Разважанні на Вялікі пост, якія мы прапануем у гэтым цыкле, заснаваны на кнізе «Сем апошніх слоў» (Seven Last Words). Напісаў яе айцец Джэймс Марцін SJ з Нью-Ёрка, святар-езуіт і аўтар хрысціянскіх бестселераў. Кніга складаецца з медытацый над апошнімі словамі ўкрыжаванага Хрыста і паказвае, як дасканала Езус разумее нас.

Разважанні а. Джэймса дапамагаюць нанова ўсвядоміць, што да Хрыста мы можам звяртацца ў кожнай сітуацыі нашага жыцця.

Сем апошніх слоў. Зразумець Хрыста

Кожныя рэкалекцыі з’яўляюцца магчымасцю вызваліцца ад прэсінгу і турботаў штодзённасці, малітоўна паразважаць над сваімі адносінамі з Богам, з людзьмі і са светам. Перыяд Вялікага посту — час падрыхтоўкі да святкавання пасхальнай таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста — вельмі адпавядае ўдзелу ў рэкалекцыях.

Нашай малітве будуць дапамагаць разважанні над апошнімі словамі Хрыста. Гэта сем апошніх фраз, якія Езус прамовіў з крыжа ў Вялікую пятніцу:

«Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34)
«Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 43)
«Жанчына, вось сын Твой… Вось Маці твая» (Ян 19, 26–27)
«Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» (пар. Мк 15, 34 Мц 27, 46)
«Прагну» (Ян 19, 28)
«Здзейснілася!» (Ян 19, 30)
«Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46)

Практычныя заўвагі

Гэтыя сем апошніх выказванняў з’яўляюцца не толькі апошнімі думкамі Езуса на крыжы, але словамі, якія першыя хрысціяне лічылі найбольш важнымі, перадавалі і запісвалі. Такім чынам, гэтыя фразы з’яўляюцца вельмі значнымі для разумення не толькі Езуса Хрыста, але і ранняга Касцёла.

Спадзяёмся, што, карыстаючыся гэтымі разважаннямі, вы зведаеце новую, глыбокую сустрэчу з Езусам, і гэтая сустрэча пераменіць вашае жыццё.

Пачнем з некаторых практычных падказак, якія могуць дапамагчы тым, хто не ўдзельнічаў раней у рэкалекцыях такога кшталту, або нагадаюць некаторыя моманты тым, хто ўжо з імі знаёмы.

Найперш неабходна вызначыцца, як доўга і калі вы можаце маліцца. Вельмі добра было б загадзя выбраць час і прытрымлівацца яго падчас кожнай малітвы.

Тэкст аднаго разважання разлічаны на 20-25 хвілін, але можна дадаць час на падрыхтоўку альбо, напрыклад, вярнуцца вечарам да прагляду ідэй і думак, якія нарадзіліся на працягу дня пасля малітвы.

Важна таксама знайсці адпаведнае месца для малітвы і падумаць, з якімі інтэнцыямі, прагненнямі, нявырашанымі пытаннямі вы распачынаеце гэты шлях.

Галоўная мэта рэкалекцый — спасцігнуць, як пакуты і цярпенні Езуса дапамаглі Яму зразумець чалавека да канца. Асоба, да якой мы молімся, Чалавек, за якім мы ідзём з надзеяй, той, які ўвакрос з мёртвых, разумее нас — таму што Ён пражыў чалавечае жыццё, а асабліва таму, што Яго апошні тыдзень на зямлі быў напоўнены цярпеннямі.

Гэта не азначае, што мука — адзіная значная частка жыцця Езуса Хрыста. Сапраўды, на працягу ўсёй хрысціянскай гісторыі на муках Хрыста рабіўся залішні акцэнт. Засяроджанне выключна на «Мужы Цярпення» выпускае з-пад увагі іншую частку служэння Езуса, якое было напоўнена радасцю. Так, аздараўленні хворых былі крыніцай не толькі здзіўлення. Таксама ў многіх прыпавесцях і выказваннях Хрыста варта было б убачыць не толькі мудрасць, якая, несумненна, у іх ёсць, але і гумар. Мы павінны памятаць, што Езус да канца быў чалавекам, таму меў таксама пачуццё гумару і ўмеў жартаваць. Муж Цярпення значна часцей быў Мужам Радасці. Стаўшы чалавекам, Ён зведаў усё багацце людской прыроды.

Мы молімся Богу, які шануе цяжкасці нашага жыцця. Ён не глядзіць на нас зверху ўніз з недасяжнай вышыні, а проста шкадуе нас. Ён не падобны да багацея, які, праходзячы каля бяздомнага, пагардліва кажа: «Які сорам!» Наш Бог зведаў жахлівыя мукі, і — як мы ўбачым падчас рэкалекцый — часта цярпеў ад тых жа рэчаў, што і мы.

Наш Бог умее спачуваць, Ён чуллівы і спагадны, Ён разумее нашае жыццё. І гэта самая глыбокая форма разумення і спагады, якую свет калі-небудзь бачыў.

Спадзяёмся, што рэкалекцыі з кожным новым разважаннем будуць спрыяць пазнанню Хрыста і паглыбленню адносін з Ім.

Разважанне 1. «Ойча, прабач ім»

Уводзіны ў малітву

У гэтым свеце, часта ахопленым цемрай, нам даюцца моманты святла, якія не толькі асвятляюць нам жыццёвы шлях, але і нагадваюць, што Бог з намі. На пачатку сённяшняй малітвы пастарайся ўсвядоміць прысутнасць гэтага святла, якое ўсё выяўляе і ўсё супакойвае.

Запрашэнне

Ці можаш зараз успомніць момант радыкальнага прабачэння? Магчыма, адну з тых неверагодных гісторый, што табе маглі сустрэцца ў газетах, тэлепраграмах, у інтэрнэт-прасторы, пра людзей, якія прабачаюць чалавека, адказнага за жудаснае злачынства супраць іх саміх ці супраць іх родных, што здараецца часцей.

Можа, табе згадваецца сітуацыя з твайго жыцця, калі ты казаў: «Я ніколі не прабачу. Такое немагчыма дараваць». Сужэнская нявернасць, здрада сябра, падман з боку бізнес-партнёра ці іншае зло маглі прымусіць цябе думаць: «О, не, гэты грэх занадта страшны». Калі ты перажыў штосьці падобнае, то трымай гэта ў галаве, калі будзеш чытаць сённяшні ўрывак Евангелля.

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.

Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Тады пачнуць казаць гарам: “Упадзіце на нас!” і пагоркам: “Накрыйце нас!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?»

Вялі з Ім на смерць і двух іншых злачынцаў. Калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, укрыжавалі там Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».

І, дзелячы вопратку Ягоную, кідалі лёсы. А людзі стаялі і глядзелі. І кіраўнікі іхнія таксама насміхаліся, кажучы: «Іншых ратаваў, няхай сябе ўратуе, калі Ён Месія, выбраны Богам!» Жаўнеры таксама здзекаваліся з Яго, падыходзілі і падавалі Яму воцат, кажучы: «Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе!» 

Лк 23, 26-37

Разважанне

Паглядзі, што зрабіў Езус, прыбіты да крыжа. Калі хтосьці і меў права не прабачаць, то гэта быў Езус. Калі хтосьці і меў права ўскіпець гневам, адчуць сябе несправядліва катаваным, то толькі Езус. Тым не менш, хоць рымскія жаўнеры не раскаяліся ў тым, што з Ім рабілі, Езус не толькі прабачыў, Ён маліўся за іх: «Ойча, прабач ім…»

«…Бо не ведаюць, што робяць». У гэтых словах заключаны глыбокі сэнс. Большасць біблістаў згаджаецца з тым, што гэтая фраза з вуснаў Езуса, верагодна, азначае: «Яны не ведаюць, што ўсё гэта робяць Божаму Сыну». Але можна сказаць і так, што некаторыя людзі, якія чыняць грэх, не могуць ясна думаць. Разуменне гэтага можа дапамагчы табе на шляху да прабачэння.
Езус заўсёды бачыць. Ён глядзіць наскрозь. Ён бачыць людзей такімі, якімі яны насамрэч з’яўляюцца. Калі да Яго прыводзяць жанчыну, якую абвінавачваюць у чужаложстве, Ён заўважае не толькі яе грэх; Ён бачыць асобу, якая патрабуе прабачэння і аздараўлення. Тое ж самае Езус робіць, калі ўжо вісіць на крыжы. Ён бачыць не толькі катаў. Ён бачыць людзей, якія робяць жудасны выбар і, вельмі верагодна, вымушаны выбар. Езус бачыць іх — і таму любіць, і таму прабачае.

Прабачэнне — гэта дар, які ты даеш іншаму чалавеку і самому сабе. Езус ведае гэта. Ён не толькі кажа аб прабачэнні, пра што мы не раз чытаем у Пісанні, але і паказвае нам яго. Нават з крыжа Ён працягвае вучыць нас.

Размова з Богам

  • І цяпер узнікае вялікае пытанне: як ты гэта зробіш? Часам жаданне прабачыць ёсць, але ты адчуваеш сябе зусім няздольным да гэтага. Ты прагнеш забыць крыўды, але шчыра лічыш, што ўнутры цябе няма такой сілы. Узгадай канкрэтную сітуацыю, якая патрабуе прабачэння. Што ты цяпер адчуваеш у сувязі з ёй? Горыч? Бяссілле? Жаданне дараваць?
  • Калі ты адчуваеш менавіта жаданне дараваць, то гэта добры пачатак дарогі, таму што сапраўднае прабачэнне — дар Бога. Ласка Божая. Калі ў сэрцы няма гэтага жадання, то чаму б не папрасіць Бога даць яго табе?
  • Перафразуючы святога Ігнацыя Лаёлу, можна сказаць так: нават калі ты не маеш жадання прабачыць, але хочаш, каб з’явілася гэтае жаданне, — гэтага дастаткова. Бог можа працаваць з гэтым. Даверся Яму.
  • Калі ўсё ж ты думаеш: «Не, я не магу гэта зрабіць» — ты маеш рацыю. Ты не можаш. Але Бог можа.
  • На заканчэнне сённяшняй малітвы застанься некаторы час у цішыні з усімі думкамі, якія ўсхвалявалі цябе, магчыма, вывелі з раўнавагі і сталі выклікам для цябе, застанься з усім добрым, са складаным, і з тым — магчыма, ледзь адчувальным, — што наблізіла цябе да Бога.
Разважанне 2. «Сапраўды кажу табе, што сёння будзеш са Мною ў раі»

Уводзіны ў малітву

Сёння на пачатку малітвы звярні ўвагу на сваё атачэнне. Навокал цябе можа быць шумна, а можа — вельмі спакойна. Звярні ўвагу на тое, як ты адчуваеш сябе ў гэтым месцы. Ці табе ўтульна? Ці задаволены ты? Можа раздражнёны? Абцяжараны? Проста крыху над гэтым паразважай. А зараз уяві сябе ў вельмі прыгожым месцы. Напрыклад, на беразе мора альбо сярод вясковых краявідаў ці ў гарах. Дзе б гэта ні было, проста пабудзь там у цішыні з Богам.

Запрашэнне

Вера ў вечнае жыццё з’яўляецца сур’ёзнай праблемай для многіх людзей, нават для некаторых пабожных вернікаў. А без веры ў жыццё пасля смерці нас часта адольвае страх перад невядомым. Гэта адзін з самых распаўсюджаных страхаў у жыцці хрысціяніна.

Ніхто з нас не пазбаўлены дарэшты сумневаў у духоўным жыцці. І ў такія моманты мы можам спытаць сябе: што чакае мяне пасля смерці? Ці ўся гэтая вера не дарэмная? Ці здабуду я ўзнагароду за добрыя справы, якія ўчыніў у зямным жыцці? Можа, буду пакараны за дрэнныя рэчы, якія я зрабіў? Што здарылася з людзьмі, якіх я любіў? Ці ўбачу я іх? Слухаючы чытанне з Евангелля паводле Лукі, паслухай, што Езус кажа добраму злачынцу…

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Адзін з павешаных на крыжы злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за нашыя ўчынкі. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». А Езус адказаў яму: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

Лк 23, 39-43

Разважанне

Прамаўляючы гэтыя словы з крыжа, Езус абяцае надзею на жыццё пасля смерці. Гэта адно з некалькіх месцаў Евангелля, дзе Езус дае такое абяцанне. У Евангеллі паводле Яна, непасрэдна перад тым, як Езус уваскрашае Лазара з мёртвых, Ён кажа Марце, сястры нябожчыка: «Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі» (Ян 11, 25-26).

Пазней у Евангеллі ад Яна, падчас Апошняй Вячэры, перад тым, як пакінуць сваіх вучняў, Езус кажа: «У доме Айца Майго шмат святліц … пайду і падрыхтую вам месца» (Ян 14, 2-3).

Езус, які на працягу свайго жыцця адчуваў няўпэўненасць людзей, разумее сумневы — нават сумневы ў існаванні вечнага жыцця. Такім чынам, абяцанне вечнага жыцця павінна гучаць для нас пераканаўча ўжо толькі таму, што яго дае нам Езус. А Езус, зразумела, не хлусіць.
Добры злачынец паказвае нам, хто знаходзіцца побач з ім. Так, гэта чалавек. Чалавек з простым імем Езус. Але таксама і Бог. Чалавек, які можа адкрыць для яго рай. З крыжа Езус кажа добраму злачынцу — і нам — пра будучыню, якая нас чакае. Нават у цярпеннях Ён прапануе чалавеку свайго роду духоўнае ацаленне. Такім чынам, адным з апошніх дзеянняў Езуса перад смерцю на зямлі было ацаленне. «Не хвалюйцеся, — кажа Ён. — Рай існуе». І мы павінны паверыць у тое, што кажа Езус.

Як кажа апостал Павел у пасланні да Рымлянаў, нават смерць не можа адлучыць нас ад Божай любові. Мы молімся аб тым, каб аднойчы быць з Езусам у раі. Езус паабяцаў нам гэта. У нас ёсць сведчанне Вялікадня. І мы ведаем, што Бог ніколі не знішчыць адносінаў з намі. У адзін цудоўны дзень, падобна ўратаванаму злачынцу, мы ўбачым, што ўсё гэта праўда.

Размова з Богам

  • Што ты адчуваеш, калі думаеш пра жыццё пасля смерці? Хваляванне? Страх? Ці, можа, сумневы? Паразважай хвілінку над сваімі пачуццямі.
  • А цяпер аддай гэтыя пачуцці Богу, выказваючы іх такім чынам, які з’яўляецца для цябе натуральным.
  • Як ты перажываеш свае адносіны з Богам? Ці адчуваеш Яго прысутнасць увесь час? Можа, часам табе цяжка па-сапраўднаму верыць у Яго любоў да Цябе?
  • На заканчэнне ўсё тое, што закранула цябе, аддай Богу, які кліча нас у рай.
Разважанне 3. «Жанчына, вось сын Твой»

Уводзіны ў малітву

Перад тым, як распачаць сённяшнюю малітву, звярні ўвагу на тое, як ты сябе адчуваеш у Божай прысутнасці. Потым адкрый сваё сэрца Богу, дазволь сабе стаць безабаронным перад Богам любові. Памятай, што ты знаходзішся перад абліччам Бога, які стаў безабаронным перад табой у целе Езуса Хрыста.

Запрашэнне

Хрысціяне вераць, што Езус Хрыстус — сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек. Некаторыя хрысціяне часцей звяртаюцца да Езуса чалавека, мужчыны, які хадзіў шляхамі Палесціны І ст. н. э., які меў цела, эмоцыі і перажыванні як мы, і быў сапраўды адным з нас.

Іншыя звяртаюцца да Езуса Бога, які ўваскрос з памерлых, узышоў на неба. Можна сказаць, што адныя людзі звяртаюцца да Езуса з Назарэта, а іншыя — да Пана Езуса Хрыста.

Сёння мы засяродзімся на постасці Марыі. Марыя — толькі чалавек. Яна не з’яўляецца Богам як Езус. Але тым не менш у адносінах да Яе можна назіраць два стаўленні. Многім з нас лягчэй звяртацца да Беззаганнай Марыі, Каралевы Неба, Маці Божай, да той, якая моліцца за нас у небе.

Аднак у сённяшнім разважанні мы паглядзім на Марыю па-іншаму. Будзем разважаць пра Марыю з Назарэта, жанчыну, якая жыве ў галілейскай вёсцы на беразе затокі. Няхай гэтая жанчына будзе перад тваімі вачыма, калі будзеш чытаць урывак з Евангелля паводле Яна…

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Ян 19, 26-27

Разважанне

Многія хрысціяне ідэалізуюць Марыю. Мы думаем: «Як цудоўна быць выбранай для такой справы! Як гэта неверагодна — быць Маці Езуса! Яе жыццё было напоўнена ласкай!» Аднак, хоць Марыя сапраўды была поўная Божай ласкі, мы не павінны забывацца, што гэтая рэальная жанчына неаднойчы была вельмі разгубленая ад таго, што адбывалася. Місія і дзейнасць Езуса, напэўна, непакоілі Марыю. Ёй было балюча, як і кожнай маці, глядзець, як Сын пакідае дом. Але нават тады, калі Езусу ў пачатку свайго служэння давялося аддаліцца, Ён любіў сваю сям’ю.

Падумай пра Марыю з Назарэта. У яе было дзіўнае жыццё. Бог выбраў яе выканаць тое, што спачатку збянтэжыла: папрасіў гадаваць Сына, які, напэўна, быў унікальным дзіцём, хоць пра дзяцінства Езуса нам вядома няшмат.

Цяпер уяві, што Сын папярэджвае Маці, што Ён адыходзіць, каб абвяшчаць Добрую Навіну… Уяві Марыю, якая турбуецца, што з Ім будзе… Потым уяві, як з часам расце яе разуменне Езусавага паклікання, і яна падтрымлівае Яго на шляху станаўлення менавіта тым, кім Яму прызначана быць.

Паступова Маці становіцца захопленай Яго моцай і дарэшты ўражанай тым, кім ёсць Яе Сын.

І вось Марыя пасля ўсіх складанасцяў свайго жыцця стаіць цяпер ля падножжа крыжа. Паспрабуй уявіць, што значыла для яе пачуць словы Сына, скіраваныя да яе: «Жанчына, вось сын Твой», і да ўмілаванага вучня: «Вось Маці твая». Што Езус робіць для Яе ў свае апошнія хвіліны? Ён клапоціцца пра Яе.

Размова з Богам

  • У які перыяд свайго зямнога жыцця, яшчэ да крыжовых пакутаў, Езус быў найбольш бездапаможным і безабаронным? Вядома, калі быў малым дзіцём… Бог залежаў ад нас, людзей. І хто найбольш клапаціўся пра Бога ў Яго бездапаможнасці? Марыя. Што ты адчуваеш, калі думаеш пра ўражлівасць Дзіцятка Езуса? Ці ўсё ж аддаеш перавагу думкам пра Езуса ў Яго Боскасці?
  • У сваёй бездапаможнасці мы можам дапамагаць. Заўсёды. Калі Езус нарадзіўся, Марыя дапамагала Яму, слабому немаўлятку. У канцы жыцця бездапаможны Езус дапамог Марыі. А што ў тваім жыцці сёння патрабуе дапамогі Езуса?
  • Каму можа быць патрэбна сёння твая дапамога? Якім чынам ты можаш яе прапанаваць?
  • Калі ты просіш заступніцтва і малітвы ў Беззаганнай Марыі, ты звяртаешся не толькі да Каралевы Неба, Божай Маці, але і да Марыі з Назарэта, жанчыны, якая мела складанае жыццё, якая зведала збянтэжанасць і няпэўнасць, перажыла душэўны боль, якая зведала любоў і клопат Езуса. І якая ведае цябе. Цяпер і ў хвіліну смерці тваёй. У гэты заключны момант малітвы, прабываючы ў прысутнасці Езуса, аддай свае думкі і сэрца Яму альбо Марыі.
Разважанне 4. «Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»

Уводзіны ў малітву

Ці адчуваеш ты Божую прысутнасць сёння? Наколькі табе лёгка ці цяжка знайсці, адчуць яе? Незалежна ад таго, адчуваеш ты Бога блізкім ці далёкім, правядзі некаторы час у цішыні, засяродзіўшыся на сваім дыханні. Гэтае дыханне ты атрымаў ад Бога: жыццядайнае дыханне, якое дазваляе табе жыць, рухацца і прабываць штодня ў Божым тварэнні. Засяродзься на некалькі хвілін толькі на сваім дыханні, усведамляючы, што яно дадзена Богам.

Запрашэнне

Ва ўрыўку, над якім мы разважаем сёння, Езус звяртаецца да Айца словамі чалавека, які гэтак жа ўсклікаў да Бога і быў пачуты. Пра гэтага чалавека апавядаецца ў 22 псальме. Адзнач, што найбольш прыцягвае тваю ўвагу ў сённяшнім чытанні з Евангелля паводле Марка…

Чытанне святога Евангелля паводле Марка

Калі надышла шостая гадзіна, цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай. А каля дзявятай гадзіны ўсклікнуў Езус моцным голасам: «Элі, Элі, лема сабахтані?», што азначае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён кліча Іллю». А адзін пабег, намачыў губку воцатам і, насадзіўшы на трысціну, паіў Яго, кажучы: «Чакайце, пабачым, ці прыйдзе Ілля зняць Яго». Езус жа, ускрыкнуўшы моцным голасам, сканаў.

І заслона ў святыні разарвалася надвое ад верху да нізу.

Сотнік, які стаяў насупраць Яго, сказаў, убачыўшы як Ён канаў: «Праўдзіва, Чалавек гэты быў Сынам Божым».

Мк 15, 33–39

Разважанне

«Элі, Элі, лема сабахтані?» Як нам спасцігнуць гэтыя незвычайныя словы? Для некаторых хрысціянаў яны амаль нясцерпныя. Няўжо Езус і праўда падумаў, што Айцец пакінуў Яго? Ці магчыма, што Езус сумняваўся ў любові Таго, каго Ён называў «Абба, Ойча»? Ці страціў Езус надзею, калі быў укрыжаваны? Ці мог адчай ахапіць Яго сэрца, калі Ён вісеў на крыжы?

Езус сапраўды адчуваў сябе пакінутым. Гэта не сведчыць пра тое, што Ён быў у роспачы. Аднак можна меркаваць, што Езус у свой смяротны час мог адчуваць адсутнасць Айца. Тым не меш, пакуль Ён усклікае да Бога, адносіны паміж імі не перарываюцца.

Тут мы павінны адзначыць, што існуе розніца паміж тым, што чалавек верыць у пакінутасць Богам, і адчувае гэта. Апошняе — даволі частая з’ява ў духоўным жыцці. Магчыма і ў цябе быў такі досвед: верыць у Бога, але не адчуваць, што Ён блізка? І тое ж пытанне: «Дзе Ты, Божа?» Гэта яшчэ адно важнае падабенства паміж нашым жыццём і жыццём Езуса.

Можна зразумець, чаму Езус меў пачуццё пакінутасці. Падумай, праз што Ён прайшоў да моманту свайго адыходу. Той, хто мінулай ноччу ў садзе Аліўным адмовіўся сам ад сябе дзеля волі Айца, хто цалкам прыняў тое, што Айцец падрыхтаваў для Яго, цяпер пытае з крыжа: «Дзе Ты?»

Гэтае пачуццё, магчыма, было ўзмоцнена тым, што Яго пакінулі Ягоныя паслядоўнікі. Раней, калі Езус адчуваў адзіноту ці неразуменне вучняў, Ён мог звярнуцца да Айца за суцяшэннем. Цяпер жа Ён адчувае поўную самоту. У той момант Езус, напэўна, быў самым самотным чалавекам на зямлі.

Езус, усклікаючы з крыжа «Божа мой, Божа мой», выкарыстоўвае арамейскае слова «Элаі» ці габрэйскае «Элі», паводле Евангелля. Гэта больш строгая форма звароту да Бога. Пераход ад блізкага Абба ў садзе да строгага Элі з крыжа проста жахлівы. Зведаная Езусам пакінутасць выяўляецца не толькі ў Яго крыку, не толькі ў радку псальма, які Ён выбраў, але таксама ў гэтым слове «Элаі».

Размова з Богам

  • У сваёй маладосці святая Тэрэза з Калькуты перажыла некалькі містычных момантаў асабістай блізкасці да Бога. Але апошнія 50 гадоў жыцця, да сваёй смерці, яна адчувала вялікую пустэчу ў малітве. Аднойчы яна напісала свайму духоўнаму айцу: «У душы я адчуваю толькі страшэнны боль страты — страты веры ў тое, што Бог насамрэч існуе». Лісты Маці Тэрэзы не азначаюць, што яна пакінула Бога ці што Бог пакінуў яе. Фактычна, працягваючы сваё служэнне бедным, яна ўчыніла радыкальны акт вернасці адносінам, у якія ўсё яшчэ верыла, нават не маючы адчування Божай прысутнасці. Яна давярала таму ранняму вопыту. Іншымі словамі, яна працягвала верыць. Можа, і табе давялося прайсці праз такі перыяд у сваім жыцці, калі ты адчуваў Бога вельмі… далёка? На што гэта было падобна? Можа, ты ўсё яшчэ перажываеш гэта…
  • Езус не паддаецца роспачы. Ён захоўвае адносіны з Айцом, усклікаючы да Яго з крыжа. Езус разумее не толькі нашае фізічнае цярпенне, але і духоўныя пакуты, калі мы адчуваем сябе пакінутымі. Ён быў падобны да нас ва ўсім, акрамя граху. Ён перажыў усё тое, што мы перажываем. Правядзі пару хвілін, разважаючы над гэтым і ўсклікаючы да Бога, калі ты адчуваеш у гэтым патрэбу сярод тваіх асабістых пакут.
  • Калі ты змагаешся ў духоўным жыцці, калі ты шукаеш Бога, калі ты молішся ў сумненнях і цемры, і нават калі ты блізкі да адчаю, ты молішся да таго, хто з’яўляецца ўпоўні чалавекам і ўпоўні Богам, да таго, хто разумее цябе дарэшты. Напрыканцы разважання памаліся Богу, ведаючы, што Ён зразумее цябе дасканала.
Разважанне 5. «Прагну»

Уводзіны ў малітву

Усведамляючы Божую прысутнасць, звярні сёння ўвагу, як ты сябе адчуваеш у сваім целе. Цёпла табе ці холадна? Утульна ці не вельмі? Ці ўдалося табе пазбавіцца ад напружанасці? Заўваж, як твае ступні стаяць на зямлі і адчуваюць абутак… Паступова «прайдзіся» ад пальцаў ног да плячэй, адзначаючы свае фізічныя адчуванні… Пасля звярні ўвагу на рукі, падымайся ад кончыкаў пальцаў да плячэй… Наша спіна часта ўтрымлівае ў сабе напружанне. Калі ты адчуваеш такі дыскамфорт, адпусці яго, наколькі зможаш… Пераключыся на галаву і мышцы твару… Калі заўважыш напружанне тут, адпусці і яго: вакол вачэй, між бровамі, каля вуснаў, у мышцах сківіц … Дапамагчы ў расслабленні мышцаў можа дыханне: «выдыхай» сваё напружанне і ўяўляй, што так ты дазваляеш напружанню пакінуць цябе і аддаеш яго Богу, дазваляеш сабе апынуцца ў Божых руках. Магчыма, тваё цела хоча нешта сказаць табе сёння?

Запрашэнне

У Езуса было цела. Паўтару яшчэ раз: у Езуса было цела. Ёсць людзі, якім цяжка прыняць чалавечнасць Езуса. Некаторыя з нас успрымаюць выключна тыя евангельскія гісторыі, якія, на першы погляд, падкрэсліваюць Ягоную боскую прыроду: Сын Божы, які хадзіў па зямлі, ацаляючы хворых, уваскрашаючы памерлых, спыняючы буры, здзяйсняючы ўсе тыя цуды, якія людзі прызвычаіліся звязваць з Яго боскай моцай.

Але паўтаруся зноў: Езус быў народжаны, жыў і памёр. Дзіця, якога звалі Іешуа — так гучыць Ягонае імя па-арамейску, — увайшло ў гэты свет бездапаможным, як кожнае нованароджанае немаўлятка, і гэтаксама залежала ад сваіх бацькоў. Ён меў патрэбу, каб Яго няньчылі, трымалі на руках, кармілі, мылі, пераапраналі.

Езус меў цела. Мы ведаем, што часам Ён стамляўся. У адным месцы Евангелля мы бачым, як Ён засынае ў чаўне на Галілейскім моры. Езусу знаёма непрыемнае адчуванне ад расцяжэння мышцаў, і часам у Яго балела галава, здаралася нястраўнасць, падымалася тэмпература і, магчыма, Ён нават мог звіхнуць шчыкалатку… раз альбо два. Як і ўсе мы, Езус пацеў, чхаў і пацягваўся. Усё, што ўласціва чалавечаму целу, Ён зведаў на ўласным вопыце. Усё, акрамя граху. Цялесны вопыт уключае ў сябе голад і смагу. І мы чуем у сённяшнім Евангеллі паводле Яна, як на крыжы Езус пакутуе ад смагі.

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў.

Ян 19, 28–29 

Разважанне

Узгадай, калі ты адчуваў самую вялікую смагу. Можа, у вільготную раніцу, калі ты бег на доўгую дыстанцыю, або ў спякотны поўдзень, калі ішоў па вуліцы, ці ўночы, калі ляжаў на бальнічным ложку пасля аперацыі. Узгадай, наколькі цудоўным быў першы глыток вады, які спыніў гэтую смагу. Табе здавалася, што ты не можаш вытрымаць ані імгнення даўжэй, і, калі вадкасць нарэшце змачыла вусны і пацякла па перасохламу горлу, яна прынесла неверагодную асалоду, задавальненне і велізарную палёгку.

Укрыжаванне было адным з самых пакутлівых спосабаў смерці. Пад асляпляльна яркім сонцам Юдэі Езус пакутаваў ад смагі, таму што меў цела.

Кожны, хто праходзіць гэтыя рэкалекцыі, мае пэўны фізічны цяжар, які з’яўляецца крыжам ягонага жыцця. Магчыма, гэта штосьці зусім нязначнае, накшталт прастуды. Альбо больш сур’ёзнае: напрыклад, хранічная хвароба, якая высмоктвае ўсе сілы. Гэтым цяжарам можа быць барацьба з хваробай, якая пагражае жыццю. Калі крыж асабліва цяжкі, Бог здаецца вельмі далёкім. І мы пытаемся: «Можа, Богу ўсё адно?» Але Езус разумее, што табе даводзіцца перажываць фізічна. У Бога таксама было цела. На самой справе, у Бога ёсць цела, таму што Хрыстус сапраўды ўваскрос.

Уваскрослы Езус нясе ў сабе вопыт сваёй чалавечнасці, і гэты вопыт уключае ў сябе пакуты. Узгадай, што падчас аднаго з першых сваіх з’яўленняў перад вучнямі пасля ўваскрасення Ён паказаў ім свае раны і сказаў апосталу Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым!» (Ян 20, 27)

Размова з Богам

  • Таму падчас малітвы ты звяртаешся не толькі да таго, хто разумее цябе, паколькі з’яўляецца тым, хто ўсё ведае, усіх любіць і да ўсіх мае літасць. Ты молішся да таго, хто цябе разумее, бо Ён сам прайшоў праз тое, што выпала табе прайсці.
  • Шмат людзей на свеце штодня адчуваюць фізічную смагу. Чыстай вадой забяспечаны далёка не ўсе. Паколькі Цела Хрыста — гэта ўсе мы, усе нашыя браты і сёстры, то можна сказаць, што Цела Хрыста пакутуе ад смагі зараз, у гэтыя хвіліны. Калі ты сумаваў і, можа, нават праліў слёзы аб Хрысце, які цярпеў у сваім целе ад смагі на крыжы больш за дзве тысячы гадоў таму, то пралі слёзы і над тымі членамі Ягонага Цела, якія пакутуюць ад смагі цяпер. Пралі слёзы над тымі, хто фізічна пакутуе сёння — ад смагі, ад голаду, ад холаду, ад катаванняў, ад зняволення ў турме, ад пераследу, ад жорсткага абыходжання і знявагаў.
  • Пралі слёзы і паспрабуй што-небудзь для іх зрабіць. Чаму б не дазволіць гэтаму жалю падштурхнуць цябе да дзеяння? У рэшце рэшт, гэта адзін з тых спосабаў, якімі Бог падахвочвае нас дзейнічаць. Што ты можаш зрабіць, каб наталіць гэтую смагу?
  • На заканчэнне ўзгадай, што Бог хоча, каб ты маліўся Яму. Бог жадае стасункаў з табою. Жадае настолькі, што Ён сышоў на зямлю і пакутаваў за цябе фізічна. Гэта адна з прычын, чаму Ён прыйшоў, – дапамагчы нам пабудаваць асабістыя адносіны з Ім. Бог хоча гэтага так моцна, што, можна сказаць, Ён прагне. Паразмаўляй з Ім пра ўсё, што адбывалася з табой падчас гэтага разважання, і парадуйся адносінам паміж вамі.
Разважанне 6. «Здзейснілася!»

Уводзіны ў малітву

Распачынаючы сённяшнюю малітву, знайдзі найбольш выгоднае месца і прымі самую камфортную для цябе паставу цела. Адпусці ўсё напружанне, якое толькі заўважыш, асабліва ў плячах і спіне. Калі штосьці непакоіць цябе, аддай гэта Богу, і дазволь сабе адпачыць у Ягоных далонях… А потым проста пабудзь у Божай прысутнасці хвілінку ці дзве.

Запрашэнне

У Вялікую пятніцу Езусу давялося прайсці праз шматлікія пакуты. Часта хрысціяне засяроджваюцца на Яго фізічным цярпенні. І гэтая мука сапраўды была жахлівай. Як адзначалася ў папярэдніх разважаннях, укрыжаванне было адным з найбольш жорсткіх пакаранняў смерцю, якое тады існавала, удасканаленае (калі можна так сказаць) рымлянамі дзеля большага мучэння.

Езуса, магчыма, пазбавілі адзення і пакінулі аголеным з намерам цалкам зганьбіць Яго, што і было інтэнцыяй укрыжавання. Гэта было публічным відовішчам, разлічаным не толькі, каб асцерагаць іншых, але і для таго, каб дарэшты зняславіць ахвяру, якая памірала ў мучэнні. Усіх заахвочвалі назіраць і каментаваць.

Сённяшняе чытанне святога Евангелля паводле Яна вельмі кароткае. Але ў гэтым адным радку адлюстравана неспасцігальная веліч місіі Езуса…

Чытанне святога Евангелля паводле Яна

Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І, схіліўшы галаву, аддаў духа.

Ян 19, 30

Разважанне

Падумай, колькі дзён, месяцаў і гадоў Езус аддаў свайму служэнню. Спачатку не адзін дзясятак гадоў заняла падрыхтоўка, калі Ён маліўся аб сваім пакліканні як малады чалавек, потым вырашыў прыняць ад Яна хрост, вытрываў цяжкія выпрабаванні ў пустыні. Падумай, чаго Яму каштавала выбраць апосталаў і цярпліва настаўляць іх, а таксама колькі энергіі патрабавала вандраванне, аздараўленне хворых і прапаведаванне сярод жыхароў Юдэі, Галілеі і па-за іх межамі. Уся гэтая праца рабілася дзеля таго, каб дапамагчы людзям зразумець, што значыць быць запрошанымі ў Божае Валадарства.

Цяпер падумай пра Езуса, прыбітага да крыжа. Ён ведае толькі, што Ён зрабіў для Айца ўсё, што мог, але Ён можа непакоіцца: што будзе з невялікім колам вучняў пасля Яго смерці, і ці будзе працяг у Ягонай справы. Пра што Ён мог думаць там, на крыжы?..

Многія з нас усведамляюць, які фізічны боль выцерпеў Езус. Гэтаму прысвечана вялікая колькасць твораў хрысціянскага мастацтва, дзе выяўлены твар Езуса, перакошаны ад болю, і знявечанае цела, якое скурчылася ў агоніі. Раней мы ўжо разважалі пра эмацыйны боль ад пакінутасці сябрамі і духоўны боль ад пачуцця пакінутасці Богам. Такім чынам, мы не павінны недаацэньваць сукупнасць фізічнага, эмацыйнага і духоўнага болю, які Езус перажыў.

Айцец Стэнлі Мэроў SJ піша: «У сваёй смерці на крыжы Езус выяўляе, кім Ён ёсць насамрэч: Тым, хто адкрывае нам Айца». Чаму? Бо ў гэты момант Езус паказвае нам глыбіню сваёй любові да нас. «Такім чынам, у Яго смерці на крыжы, у поўні Ягонай паслухмянасці волі таго, хто паслаў Яго, Ён адкрывае сваю прывілеяваную ідэнтычнасць Адзінароднага Сына».

У сваім класічным тэксце «Духоўных практыкаванняў» святы Ігнацый прапануе нам, напрыклад, такі спосаб малітвы: уявіць сабе ўсе важныя моманты жыцця Езуса, уключна з укрыжаваннем, і задацца пытаннем: «Як Яму там было?»

Размова з Богам

  • Кожны з нас хоць раз перажыў сітуацыю з сумным фіналам, бачыў правал нейкага праекта. Ты ўкладваў сэрца і душу ў пэўныя рэчы, спадзяваўся, планаваў, клапаціўся. Надзея была такой вялікай, а потым на вачах усё зруйнавалася. Гэта жахлівае пачуццё. Можа, ты не здолеў паступіць у навучальную установу, аб якой марыў. Можа, спадзяванні на добрую працу аказаліся дарэмнымі. Можа, твае мары пра шчаслівае і трывалае сужэнства разбіліся ўшчэнт. Можа, тваё жаданне выйсці замуж ці ажаніцца так і не ўдалося здзейсніць. Можа, не ажыццявіліся мары пра добрую будучыню тваіх дзяцей, ці ўвогуле пра тое, каб мець дзяцей. Магчыма, ты страціў здароўе, блізкага чалавека, любімую справу. І аднойчы ты казаў сабе з невымоўным жалем: «гэта канец» альбо «ўсё скончана». Ці можаш зараз прыгадаць той боль, які выклікала незваротна страчаная надзея? Дазволь Езусу быць у гэтым побач з табой.
  • Мы можам адчуваць, што нашыя мары не здзейсніліся, але Бог мае для нас іншыя мары. Мы можам меркаваць, што нейкія рэчы не атрымаліся, але ў Божых намерах яны атрымліваюцца па-іншаму. Мы можам падумаць, што надзея памерла, але Бог — крыніца ўсялякай надзеі. «Усё будзе добра, усё будзе добра, і што б ні было, будзе добра», — пісала Юліяна з Норвіджа, англійскі містык ХІV стагоддзя. Альбо, як кажа сучасная прыказка, у канцы ўсё будзе добра, а калі не, то гэта яшчэ не канец. У апошнія хвіліны малітвы спытайся ў Бога, якія ў Яго мары наконт цябе, і падзяліся з Ім сваімі спадзяваннямі, якія маеш у сэрцы.
Разважанне 7. «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой»

Уводзіны ў малітву

Прымі зручную і найбольш адпаведную для тваёй малітвы паставу цела і паспрабуй адчуць прысутнасць Бога. Уяві, як Ён з любоўю глядзіць на цябе. Можаш уявіць, як глядзіш Езусу ў вочы ці проста сядзіш побач з Ім, нібы з сябрам. Проста будзь тут і цяпер, адпачні…

Запрашэнне

Ці ведаў Езус, што адбудзецца ў Велікодную нядзелю? У дадзенай апошняй сесіі запрашаю цябе вярнуцца да гэтага важнага пытання. Валодаючы дасканалай боскай прыродай, Езус павінен быў ведаць усё, маючы тую ж свядомасць, што і Бог Айцец.

Як бы там ні было, Езус дакладна ведаў адно: Яго галоўным прагненнем было выканаць волю Айца. Вось яшчэ адно падабенства жыцця Езуса да нашага жыцця.

Езус на кожным кроку свайго шляху, нават калі Яму было неверагодна складана, імкнуўся да канца выканаць волю Айца. І ў Гетсіманскім садзе Ён прымае канчатковае рашэнне. Гетсіманія — гэта адно з найбольш шырока адчыненых вокнаў у Ягоную чалавечнасць. Ён не кажа адразу: «Так, Ойча, усё, што Ты захочаш!» Не, спачатку Ён кажа: «Няхай абміне гэты келіх Мяне». І толькі потым: «Аднак, не як Я хачу, але як Ты хочаш». Гэта абсалютна чалавечы адказ на пагрозу пакутаў. Памятай пра гэта, калі будзеш слухаць сённяшняе чытанне з Евангелля паводле Лукі…

Чытанне святога Евангелля паводле Лукі

Езус закрычаў моцным голасам: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў.

Лк 23, 46

Разважанне

На працягу свайго зямнога жыцця ўцелаўлёны Езус прайшоў па ўсім краі, які зараз называецца Палесціна. Ён хадзіў з горада ў горад, цалкам прысвячаў сябе людзям, слухаў іх, аздараўляў, насычаў, рабіў усё, аб чым прасіў Яго Айцец. Ён прысвяціў сябе публічнаму служэнню. А на крыжы Ён аддаў сябе дарэшты і канчаткова: «У рукі Твае аддаю дух Мой» Гэта найвялікшая ахвяра, якую свет калі-небудзь бачыў: Ён сам аддае цела і душу. Езус цалкам аддае сябе. Менавіта да гэтага пакліканыя і мы: цалкам і поўнасцю аддаваць сябе Богу.

Вось яшчэ адно падабенства нашага жыцця да жыцця Езуса, яшчэ адно месца, дзе Ён нас разумее. Езус разумее, што, аддаючы сябе Айцу, мы можам не ведаць, якое новае жыццё пачнецца з нашай ахвяры. І Ён ведае, што чым больш мы аддаём сябе Айцу, тым больш новага жыцця выцякае з усяго, што мы аддаем.

Часта мы ўтойваем ад Бога нейкія часткі нашага жыцця: незадаволенасць, грахоўную звычку, эгаістычны спосаб паводзін, імкненне да ўлады і статусу, патрэбу набываць ва ўласнасць больш рэчаў. Увогуле мы вядзём добрае жыццё, і ўсё ж нейкую частку мы пакідаем для сябе, не аддаючы яе Богу. Мы кажам Яму: «Вазьмі ўсё астатняе, толькі не гэта». Але мы пакліканыя аддаць Богу ўсё.

Размова з Богам

  • Дарэшты аддаць сябе Богу азначае падпарадкавацца той будучыні, якую Ён для нас падрыхтаваў. Мы можам не ведаць, што гэта за будучыня. Мы можам гэтага не разумець. Але мы пакліканыя прыняць гэтую будучыню і падпарадкавацца ёй. Так, як гэта зрабіў Езус. Як ты звычайна аддаеш сябе Богу? Магчыма, гэта нешта такое, чаго ты не рабіў раней, але хацеў бы гэта зрабіць… Як бы там ні было раней з тваёй самаадданасцю, проста сядзь і пагавары пра гэта з Богам.
  • Чым больш мы сябе аддаём, тым лепш мы разумеем, хто мы такія. Чым больш мы сябе аддаём, тым больш поўным становіцца нашае жыццё. І зараз, напрыканцы гэтых духоўных разважанняў, магчыма, ты захочаш памаліцца словамі: «У рукі Твае, Пане, аддаю дух Мой».