Велікапосныя рэкалекцыі запрашаюць нас пакінуць на некаторы час вір падзей, паглядзець на сваё жыццё з пэўнай дыстанцыі, падвесці вынікі і паразважаць, што можна палепшыць. Духоўныя практыкаванні падчас сёлетняга перыяду пакаяння і навяртання правядзе для нас брытанскі езуіт айцец Пол Нікалсан SJ.

Уводзіны

Бог заўсёды працуе ў нас, далікатна кліча да размовы, і наша задача – прысвяціць Яму час і ўвагу, услухацца ў Яго пасланне. У малітве мы стаім перад Богам такімі, якія ёсць, і прыносім Яму нашае жыццё ва ўсім яго бязладдзі, з усімі радасцямі і цярпеннямі. Святы Ігнацый Лаёла нагадвае нам, што Бог прысутны ў нашых найглыбейшых жаданнях. Каб іх пачуць, нам неабходна стварыць умовы для ўнутранай цішыні, адступіць хаця б “на крок” ад штодзённай мітусні і прыслухацца больш уважліва. Можна параўнаць гэта з басейнам. Калі вада ў ім узбаламучаная, скрозь яе не бачна дна. Калі ж яна супакоіцца, стане больш-менш нерухомай, можна зазірнуць у глыбіню. Так і нам патрэбная цішыня, спакойнае месца і час.

Гэтыя велікапосныя рэкалекцыі засяродзяць нашую ўвагу на пасланні апостала Паўла да Рымлянаў. У пэўны момант, прыкладна праз 25 год пасля смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста, Павел вырашыў скіравацца ў Рым. Ён лічыў неабходным зрабіць гэты горад своеасаблівай “базай” для каардынавання дзейнасці ў заходнім Міжземнамор’і – новай тэрыторыі для яго – а затым, магчыма, нават дасягнуць Іспаніі, якая знаходзілася на самым краі вядомага на той час свету. Перад тым як выправіцца, ён напісаў ліст тым хрысціянам, якія ўжо былі ў Рыме. Ён хацеў прадставіць самога сябе і даць ім уяўленне аб сваім спосабе абвяшчэння Евангелля. Над гэтым пасланнем мы і будзем разважаць.

Галоўная тэма рэкалекцый, вынесеная ў назву, адпавядае звароту апостала Паўла да хрысціян, якім ён піша. Ён кліча іх “пакліканымі святымі”. Павел не з’яўляецца летуценным аптымістам, які бачыць рэчаіснасць скрозь ружовыя акуляры. Менавіта праз сваё пасланне ён намагаецца выправіць тое, што лічыць наступствамі недахопу разумення і памылковымі практыкамі першых касцёльных супольнасцяў у Рыме.  Тым не менш, ён дае іх унутраным вачам сузіраць высокі ідэал. Яны ўжо цяпер – “пакліканыя святыя”, пакліканыя Богам, чыю Добрую Навіну Павел абвяшчае. І калі Бог паклікаў іх да гэтага, то Ён таксама павінен даць усё патрэбнае для адказу на Яго заклік.

Павел параўноўвае веру Абрагама з верай тых, хто давярае Богу ў Хрысце і праз Хрыста. Па праўдзе, жыццё Езуса на зямлі скончылася раптоўнай смерцю ад рук рымлянаў. Сітуацыя з Яго вучнямі выглядала зусім безнадзейнай на той час. І ўсё ж Евангелле кажа нам, што, уваскрасіўшы Езуса з мёртвых, Бог уносіць новае жыццё ў гэтую немагчымую сітуацыю. А як уплывае факт Хрыстовага уваскрасення на вашую веру ў тое, што Бог можа ўчыніць для вас?

Мы, “пакліканыя святыя”, з’яднаныя верай ва ўсё, што Бог зрабіў і працягвае рабіць праз жыццё Свайго Сына. Мы верым, што Езус жыве сярод нас і суправаджае штодня, фармуючы нашае жыццё. Гаварыце з Ім, слухайце, стараючыся заўважаць Яго прысутнасць ва ўсім, што адбываецца. Калі вы палічыце гэта адпаведным для сябе, можаце завяршыць сваю малітву паўтарэннем слоў, з якімі некаторыя людзі звярталіся да Езуса ў Евангеллі:

“Пане, дадай нам веры”.

Прапануем вам таксама пару пытанняў, над якімі варта падумаць на парозе рэкалекцый.

Па-першае, узгадайце найлепшых людзей, якія былі або ёсць у вашым жыцці. Чаму вы лічыце іх такімі? Якое дабро ў іх заўважаеце? Ці бачыце на іх прыкладзе, што азначае быць “пакліканымі святымі”, як піша святы Павел?

Па-другое, падумайце і пра сябе. Вылучыце адзін аспект жыцця, сваёй асабовасці, дзе вы б хацелі стаць лепшым. Якой дапамогі вы патрабуеце ад Бога, каб пачаць рух у гэтым кірунку? Малітва аб патрэбнай ласцы – выдатны спосаб распачаць нашае духоўнае падарожжа са святым Паўлам.

 

Разважанне 1. Слугі Езуса Хрыста
Падрыхтоўка да малітвы

На пачатку кожнага малітоўнага разважання вельмі карысна затрымацца на адну-дзве хвіліны, каб супакоіцца, суцішыцца і ўнутрана сабрацца. Існуе шмат спосабаў зрабіць гэта, і, магчыма, вы ўжо знайшлі той, які адпавядае вам найлепшым чынам. Тым не менш, запрашаем сёння звярнуць увагу на фізічныя адчуванні  свайго цела. Не мае значэння, якую паставу вы выбралі для малітвы, адчуйце спачатку, як абутак дакранаецца да ног, свае ступні на зямлі, а потым рухайцеся паволі ўгору па целе аж да валасоў на галаве. Коратка адзначайце для сябе, што вы адчуваеце ў асобнай частцы цела і пераходзьце да іншай.

Ад галавы вярніце ўвагу да ног і прайдзіцеся яшчэ раз знізу ўверх.

У найбольш ціхім і спакойным месцы, якое вы адчуеце ўнутры сябе, затрымайцеся даўжэй.

З гэтага месца спакою вы можаце цяпер паслухаць, як Павел пачынае сваё пасланне да хрысціянаў Рыма.

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў

Павел, слуга Езуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны дзеля абвяшчэння Евангелля Бога, якое перад гэтым было абяцана праз Яго прарокаў у святых Пісаннях, пра Ягонага Сына, які целам паходзіў з роду Давіда і адкрыўся як Божы Сын у моцы, паводле Духа святасці, праз уваскрасенне з мёртвых, пра Езуса Хрыста, Пана нашага, праз якога мы атрымалі ласку і апостальства, каб у імя Ягонае зрабіць паслухмянымі веры ўсе народы, сярод якіх і вы, пакліканыя Езусам Хрыстом. Усім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Бога, пакліканым святым: ласка вам і спакой ад Бога, Айца нашага, і Пана Езуса Хрыста. (Рым 1, 1-7)

Разважанне
  • Павел успрымае самога сябе як «слугу Езуса Хрыста». Ці такое апісанне вы б хацелі прымяніць да сябе?
  • Калі так, што яно магло б змяніць у жыцці? Калі не, то паспрабуйце акрэсліць, як бы вы ахарактарызавалі свае адносіны з Езусам? Хто Ён для вас? Сябар або хтосьці неабыякавы, ці насцярожаны назіральнік? Як сваімі словамі вы можаце апісаць сваё стаўленне да Езуса?
  • Павел ўсведамляе сябе тым, каму дадзена заданне, мэта жыцця: ён павінен абвяшчаць Евангелле Езуса Хрыста. Калі Павел пісаў свой ліст, чатыры вядомыя нам Евангеллі – паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна – яшчэ не былі складзеныя. Гаворачы пра абвяшчэнне Добрай Навіны, Павел мае на ўвазе жаданне распавядаць сваім адрасатам пра Езуса, з якім ён сутыкнуўся ў сваім жыцці. Калі б вас папрасілі “распаўсюджваць Евангелле” праз лісты, чым у першую чаргу вы хацелі б падзяліцца? Якім ёсць той Езус, якога вы пазналі?
Размова з Панам

Павел піша “ўсім, хто знаходзіцца ў Рыме, умілаваным Богам, пакліканым святым”. Замест Рыма (калі вы не з Рыма, канешне), устаўце ў гэтую фразу назву вашага роднага горада. “Усім умілаваным Бога ў Мінску, Гродне, Магілёве, Віцебску (ці дзе заўгодна), пакліканым быць святымі”. Якое ўражанне ствараецца ад такога звароту?

У канцы рамана Грэма Грына “Сіла і слава” ёсць сцэна, дзе святар, які жыў не зусім святым жыццём, неўзабаве будзе расстраляны ворагамі Касцёла. У чаканні смерці ён з тугой разважае, як лёгка было б стаць святым, прыклаўшы крыху больш намаганняў і крыху больш ахвярнасці. Большасць з нас, напэўна, думае пра святасць як пра нешта зусім недасягальнае для “простых смяротных”. Тым не менш, святы Павел лічыць усіх тых, да каго піша, пакліканымі быць святымі. Пагаварыце некалькі хвілін з Езусам, з Богам, аб тым, як адгукаецца ў вашым сэрцы гэты заклік.

Напрыканцы засяродзьцеся на адным пункце з сённяшняй малітвы, які вы хочаце ўзяць з сабой: усведамленне, адчуванне ці жаданне нешта зрабіць. Застаньцеся з гэтым на хвіліну, перад тым як завяршыць гэты час малітвы.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы абагаціліся надзеяй праз моц Духа Святога. Амэн.

Разважанне 2. Вера
Падрыхтоўка да малітвы

Сёння, каб знайсці ўнутраны спакой, засяродзімся на дыханні. Нагадаем, што не варта прыкладаць намаганні, каб змяніць глыбіню або рытм дыхання. Усё, што неабходна, – звярнуць увагу. Адзначайце, як вы ўдыхаеце і выдыхаеце паветра, як яно ледзь адчувальна напаўняе лёгкія, а затым вяртаецца ў атмасферу. Проста, спакойна і трывала сачыце за звычайным працэсам дыхання адну-дзве хвіліны.

На габрэйскай мове словы “дыханне” і “дух” (Святы Дух таксама) супадаюць па гучанні – руах (ruah). Таму ўявіце сабе, як дыхаеце Духам Божым і дазваляеце Яму напаўняць вас Сваім цяплом і святлом.

Няхай дыханне ціха працягваецца далей, адыходзячы на задні план, але ўвага няхай застанецца з Духам, які жыве ў вашым сэрцы. Адпачывайце некаторы час у гэтым месцы спакою і цішыні. Цяпер скіруйце ўсю ўвагу на слова Божае, якое прыходзіць да вас праз пасланне апостала Паўла.

Чытанне Паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Ён [Абрагам] насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў, паводле сказанага: «Такім будзе патомства тваё». І не аслаб у веры, хоць лічыў сваё амаль стогадовае цела ўжо змярцвелым і ўлонне Сары мёртвым. Не засумняваўся ў абяцанні Божым, але ўмацаваўся ў веры, аддаючы хвалу Богу і будучы цалкам упэўненым, што Бог мае моц выканаць абяцанае. Таму гэта і залічана яму як справядлівасць. Не толькі дзеля яго аднаго напісана, што залічана яму, але таксама дзеля нас, бо залічыцца і нам, якія вераць у таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, Пана нашага, які быў выдадзены за правіны нашыя і ўваскрос дзеля нашага апраўдання. (Рым 4:18–25)

Разважанне
  • У сваім пасланні Касцёлу ў Рыме апостал Павел запрашае нас адказаць, што значыць верыць у Бога. У якасці прыкладу ён прыводзіць Абрагама, патрыярха Старога Запавету. У старасці Абрагам быў запрошаны Богам пакінуць свой дом і край і выправіцца ў незнаёмым накірунку, маючы толькі абяцанне, што ён стане айцом многіх народаў. Але Абрагам, як і яго жонка Сара, былі ужо старымі каб нарадзіць дзіця. Падумайце, як бы вы паставіліся да такога запрашэння, калі б апынуліся на месцы Абрагама ці Сары?
  • Абрагам, як мы ведаем, усё ж паверыў Богу, што Ён выканае Свае абяцанні, якімі б немагчымымі і неверагоднымі яны ні здаваліся. Ці можаце ўявіць сабе, што ў вас атрымаецца таксама цалкам давяраць Богу? Ці быў ў вашым жыцці час, калі вам давялося даверыцца Богу, нягледзячы на тое, што вырашэнне сітуацыі здавалася амаль немагчымым?
  • Калі ў вас быў такі час, дайце вашай памяці наноў перажыць яго. Што дапамагло вам? І што дало магчымасць паверыць Богу “насуперак надзеі”?
Размова з Панам

Апостал Павел параўноўвае веру Абрагама з верай тых, хто давярае Богу ў сваім штодзенным жыцці. Здаецца, калі Езуса пакаралі смерцю рымляне і Яго жыццё на зямлі скончылася, Яго вучні павінны былі згубіць усялякую надзею. Тым не менш, Евангелле кажа нам, што, калі Езус паўстаў з мёртвых, Бог даў новае жыццё і нашай надзеі.

Як сам факт уваскрасэння Хрыста ўплывае на вашую веру ў тое, што Бог можа зрабіць асабіста для вас сёння і ў будучыні?

Мы як “пакліканыя святыя” з’яднаныя верай ва ўсё тое, што Бог зрабіў і працягвае рабіць, праз жыццё Свайго Сына Езуса Хрыста. Мы верым, што Пан і зараз жыве сярод нас і штодня ўплывае на нашае жыццё. Прысвяціце некалькі хвілін размове з Езусам і пачуйце, што Ён здзяйсняе менавіта для вас у цяперашні час.

Завяршыць сённяшнюю малітву можна сваімі словамі або просьбай вучняў: «Пане, дадай нам веры».

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Разважанне 3. Унутраная барацьба
 Падрыхтоўка да малітвы

У пачатку сённяшняй малітвы, звярніце ўвагу на розныя гукі вакол вас. Нават у вельмі ціхім месцы напэўна будзе нешта, што можна пачуць. Вакол вас – несупынны шум, гукі штодзённага жыцця. Адзначайце па чарзе, адкуль паходзіць кожны з іх.

Цяпер на некалькі імгненняў сканцэнтруйцеся толькі на гуках у непасрэднай блізкасці да вас, у сваім пакоі. Адпусціце іншыя – яны ўсё адно застануцца ў фоне малітвы.
Затым пакіньце і тыя гукі, няхай яны таксама адступяць на другі план па меры таго, як вы скіруеце ўвагу ўнутр. Знайдзіце ціхае месца ў сабе і хвіліну-другую проста адпачніце там у спакоі свайго сэрца.

Паслухайце ў гэтай цішыні Божае слова, якое прамаўляецца ў той час, калі гучыць фрагмент Паўлавага паслання вучням Хрыста ў Рыме.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Ведаем, што Закон – духоўны, а я – цялесны, падлеглы граху. Я не разумею, што раблю, бо не тое раблю, што хачу, але тое раблю, што ненавіджу. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то прызнаю, што Закон добры. Цяпер ужо не я раблю тое, але грэх, які жыве ўва мне.

Ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць, у маім целе, добрае. Бо жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як! Дабро, якое хачу, не раблю, а зло, якога не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне. Тады я заўважаю, што, калі хачу рабіць дабро, ляжыць перада мною зло. Паводле духоўнага чалавека, знаходжу задавальненне ў Законе Божым, але ў маіх членах бачу іншы закон, што змагаецца з законам майго розуму і робіць мяне нявольнікам закону граху, які ў маіх членах. Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела смерці?

Дзякую Богу праз Езуса Хрыста, нашага Пана! Значыць я сам розумам служу Закону Божаму, а целам – закону граху. (Рым 7, 14–25)

Разважанне
  • У біяграфіях шматлікіх святых можна заўважыць пэўную асаблівасць, якая на першы погляд можа здавацца нам дзіўнай, а менавіта, пастаяннае і непагаснае пачуццё ўласнай грэшнасці. Некаторыя са святых сапраўды здзейснілі тое, за што сёння маглі б паплаціцца свабодай. Жыццё іншых святых пазначана такім ашаламляльным кантрастам, што біёграфу вельмі цяжка было стрымаць сваё захапленне той пераменай, якая адбылася ў адносінах гэтых людзей з Богам. Аднак часта менавіта ўсведамленне бясконцай Божай дабрыні і міласэрнасці прыводзіла іх да зразумення таго, наколькі мізэрны іх жыццёвы адказ на гэтую любоў. Як сёння гучыць мой адказ на Божую любоў?
  • Святы Павел добра разумее, што, будучы нявольнікам граху, робіць не тое, што хоча, а тое што ненавідзіць і лічыць злом. Знаёмая сітуацыя?
 Размова з Панам

Павел апісвае нястомную барацьбу, якая адбываецца ўнутры яго. Адна частка ў ім сапраўды цягнецца да дабра, хоча служыць Богу і людзям.

Другая ж частка ўпіваецца грахоўным эгаістычнам станам, не цікавячыся ані Божай воляй, ані людзьмі побач. Трэцяя ўвогуле бяссільна застаецца ўбаку, пакуль ідзе барацьба. Гэта безумоўна вельмі драматычны стан. Ці я заўважаю ў сабе падобнае ўнутранае раздзяленне? Якія пачуцці яно выклікае?

Святы Павел адчувае сябе абсалютна бездапаможным перад абліччам таго, што адбываецца ў ім. Апостал гадамі спрабаваў пераадолець сваю грахоўную схільнасць раз і назаўсёды, аднак усе высілкі былі марнымі. Магчыма, гэта нагадвае мой унутраны стан?

Павел не ўпадае ў роспач і не здаецца. Урывак заканчваецца воклічам удзячнасці, скіраваным да Таго, хто адзіны можа вызваліць яго, – да Езуса Хрыста. У гэтыя заключныя хвіліны малітвы вы можаце разам з Паўлам усклікнуць з радасцю і ўдзячнасцю да Пана і адкрыта падзяліцца з Ім усімі думкамі і перажываннямі.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Разважанне 4. Божая любоў
 Падрыхтоўка да малітвы

Распачнём сённяшняе разважанне з фізічнага супакойвання. Выбірайце любую зручную паставу цела: можаце стаяць, сядзець, ляжаць ніцма або крыжам – галоўнае, каб вы маглі прабываць у ёй некалькі хвілін, не адчуваючы дыскамфорту, адначасова спакойна і засяроджана. Нашая мэта – увайсці ў малітву. Спачатку проста затрымайцеся ў выбранай паставе.

Затым звярніце ўвагу на тое, што адбываецца ўнутры вас: на свае думкі і пачуцці. Чым заняты розум? Што турбуе сэрца? Адзначце цяпер, калі спрабуеце супакоіць увесь гэты шум, – як вы сябе адчуваеце, апынуўшыся сярод яго бязладдзя?

Справа ў тым, што, калі вы паназіраеце са сваімі думкамі і пачуццямі некаторы час, то напэўна заўважыце, як яны ўзнікаюць і адыходзяць, віруючы, нібы хвалі на паверхні ракі. Некаторыя, магчыма, здаюцца больш важнымі і працяглымі. Іншыя – нетрывалыя ўражанні – мінаюць хутка. Адну-дзве хвіліны проста працягвайце глядзець унутраным позіркам, як думкі і пачуцці праходзяць скрозь вас.

З гэтай перспектывы паспрабуйце ўсвядоміць, што вы назіраеце за ракой думак і пачуццяў: вы самі – не рака, а назіральнік. Як той, хто глядзіць, вы можаце спакойна назіраць за ўсім, што адбываецца, без неабходнасці неадкладна ўмешвацца. Няхай жа рака думак і пачуццяў плыве далей. А вы ў гэтым зацішным месцы каля патока слухайце наступны фрагмент паслання, якое святы Павел піша ў Рым “умілаваным Бога, пакліканым святым”.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Што ж скажам на гэта? Калі Бог за нас, хто супраць нас? Той, які не пашкадаваў свайго Сына, але аддаў Яго за ўсіх нас, як жа не дасць нам разам з Ім таксама ўсяго? Хто будзе абвiнавачваць выбраных Богам? Ці ж Бог, які апраўдвае? Хто будзе асуджаць іх? Ці ж Хрыстус, які памёр, а нават больш за тое, уваскрос, знаходзіцца праваруч Бога і заступаецца за нас? Хто адлучыць нас ад любові Хрыста? Няшчасце ці прыгнёт, пераслед ці голад, галеча ці небяспека, ці меч? Як напісана: «За цябе забіваюць нас увесь дзень, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на зарэз». Але над усім гэтым мы атрымліваем поўную перамогу праз таго, хто палюбіў нас.

Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым. (Рым 8: 31–39)

Разважанне
  •  Кожны, хто чуе заклік да святасці, хутчэй за ўсё, адчувае сябе нявартым. Чытанне мінулага тыдня было сканцэнтравана на гэтым. Але Павел не пакідае вас у гэтай нявартасці, ён нават не запрашае рабіць сябе годным Божай любові. Замест гэтага піша: “Бог апраўдвае”. Калі я толькі дазволю, Бог паклапоціцца пра ўсё, што не так у маім жыцці. У рэшце рэшт Бог не дазволіць, каб мае ўласныя недахопы і няўдачы заміналі мне. Які мой першы адказ на гэтыя словы?
  • Павел разважае над пэўнымі складанасцямі, з якімі ён сам сутыкнуўся ў спробах стаць верным вучнем Хрыста і дасягнуць святасці. Ён зведаў нягоды, голад, пераслед і пагрозы смерці, яго білі не раз, яго каменавалі… Аднак гэты спіс Паўла не абавязкова супадае з маім. Колькі мне каштуе быць хрысціянінам?
  • Што ў маім жыцці стаіць паміж мною і Хрыстом?
Размова з Панам

Адным з цяжкіх выпрабаванняў, якое спазнаў Павел, было асуджэнне іншых людзей. Некаторыя з самых блізкіх яму асобаў не разумелі абранага ім шляху. Сутыкненне з гэтым можа быць такім жа складаным, як і барацьба з фізічнымі праблемамі, пра якія ён згадвае. Ці ёсць сярод вашых блізкіх тыя, каму цяжка зразумець вашую веру і прыняць яе? Знайдзіце хвіліну, каб пагаварыць з Богам пра іх.

Разважанні пра праблемы, з якімі ён сутыкаўся ў мінулым, і спосабы, якімі Бог дапамагаў пераадолець іх, напаўняюць Паўла ўпэўненасцю. Калі нічога ў жыцці так і не змагло аддзяліць яго ад Хрыста, то і ў будучыні ўжо нічога не зможа. Калі вы падзяляеце перакананасць Паўла, то, магчыма, захочаце завяршыць гэтую малітву падзякай Богу за тое, чым Ён адарыў вас. Калі ж адчуваеце сябе не вельмі ўпэўнена, то папрасіце Бога аб ласцы даверу да любячага клопату, якім Ён ахінае вас.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Разважанне 5. Быць унікальнай часткай супольнасці
Падрыхтоўка да малітвы

Уступ да кожнай чарговай часткі сёлетніх рэкалекцый запрашае адкрыць іншы спосаб унутранага спакою і засяроджанасці, каб уважліва слухаць Божае слова. Сёння прапануем вам выбраць любы невялікі фізічны аб’ект, які вам будзе зручна трымаць. Гэта можа быць кубак, кавалак садавіны, птушынае пяро ці гладкі каменьчык. Калі нават нічога няма пад рукой, можна выбраць штосьці на ўласнай вопратцы, каб засяродзіць сваю ўвагу. Некалькі імгненняў проста спакойна пасядзіце з тым, што маеце.

Цяпер пакруціце прадмет у руках. Паглядзіце зблізку, адзначаючы, які ён на дотык, якую мае вагу, шурпаты ці гладкі, цвёрды ці мяккі. Няхай вашая ўвага поўнасцю сфакусуецца на тым, што вы трымаеце перад сабой.

Паспрабуйце змяніць ракурс, убачыць штосьці такое, чаго не заўважылі, калі разглядалі свой прадмет першы раз. Што робіць яго ўнікальным, непаўторным? Нават калі ён з’яўляецца прадуктам масавай вытворчасці, у ім павінна знайсціся нешта адметнае.

Прысвяціце адну-дзве хвіліны ўдзячнасці за абраную матэрыяльную рэч, частку створанага Богам свету. Цяпер паслухайце словы, якія Стварыцель прамаўляе праз святога Паўла.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Дзякуючы дадзенай мне ласцы, я кажу кожнаму, хто ёсць сярод вас, каб не думалі пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвалі сябе цвяроза, паводле веры, удзеленай кожнаму Богам. Бо як у адным целе маем шмат членаў, і не ўсе яны выконваюць тыя самыя функцыі, так і мы, многія, складаем адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго – члены.

Паводле дадзенай ласкі мы маем розныя дары. Калі дар прароцтва, павінны прарочыць згодна з вераю. Калі служэнне – служыць; калі настаўніцтва – навучаць; калі заахвочванне – заахвочваць; калі размеркаванне – раздаваць у прастацé; калі кіраванне – кіраваць старанна; калі міласэрнасць, то павінны чыніць гэта з радасцю.

Любоў няхай будзе некрывадушнай. Майце агіду да зла, гарніцеся да дабра; любіце адзін аднаго братняю любоўю, апярэджвайце адзін аднаго ў ветлівасці, у руплівасці будзьце нястомныя, духам палымнейце, служыце Пану. Цешцеся надзеяй, ва ўціску будзьце цярплівыя, у малітве – трывалыя; падтрымлівайце святых; дбайце пра гасціннасць. (Рым 12:3–13)

Разважанне
  • Пасланне святога Паўла, якое мы разглядаем на гэтым тыдні, не асабістае: яно адрасавана хрысціянскай супольнасці ў Рыме. Менавіта як супольнасць, а не паасобку, мы пакліканы да святасці. Папа Францішак нагадвае нам, што, калі Бог кліча людзей, Ён запрашае іх стаць народам, супольнасцю. Ці можаце ўзгадаць, якія групы людзей маюць значэнне для вас на шляху наследавання Хрыста?
  • Часта адзначаецца, што сёння людзі сталі больш адчужанымі адно да аднаго, чым гэта было раней. Сем’і раскіданыя па свеце. Праца часовая. Мы не вельмі добра або зусім не ведаем суседзяў – людзей, побач з якімі жывем. Якую ролю на самой справе грае супольнасць у вашым жыцці? Аб якой ролі для яе вы марыце?
Размова з Панам

Людзі, якіх кліча Бог, унікальныя як аб’ект, на якім мы засяроджвалі сваю ўвагу падчас падрыхтоўкі. У кожным з нас – сумесь моцных і слабых бакоў, талентаў і недахопаў. Супольнасць ствараецца праз моцныя бакі і таленты. Гэта мае падтрымліваць кожнага з нас у нашых слабасцях і недахопах. Павел мяркуе, што лепшым спосабам такой падтрымкі з’яўляецца рэальнае бачанне сябе, каб самахвальна не пераацэньваць тое, што вы можаце прапанаваць, але таксама каб не ўтойваць і не прыніжаць сарамліва свае здольнасці. Падумайце разважліва і шчыра, што вы можаце ўнесці ў сваю супольнасць.

Ці сустракаліся вам супольнасці, якія падтрымлівалі вас у змаганні з недахопамі? Якое асяроддзе вы лічыце выклікам для “слабых месцаў” вашай асабовасці?

Павел завяршае ўрывак пералікам таго, як кожны з нас можа дзейнічаць і рабіць свае супольнасці месцамі сапраўднай падтрымкі. Гэта ягоны спіс. Што б вы параілі ад сябе, калі б хтосьці спытаўся, як можна ўдзельнічаць у жыцці сваёй супольнасці?

Завяршыце гэты час малітвы падзякай Богу за групы людзей, якія ёсць у вас цяпер, альбо папрасіце Яго накіраваць вас у супольнасць, якая зможа падтрымліваць вас так, як апісвае Павел.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Разважанне 6. Дзеянне Духа Святога
Падрыхтоўка да малітвы

Удзел у гэтых анлайн рэкалекцыях дае магчымасць паспрабаваць розныя спосабы пошуку ўнутранай цішыні і засяроджанасці. Праз уважлівасць да свайго дыхання або цялесных адчуванняў, праз спакойнае назіранне за патокам думак і пачуццяў, праз канцэнтрацыю на фізічным аб’екце або на навакольных гуках можна адкрыць унутры сябе глыбіню цішыні. Узгадайце цяпер некаторыя з гэтых метадаў і скарыстайцеся тым, які быў для вас найбольш карысны.

Прысвяціце некалькі хвілін выбранаму спосабу. Цалкам магчыма, што вам сёння захочацца проста спакойна пасядзець і падрыхтавацца да таго, каб пачуць, як святы Павел заканчвае сваё пасланне.

Чытанне Паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас дзеля хвалы Божай. Бо кажу, што Хрыстус стаўся слугою абразання дзеля праўды Божай, каб пацвердзіць абяцанні, дадзеныя айцам, каб язычнікі маглі праслаўляць Бога за міласэрнасць, як напісана: «За гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і спяваць імені Твайму». I яшчэ кажа: «Узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго». А таксама: «Хваліце Пана, усе язычнікі, і слаўце Яго, усе народы». Ісая таксама кажа: «З’явіцца корань Есэя і ўстане, каб валадарыць над народамі; на Яго будуць спадзявацца язычнікі». Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. (Рым 15: 7–13)

Разважанне
  • Супольнасць у Рыме, да якой звяртаўся Павел, складалася з хрысціянаў, якія мелі рознае паходжанне. Некаторыя навярнулiся з юдаізму. Яны прытрымліваліся практык абразання, пастоў, спосабаў малітвы, якімi карысталiся яшчэ да таго, як сталі паслядоўнікамі Хрыста. Іншыя, называныя язычнікамі, раней не былі габрэямі. Яны не бачылі сэнсу ва ўсіх гэтых рэлігійных практыках. На думку Паўла, абедзьве пазіцыі дазваляюць адказаць на пакліканне да святасцi. Аднак у супольнасці важна захаваць адзінства. Падумайце, з якiмi групамi або асобамi вам хацелася б быць у адзiнстве, нягледзячы на тое, што iх рэлігійная ці культурная практыка здаецца вам дзіўнай.
  • Спачатку для Паўла як юдэя было нечакана ўбачыць рашучае дзеянне Бога сярод язычнікаў. Яму спатрэбілася нямала часу, каб зразумець, што Бог чыніць. Цяпер зноў жа – узгадайце групы або асобы, гледзячы на якіх вам цяжка паверыць у дзеянне Бога ў іх жыцці.
Размова з Панам

Павел праслаўляе Бога, калi бачыць Божую прысутнасць у значна больш шырокім коле людзей і абставін, чым ён першапачаткова мог сабе ўявiць. Чытаючы Святое Пісанне ў такім святле, ён распазнае вялікую колькасць Божых абяцанняў, спаўненне якіх пацвярджае, што Бог сапраўды дзейнічае такім чынам. Сённяшняе чытанне ў значнай меры пераклікаецца з гэтымі абяцаннямі. Што або каго б вы прыгадалi, праслаўляючы Бога за вялікія справы, якія Ён зрабіў у жыццi людзей, у дачыненнi да якiх вы гэтага не чакалi?

Праслаўленне і радасць натуральным чынам дапаўняюць адно аднаго. Святы Павел, як i Ігнацый Лайола, бачыць у святасцi заклік да радасцi.

Магчыма, пачуўшы гэты заклік упершыню і зразумеўшы, што Бог хоча бачыць вас сярод святых, вы маглi адчуць страх. Але Павел заканчвае пасланне зусім не на ноце боязі ці бязраднасці, а на ноце надзеі: «Каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй». Таму што менавіта Дух, у рэшце рэшт, прывяддзе вас да святасцi, якой Бог для вас прагне. Напрыканцы малiтвы папрасіце ў Бога аб гэтай надзеі; папрасіце Бога дазволіць Святому Духу фармаваць вашае жыццё.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

Разважанне 7. Паяднаныя з Хрыстом
Падрыхтоўка да малітвы

У сваёй кнізе “Духоўныя практыкаванні” святы Ігнацый Лаёла дае нямала падказак, як лепш распачынаць час малітвы. Сярод іншага ён раіць адну даволі простую рэч: “паразважай над тым, як Бог наш Пан глядзіць на цябе”. Якая вашая першая рэакцыя на гэтую прапанову?

У Евангеллі ёсць шэраг месцаў, дзе гаворыцца аб тым, што Езус важка глядзеў на людзей, нібы выпрабоўваў іх. Але Ягоны позірк заўсёды поўны спачування, а не суровага асуджэння. Гэта і меў на ўвазе святы Ігнацый, калі запрашаў уявіць сябе ў вачах Бога. Паспрабуйце так зрабіць. Хаця б на кароткі момант, тут і цяпер, усвядомце, што Бог глядзіць на вас.

Чытанне з паслання апостала Паўла да Рымлянаў

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўваскрос, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе. (Рым 6:3–11)

Разважанне
  • Рэкалекцыі падыходзяць да свайго завяршэння, і мы рухаемся праз Вялікі тыдзень да Вялікадня. Традыцыйна ў гэты час хрысцілі навернутых дарослых. Дзейства было хвалюючым. Навернутых распраналі, апускалі ў ваду з галавой і, калі яны выходзілі, надзявалі на іх белы строй, які сімвалізаваў новае жыццё, якое яны цяпер падзялялі з Хрыстом. Ніхто з прысутных ніколі не забудзе сугучнасць хросту з апусканнем у магілу разам з памерлым Хрыстом і паўстаннем з Ім да новага жыцця. Што азначае асабіста для вас “новае жыццё”, атрыманае падчас вашага хросту?
  • Павел кажа, што мы “паміраем для граху”. Гэта нядрэнны вобраз для “пакліканых святых”. Але, як мы памятаем, папярэдне ў пасланні ён шчыра прызнаўся, што мае некаторыя грахі. Як вы разумееце сябе “памерлым для граху”?
Размова з Панам

Найважнейшае, што Павел называе нас “жывымі для Бога ў Езусе Хрысце”. Вось дзе цяпер знаходзіцца цэнтр нашага жыцця. Калісьці грэх меў апошняе слова і здаваўся непазбежным. Цяпер вы свабодныя і можаце засяродзіць сваё жыццё на Богу і на ўсіх добрых рэчах, якіх Ён хоча для вас – цяпер і навекі. Як вы адчуваеце гэтую свабоду? Як хацелі б яе выкарыстаць?

Увесь велікодны перыяд нагадвае святкаваць гэтую свабоду, якую Бог падараваў нам у Хрысце. Вялікі хрысціянскі пісьменнік К. С. Льюіс параўноўвае яе з вырашальнай перамогай вызваленчых сіл у акупаванай краіне. Яшчэ ёсць сутычкі і зоны супраціву ворага, але Божая перамога неаспрэчная, і гэта толькі пытанне часу, калі яна будзе прызнаная ўсімі. А пакуль што мы – тыя, хто на баку Вызваліцеля, – можам дапамагчы іншым дацаніць новаатрыманую свабоду. Паразважайце над гэтым некаторы час, каб вобраз вызвалення закрануў ваш розум і сэрца.

Заканчэнне

Няхай Бог надзеі напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры, каб вы праз моц Духа Святога абагаціліся надзеяй. Амэн.

На завяршэнне рэкалекцый

Напрыканцы добра азірнуцца на пройдзены шлях і адзначыць, што з гэтых рэкалекцый засталося з намі, што было карысным і над чым варта задумацца ў будучым. На пачатку абярыце тры словы, якімі б вы ахарактарызавалі для сябе сёлетнія рэкалекцыі.

Вылучыце з усіх сямі разважанняў словы ці вобразы, якія найбольш закранулі вас. Шмат духоўнай карысці можа прынесці вяртанне менавіта ў такія асабістыя моманты, каб перажыць іх яшчэ раз і глыбей, адзначаючы тое новае, што Святы Дух жадае адкрыць вам.

Позірк у будучыню

Дзякуючы ўдзелу ў рэкалекцыях штосьці ў вашай душы пачало змяняцца, хоць вы можаце не адчуваць гэтага. Бог ідзе насустрач вашым інтэнцыям і часта дае нават больш, чым чалавек спадзяецца атрымаць. Адзначце як мага больш Яго дароў і знакаў Яго прысутнасці падчас гэтага Вялікага посту і падзякуйце Яму.

Цяпер паглядзіце наперад на некалькі дзён, тыдняў, месяцаў. Магчыма, рэкалекцыі падказалі вам некаторыя справы, якія варта зрабіць, сферы жыцця, якія патрабуюць не толькі Божай дапамогі, але і вашага дзейснага і неадкладнага ўдзелу? Пагаварыце з Богам аб усім, што вам адкрываецца.

Заканчэнне

Пасланне, якое апостал Павел напісаў тым, каго спадзяваўся ўбачыць сваімі сябрамі, калі наведае Рым, заканчваецца даксалогіяй – кароткай малітвай хвалы і падзякі – Рым 16, 25-27. Давайце на заканчэнне рэкалекцый прыслухаемся да яе і на працягу некалькіх наступных хвілін паразважаем у цішыні, каб словы апостала народаў сталі таксама і нашай малітвай:

Таму, хто можа ўмацаваць вас паводле майго дабравесця і прапаведавання Езуса Хрыста, паводле аб’яўлення таямніцы, якую замоўчвалі вякамі, але якая выявілася цяпер праз прароцкія пісанні паводле наказу адвечнага Бога, якая абвешчана ўсім народам дзеля паслухмянасці веры, адзінаму мудраму Богу, праз Езуса Хрыста, хвала навекі. Амэн.