“Пане Езу, нечага хачу… але не ведаю, чаго!” – менавіта так часам можна акрэсліць нашую малітву. У будзённым жыцці нас цягнуць у розныя бакі супярэчныя прагненні і патрэбы, і мы самі не разумеем, чаго хочам. Часам хацелася б проста кінуць усё і збегчы ў ціхае прыгожае месца… і, магчыма, гэта не такая дрэнная ідэя! Час, праведзены ў самотнасці і цішыні, здалёк ад гарадской мітусні, можа дапамагчы аднавіць сувязь з сабой і адшукаць духоўную мудрасць.

Чаго мне ўсцяж не хапае?

Звычайным досведам сучаснага чалавека з’яўляецца ўнутраны хаос. Мы кожны дзень апрацоўваем велізарную колькасць інфармацыі, вобразаў і гукаў. Калі мы спыняемся ўвечары на хвілінку малітвы, каб разам з Богам падвесці вынікі мінулага дня,  часам нават цяжка сабрацца з думкамі. Нараніцы нам зноў не ўдаецца дастаткова рана ўстаць, мы молімся на бягу і з імпэтам уступаем у чарговы працоўны дзень. У такіх абставінах цяжка быць у кантакце з уласным целам і яго патрэбамі, а таксама з глыбокімі жаданнямі сэрца. Нам могуць пагражаць два небяспечныя падыходы: 1) ігнараванне ўласных патрэбаў, жыццё ў стане пастаяннай фрустрацыі, якую мы спрабуем падсаладзіць паспяховасцю ў свеце, або 2) рэфлекторны рух следам за кожным памкненнем, не разважаючы, ці гэта рэальная патрэба, ці толькі хвілінны капрыз, у выніку чаго жыццё напаўняецца кароткачасовымі задавальненнямі, але не мае глыбокага сэнсу і смаку прыгод. Што можна зрабіць, каб пазбегнуць гэтых небяспек?

Шляхі і бездарожжы сучаснай культуры

Псіхалагічныя веды могуць дапамагчы ў пераадоленні першага з гэтых падыходаў. У апошнія гады вялікай папулярнасцю карыстаецца кніга аб паразуменні без насілля Маршала Б. Розенберга (Marshall B. Rosenberg, Nonviolent Communication: A Language of Life)[1], у якой аўтар вучыць чытачоў не толькі добра камунікаваць з людзьмі, але таксама і наладжваць сувязь з уласнымі незадаволенымі патрэбамі. Асобе, якая расла з пачуццём, што яе патрэбы не надта важныя для атачэння, бывае цяжка падтрымліваць кантакт са сваімі патрэбамі, называць іх і выказваць. З ранняга ўзросту такая асоба выпрацавала рэфлекс – адцягваць увагу ад патрэбаў і засяроджвацца на задачах. Незаспакоеныя патрэбы звычайна выяўляюцца ўскосна, напрыклад, як пачуццё незадаволенасці і негатыўнае ацэньванне іншых. Спіс універсальных чалавечых патрэбаў, прапанаваны Розенбергам, можа стаць добрай адпраўной кропкай для разважання над тым, якія з маіх патрэбаў найбольш патрабуюць увагі і клопату, а спосабы камунікацыі, якім ён вучыць, могуць дапамагчы выяўляць свае патрэбы тым, хто можа іх задаволіць.

На жаль, у эпоху смартфонаў, акрамя здаровай, грунтоўнай псіхалогіі, папулярнасць набірае і павярхоўная, якая скажае вобраз чалавечага свету патрэбаў. Чалавек паказаны не як істота, адкрытая для адносінаў і скіраваная ў бясконцасць, не як асоба, патрэбы якой даюць магчымасць узаемадзеяння з атачэннем, а як істота, якая вызначаецца сваімі патрэбамі і не можа выйсці за іх межы. Такі вобраз чалавека характэрны для мыслення сучасных спажывецкіх грамадстваў, якое выдатна дыягназаваў амерыканскі езуіт Джон Фрэнсіс Кавано SJ[2] . У такім тыпе грамадства адносіны паміж людзьмі, заснаваныя на абмене таварамі і паслугамі, пачынаюць дамінаваць над асабістымі адносінамі. Ва ўмовах свабоднага рынку ўсё мае пэўную каштоўнасць, якую можна перавесці ў лічбы. 

Усё можна манетызаваць або канвертаваць у прэстыж у выглядзе лайкаў, рэпостаў і падпісак. У гэтым асяроддзі мы можам быць толькі вытворцамі, прадаўцамі ці спажыўцамі. Іншага варыянту няма. Нават калі мы спрабуем заставацца ў баку і быць пасіўным гледачом, мы становімся атрымальнікамі рэкламы, якая мае заахвоціць нас штосьці купляць. Як вытворцы / пакупнікі, мы таксама маем пэўную каштоўнасць для рыначнай сістэмы. Калі мы нічога не можам вырабіць ці купіць, тады мы аказваемся нікчэмнымі. Вось чаму таксама, у дадатак да незадавальнення з-за мноства патрэбаў (як рэальных, што паходзяць з самой нашай прыроды, так і штучных, створаных спецыялістамі па маркетынгу), над намі вісіць страх быць выключаным з сістэмы абмену. Мы баімся, што перастанем быць кімсьці. Пры ўсім гэтым мы забываемся, што значыць проста быць.

Выйсце – адыход у пустыню 

Здавалася б, праблема, апісаная вышэй, зусім новая, таму мудрасць мінулых стагоддзяў хрысціянства асабліва нам не дапаможа. Між тым, наш цяперашні досвед унутранай разгубленасці перад культурай, накіраванай на спажыванне і поспех, вельмі падобны да таго, што перажывалі хрысціяне ў Рымскай імперыі ў IV ст. Менавіта ў гэты час спыніліся ганенні на хрысціян, а затым у 380 годзе нашай эры, згодна з эдыктам “Cunctos populos” імператараў Грацыяна, Валянціна II і Тэадосія, хрысціянства стала дзяржаўнай рэлігіяй ва ўсёй Рымскай імперыі. З гэтага часу рымскія хрысціяне мелі шырокія магчымасці: яны маглі назапашваць багацце, атрымліваць адукацыю, займаць пасады, рабіць палітычную кар’еру і адначасова карыстацца ўсімі перавагамі рымскай эканамічнай сістэмы, заснаванай пераважна на нявольніцкай працы. Сутыкнуўшыся з такімі магчымасцямі, усе, каму пашанцавала нарадзіцца свабоднымі грамадзянамі краіны першага свету, адчувалі велізарны ціск, які патрабаваў развівацца, ісці наперад, узбагачацца – быць кімсьці.

Сутыкнуўшыся з такім ціскам, некаторыя хрысціяне вырашылі пайсці цалкам супраць плыні: яны пакінулі гарады і пасяліліся ў пустыні, каб весці там жыццё, напоўненае малітвай і аскезай. Так паўстаў рух анахарэтаў (гр. anachōréō – “адступаю, адыходжу”), называных таксама Айцамі пустыні. Адзінота, малітва і сціплыя ўмовы жыцця дазволілі ім адкрыць у сабе голас Божы – голас Праўды, які ў горадзе заглушаюць чуткі і інтрыгі, поспехі і няўдачы, павярхоўныя забавы і вір пачуццяў. У пустыні ўся гэтая мітусня паволі сціхае, і можна ўрэшце дасведчыць сваё аголенае быццё. Можна адкрыць свае самыя глыбокія жаданні – тыя, якія ўклаў у нас наш Стварыцель.

Мудрасць пустыні

Пра гэтыя жаданні цудоўна піша даследчык хрысціянскай духоўнасці Філіп Шэлдрэйк[3]. Ён сцвярджае, што прагненні – гэта, з аднаго боку, энергія, дадзеная Богам, якая дазваляе нам ісці шляхам духоўнага падарожжа, а з другога – гэта тое, што істотным чынам вызначае нашую ідэнтычнасць. “Нашыя найсапраўднейшыя жаданні выплываюць з глыбока схаваных крыніц нашага існавання, дзе вольнай плынню цячэ нашая туга па Богу”.

Аднак, самыя глыбокія прагненні не ўдасца адкрыць шляхам тэалагічных разважанняў. Трэба іх дасведчыць. Вось чаму анахарэты выбралі пустыню, а не бібліятэку; малітву, а не чытанне пабожных трактатаў. У пустыні чалавек сустракаецца не толькі з Богам, але і з самім сабой – такім, які ёсць. Там ужо немагчыма ўдаваць пабожнасць, пакору ці давер да Бога, але даводзіцца з цяжкасцю засвойваць гэтыя рэчы. Каб вытрымаць складанае навучанне і не ўцячы з пустыні назад у горад, неабходна ўвайсці ў кантакт са сваім найглыбейшым жаданнем. Зноў цытуючы Шэлдрэйка, “жаданні – гэта адкрытасць паўнаце таго, што ёсць, а не што павінна быць. Таму жаданні з’яўляюцца нечым дакладна адрозным ад свету абавязкаў ці нерэальных мараў”[5]. Толькі прымаючы ўсё, што ёсць, у тым ліку свае недасканаласці, заганы і схільнасць да граху, я змагу ўвайсці ў сапраўдны кантакт з Тым, які ЁСЦЬ. Я іду ў пустыню не для таго, каб нешта даказаць сабе ці іншым і нават не для таго, каб пазбавіцца ад сваіх недахопаў, а толькі для таго, каб сустрэцца з Богам.

Гэтаму нас вучыць Езус, які сам правёў у пустыні 40 дзён, хоць быў без граху і не меў патрэбы ва ўдасканальванні. Калі мы чытаем аб гэтай падзеі ў чацвёртым раздзеле Евангелля паводле св. Мацвея, нас можа здзівіць тое, што Езус, як і мы, грэшныя людзі, зведаў спакусы і голад. Першая спакуса, з якой прыходзіць да яго д’ябал, – гэта запрашэнне ператварыць камяні ў хлеб. Ён можа гэта зрабіць, таму што ёсць Сынам Божым. Альбо Ён мог бы зрабіць гэта раней, каб забяспечыць сабе ежу і, такім чынам, пазбегнуць увогуле такіх спакус. Тым не менш, Ён свядома дапусціў досвед моцнага голаду. Навошта?

Сэнс посту

Разважанні французскага філосафа Эмануэля Левінаса могуць дапамагчы нам зразумець сэнс посту Езуса і любога іншага посту. Левінас піша аб тым, як чалавек адчувае патрэбу: “Патрэба з’яўляецца выразам пусткі і недахопу ў патрабуючым, выразам залежнасці ад знешняга свету, недастатковасці. Недастатковасць, аднак, палягае якраз у тым, што быццё не мае цалкам уласнага быцця і таму не з’яўляецца, строга кажучы, аддзеленым”[6].

Адчуваныя патрэбы нагадваюць нам, што мы не самастойныя і не самадастатковыя. Мы, хутчэй, узаемазалежныя. Нашая ўзаемазалежнасць не з’яўляецца ані пакараннем, ані праклёнам. У логіцы Божай любові, упісанай у стварэнне, нашыя патрэбы з’яўляюцца ў нас прасторай адкрытасці на велікадушны бескарыслівы дар. Таму Езус таксама меў досвед патрэбы.

Ён таксама не адасоблены, але залежны. Езус удзельнічае ў няспынным абмене любові з Богам Айцом у Духу Святым. Без Айца Ён не быў бы сабой. Таму на спакусу д’ябла  адказвае словамі: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4).

Чалавек быў створаны на вобраз Найсвяцейшай Тройцы, таму таксама пакліканы да адносінаў і адкрыцця на бязвыплатны дар. Патрэбы, закладзеныя ў нашую прыроду, могуць нагадваць нам гэта ад моманту нараджэння. Маці, якая корміць дзіця, адчувае радасць, што яно аж так блізка. Працэс кармлення з’яўляецца магчымасцю ўмацаваць сувязь паміж маці і немаўляткам. Тут адбываецца нешта значна большае, чым  наталенне голаду. Левінас адзначае: “Гледзячы звонку, фізіялогія вучыць нас, што патрэба – гэта недахоп. Але той факт, што чалавек можа быць шчаслівы дзякуючы сваім патрэбам, паказвае, што чалавечая патрэба выходзіць за межы фізіялагічнага ўзроўню, і, ужо пачынаючы з патрэбы, мы знаходзімся па-за катэгорыямі быцця”[7]. Можа здавацца, нашыя цялесныя патрэбы – гэта нешта прымітыўнае, што робіць нас больш падобнымі на іншых прыматаў, чым на Бога. Між тым у іх схаваны вялікі духоўны патэнцыял. З пункту гледжання асабістых адносін, калі я выказваю свае патрэбы, то адкрываю другому чалавеку прастору для яго бескарыслівага дару. У сваю чаргу, маё ўсведамленне патрэб іншага можа дапамагчы мне скантактавацца са схаваным у маім сэрцы Божым жаданнем бацькоўскага / мацярынскага клопату пра чалавека. Гэта Божае жаданне можа ўзрастаць ува мне, яно можа напаўняць мяне і выражацца ў канкрэтных дзеяннях: калі толькі пажадаю, я магу адкрыць яго ў малітве і дазволіць яму кіраваць маім жыццём. Таксама тады я адкрываю самую глыбокую праўду пра сваё жыццё, якое, як піша Левінас, “заключаецца не ў пошуку і спажыванні паліва, якое дае дыханне і ежа, але, так бы мовіць, у спажыванні зямных і нябесных пасілкаў”[8].

Знайдзі сваю пустыню

Развіццё ў сабе духоўнага погляду на свае патрэбы патрабуе асаблівых умоў. Карыснымі будуць цішыня і адзінота. Дапаможа таксама пост, бо ён дазваляе адчуць сваю недастатковасць. Як заўважыў Дж. Ф. Кавано SJ, “нашая няпоўнасць па праўдзе ёсць нашай убогасцю, але толькі дакрануўшыся да сваёй галечы і жывучы ў кантакце з ёй, мы можам дасягнуць паўнаты нашай сілы і праўды пра мэту жыцця”[9]. У IV стагоддзі хрысціяне шукалі такога досведу ў пустыні. Сёння нам не трэба звяртацца да такіх радыкальных сродкаў. Напрыклад, мы можам паехаць на тыднёвыя рэкалекцыі ў цішыні, правесці некалькі дзён адпачынку ў кляштары ці пустэльні, або проста выбрацца на тыдзень без нікога ў горы, лепш за ўсё ў міжсезонне. Сэнс у тым, каб знайсці сваю ўласную пустыню – месца прабывання сам-насам з Богам, у Яго прысутнасці, у якой нашыя патрэбы зноў набываюць належны сэнс, а ўтоеныя прагненні асвятляюцца звышнатуральным ззяннем.

Пшэмыслаў Гвадэра SJ – езуіт, рэкалекцыяніст. Вядзе YouTube-канал: “Duchowość cielesności”. Зараз працуе ў Ігнацыянскім цэнтры духоўнай фармацыі ў Гдыні.

1 M.B. Rosenberg, Porozumienie bez przemocy, wyd. 3. rozszerzone, Warszawa 2020.
2 J.F. Kavanaugh, Following Christ in a Consumer Society, Maryknoll NY 1981.
3 P. Sheldrake, Pragnienia – ukryte źródło duchowości, Kraków 2019.
4 Там жа, с. 57.
5 Там жа, с. 35.
6 E. Lévinas, Całość i nieskończoność. Esej o zewnętrzności, Warszawa 2002, s. 111.
7 Там жа, с. 124.
8 Там жа, с. 123.
9 J.F. Kavanaugh, Following Christ in a Consumer Society, s. 95.

Духоўнае практыкаванне

Твая пустыня пасярод штодзённасці

Не кожны з нас можа дазволіць сабе працяглы адпачынак па-за домам у адзіноце. Аднак мы можам запланаваць невялікую паўзу, каб у звычайных абставінах адбылася жыватворная, інтымная сустрэча з нашым Стварыцелем. Часам дастаткова нават паўгадзіны самотнага шпацыру, спалучанага з малітвай. Калі хочаш паспрабаваць, ніжэй пададзеныя пункты могуць табе дапамагчы.

1. Заплануй час і месца

Калі для цябе было б найлепш пашпацыраваць аднаму на прыродзе альбо пабыць у капліцы адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту? Можаш выбраць таксама іншае месца.

2. Выйдзі з дому

Ужо сам выхад, замыканне за сабой дзвярэй набліжаюць нас да спаткання з Богам у пустыні. Па дарозе можаш распавесці Яму аб тым, што на дадзены момант хочаш пакінуць за сабой: аб падзеях сённяшняга дня,  праблемах, хваляваннях, планах на будучыню. Можаш памаліцца словамі: “Табе, Пане, аддаю гэта ўсё, Тваё ўсё. Хачу даверыцца Табе і быць толькі з Табой, сам-насам, увесь у Тваім распараджэнні”.

3. Затрымайся

Разгледзься навокал. Якія гукі ты чуеш? Якія пахі? Як сябе адчувае цела? Няхай твае органы пачуццяў дапамогуць табе быць тут і цяпер.

4. Падзякуй

Удзячнасць абуджаецца ў нас спантанна, калі нейкая патрэба задаволена. Якія твае патрэбы былі задаволеныя сёння? Падзякуй Стварыцелю за іх.

5. Папрасі аб святле

“Духу Святы, прасвятлі мае думкі, каб я ведаў, да чаго Ты мяне сёння запрашаеш”.

Пасля гэтай малітвы адкажы сабе на пытанне: ці адчуваеш зараз паўнату жыцця, бадзёрасць і радасць, ці, наадварот, стому, знясіленасць, млявасць і сум?

Дрэннае самаадчуванне і фрустрацыя могуць быць наступствамі таго, што нейкая асноўная чалавечая патрэба ў гэты момант не задаволена. Магчыма, табе не хапае сну, здаровай ежы, вады, адпачынку? Можа, табе не хапае досведу блізкасці, супольнасці, узаемаразумення? Магчыма, не хапае забавы, прасторы для святкавання або для перажывання жалобы? Калі адчуваеш, што адна з асноўных патрэб не задаволена, давер яе Богу. А калі ты адчуваеш сябе поўным жыцця, можаш падумаць, з кім бы ты хацеў падзяліцца гэтым жыццём. Каго ты можаш адарыць сваёй дабрынёй, крэатыўнасцю, прысутнасцю?

6. Заплануй

Падумай аб адным невялікім кроку, які ты можаш зрабіць сёння ці заўтра. Якое сённяшняе рашэнне можа наблізіць цябе да задавальнення тваіх патрэбаў у супрацоўніцтве з Божай ласкай або да таго, каб падзяліцца з іншымі жыццём, якое дае табе Стварыцель?

7. Вярніся дадому

Па дарозе назад ты можаш даверыць Богу свой дом, працу, штодзённае жыццё і тых, хто жыве побач з табой.

Крыніца перакладу: “ POTRZEBY, PRAGNIENIA I MĄDROŚĆ PUSTYNI”/ Przemysław Gwadera SJ. “Manreza. Pismo poświęcone duchowości Ignacjańskiej” №1/2022 (9).