыццё. Але што можна сказаць пра святло, якое мы спрабуем стварыць самі, каб замяніць ім Божае святло? “Сёння мы можам асвятляць нашыя гарады настолькі ярка, што зорак на небе ўжо не відаць, – заўважыў Папа. – Ці не з’яўляецца гэта сімвалам праблем, выкліканых нашай версіяй Асветніцтва?”
Мы можам знайсці Бога ў зорках – нябесных агнях, якія Ён стварыў для нас… калі толькі знойдзем час, каб іх шукаць. І калі перастанем асляпляць саміх сябе нашымі нікчэмнымі агеньчыкамі.
Мы можам знайсці Бога ў зорках – нябесных агнях, якія Ён стварыў для нас… калі толькі знойдзем час, каб адшукаць іх.
Брат Гай Кансальманьё SJ, дырэктар Ватыканскай абсерваторыі і прэзідэнт Фонду Ватыканскай абсерваторыі.