Гамілія на ХХХ звычайную нядзелю, Год А

Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея

Калі фарысеі пачулі, што Езус прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам. І адзін з іх, кніжнік, выпрабоўваючы Яго, спытаўся: Настаўнік, якая запаведзь найбольшая ў Законе?

Езус сказаў яму: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім. Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: Любі бліжняга твайго, як самога сябе. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.

Мц 22, 34–40

Любіць Бога, бо Ён першы нас палюбіў

Евангеліст Марк у паралельным урыўку да сённяшняга Евангелля цытуе не толькі словы Езуса, пададзеныя Мацвеем, але і ўводную фразу да гэтай цытаты з Кнігі Другазаконня: «Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны…» (Мк 12, 29 = Дрг 6, 4) На самым пачатку запаведзі, якая была галоўнай і на думку суразмоўцаў Езуса — фарысеяў, стаіць слова «Слухай» (пасля якога кожнаму і кожнай з нас варта ўставіць сваё ўласнае імя, бо яны скіраваныя асабіста да цябе і мяне). Перш, чым прыняць і імкнуцца выканаць запаведзь, трэба ўмець пачуць голас Таго, Хто першы нас палюбіў: як кажа св. Ян, «у тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас» (1 Ян 4, 10). Гэты голас — голас любові, і не можа быць ніякім іншым, бо «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 16).

Як жа моцна душа патрабуе кожную раніцу пагружацца ў Божую безумоўную любоў, а ўвечары дзякаваць за ўсе яе праявы на працягу дня!

Калі не памятаць, што я — як і ўсё існае — паходжу з любові і маю жыццё дзякуючы ёй, што Бог кожны дзень адорвае мяне сваёй прысутнасцю і ласкай, тады запаведзь будзе гучаць як строгі закон, суровае патрабаванне, якое пазбаўляе мяне волі і свабоды самавыяўлення, патрабуючы немагчымага. Насамрэч галоўная запаведзь, як і ўсе запаведзі Божыя, дадзеныя на Сінаі, пачынаюцца з памяці пра тое, што «Я — Пан Бог твой, які вызваліў цябе з няволі» (пар. Зых 20, 2). Кожная запаведзь дадзена, каб дапамагчы чалавеку заставацца ў свабодзе.

Божы голас — голас любові нават тады, калі сурова папярэджвае мяне перад наступствамі несправядлівых учынкаў, як у сённяшнім першым чытанні: «Ніводнай удавы і сіраты не крыўдзіце. Калі пакрыўдзіце іх, … распаліцца гнеў Мой, … і будуць жоны вашыя ўдовамі, а сыны вашыя — сіротамі». Не стамлюся паўтараць, што Бог не карае ў адказ на грэх, але наступствы зла месцяцца ў самім зле, якое выбірае чалавек. Божая любоў дасягае вяршыні і ўсёй сваёй глыбіні, калі вяртае грэшніка на шлях жыцця, пасылаючы нам «Сына як уміласціўленне за нашыя грахі» (1 Ян 4, 10).

Любіць бліжняга — вобраз Бога жывога

Навізна адказу Езуса заключаецца ў тым, што Ён прыраўноўвае заклік любіць адзінага Бога да запаведзі любові да бліжняга. Звернемся яшчэ раз да св. Яна Евангеліста, паэта Божай любові, які тлумачыць гэтую ўзаемасувязь: «Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога», а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун, бо той, хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).

Чалавек носіць у сабе вобраз нябачнага Бога, таму магчымасць праявіць любоў да бліжняга — гэта шанц паказаць на справе, наколькі мы любім нашага адзінага Айца.

«Будзем жа любіць не словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю» (1 Ян 3, 18).

Як твар кожнага чалавека ўнікальны, так непаўторная любоў да канкрэтнага бліжняга, якога Пан у сваім Провідзе паставіў на нашым шляху. Такім чынам праяўляецца дзівосная крэатыўнасць любові. Юнак кахае дзяўчыну інакш, чым бацькі любяць дзяцей, а дзеці — бацькоў; імкнучыся зрабіць нешта прыемнае для сяброў, паводзім сябе інакш, чым калі з належнай увагай выконваем свае абавязкі, думаючы пра адрасатаў нашай працы. У энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак шмат кажа пра палітычнае вымярэнне любові (напр., пп. 180-181): клапаціцца пра агульнае дабро, пра тое, што закранае інтарэсы многіх — вельмі высокая праява любові, даступная не толькі непасрэдна грамадскім дзеячам, але ўсім, хто гатовы прысвяціць свой час і высілак для агульнай справы.

У разнастайным абліччы любові — яе прыгажосць.

Тое, што аб’ядноўвае розныя яе праявы, — імкненне да сапраўднага дабра бліжняга, гатоўнасць выйсці насустрач іншай асобе, каб сустрэць яе ці яго там, дзе яны сёння знаходзяцца ў сваёй непаўторнасці і крохкасці.

Любоў да сябе праз любоў да іншага

«Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Ва ўдакладненні «як самога сябе» можна цалкам апраўдана пачуць напамін пра здаровую і правільна зразуметую любоў да сябе. Насамрэч, шмат каму не хапае менавіта такой любові, якая, з аднаго боку, не патурае ўласным заганам і свавольству, з іншага ж — не дазваляе прыніжаць у сабе годнасць Божага дзіцяці ў фальшывай пакоры.

Вельмі часта праявіць любоў да сябе азначае зрабіць тое, да чаго адчуваеш супраціў (напрыклад, запісацца ўрэшце ў басейн ці інакш паклапаціцца пра сваё здароўе), а не тое, што спантанна прыходзіць у галаву — хоць часам трэба, наадварот, пабалаваць сябе, каб выйсці з маркотнага стану! Але больш важны ўрок адносна правільнага стаўлення да саміх сябе, які можам вынесці з Езусавага супастаўлення трох «вектараў» любові, — гэта ўсведамленне, што сапраўдная любоў да сябе ўзрастае і дасягае паўнаты ў той меры, у якой мы здольныя будаваць камунію — адзінства — з Іншым (з вялікай літары) і з іншымі (з малой літары).

Езус, Умілаваны Сын Айца, адкрывае і нашу сутнасць умілаваных дзяцей Божых, якая важнейшая за ўсё іншае, што можна сказаць пра мяне і цябе.

Езус, наш Збаўца і Брат, паказвае нам шлях аўтэнтычнага чалавечага жыцця як шлях любові «дарэшты» (Ян 13, 1). «Мы створаны для паўнаты, якой можна дасягнуць толькі ў любові», — піша Папа Францішак у нядаўняй энцыкліцы (Fratelli tutti, 68). «Любоў — “крытэрый канчатковай ацэнкі вартасці або нявартасці чалавечага жыцця”», дадае ён, цытуючы свайго папярэдніка Бэнэдыкта XVI (там жа, 92). «Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто», піша св. Павел (1 Кар 13, 2). Любоў робіць нас падобнымі да самога Бога. «Любоў моцная, як смерць», сцвярджае старазапаветны аўтар (Пп 8, 6), але ва ўваскрасенні Хрыста Бог паказвае, што любоў мацнейшая за смерць — і гэта адзінае, што з’яўляецца нашым скарбам, які трывае ў вечнасць.

Няхай Дух Святы натхняе нас, каб усе нашыя памкненні, словы і ўчынкі былі прасякнутыя любоўю, і ўчыніць нас усё больш падобнымі да Бога, адзінага ў Тройцы, які ёсць Любоў.

Віктар Жук SJ