Ёсць мноства спосабаў маліцца. Ігнацыянская духоўнасць з’яўляецца, перш за ўсё, сродкам, які дапамагае развіваць глыбокае сяброўства з Езусам, таму не існуе нейкага аднаго “правільнага” спосабу малітвы. Тым не менш, прапануем некаторыя парады, якія могуць дапамагчы ў асабістай сустрэчы з Богам.
Малітва на пачатак
У мітусні гэтага дня
Дай мне ціхі позірк, Божа.
У гомане супярэчлівых галасоў сэрца
Дай мне спакойны слых.
Няхай маё бачанне і слуханне,
Мае словы і ўчынкі
Будуць укаранёныя ў бязмоўнай упэўненасці ў Тваёй прысутнасці.
Няхай мой запал да жыцця
І прага справядлівасці
Маюць за аснову досвед Тваёй ціхасці.
Няхай маё жыццё грунтуецца на Тваім супакоі, Божа.
Дазволь мне занурыцца ў Твой супакой.
Ігнацыянскі ўзор малітвы
– Падрыхтоўка. Вырашы, дзе і які час будзеш маліцца. Прачытай ўрывак Пісання (або іншы матэрыял). Калі падрыхтуешся, ідзі ў сваё месца малітвы.
– Бог глядзіць на цябе з любоўю. Перад тым, як заняць абраную паставу цела для малітвы, зрабі паўзу і прыгадай сабе, што Бог ужо тут, рады тваёй прысутнасці і глядзіць на цябе з любоўю. Затрымайся на хвіліну і адзнач, як Бог глядзіць на цябе.
– Цішыня і спакой. Займі малітоўную паставу на свой выбар і суцішся, заўважаючы, як удыхаеш паветра… і як яго выдыхаеш… Не спрабуй змяніць глыбіню і рытм дыхання, проста звярні на яго ўвагу. Калі пачнеш думаць пра іншыя рэчы, не хвалюйся, а проста зноў засяродзь увагу: кожны ўдых напаўняе цябе Божым жыццём і любоўю.
– Прынашэнне, інтэнцыя. Павольна зрабі знак крыжа і ахвяруй гэты час малітвы Богу. Бог – галоўны ў малітве, Ён вядзе яе. Прасі Бога пакіраваць тваёй малітвай, каб гэты час быў адданы на служэнне і хвалу Богу.
– Ласка. Бог хоча даць нам усё, што добрае. Можна сказаць Яму, што і мы прагнем таго самага. Пачынаючы маліцца, можна ўявіць, як Бог пытаецца: “Чаго ты хочаш? Што ты хочаш, каб Я зрабіў табе?” Мы можам выказаць Богу ўсё, што ў нас на сэрцы.
– Малітва. Цяпер пачні малітву, якую рыхтаваў: можа, з дапамогай уяўлення ты станеш удзельнікам евангельскай гісторыі або паразважаеш над зместам, затрымаешся над асобным словам або абярэш іншы спосаб малітвы.
– Размова. Размаўляй з Богам і слухай Яго, як адзін сябар размаўляў бы з другім і слухаў бы яго: ад сэрца да сэрца.
– Завяршэнне. Падсумоўваючы малітву, у святле таго, што ў ёй было, узнясі да Бога простую малітву, няхай кароткую, сваімі словамі. У канцы памаліся “Ойча наш” або “Хвала Айцу”.
Павольна і ўважліва зрабі знак крыжа. Пакідай месца малітвы з удзячнасцю Богу за час, які вы правялі разам.
Позірк за сябе і перад сабой
Карысна зрабіць невялікі перапынак, перш чым занатаваць у духоўным дзённіку тое, што адбывалася ў малітве.
Аб чым я прасіў? Што, на мой погляд, вяло мяне бліжэй да Бога? Што было складаным? Якія былі перашкоды? Ці на нешта варта было б зірнуць яшчэ раз, вярнуцца ў наступнай малітве?
Lectio Divina
Lectio Divina (у перакладзе з лаціны “Боскае чытанне”) – гэта просты і глыбокі метад малітвы, які сустракаецца ў многіх традыцыях хрысціянскай духоўнасці. Часам яго называюць “медытатыўным чытаннем” або “духоўным чытаннем”, але, магчыма, больш дакладна было б апісаць яго як малітву з сэрцам, якое слухае: нашае сэрца натуральным чынам услухоўвацца, калі мы, напрыклад, уражаныя хараством заходу сонца, калі перабіраем у памяці дарагія сэрцу ўспаміны, уважліва слухаем тых, каго любім.
Молячыся гэтым спосабам, ты слухаеш урывак са Святога Пісання ці іншы натхнёны тэкст і дазваляеш Богу весці тваё сэрца. Чытаеш павольна, робячы паўзы, і смакуеш, можна сказаць, убіраеш у сябе словы, якія чуеш. Можна, дарэчы, чытаць уголас, калі дазваляюць абставіны. Адбываецца натуральны працэс: сардэчнае слуханне пераходзіць у глыбокі роздум над словамі, з цішынёй паміж імі, а разважанне ў сваю чаргу вядзе да асабістага прачулага адказу. Ты адгукаешся сэрцам на голас Бога.
Дазволь лёгкасці і рытму гэтага спосабу малітвы весці цябе ўсё глыбей у Божае Сэрца.
На пачатку
Вазьмі ўрывак са Святога Пісання і разбяры яго. Прачытай яго некалькі разоў, каб пытанні наконт зместу не выходзілі на першы план. Папрасі Бога прамовіць да цябе праз гэты тэкст. Папрасі, каб адкрыў тваё сэрца. Дазволь сабе апынуцца ў стане цішыні, напоўненай чаканнем.
Гэты спосаб малітвы складаецца з трох “этапаў”, якія мы праходзім па меры ўнутранага натхнення: lectio (чытанне), meditatio (медытацыя, разважанне) і oratio (малітва).
Lectio
Чытай павольна, лагодна, сэрцам слухаючы словы. Не трэба спяшацца. Неабавязкова даходзіць да канца ўрыўка. Калі нейкае слова ці фраза асабліва кранаюць цябе і здаюцца напоўненымі смакам, затрымайся на іх…
Meditatio
…дазволь ім увайсці глыбей. Спыніся на іх. Дай абранаму слову ці фразе рэзаніраваць унутры цябе. Паўтарай, смакуй. Няхай слова адгукаецца рэхам і пранікае цябе наскрозь, пакуль “смак” не пачне знікаць, і тады…
Oratio
…адкажы сваёй малітвай: словамі, што ідуць ад сэрца, прасторай, напоўненай цішынёй, або спантанным, невымоўным пачуццём. Калі адчуеш, што настаў прыдатны момант і час не скончыўся, можаш чытаць далей.
Завяршы кароткай заключнай малітвай, зрабі знак крыжа.
Пераклад паводле матэрыялаў https://ferns.ie/wp-content/uploads/2020/11/Prayer-Retreat-Full.pdf
Пра яшчэ адзін спосаб – малітву з дапамогай уяўлення – можна пачытаць у артыкуле “Занурваючыся ў глыбіню”