У сваім Першым пасланні да Цімафея апостал Павел пералічвае цноты, патрэбныя біскупу. Сярод іншага, біскуп павінен быць “разважлівым, прыстойным, гасцінным, здольным навучаць” (1 Цім 3,2). Гэтыя рысы дакладна характарызуюць святога, якога Касцёл успамінае сёння. Святы Робэрт Бэлярмін быў дыяцэзіяльным біскупам усяго два кароткія перыяды па некалькі гадоў кожны, але ў гэтыя часы – і сапраўды на працягу ўсяго жыцця – ён вылучаўся сваёй руплівасцю і здольнасцю прапаведаваць і навучаць веры.

Ён нарадзіўся ў Мантэпульчыяна ў Італіі, у маладым узросце ўступіў у ордэн езуітаў. Ён адыграў важную ролю ва ўсіх вялікіх тэалагічных дыскусіях свайго часу і выкарыстаў свае здольнасці і эрудыцыю, каб добра служыць Касцёлу на многіх важных і значных пасадах. Так, ён узначальваў кафедру палемічнай тэалогіі ў Рымскім калегіуме, быў давераным дарадчыкам некалькіх папаў, кардыналам Святога Пасаду і, у сярэдзіне сваёй кар’еры, арцыбіскупам Капуі.

Там ён як арцыбіскуп прысвяціў сябе набліжэнню сваіх дыяцэзіян да больш цеснага яднання з Богам, навучаючы іх веры. Адзін біёграф паведамляе, што ў той час, калі звычайна гаміліі прамаўляліся ў Капуі толькі падчас Адвэнту і Вялікага посту, святы Робэрт нястомна прапаведаваў кожную нядзелю і свята ў Капуі і прыкладаў вялікія намаганні, каб на працягу тыдня дабрацца да аддаленых частак сваёй дыяцэзіі дзеля катэхізацыі сваёй супольнасці. Хоць ён быў неўзабаве адкліканы ў Рым для служэння Паўсюднаму Касцёлу, ён не пераставаў памятаць пра адукацыю вернікаў.

У апошнія гады жыцця ён напісаў некалькі духоўных кніг, якія сталі надзвычай папулярнымі сярод свецкіх. Напэўна, самым вядомым быў твор “Узыходжанне розуму да Бога па лесвіцы створаных рэчаў”. У гэтай працы ён адзначае, наколькі лёгка чалавеку забыцца пра Бога, бо ён “не можа ні бачыць, ні без высілкаў думаць аб Ім, ні прытуліцца да Яго з любоўю…” Таму, ідучы за такімі настаўнікамі, як св. Павел, св. Банавентура і св. Тамаш Аквінскі, ён прапануе серыю медытацый (разважанняў) над Божымі справамі, каб дапамагчы людзям глыбей пазнаць і мацней палюбіць Стварыцеля. Ён паказвае, што мы можам спасцігнуць, як блізка ёсць Бог, разважаючы над створаным светам, бо ён з’яўляецца сапраўдным (хаця і далёка не ўсебаковым) адлюстраваннем Яго велічы і дасканаласці.

За сваю велізарную працу ў навучанні веры святы Робэрт Бэлярмін цяпер з’яўляецца апекуном катэхетаў. Няхай яго малітвы паспрыяюць вялікаму абнаўленню катэхетычнай дзейнасці ў наш час.