Ігнацыянскі рахунак сумлення паводле а. Марка Цібадо SJ
Я перакананы, што страх грае значна большую ролю ў нашым жыцці, чым мы разумеем або хочам прызнаць. Штогод, збіраючыся на рэкалекцыі, каб памаліцца і адпачыць, я пытаюся ў сябе: “Чаго я зараз найбольш баюся?” Гэта заўсёды вядзе да плённага дыялогу з Богам.
Сённяшні рахунак сумлення заклікае нас зайсці ў тое цёмнае месца ў нашых сэрцах і душах і паглядзець у твар сваім страхам. Каб разабрацца ў нашых страхах, патрэбныя намаганні і мужнасць. Нярэдка я высвятляю, што коранем майго страху з’яўляецца не тое, што я меркаваў. Вынікам такой духоўнай працы можа стаць вялікае суцяшэнне, але гэта не падыходзіць для людзей са слабымі нервамі. Таму я б раіў заглыбляцца ў свае страхі толькі тады, калі хапае сіл. У адваротным выпадку лепш адкласці гэта на іншы час.
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.
1. Некалькі хвілін я прысвячаю ўдзячнасці Богу за атрыманыя сёння ласкі, вялікія і малыя.
2. Праглядаючы свой дзень, пытаюся ў Бога: “Дзе страх адыграў важную ролю ў маіх думках, словах, учынках і бяздзейнасці?” Не супакойваюся, пакуль не знаходжу адказ на гэтае пытанне. Пошук можа заняць некаторы час. Калі мне ўдаецца заўважыць нейкі страх, працягваю глядзець, ці не хоча Бог паказаць яшчэ іншыя моманты, калі гэты страх даў пра сябе знаць. (Часта адказ, які прыходзіць у галаву першым, не самы важны.)
3. Усвядоміўшы найбольшы страх, я засяроджваюся на ім. Чаго я баюся? Уголас кажу Богу: “Пане, я баюся…” Што канкрэтна мяне так палохае? Чаго я баюся больш за ўсё? (У гэты момант паспрабую перайсці да больш глыбокага ўзроўню страху. Напрыклад, “Я баюся засмуціць боса” можа прывесці да “Я баюся звальнення”, што, у сваю чаргу, можа адкрыць страх: “Я баюся, што не дам рады захаваць сям’ю”. Толькі цяпер мы даведваемся, што адбываецца!) Спрабую паступова дакапацца, чаго я баюся ў глыбіні сэрца. Як зразумець, што дайшоў да самай сутнасці? Калі выяўлю тое, ад чаго перахопіць дух і будзе цяжка нават агучыць гэта.
4. Затым я набіраюся смеласці, каб сказаць пра гэты страх Богу. Называю яго ўголас зноў і зноў, пакуль не адчую, што рабіць гэта стала лягчэй. Размаўляю з Богам пра свой страх і застаюся адкрытым на любыя словы і жэсты з боку Бога.
5. Задаю Богу важнае пытанне: “Пане, гэты страх рэалістычны ці ірацыянальны?” Напрыклад, некаторыя людзі адкрываюць у сабе падсвядомы страх перад стратай працы або сужэнца, але ў той жа час іх свядомае, рацыянальнае “я” ведае, што гэта практычна немагчыма. У такім выпадку я прашу Бога дазволіць мне ўсвядоміць гэты страх, але каб ён не кантраляваў мае думкі, словы і ўчынкі. З іншага боку, калі страх рацыянальны (мне насамрэч пагражае звальненне з працы), то я пытаюся ў Бога: “Пане, што тады мы з Табой будзем рабіць? Як мы дадзём рады?”. Калі я слухаю ўважліва і ў спакоі сэрца, Бог часта менавіта тут уступае ў дыялог, суцяшаючы мяне, паказваючы мне выйсце нават з найгоршай сітуацыі. Магчыма, Бог пакажа мне, як нават праз такія цяжкасці адбываецца духоўны рост і спаўненне Божай волі. Даследванні паказалі, што на працягу шасці месяцаў людзі аднаўляюцца нават пасля самых траўматычных жыццёвых перажыванняў. Калі гэта спраўджваецца для людзей у цэлым, то яшчэ больш дакладна – для тых, хто мае блізкія адносіны з Богам!
6. Думаючы пра дзень заўтрашні, прашу Бога аб ласцы, патрэбнай мне, каб не паддавацца гэтаму страху. Малюся аб адвазе, мужнасці, спакоі розуму і сэрца, даверы да Бога і паслухмянасці Божаму Провіду.
Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому. Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.