З нагоды літургічнага ўспаміну святога Аўгустына 28 жніўня я задумаўся пра ягоны (імаверны) уплыў на святога Ігнацыя – у прыватнасці, пра старонкі, якія Аўгустын прысвяціў тэме жадання ў сваёй аўтабіяграфічнай “Споведзі”. Адно з найбольш пранікнёных ягоных разважанняў датычыла ягонага першага студэнцкага досведу прабывання ў вялікім горадзе – Карфагене, у паўночнай Афрыцы – і падзення ў віруючы кацёл пажадлівасці. 

Я чытаю гэты тэкст са студэнтамі-першакурснікамі і прашу іх падумаць, ці трапнае там пададзена вызначэнне. Аўгустын апісвае сябе ў юнацтве як чалавека, які яшчэ не закахаўся, але прагне закахацца – іншымі словамі, жадае адчуць той прыліў, уздым, які суправаджае першае каханне. Мы ведаем, што гэты прыліў паходзіць з хімічных субстанцый, такіх як дафамін, рэчываў “добрага самаадчування”, якія наш мозг выпрацоўвае ў адказ на разнастайныя стымулы. Мы таксама можам ашукаць наш мозг, каб ён генерыраваў гэтыя рэчывы, калі глядзім на выявы ці чытаем раманы.

Аўгустын глыбока даследваў тэму жадання, сутнасна шукаючы, адкуль яно ўзнікае і як цягам такога доўгага часу вядзе яго да няшчасця (у тым ліку да шматгадовага жыцця з канкубінай і нараджэння пазашлюбнага дзіцяці). У пэўны момант ён узносіць малітву, у якой вызнае сваю слабасць: “Пане зрабі мяне цнатлівым! (Але не цяпер!)”. Мне прыгадваецца адна з маці-пустэльніц, якая падобным чынам змагалася за цноту чысціні ўсё сваё жыццё, – Крыстафер Джэймісан піша пра яе ў сваёй кнізе “Адшуканне шчасця” – якая малілася не аб тым, каб жаданне пакінула яе, але хутчэй аб тым, каб ёй была падаравана сіла панаваць над ім. Жаданне давала ёй энергію да той пары, пакуль не авалодвала ёю. 

Для Аўгустына грэх быў не ў самім жаданні; грэх быў разладам у перажыванні жадання. Калі жаданне авалодвае намі – замест таго, каб мы панавалі над ім – мы ўпадаем у грэх. Мы робім выбар, які не вядзе нас у кірунку, да якога Бог учыніў нас. Мы не прагнем таго, да чаго створаныя, а хочам перажыць фальшывае пачуццё ці часовае жаданне – прыліў эмоцый, выкліканых хімічнымі рэакцыямі, які з часам ападае, каб саступіць месца наступным прылівам. 

Ігнацый разумеў, што жаданне можа весці нас да жыцця або да граху і смерці. Вось чаму ў пачатку Духоўных практыкаванняў ён піша, што яны прызначаны для таго, каб “пераадолець сябе і ўрэгуляваць жыццё так, каб ніякае рашэнне не прымаць пад уплывам неўпарадкаваных прывязанасцяў”. Досвед жадання – частка жыцця кожнага чалавека; упарадкаванне жадання – запрашэнне да святасці. 

Цім Малдун

Крыніца: https://www.ignatianspirituality.com/understanding-desire/

Выява: “Святы Аўгустын”, аўтарства прыпісваецца Джэрарду Зэгерсу, Wikimedia Commons