За пяць гадоў працы кіраўніком душпастырства моладзі ў Паўночна-Заходняй афрыканскай правінцыі (North West Africa Province – ANW) я зразумеў адну рэч: у маладых людзей шмат пытанняў. Адны задаюць іх адкрыта, іншыя ціха носяць у сэрцы.

“Хто я?”

“Што мне рабіць са сваім жыццём?”

“Ці ёсць у маіх планах месца для Бога?”

І хіба што самае галоўнае пытанне: “Якая будучыня мяне чакае?”

Я сутыкаўся з гэтымі пытаннямі, працуючы з моладдзю ў розных краінах правінцыі ANW: у Нігерыі, Гане, Ліберыі і Сьера-Леонэ. Нягледзячы на ​​розныя жыццёвыя абставіны, многія надзеі і страхі маладых людзей дзіўным чынам падобныя.

Моладзь у Заходняй Афрыцы расце ў свеце агромністых магчымасцяў, але і вялікай нявызначанасці. Многія спрабуюць знайсці свой шлях ва ўмовах беспрацоўя, эканамічных нягод, чаканняў з боку сям’і, уплыву сацыяльных сетак і пытанняў наконт веры.

На фоне гэтага я ўсвядоміў штосьці важнае: маладым людзям не заўсёды патрэбен той, хто дасць ім усе адказы. Часам ім патрэбен чалавек, гатовы ісці побач з імі.

Душпастырства моладзі не палягае на адным толькі заахвочванні маладых людзей да ўдзелу ў Імшы ці на арганізацыі розных мерапрыемстваў. Гэта стварэнне прасторы, дзе яны могуць сустрэць Хрыста, задаць пытанні, адкрыць для саміх сябе, кім яны ёсць, і слухаць Божы голас.

Менавіта гэта мы імкнемся рабіць праз праграму MAGIS для моладзі.

Дзякуючы MAGIS я бачыў, як маладыя людзі з розных асяроддзяў збіраюцца разам, моляцца, служаць, дзеляцца сваім досведам і вучацца адно ў аднаго. Праз малітву, служэнне, супольнасць і роздум яны пачынаюць задаваць сабе іншае пытанне: не проста “Што я хачу рабіць са сваім жыццём?”, а “Да чаго Бог кліча мяне ў тым жыцці, якое Ён мне даў?”.

Менавіта тут, на маю думку, важную ролю грае ігнацыянскае распазнаванне. Святы Ігнацый разумеў, што Бог няспынна дзейнічае ў жыцці чалавека. Моладзь мае патрэбу ў месцы, дзе можна спыніцца, прыслухацца да сябе і паразважаць над тым, што адбываецца ўнутры.

Я бачыў, як гэта адбываецца падчас рэкалекцый і праграм для моладзі. Малады чалавек можа прыйсці ў стане нявызначанасці наконт сваёй будучыні і сысці, не знайшоўшы адказаў на ўсе пытанні, аднак з большым унутраным спакоем, глыбейшым самапазнаннем і жаданнем зрабіць наступны крок. І гэта ўжо нямала.

Нашая праца ў правінцыі ANW таксама нагадвае мне, што да моладзі нельга ставіцца проста як да “будучыні Касцёла”. Яны з’яўляюцца Касцёлам сённяшнім. Разуменне гэтага факту падказвае, што варта даць ім прастору, каб яны маглі браць на сябе кіраўніцтва, служыць і нават кідаць нам выклік. Варта даручаць ім адказныя справы і прыслухоўвацца да іх, замест таго каб заўсёды лічыць, што мы самі ведаем, што ім трэба.

Я таксама зразумеў, што суправаджэнне патрабуе цярплівасці. Нельга чакаць, што кожны малады чалавек адразу зразумее сваё пакліканне. Камусьці спатрэбіцца больш часу. Хтосьці будзе ставіць пад сумнеў сваю веру. Хтосьці зробіць памылкі. Хтосьці адыдзе, а потым вернецца. Наш абавязак – трымаць дзверы адчыненымі і працягваць ісці з імі поруч.

А пакліканне, уласна кажучы, азначае нешта значна большае, чым святарства і манаскае жыццё. Кожны малады чалавек пакліканы Богам. Пытанне ў тым, якую форму прыме гэты заклік: у сямейным жыцці, прафесійнай дзейнасці, грамадскім служэнні, у Касцёле, у манаскім жыцці або ў іншых формах служэння чалавецтву.

Пасля пяці гадоў суправаджэння моладзі я перакананы: самая вялікая рэч, якую мы можам ім даць, – гэта надзея. Не ідзецца пра  ўдаванае спадзяванне, што жыццё будзе лёгкім. Даць надзею азначае дапамагаць юнакам і дзяўчатам паверыць, што іх жыццё мае сэнс, што Бог іх не пакінуў, што іх здольнасці маюць значэнне і што яны здольныя змяніць свет да лепшага.

Маладыя людзі, якіх я сустрэў у Нігерыі, Гане, Ліберыі і Сьера-Леонэ, навучылі мяне: будучыня Касцёла – не тое, аб чым трэба толькі турбавацца, але тое, што мы можам пачаць будаваць разам з моладдзю ўжо сёння.

Нашая задача як езуітаў – не ўказываць маладым людзям, кім яны павінны стаць. Нашая задача – ісці з імі, ствараць прастору для сустрэч, дапамагаць у распазнаванні, заахвочваць марыць і скіроўваць да Хрыста.

Магчыма, пытанне не ў тым, ці ёсць у моладзі будучыня, поўная надзеі. Сапраўднае пытанне ў тым, ці гатовыя мы ісці побач з імі дастаткова доўга, каб яны змаглі гэтую будучыню адкрыць.

Эйра Фолі SJ

Крыніца: https://www.jesuits.global/2026/10/20/a-future-full-of-hope-accompanying-young-people-towards-faith-purpose-and-vocation/